1 270
Subscribers
No data24 hours
No data7 days
-1630 days
Posts Archive
Копія берлінскага помніка «Воін-вызваліцель» у мінскай гімназіі – расійская ініцыятыва?
1 верасня ў гімназіі № 5 г. Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе ўрачыста адкрылі двухметровую копію манумента «Воін-вызваліцель» з берлінскага Трэптаў-парка. Копію аднаго з галоўных савецкіх помнікаў стварылі пры дапамозе 3D-друку з пластыка.
Як высветлілася, праект рэалізаваны Рэспубліканскім творчым моладзевым грамадскім аб'яднаннем «Продвижение молодежи», якое было зарэгістравана ў Беларусі ў канцы 2020 года і заўважана ў правядзенні сумесных з РФ акцый. На адкрыцці помніка прысутнічалі прадстаўнікі пасольства Расіі ў Беларусі. Кіраўнік «Продвижение молодежи» Андрэй Мяхедка заявіў, што «ужо ёсць ідэя ўсталяваць такія помнікі ва ўсіх абласцях Беларусі і ў рэгіёнах Расіі».
Адзначым, што ў чэрвені каля паўночнай брамы мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» акрылі помнік савецкім пагранічнікам – ён быў створаны за грошы міністэрства абароны Расіі.
Каментар для Белсат акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксея Ластоўскага з нагоды 511-й гадавіны перамогі ў Аршанскай бітве.
Ці мусіць перамога ў Аршанскай бітвы (1514) мець статус Дня воінскай славы?
З нагоды чарговых ўгодак гэтай бітвы рэкамендуем паглядзець дыскусію двух беларускіх гісторыкаў - Віктара Якубава і Аляксандра Казакова, якія абмяркоўваюць, чаму бітва пад Оршай можа мець значэнне для нашай ваеннай памяці і ці варта яе адзначаць як Дзень воінскай славы. Ці кожная перамога заслугоўвае статусу нацыянальнага свята, ці толькі тыя, што змяняюць ход лёсу?
2000-ы: байкот выбараў, з’яўленне TUT.BY, Завадскі і «эскадроны смерці»
Відэа IMBY згадвае асноўныя падзеі 2000 года ў Беларусі:
• Парламентскія выбары, якім апазіцыя абвясціла байкот;
• Стварэнне TUT.BY - новай медыя-рэальнасці, якая хутка стала самым папулярным незалежным парталам;
• Знікненне журналіста Дзмітрыя Завадскага і дыскусіі пра дзейнасць «эскадронаў смерці»;
• Музычныя маркеры часу: N.R.M. з «Трыма чарапахамі», «Би-2», Gods Tower.
Repost from Наша Ніва
+5
Эстонскі нацыянальны музей — як расказаць усё пра нацыю без войнаў і герояў?
Эстонцы стварылі суперсучасны музей пра сябе і сваю краіну, дзе няпростая гісторыя расказаная праз гісторыі людзей, культуру і дробязі паўсядзённасці. Атрымалася шчырае, сімвалічнае і неймаверна прыцягальнае месца.
Расказваем, чым музей асаблівы і што ўразіць беларусаў да глыбіні душы.
https://nashaniva.com/375513
Без VPN — https://bit.ly/nashaniva#/375513
У Франкфурце-на-Майне з’явіцца шыльда ў гонар Васіля Быкава
Раённыя ўлады Франкфурта-на-Майне дазволілі ўсталяваць памятную шыльду ў гонар беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Шыльда з’явіцца ў парку Bockenheimer Anlage, недалёка ад цэнтра горада і побач з домам, дзе жыў пісьменнік. Тут Быкаў правёў два гады свайго жыцця у 2001-2002 гадах. Усталяванне памятнай шыльды ініцыявала арганізацыя беларусаў у Германіі Razam.
У 1998 годзе Васіль Быкаў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі з-за крытыкі Аляксандра Лукашэнкі. Незадоўга да смерці ён вярнуўся на радзіму, дзе памёр у 2003 годзе.
