ru
Feedback
De facto. Беларуская навука

De facto. Беларуская навука

Открыть в Telegram

Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны. Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.

Больше
1 520
Подписчики
-124 часа
-97 дней
-1030 день
Архив постов
Гісторыя сям'і Глейзераў: як звязаны Паставы і «Манчэстэр Юнайтэд»? Канал Скарб: генеалогія ў Беларусі ў сваім даследаванні п
Гісторыя сям'і Глейзераў: як звязаны Паставы і «Манчэстэр Юнайтэд»? Канал Скарб: генеалогія ў Беларусі ў сваім даследаванні прыйшоў да высновы, што зорны клуб з Манчэстэра дастаўся сыну імігранта з Паставаў. Бабуля бізнесмена і ўладальніка МЮ Малкольма Глейзера (1928 - 2014, цяпер клубам валодаюць яго дзеці), Бейля Абрамаўна Свірская нарадзілася ў Паставах у 1866-м. Сын Бейлі і Маўшы-Іцэка Абрам Глезер перабраўся ў ЗША ў адзіночку. Як склаўся лёс сваякоў у Беларусі? Пасля заканчэння Першай Сусветнай частка сям'і Глезераў перабралася ў Глыбокае. У 1938-м Бейля Глезер значылася ў спісах галасуючых у польскі Сойм як гаспадыня дома ў Глыбокім па вуліцы Замкавай (цяпер вуліца Леніна). Разам з ёй жылі дачка і зяць Фаня і Аўсей Хейфецы, якія атрымалі ў спадчыну гандлёвую справу. Практычна ўся сям'я Хейфец загінула пры знішчэнні гета ў 1943 годзе. Але выжыла ўнучка Бейлі Глезер – Роза Аўсееўна Хейфец, удзельніца партызанскіх атрадаў у ролі медсястры і кухаркі, піша канал Скарб: генеалогія ў Беларусі.

Пра гісторыю легендарнага кубка «Іван» з калекцыі Сапегаў Ігар Cурмачэўскі ў леташнім нумары «Весніка Брэсцкага ўніверсітэта»
Пра гісторыю легендарнага кубка «Іван» з калекцыі Сапегаў Ігар Cурмачэўскі ў леташнім нумары «Весніка Брэсцкага ўніверсітэта» піша: горны крышталь вельмі шанаваўся ў эпоху Адраджэння за тое, што ён нібыта мог выяўляць атруту. Калі князь Глінскі ў 1508 г. узняў мяцеж, пісар вялікі літоўскі Іван Сямёнавіч Сапега папярэдзіў Жыгімонта І. У знак падзякі ён атрымаў кубак «Іван». Як кубак трапіў у каралеўскую скарбніцу, дакладна невядома. Cурмачэўскі пасля аналізу апісання кубка выказвае гіпотэзу, што ён быў вельмі рэдкім мастацкім творам з Парыжа. Прыкладныя параметры кубка: дыяметр 10-15 см, вышыня 30-35 см, абʼём 2,8 л, авальная форма вазы. Таму яго можна параўнаць з такімі творамі як «Вялікая ваза» з скарбніцы іспанскага караля (на ілюстрацыі – злева) і навагрудскі кубак «Святой Ядвігі» (справа). Кубак захоўваўся ў Ружанскім палацы, яго сляды губляюцца ў XIX ст. Такога тыпу творы вельмі рэдкія ў музейных калекцыях свету, для Беларусі «Іван» мае надзвычайнае значэнне ўзроўню нацыянальнай рэліквіі.