Ліда «адказала» Заслаўю беларускамоўным муралам з Купалай
На днях у сеціве з’явіўся здымак мурала з Заслаўя, які рыхтуецца да абласных «Дажынак»: там Сымон Будны нечакана «загаварыў па-руску». Тым часам у Лідзе сканчаецца падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, якія будзе святкавацца 6 - 7 верасня. Сярод іншага на выхадных урачыста адкрыюць тэматычны мурал на будынку Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы (на здымку).
Акрамя таго, на бульвары Гедыміна падвядуць вынікі конкурсу «Арт-лаўка»: прынамсі, частка з новых аб’ектаў аформлена па-беларуску, а адна з лаваў прысвечана паэту Валянціну Таўлаю.
А каля Дома паэта, чый лёс шчыльна звязаны з Лідай, адкрыецца манументальна-дэкаратыўная скульптура «Верабейкі», прысвечаная першаму вершу Таўлая. Здымкаў аб’екта пакуль няма, але паведамляецца, што скульптура будзе ўяўляць сабой раскрытую кнігу, на адной старонцы якой нанесены верш «Верабейка» звычайнымі літарамі, а на другой – шрыфтам Брайля. Па перыметру будуць усталяваны тры лавы з выявамі вераб’ёў.
Repost from N/a
Павел Баркоўскі: гістарычная памяць у Беларусі паміж ідэалогіяй і супрацівам
Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, падрыхтаваў агляд тэндэнцый у палітыцы гістарычнай памяці ў Беларусі пасля 2020 года.
За пяць год дзяржаўны курс стаў выразна ідэалагічным і рэпрэсіўным. Гісторыя выкарыстоўваецца як інструмент палітычнага кантролю, а альтэрнатыўныя меркаванні выціскаюцца з афіцыйнага поля. Але разам з гэтым узнікаюць новыя незалежныя ініцыятывы, што захоўваюць і папулярызуюць беларускую гістарычную памяць.
Што дрэнна
Ідэалагізацыя Другой сусветнай вайны
Улады актыўна прасоўваюць канцэпцыю «генацыду беларускага народа» праз Генеральную пракуратуру, а не праз навуку. Калабаранцкія арганізацыі прывязваюцца да сучаснай апазіцыі, што ператварае гісторыю ў прапагандысцкі інструмент. Школьныя падручнікі, фільмы і медыя замацоўваюць палітычны вобраз ворага замест аб’ектыўнага асэнсавання мінулага.
Падмена гісторыі інтэграцыяй з Расіяй
Беларусь уключаецца нібы ў адзіны наратыў Саюзнай дзяржавы. У падручніках і публічнай прасторы дамінуюць расійскія імперскія сімвалы, у той час як нацыянальна-вызваленчыя рухі, як паўстанне Каліноўскага, маргіналізуюцца. Гісторыя робіцца дадаткам да палітычнай лаяльнасці.
Выцісканне спадчыны БНР
Перыяд БНР фактычна выдалены з афіцыйнай памяці. Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» прызнаны «экстрэмісцкімі» сімваламі. У адукацыі і дзяржаўных выданнях БНР прадстаўлена як адмоўная альтэрнатыва савецкаму праекту, што падмяняе вытокі беларускай дзяржаўнасці.
Разбурэнне памяці пра сталінскія рэпрэсіі
На месцах масавых пахаванняў ахвяры НКУС прыпісваюцца нацыстам, нягледзячы на археалагічныя дадзеныя. У публічнай прасторы выкарыстоўваецца сімволіка НКУС, шануюцца дзеячы савецкай сістэмы, як Дзяржынскі. Так улада легітымізуе жорсткія практыкі сучасных спецслужбаў.
Пераслед незалежных гісторыкаў
За пяць гадоў больш за 50 даследчыкаў былі звольненыя або вымушаныя з’ехаць. Падставай становіцца не толькі прафесійная дзейнасць, але і мова, грамадзянская пазіцыя. Доступ да архіваў і магчымасць публікацый абмежаваныя, а шматлікія гістарычныя праекты прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Што добра
Беларускі інстытут публічнай гісторыі
Створаны ў 2023 годзе, ён аб’ядноўвае гісторыкаў і папулярызатараў. Інстытут вяртае ў публічную прастору цэнзураваныя тэмы, ладзіць дыскусіі, наладжвае супрацоўніцтва з даследчыкамі з Польшчы, Літвы, Украіны. Гэта важная платформа для фармавання альтэрнатыўнай палітыкі памяці.
Росквіт незалежных медыя
YouTube, Telegram і іншыя платформы сталі месцам для дзясяткаў гістарычных праектаў. Яны папулярызуюць беларускую гісторыю без цэнзуры, прыцягваюць шырокую аўдыторыю і пашыраюць доступ да альтэрнатыўных ведаў.
Поспехі ў археалогіі
Даследчыкі пераарыентаваліся на «нейтральныя» тэмы, што прывяло да адкрыццяў у археалогіі. Новыя знаходкі ўдакладняюць датыроўкі паселішчаў, звесткі пра замкі і гарады, пашыраючы разуменне старажытнай і сярэднявечнай гісторыі Беларусі.
Доступ да заходніх архіваў
Эміграцыя адкрыла магчымасць працы ў архівах Польшчы, Літвы, Германіі. Гэта дало новыя крыніцы і перспектывы для даследаванняў, што ўзбагачае беларускую гістарычную навуку.
Інтэграцыя ў еўрапейскую навуку
Беларускія гісторыкі актыўна публікуюцца ў міжнародных выданнях, працуюць у ўніверсітэтах і даследчых цэнтрах. З’яўляюцца спецыялізаваныя асяродкі (напрыклад, пры Варшаўскім універсітэце), пашыраецца беларускамоўная Вікіпедыя, робяцца спробы ўплываць на інтэрпрэтацыю беларускай гісторыі ў англамоўных і нямецкамоўных крыніцах.
@revivalbelarus
Repost from N/a
Навязванне «духоўных каштоўнасцяў» не вырашае рэальных праблем у грамадстве
3 верасня Міністэрства інфармацыі падпісала абноўленае пагадненне з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Паводле яго, належыць выхоўваць моладзь праз СМІ і супрацьдзейнічаць уплыву замежных выданняў. Таксама падтрымаюць выданне кніг, «насычаных духоўным сэнсам і якія адлюстроўваюць каштоўнасці, што культывуюцца ў беларускім грамадстве».
Спецыялістка па камунікацыях Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні лічыць, што падпісанае пагадненне сведчыць пра далейшае зрастанне дзяржаўнага апарату і афіцыйнай царквы ў адзіным ідэалагічным полі. Паводле яе, рэжым адкрыта выкарыстоўвае аўтарытэт царквы як інструмент кантролю над свядомасцю грамадства, асабліва моладзі.
Што не так?
Дэклараваная мэта — «супрацьдзеянне знешнім уплывам» — фактычна азначае ўсталяванне дадатковай сістэмы цэнзуры і манаполіі на вызначэнне таго, што лічыцца «каштоўным» і «духоўным». Спекуляцыі пра «знікненне інтэрнэту» і веру толькі ў «напісанае слова» паказваюць жаданне ізаляваць беларускае грамадства і навязаць яму адзіны «правільны» духоўны код.
Беларусь ідзе шляхам Расеі, дзе РПЦ мае ўплыў на ўсе сферы жыцця — ад адукацыі і культуры да палітыкі і прыватных выбараў грамадзян. Гэта супярэчыць нават Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе замацаваныя свабода слова, сумлення і выбару. Свабода сумлення — гэта свабода веравызнання, а на практыцы дзяржава надае прывілеі толькі адной канфесіі — БПЦ, якая цяпер разам з дзяржаўнымі СМІ будзе вызначаць, якія каштоўнасці «правільныя».