Дык ці існуе «крадзеж аблокаў»? Што кажуць навукоўцы Нядаўна ў інтэрв'ю тэлеканалу Al-Rasheed іракскі дэпутат Абдула аль-Хайк
Дык ці існуе «крадзеж аблокаў»? Што кажуць навукоўцы Нядаўна ў інтэрв'ю тэлеканалу Al-Rasheed іракскі дэпутат Абдула аль-Хайкані заявіў, што ў Ірак вярнуліся дажджы, бо ЗША занятыя вайной у Іране. У сацсетках вельмі папулярныя сцвярджэнні, што баявыя дзеянні прымусілі саюзнікаў спыніць аперацыі па «крадзяжы дажджавых аблокаў» на Блізкім Усходзе, піша BBC. Карыстальнікі лічаць, што ў аснове ляжыць рэальна існуючы «засеў аблокаў» для павялічэння колькасці ападкаў. Гэта можна рабіць з дапамогай самалётаў, якія распыляюць дробныя часціцы, напрыклад, ёдыд срэбра, каб стымуляваць стварэнне кропель вады (на ілюстрацыі). Прыхільнікі тэорыі «крадзяжу аблокаў» сцвярджаюць: пры засеве аблокаў у адным рэгіёне суседнія тэрыторыі пазбаўляюцца ападкаў. Аднак, навукоўцы запэўніваюць: няма тэхналогій, якія дазваляюць чалавеку «красці» аблокі. У цэлым навукоўцы падкрэсліваюць, што сродкаў для прамога кіравання траекторыяй ці інтэнсіўнасцю сістэм надвор'я не існуе.

Якія праблемы прывялі Полацкую зямлю ў склад ВКЛ Дзяніс Дук у «Весніку Магілёўскага ўніверсітэта» піша: да сяр. XII ст. адзін
Якія праблемы прывялі Полацкую зямлю ў склад ВКЛ Дзяніс Дук у «Весніку Магілёўскага ўніверсітэта» піша: да сяр. XII ст. адзінства княжацкага дому Рагвалодавічаў распалося на тры галіны — Менскіх Глебавічаў, Друцкіх Рагвалодавічаў і Віцебскіх Васількавічаў — са згасаннем дынастыі. У першай палове XIII ст. Полацк вёў войны з Ордэнам Мечаносцаў (на землях Дзвіны ўзнік новы цэнтр – Рыга), меў канфлікты з Літвой, паўднёвыя «прыгарады» Полацкай зямлі (Магілёў) пакутавалі ад манголаў. Смаленскія князі выкарысталі гэтыя фактары, каб падпарадкаваць Полацк свайму ўплыву, і ў 1222 - 1223 гадах Полацк быў захоплены – упершыню за больш чым два стагоддзі. Гэта мела фатальныя наступствы для горада: яго экстэнсіўны рост спыніўся (асабліва ў параўнанні з Віцебскам). У гэтых умовах уключэнне Полацкай зямлі ў склад Вялікага княства Літоўскага было гістарычна прадвызначана, піша Дзяніс Дук. У 1262 г. у Полацку ўжо княжыў літоўскі князь Таўцівіл, пляменнік Міндоўга. На ілюстрацыі – рэканструкцыя П. Татарнікава Полацка XII ст.

Пра набыццё Львом Сапегам маёнтка Бешанковічы ў 1630 г. Валерый Пазднякоў у зборніку «Бешанковіцкі край» (2025 г.) піша: зана
Пра набыццё Львом Сапегам маёнтка Бешанковічы ў 1630 г. Валерый Пазднякоў у зборніку «Бешанковіцкі край» (2025 г.) піша: занатаванае падчас рэвізіі ў 1552 г. сяло Бешанковічы было ў складзе маёнтка Мількаўцы, двары тут меў князь Павел Юр’евіч Сакалінскі. Падчас Інфлянцкай вайны з Маскоўскай дзяржавай Бешанковічы былі спустошаны. 6 лістапада 1630 г. маёнтак Бешанковічы (разам з маёнткам Сянно) мяняе ўладальніка, якім быў князь Ян Друцкі-Сакалінскі. Здзелка была заключана ў Бешанковічах, а ў 1631-м зацверджана ў Варшаве каралём Жыгімонтам III. Цэнтрам маёнтка быў панскі двор Бешанковічы, побач ляжала мястэчка Бешанковічы — на абодвух берагах Дзвіны. Леў Сапега, былы канцлер ВКЛ і на той момант гетман вялікі літоўскі, нядоўга гаспадарыў у Бешанковічах, бо памёр у 1633 г. Бешанковічы перайшлі яго малодшаму сыну. Казімір Леў Сапега не пажадаў гаспадарыць у Бешанковічах і разам з Сянном падараваў іх родзічу Паўлу Яну Сапегу, вялікаму гетману ВКЛ. Далейшыя лёсы маёнтка звязаны з родамі Нарушэвічаў і Агінскіх.