Улады дэманізуюць «заходнія каштоўнасці». Але што гэта азначае на справе? Пад ударам апынаюцца дэмакратыя, свабода слова, гендарная роўнасць, правы ЛГБТК+ людзей, права выбару ў асабістым жыцці, змяняльнасць улады і павага да грамадзянскай супольнасці — усё тое, што робіць грамадства адкрытым і сучасным. Замест абароны грамадзян дзяржава навязвае шаблоны, якія выключаюць і дыскрымінуюць тых, хто жыве і думае інакш.
Такі падыход стварае небяспечныя тэндэнцыі. Напрыклад, у сувязі з законамі аб «прапагандзе ЛГБТ» і дыскусіямі пра childfree пад пагрозу трапляюць усе сферы жыцця беларусаў. Чалавек можа быць фактычна «выключаны» з грамадства, калі ён не адпавядае навязанай мадэлі — напрыклад, не можа мець дзяцей нават з-за бясплоднасці.
А як трэба?
Навязванне «духоўных каштоўнасцяў» не вырашае рэальных праблем у грамадстве. Па афіцыйнай статыстыцы, у Беларусі ўзровень разводаў адзін з самых высокіх у Еўропе (кожны другі шлюб распадаецца). Гэта сведчыць, што праблема не ў недахопе патрыятычнай рыторыкі, а ў адсутнасці рэальнай падтрымкі сем’яў.
Акрамя таго, Беларусь сутыкаецца з сур’ёзным адтокам насельніцтва: штогод дзясяткі тысяч грамадзян вымушаныя з’язджаць у пошуках бяспекі і магчымасцяў. Дзяржава ж замест рашэння праблемы эміграцыі вінаваціць «замежныя ўплывы».
Замест забаронаў і цэнзуры патрэбныя сістэмныя меры і праца з грамадскасцю, у тым ліку праз культуру і адукацыю:
– павага да агульначалавечых каштоўнасцяў — правоў чалавека, гендарнай роўнасці і свабоды выбару;
– эканамічная і псіхалагічная падтрымка сем’яў;
– даступная адукацыя для бацькоў;
– сучаснае сэксуальнае асветніцтва для дзяцей і дарослых;
– адкрыты грамадскі дыялог пра будучыню краіны.
Нельга казаць пра развіццё культуры і духоўнасці праз забароны і кантроль. Яны раскрываюцца толькі ў прасторы свабоды, дыялогу і разнастайнасці.
@revivalbelarus
Repost from De facto. Беларуская навука
Як выглядаў першы зроблены ў Беларусі кампутар
Па гэта паведамляецца ў апошнім нумары часопіса «Наука и инновации». У 1986 годзе Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын у Мінску скончыў распрацоўку першай персанальнай ЭВМ – ПЭВМ ЕС-1840 (на здымку). Першы персанальны кампутар у Беларусі пачалі выпускаць на Мінскім вытворчым аб’яднанні вылічальнай тэхнікі. Да 1989 года было выпушчана каля 7 тысяч адзінак мадэлі.
ЕС-1840 меў прадукцыйнасць у 1 мільён аперацый у секунду, аператыўную памяць да 256 КБ і знешнюю на 2 гнуткіх магнітных дысках. Кампутар складаўся з 5 незалежных блокаў: працэсара, дыскавых назапашвальнікаў, манітора, клавіятуры і прылады для друку. Кампутарная мыш не прадугледжвалася.
Усяго да 1991-га ў БССР было выраблена больш за 100 тысяч персанальных ЭВМ, што істотна перавышала прадукцыйнасць іншых аналагічных прадпрыемстваў СССР. Аднак гэтыя мадэлі – клоны персанальных кампутараў IBM – адставалі ад замежных аналагаў на некалькі гадоў.
Repost from Historyja
3 верасня 1927 года нарадзіўся Алесь Адамовіч - беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, ветэран вайны. Адзін з першых падняў у літаратуры тэму Чарнобыльскай катастрофы.
50 гадоў таму пачаў працу Інстытут культуры
Інстытут культуры пачаў сваю працу ў Мінску ў верасні 1975-га. Ад пачатку ў ім было ўсяго два факультэты – бібіліятэчны і сацыякультурнай дзейнасці (на іх былі пераведзены студэнты з Педагагічнага інстытута і Тэатральна-мастацкага інстытута). Першы месяц заняткі праходзілі на Кірава, пакуль студэнты дапамагалі навесці парадак у новым будынку на Рабкораўскай, 17 (на здымку) – яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 6 кастрычніка.
З'яўленне Інстытута культуры ўмацавала пазіцыі беларускай культуры і спрыяла развіццю нацыянальнай свядомасці. Першы рэктар – пісьменнік Алесь Петрашкевіч, другі – літаратуразнавец Нічыпар Пашкевіч, трэці – культуролаг Віктар Пузікаў.
За час працы вну яго дыпломы атрымалі больш за 40 тысяч маладых спецыялістаў. На сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў вядзе падрыхтоўку на чатырох факультэтах па больш, чым дзясятку спецыяльнасцей. Сярод вядомых выпускнікоў – Іван Кіручук, Сяргей Міхалок, Алег Хаменка ды інш.
У Гомелі з'явіўся сквер Ратавальнікаў – адзіны ў Беларусі
Нядаўна ў абласным цэнтры на Рэчыцкім праспекце побач з абласным упраўленнем Міністэрства на надзвычайных сітуацыях урачыста адкрылі сквер Ратавальнікаў. У яго цэнтры – трохметровая бронзавая скульптура ратавальніка з дзіцем і шчанюком лабрадора на руках.
На адкрыцці ўгадалі па адвагу і гераізм пажарных і ратавальнікаў, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пры ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У скверы таксама закладзены камень, на месцы якога пазней з'явіцца скульптурная кампазіцыя «Памяць героям Чарнобыля».
Сквер Ратавальнікаў у Гомелі – пакуль адзіны ў Беларусі. Нагадаем, што ў 2019 годзе ў Мінску на Гарадскім Вале з'явілася скульптура пажарнага пачатку XX стагоддзя – каля Музея пажарнай справы. У 2022-м у сталіцы ўсталявалі помнік ратавальнікам, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, – каля Універсітэта грамадзянскай абароны.
Repost from De facto. Беларуская навука
Быў і гумар. Пра што сведчаць надпісы-графіці ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве
Пра надпісы, зробленыя ў перыяды Сярэднявечча і Новага часу, піша Іна Калечыц у апошнім нумары часопіса «Весці НАН». Аналіз паказвае: аўтараў графіці больш цікавілі рэаліі жыцця, якія існавалі побач: святары, якія служылі ў манастыры, ігуменні, якія яго ўзначальвалі. Нават інфармацыя пра смерць караля Казіміра падаецца ў сувязі з прыездам яго сына ў Полацк.
Большасць графіці пакінута не ў алтарнай частцы, а на слупах царквы, дзе надпісы маглі прадрапаць клірашане, манахіні або прыхаджане. Верагодна, большасць пакінулі, усё ж такі, шкаляры, адзначае Іна Калечыц, якая нядаўна выдала кнігу пра Спаса-Праабражэнскую царкву.
Пра адно з графіці, зробленых у XV стагоддзі, гісторык піша: «А вось на хорах згадванне дыякана суправаджаецца негатыўным падтэкстам... Слова «дыякан» тлумачыць гумарыстычны малюнак, на якім ёсць выява дыякана – зверху, а ўнізе – чалавека, які цягне да яго рукі. Малюнак перакрэслены» (на ілюстрацыі).
Repost from Будзьма беларусамі!
📚 Ініцыятыва MALDZIS выкупіла кнігу «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» («Artis Magnae Artilleriae pars prima») Казіміра Семяновіча, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651-ым годзе. Гэтая праца, напісаная рукою беларуса, — помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння, паведамляецца на сайце ініцыятывы.
Упершыню кніга «Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая» выйшла ў свет у Амстэрдаме ў знакамітым выдавецтве Яна Янсана (Johannes Janssonius) у 1650-ым годзе на лацінскай мове.Падрабязней. 🔗 Па гэтай спасылцы адкрыецца без VPN.