Выйшла кніга «Рашэнні прымае ЦК...» Выданне пабачыла свет летась. Аўтары – Вячаслаў Селяменеў і Алесь Карлюкевіч. На старонка
Выйшла кніга «Рашэнні прымае ЦК...» Выданне пабачыла свет летась. Аўтары – Вячаслаў Селяменеў і Алесь Карлюкевіч. На старонках кнігі разглядаюцца архіўныя дакументы, напісаныя ў 1960 - 1980-х беларускімі літаратарамі, мастакамі, дзеячамі культуры, плён чыёй працы складае нацыянальную культурную спадчыну. Некаторыя іх звароты ў Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі (ЦК КПБ), вышэйшую ідэалагічную і фактычна галоўную дзяржаўную інстанцыю, мелі прыватны характар. Але ж, каб вырашыць тое ці іншае важнае для творчасці пытанне, апроч ЦК, не было куды звярнуцца. Шмат якія з прыведзеных дакументаў – сведчанні пазіцыі творчай інтэлігенцыі, яе жадання зрабіць нешта патрэбнае для ўсяго грамадства Беларусі. У дакументах уздымаецца пытанне беларускай мовы, многія лісты сведчаць пра неабходнасць узгадняць многія рашэнні з ЦК. 216-старонкавую кнігу можна разглядаць як працяг першай: у 2022-м выйшла «Звяртаюся ў ЦК».

Беларускія народныя песні на сцэне з 1880-х да пачатку 1930-х гг. Яніна Грыневіч піша ў зборніку «Беларускі фальклор» (2024 г
Беларускія народныя песні на сцэне з 1880-х да пачатку 1930-х гг. Яніна Грыневіч піша ў зборніку «Беларускі фальклор» (2024 г.): першае згадванне ў прэсе адносіцца да лакальнага мерапрыемства па святкаванні каранацыі Аляксандра ІІІ у 1883 г., дзе беларуская песня прагучала разам з украінскімі, харвацкімі, сербскімі і балгарскімі. Калі казаць пра рэпертуар, то першымі са сцэны прагучалі творы «Дуда-весялуха» і «Чаму ж мне не пець». Затым беларускія песні гучалі на канцэртах, арганізаваных аддзелам пры Імператарскім таварыстве аматараў этнаграфіі ў Маскве ў 1893 - 1911 гг. Пасля рэвалюцыі 1905 г. народная песня была сродкам для прасоўвання беларускага адраджэння. Два дзесяцігоддзі папулярнымі былі творы «Ох, ты дуй», «Гусі», «Дый куды ж ты, дуб зялёны», «Доля», «Чалавек жонку б’е» і інш. У БССР народная песня пачала рэпрэзентаваць дзяржаву. Пералом адбыўся ў п. 1930-х, калі фальклор у афіцыйным дыскурсе быў заменены на сучасную савецкую народную творчасць. На здымку – музыкі ў Ляхавічах, 1913 г.

Пра нeабарока ў рэлігійнай архітэктуры ў Заходняй Беларусі 1918–1939 гг. Сяргей Харэўскі ў Białorutenistyka Białostocka піша:
Пра нeабарока ў рэлігійнай архітэктуры ў Заходняй Беларусі 1918–1939 гг. Сяргей Харэўскі ў Białorutenistyka Białostocka піша: архітэктура Заходняй Беларусі зазнала шэраг этапаў стылістычнай эвалюцыі. Вельмі плённа інтэрпрэтавалася ў 1920 - 30 гг. нeабарока. Пры стварэнні рэгіянальнага адметнага стылю абапіраліся на тутэйшыя традыцыі барока ХVIІ - ХVIII ст. У стылістыцы нeабарока пабудаваныя многія каталіцкія храмы: Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавiчах, Маці Божай Ружанцовай у Солах (на здымку – злева), Унебаўзяцця Найсвяцейшае Дзевы Марыіў Дарава, Перамянення Гасподняга ў Ваверцы, Святога Сэрца Ісуса ў Анжадава ды інш. Адметным узорам неабарока ёсць касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў вёсцы Пелішча Камянецкага р-на (справа). Ён ўзведзены ў 1934 годзе інжынерам - архітэктарам з Брэста Браніславам Нелюбовічам, паводле ранейшага праекта 1929 году брэсцкага архітэктара Вінцэнта Генрыка Удавішэўскага. Вельмі выразная кампазіцыя з аб’ёмаў розных памераў і элементы дэкора ствараюць рамантызаваны вобраз.

Як тысячы гадоў таму людзі асвойвалі Палессе Група беларускіх навукоўцаў апубліквала ў часопісе Journal of Archaeological Sci
Як тысячы гадоў таму людзі асвойвалі Палессе Група беларускіх навукоўцаў апубліквала ў часопісе Journal of Archaeological Science: Reports свежае даследаванне пра змены ў каменным і бронзавым вяках ў даліне ракі Ясельда і на беразе возера Спораўскае. Яны ўжылі шырокі спектр палеагеаграфічных метадаў да археалагічнага помніка Какорыца-4, які быў адкрыты ў 2018 г. ля вёскі Какорыца ў Драгічынскім р-не. Возера Спораўскае ўтварылася падчас пацяплення Бёлінга-Алерэда (канец апошняга ледніковага перыяду, 14700 - 12900 гадоў таму) і было значна большым, чым сёння. Калі возера пачало адступаць, з'явіліся новыя сухія ўчасткі і пачалося інтэнсіўнае засяленне стаянкі Какорыца-4. Месца было ўтворана старажытнай пясчанай ракой – было адносна сухім і ўзвышалася над забалочанай мясцовасцю. А вось ранняе земляробства на Палессі (як раней сцвярджалася, 7900 - 7000 год таму) паставілі пад сумненне. Знойдзеныя пылковыя зярняткі – з дзікарослых раслін. Верагодна, людзі яшчэ працягвалі займацца паляваннем і збіральніцтвам.

Погляд літоўскай шляхты на прычыны паражэння ў Варшаўскай бітве 1656 г. У трохдзённай Варшаўскай бітве 1656 г. войска Рэчы Па
Погляд літоўскай шляхты на прычыны паражэння ў Варшаўскай бітве 1656 г. У трохдзённай Варшаўскай бітве 1656 г. войска Рэчы Паспалітай у саюзе з Крымскім ханствам саступіла шведска-брандэнбургскім войскам («Шведскі патоп»). Пётр Прудоўскі ў «Славянскім альманаху» дзеліцца аналізам пасольскага дзённіка расійскага стольніка Апанаса Несцерава, які грунтуецца на апавяданнях старасты жмудскага Ежы-Караля Глябовіча, Яна Храпавіцкага і «каралеўскага пакаёвага двараніна» Аборскага. Адказнасць за разгром літоўская шляхта ўскладала на польскую частку арміі: паводле яе версіі, паражэнне адбылося не толькі з-за сілы шведаў, а з-за канфліктаў і недаверу паміж польскай і літоўскай часткамі войска, палякі абвінавачваліся ў пасіўнасці. Літва супрацьпастаўлялася і Польшчы, і Расіі. Але наўрад ці можна казаць пра сепаратызм: супрацьпастаўленне каралю было выказана менш рэзка, чым палякам. Такім чынам літоўская эліта сяр. XVII ст. успрымала сябе не проста часткай «польскай дзяржавы», а асобнай палітычнай супольнасцю.

Збор намінацый на Прэмію Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі-2026 Пачынаецца праца экспертных камісій па вызначэнні ле
Збор намінацый на Прэмію Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі-2026 Пачынаецца праца экспертных камісій па вызначэнні лепшых публікацый 2025 года. Даследчыкаў і ўсіх зацікаўленых запрашаюць дасылаць свае меркаванні і зрабіць свой унёсак у вызначэнне дасягненняў беларускай навукі. Прапановы можна падаць на адрас premija@ palityka.org да 30 чэрвеня 2026 года. Па выніках працы камісій будуць вызначаны па тры найлепшыя публікацыі па наступных кірунках: гісторыя (манаграфіі, артыкулы), гуманітарныя навукі (манаграфіі, артыкулы), сацыяльна-палітычныя навукі (манаграфіі, артыкулы). Урачыстае аб’яўленне лепшых публікацый адбудзецца 25 лістапада 2026 года ў Варшаве. Да разгляду таксама прымаюцца працы апублікаваныя ў 2024 годзе, якія раней не вылучаліся на конкурс. У дадатак у 2026 годзе плануецца вызначыць найлепшыя нямецкамоўныя манаграфіі на беларускую тэматыку апублікаваная за апошняе дзесяцігоддзе – у 2017-2025 гадах. Усе падрабязнасці тут.