Пачатак вышэй
Каму і навошта спатрэбілася стварэнне гравюры? На думку гісторыка Наталлі Сліж, выявы замовіла атачэнне Жыгімонта Аўгуста, каб данесці інфармацыю да заходнееўрапейскіх эліт пра падзеі ў ВКЛ і займець сярод іх хаўруснікаў падчас Лівонскай вайны.
На думку гісторыка Алеся Перагудава, не выключана, што гравюра была створана на замову палякаў, зацікаўленых у аб’яднанні Літвы з Польшчай (ужо ў 1569-м здарылася Люблінская ўнія). Магчыма, замоўца быў зацікаўлены ў прасоўванні «несамастойнага» іміджу княства, залежнага ад Польскай Кароны.
У любым выпадку стварэнне гравюры з дыпламатычнымі сустрэчамі высокага ўзроўню падкрэслівалі значнасць Гродна. У 1575 годзе ў «Атласе гарадоў зямнога свету» выява была апублікавана ў спрошчаным выглядзе. Гродна падавалася як другі па значнасці горад у ВКЛ (панарама Вільні была надрукавана ў наступным томе) і з улікам усіх апублікаваных тамоў увайшло ў спіс некалькіх сотняў галоўных гарадоў сярэднявечнага свету.
Як Гродна ў Сярэднявеччы трапіла ў атлас галоўных гарадоў свету – разам з Рымам і Іерусалімам
450 гадоў таму ў Кёльне выйшаў другі том Civitates orbis terrarum, «Атласа гарадоў зямнога свету». У выданні ўтрымлівалася 59 гравюр мясцін, сярод якіх былі Дамаск, Александрыя, Іерусалім, Нюрнберг, Рым, Масква, а таксама Гродна (на ілюстрацыі). Як беларускі горад трапіў у Атлас?
Малюнак зрабіў Ганс Адэльгаўзер, нямецкі мастак, які некаторы час працаваў у Парыжы і быў запрошаны на нашыя землі каралём Жыгімонтам Аўгустам. Малюнак ён зрабіў з натуры ў 1567-м у Гродна, дзе праходзіў агульналітоўскі сойм з мэтай падрыхтоўкі да чарговага этапу Лівонскай вайны з Маскоўскай дзяржавай. У ліпені сюды прыбыла пасольства Івана Жахлівага, што паказана на малюнку (як і прыезд турэцкіх, валашскіх і татарскіх паслоў). Але тыя перамовы не мелі плёну.
У 1568-м малюнак Ганса Адэльгаўзера ў Нюрнбергу перанёс на медную гравюру даўжынёй каля метра Маціус Цюндт – з назвай «Сапраўднае апісанне горада Гродна ў Літве»).
Працяг ніжэй
Repost from Еўрарадыё | Еврорадио
Археолагі састарылі Мінск на 70 гадоў. Падчас раскопак на поўдні сталіцы Беларусі была вызначаная дакладная дата, калі вакол тагачаснага горада на рацэ Менка пачаў будавацца мур, — гэта 997 год.
“Мы цалкам даследавалі ўсю канструкцыю сцяны і яе далейшы лёс. І дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу атрымалі дакладную дату, калі гэтая сцяна пачала ўзводзіцца. Гэта быў 997 год.
Пачалі секчы дубы, звазіць і майстраваць гэты мур. Гэты год можна лічыць датай заснавання горада. Горад гэты, безумоўна, з'яўляецца летапісным Менскам на рацэ Менка”, — сцвярджае археолаг Андрэй Вайцяхоўскі, які кіруе раскопкамі.
Пазней Менск быў разбураны — і адбудаваны на Свіслачы, крыху на поўнач ад сваёй калыскі. А на гэтым месцы была ўзведзеная сядзіба.
Навукоўцы прадставяць свае высновы гарадскім уладам. Менавіта ад іх залежыць, ці будзе год заснавання горада перанесены афіцыйна.
Available now! Telegram Research 2025 — the year's key insights 