Выйшла кніга «Башкіры ў Беларусі» У манаграфіі Лізавета Квілінкова ўпершыню ў этналагічнай навуцы даследуе башкіраў у Беларус
Выйшла кніга «Башкіры ў Беларусі» У манаграфіі Лізавета Квілінкова ўпершыню ў этналагічнай навуцы даследуе башкіраў у Беларусі: колькасць і рассяленне, этнакультурную і рэлігійную ідэнтычнасць, і г.д. Праца грунтуецца на палявых матэрыялах, сабраных аўтаркай у 2021 - 2025 гг. Раней Лізавета Квілінкова пісала: башкіры трапілі ў Беларусь у асноўным з-за службы ў савецкім войску. У 1989-м у Беларусі жыло 1 252 башкір, у 2019-м – 339. Іслам з'яўляецца неад'емнай часткай этнічнай самасвядомасці башкір, але іх прадстаўнікі ў Беларусі не прытрымліваюцца шматлікіх патрабаванняў шарыяту. Большасць башкір у Беларусі жывуць у змешаных шлюбах.

Пра жорсткія публічныя пакаранні ў ВКЛ у другой палове XVIII ст. Adam Stankevič у літоўскім зборніку Moteris prie istorijos š
Пра жорсткія публічныя пакаранні ў ВКЛ у другой палове XVIII ст. Adam Stankevič у літоўскім зборніку Moteris prie istorijos šaltinio (2024) піша: у другой пал. XVIII ст. Віленскі гродскі суд прыгаварыў да публічных пакаранняў 36 злодзеяў (усе мужчыны). Найбольш частым пакараннем (49%) была лупцоўка (18 выпадкаў), часам яна спалучалася з выгнаннем з горада (8 выпадкаў) і кляйменнем (2). Дзесяць чалавек (27%) – рэцыдывістаў і тых, хто выкраў маёмасць вялікай вартасці, – прысудзілі да смяротнага пакарання – на шыбеніцы. Дзевяць злодзеяў (24%) прысудзілі да пэўных тэрмінаў (ад 3 да 10 гадоў). У адным выпадку – да нявызначанага (пажыццёвага) пазбаўлення волі, што не было прадугледжана законамі ВКЛ, але гэта паходзіла з правіла, выдадзенага Пастаяннай Радай. Суд часта адыходзіў ад літаральнага выканання Статута: замест смяротнага пакарання мог прызначыць лупцоўку. Ідэі Асветніцтва (пра выпраўленне злачынцы, выкарыстанне турмаў замест смяротнага пакарання) амаль не ўплывалі на практыку суда.

Прымаюцца заяўкі да ўдзелу ў навуковай канферэнцыі «Канструкты моўнага будаўніцтва: да стагоддзя Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года» Канферэнцыя адбудзецца 24 - 25 верасня 2026 года ў Вільні. Першым мерапрыемствам па беларусазнаўстве міжнароднага маштабу стала «Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (Мінск, 1926 г.). У сучаснай канферэнцыі прадугледжаны напрамкі: славістыка пачатку ХХ ст., станаўленне новых усходне- і цэнтральна-еўрапейскіх дзяржаў і праблема дзяржаўнай мовы, канферэнцыя 1926 года — кантэксты і спадчына. беларуская мова і беларусістыка ў ХХ - ХХІ стст., замежная беларусістыка. методыка выкладання беларускай і іншых моў як замежных у агульнасусветным кантэксце. Дасылаць заяўкі (імя, прозвішча, акадэмічны тытул, афіляцыю, назву даклада, тэматычны арэал з інфармацыйнага ліста, емэйл) да 15.06.2026 на адрас: kanfierencyja@belarus-institute.cz. Калі маеце паведамленні пра канферэнцыі і іншыя падзеі, дасылайце сюды.

Гіпотэза: Шварн не кіраваў Літвой, яго ўлада абмяжоўвалася Наваградкам Vytas Jankauskas у леташнім нумары Lituanistica праана
Гіпотэза: Шварн не кіраваў Літвой, яго ўлада абмяжоўвалася Наваградкам Vytas Jankauskas у леташнім нумары Lituanistica прааналізаваў Галіцка-Валынскі летапіс і дапоўніў гіпотэзу Артуруса Дубоніса. Згодна ёй Шварн Данілавіч, сын галіцка-валынскага князя і муж сястры Войшалка, сына Міндоўга, кантраляваў толькі Наваградак, а не Літву. Фундаментальныя высновы V. Jankauskas наступныя. 1. Хутчэй за ўсё, Войшалк, які аднавіў уладу дынастыі Міндоўга і сышоў у манастыр, пакінуў кіраваць Літвой Трайдзеня (злева на ілюстрацыі), а Наваградкам – Шварна (справа). Трайдзень кіраваў Літвой ужо з 1268 г. 2. Хутчэй за ўсё, Шварн памёр раней за Войшалка (а не наадварот, як лічылася раней). І ўжо пасля смерці Шварна пачалася вайна паміж Трайдзенем і валынскім князем Васількам Раманавічам. Аўтар Галіцка-Валынскай хронікі негатыўна адгукаецца пра Трайдзеня, але нідзе не згадвае, што той мог быць узурпатарам. Гэта паказвае: Трайдзень атрымаў уладу законна. 3. Вельмі верагодна, што Войшалк і Трайдзень былі блізкімі сваякамі.

Як каталічкі ў вёсках арганізаваліся ў падпольную супольнасць пры савецкай уладзе Пра гэта піша Вольга Барташ у мінулагоднім
Як каталічкі ў вёсках арганізаваліся ў падпольную супольнасць пры савецкай уладзе Пра гэта піша Вольга Барташ у мінулагоднім нумары Ethnologia Polona. Яна правяла этнаграфічныя палявыя даследаванні ў каталіцкіх вёсках Маладзечанскага раёна, якія з сярэдзіны 2000-х гадоў вядомыя як «Малая Варшава»: Брохаўшчына, Кулеўшчына, Хажова, Краснае (на здымку). У гэтай мясцовасці аўтарка праводзіла летнія канікулы ў дзяцінстве. Нягледзячы на ​​ціск з боку дзяржавы, жанчыны ў савецкі час працягвалі рэлігійныя практыкі: сямейныя рытуалы, таемныя сустрэчы і набажэнствы. Падкрэслена лідарская роля, якую жанчыны адыгрывалі ў падпольнай супольнасці — па меры аслаблення мужчынскай рэлігійнай улады. Напрыклад, каталіцкая супольнасць, якая існавала праз стары касцёл у Хажове, узначальвалася святаром. Калі рэлігійныя структуры былі ліквідаваны, жанчыны, магчыма, адчулі большую свабоду ў стварэнні «сваёй уласнай» царквы, піша аўтарка. У выніку актыўнасці жанчын быў пракладзены шлях да рэлігійнага адраджэння 1990-х гадоў.

Выйшла кніга «Якуб Колас у Парыжы. 1935 год» У кнізе Мікола Трус прапануе архіўную рэканструкцыя абставін удзелу класіка бела
Выйшла кніга «Якуб Колас у Парыжы. 1935 год» У кнізе Мікола Трус прапануе архіўную рэканструкцыя абставін удзелу класіка беларускай літаратуры ў Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры, які адбыўся ў Парыжы ў 1935 годзе. Аўтар выяўвіў даклад Якуба Коласа, перакладзены на рускую, французскую і нямецкую мовы, а таксама шэраг унікальных матэрыялаў, якія дазваляюць па-новаму прачытаць два нарысы пісьменніка пра паездку ў сталіцу Францыі, найбольш панарамна разгледзець адметную падзею ў культурным жыцці Еўропы і ўсяго свету. У кнізе 127 старонак.

Пра што расказвае хроніка роду, складзеная апошнім канцлерам вялікім літоўскім Юрый Лабынцаў піша ў расійскім часопісе «Усход
Пра што расказвае хроніка роду, складзеная апошнім канцлерам вялікім літоўскім Юрый Лабынцаў піша ў расійскім часопісе «Усходнеславянскія даследаванні» пра рукапісную хроніку роду Храптовічаў, складзеную Іаахімам Літаворам Храптовічам (1729 - 1812), апошнім канцлерам вялікім літоўскім і паплечнікам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага І. Храптовіч, якога лічылі прыхільнікам збліжэння з Расіяй, апісвае жыццё 12 пакаленняў свайго роду – каля 130 канкрэтных асоб пачынаючы з к. XIV ст. і да п. ХІХ ст. Рэзідэнцыя роду ў Шчорсах (Навагрудскі р-н) апісана як «самая старажытная»: яна стала ёю ўжо ў часы Вітаўта. Сярод прадстаўнікоў роду былі вядомыя праваслаўныя дзеячы. Кароль Жыгімонт I у 1522 г. аддаў Фёдару Храптовічу «ў апеку» Лаўрышаўскі манастыр, што непадалёк ад Шчорсаў. І. Храптовіч змяшчае і свой жыццяпіс з характарыстыкай ўнутраных падзей у Рэчы Паспалітай XVIII ст., апісаннем шматлікіх «разрух у Польшчы». Цікава, што ў гэтым жыццяпісе з'яўляюцца азначэнні «Беларускі», «dobra Białoruskie».

Якімі былі міжнацыянальныя адносіны ў Драгічынскім павеце ў 1921 - 1939 гг. Пра гэта піша Віталь Гарматны ў «Весніку Магілёўс
Якімі былі міжнацыянальныя адносіны ў Драгічынскім павеце ў 1921 - 1939 гг. Пра гэта піша Віталь Гарматны ў «Весніку Магілёўскага дзяржуніверсітэта». Згодна першаму ўсепольскага перапісу 1921 г. у Драгічынскім павеце жыло беларусаў – 18,4 тыс., «тутэйшых» (не маглі вызначыць уласную нацыянальнасць) – 25,4, палякаў – 9,1, яўрэяў – 6, украінцаў – 3,7. Беларусы як сяляне былі на самым нізе сацыяльнай лесвіцы. Улады праводзілі дыскрымінацыйную палітыку, забаранялася беларуская мова. Станоўча ацэньвалася ідэнтыфікацыя сябе ў якасці «палешукоў» – як пераходны этап да прызнання сябе палякамі. Палякі былі самай прывелеяванай часткай: займалі высокія пасады ў адміністрацыі і паліцыі. Заахвочвалася перасяленне асаднікаў, якім для стварэння гаспадарак выдавалі льготныя банкаўскія крэдыты. Беларусы разглядалі палякаў як прыгнятальнікаў. Яўрэі былі найбольш заможнай часткай насельніцтва, займаліся гандлем і рамяством. Частка з іх атрымлівала ад сваякоў з ЗША пераводы. Стаўленне да яўрэяў у цэлым было нейтральным.

Адкуль былі ўзяты вобразы для малюнкаў у Радзівілаўскім летапісе Пра гэта піша Аляксей Талочка ў украінскім часопісе Ruthenic
Адкуль былі ўзяты вобразы для малюнкаў у Радзівілаўскім летапісе Пра гэта піша Аляксей Талочка ў украінскім часопісе Ruthenica (2025). У Радзівілаўскім летапісе (помнік XIII ст., які захаваўся ў двух спісах XV ст. – адзін з іх належаў Радзівілам, захоўваўся ў Нясвіжы, адсюль і назва) прысутнічаюць відавочна «заходнія» элементы: гатычная архітэктура, заходнееўрапейскія даспехі і інш. У серыі малюнкаў, якія ілюструюць падарожжа Аскольда і Дзіра у Візантыю, вылучаюцца два (пра прыбыццё варагаў у Кіеў і іх напад на Канстанцінопаль) – кідаецца ў вочы фігура чалавека ў заходніх даспехах (з «рондэлямі» – круглымі металічнымі кавалкамі і з «bevor» — абаронай падбародка і шыі, якая закрывае палову твару). І хоць чалавек у даспехах намаляваны ў розных сітуацыях, яго пастава аднолькавая – трохі адкінутая назад. Верагодна, аўтар малюнкаў скапіяваў мадэль. І, верагодна, з кнігі нямецкага майстра фехтавання Hans Talhoffer: адзін з яго дапаможнікаў выйшаў у 1459 г., піша Талочка. На ілюстрацыі – параўнанне малюнкаў.

De facto. Беларуская навука - Статистика и аналитика Telegram-канала @belarusscience