De facto. Беларуская навука
Open in Telegram
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны. Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Show more1 575
Subscribers
No data24 hours
-17 days
+1330 days
Posts Archive
Выйшаў зборнік «Расонскі край: гісторыя, культура, людзі»
У серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» пабачыў свет чарговы зборнік – «Расонскі край: гісторыя, культура, людзі». У выданні расказваецца пра археалагічную спадчыну, гісторыю Расонскага раёна на працягу XVI—XX стагоддзяў. Са старонак зборніка чытач даведваецца пра ўладальнікаў Расонаў, жыццё і творчасць жыхароў рэгіёна ў розныя часы, іншыя цікавыя тэмы.
У выданні 321 старонка. Раней у серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» пабачылі свет выданні «Чашніцкі край» (2026 г.), «Крэва і акруга», «Чачэрск і Чачэрскі раён», Бешанковіцкі край» (усе – 2025 г.). Сама серыя распачата ў 2014 г.
У беларускай частцы Чарнобыльскай зоны даследавалі ваўкоў і янотападобных сабак
Міжнародная група навукоўцаў, у тым ліку з Беларусі, апублікавала ў International Journal for Parasitology: Parasites and Wildlife артыкул пра спробу даследаваць уплыў радыяцыі на паразітарныя захворванні дзікіх жывёл у Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку.
У ваўкоў яны выявілі 18 таксонаў паразітаў і патагенаў, у янотападобных сабак — 9. Ваўкі мелі не толькі больш таксонаў, але і значна большую колькасць яек паразітаў у пробах, чым янотападобныя сабакі. Аднак даследаванне не выявіла выразнай залежнасці паміж дозай радыяцыі і паразітарнымі інфекцыямі.
Значна больш верагодна, што структуру паразітарных супольнасцяў вызначае складанае спалучэнне харчавання, выкарыстання тэрыторыі і паводзінаў жывёл. Магчыма, радыяцыя з'яўляецца толькі адным з некалькіх фактараў, якія могуць уплываць на колькасць паразітаў.
Як з-за амбіцый Івана Грознага змянілі вобраз Войшалка
Vytas Jankauskas піша ў апошнім нумары Lituanistica: у створаным у 1560-я гады ў Маскоўскай дзяржаве Ліцавым летапісным зводзе ўтрымліваецца адно з самых ранніх распрацаваных апавяданняў пра гісторыю Літвы. Яно сфакусавана на жыцці Войшалка, сына Міндоўга, які ў XIII ст. прыняў праваслаўе і жыў пад Навагрудкам.
Факты з яго ранняй біяграфіі з Ноўгародскага першага летапіса значна дапоўнілі і стварылі альтэрнатыўны вобраз Войшалка. Ён намаляваны як князь, які змагаўся супраць язычнікаў і хрысціў Літву ў праваслаўе. Летапіс трактуе Войшалка як святога — ён намаляваны з німбам унутры манастыра.
Значнае месца надавалася Полацку, які, згодна летапісу, быў незаконна захоплены літоўцамі, хаця як адзін з цэнтраў Русі павінен быць падкантрольным Маскве. Наўмыснае скажэнне было не выпадкова і адлюстроўвала палітычныя амбіцыі Масквы ў дачыненні да ВКЛ. Летапісны збор ствараўся ў асяроддзі Івана Грознага, у тым ліку ў перыяд Лівонскай вайны (1558–1583).
За што ўручалі Шнобелеўскую прэмію сёлета
Нядаўна ў Цюрыху ў 36-ы раз уручылі Шнобелеўскую прэмію, якая дастаецца навукоўцам, чые дасягненні «спачатку прымушаюць людзей смяяцца, а потым — думаць». Прэмію па эканоміцы атрымалі псіхолагі, якія высветлілі, што заможныя людзі часцей паводзяць сябе неэтычна, піша ВВС. Калі іх пакідалі сам-насам з прысмакамі для дзяцей, то заможныя ўдзельнікі забіралі амаль у два разы больш цукерак, чым іншыя.
Прэмію па фізіцы атрымалі студэнты з Канады. Яны высветлілі, што калі струмень мачы трапляе на пісуар пад вуглом менш за 30 градусаў, пырскаў амаль няма, і распрацавалі адпаведны пісуар. Шнобелеўскую прэмію міру атрымала каманда навукоўцаў, якая ўстанавіла, што людзі аддаюць перавагу сябраваць з тымі, з кім у іх агульны вораг, чым з тымі, хто ні на каго не трымае зла.
Бразільскія навукоўцы ў спецыяльных ботах наступалі на змей, каб высветліць, з-за чаго яны часцей за ўсё кусаюцца. Высветлілася, што найбольш небяспечна наступаць жарарацы на галаву.
Дзве магчымасці для працягу адукацыі
Міжнародная стыпендыяльная праграма ўрада Вялікабрытаніі Chevening запрашае да ўдзелу людзей з вышэйшай адукацыяй, мінімум 2 гадамі прафесійнага досведу і лідарскімі якасцямі. Стыпендыі прадугледжваюць поўнае фінансаванне магістарскай вучобы ў любым універсітэце Вялікабрытаніі ў 2027–2028 навучальным годзе. Дэдлайн падачы заявак – 6 кастрычніка. Падрабязнасці тут.
Савет па даследчых грантах Ганконга (RGC) адкрыў прыём заявак на ўрадавую праграму Hong Kong PhD Fellowship Scheme на 2027- 2028 акадэмічны год. Стыпендыі выдзяляюцца для прыцягнення наймацнейшых даследнікаў з усяго свету ў топ-8 вну Ганконга па кірунках ад дакладных і медыцынскіх навук – да гуманітарных і сацыяльных дысцыплін. Дэдлайн падачы заявак – 1 снежня. Падрабязнасці тут.
Тураўскія крыжы маглі быць выраблены ў XVI ст., калі мясцовыя землі належалі Астрожскім
Аляксандр Патраўнаў і Таццяна Хмельнік у апошнім нумары расійскага часопіса «Клио» паведамляюць: зыходны матэрыял для тураўскіх крыжоў («шэры граніт») мог паходзіць з берагоў ракі Случ, правага прытоку Гарыні, і слядоў яго выкарыстання ў X-XIII стст. у Тураве і наваколлі не выяўлена (прынята лічыць, што тураўскія крыжы ўзніклі ў той перыяд).
Навукоўцы лічаць, што насамрэч тураўскія крыжы былі выраблены ў XVI ст. (магчымы дыяпазон – 1518- 1582 гг.), калі Тураў апынуўся пад кантролем сям'і князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага, які валодаў землямі на Валыні (горад Астрог з наваколлем). Там, верагодна, вырабляліся падобныя крыжы.
У суме атрыманыя дадзеныя «даюць падставу казаць аб магчымым кірунку вектару развіцця традыцыі каменных крыжоў з Валыні ў Палессе». Адабраць узоры ў найбольш верагодных месцах здабычы матэрыялу для тураўскіх крыжоў (тэрыторыя Украіны) у сучасных умовах не змаглі па аб'ектыўных прычынах.
Выйшла кніга «Скарбы беларускай культуры: пошукi, знаходкi i страты»
Пабачыла свет навукова-папулярнае выданне, напісанае Людмілай Рублеўскай. Знаходкі, пошукі і страты скарбаў беларускай культуры — гэта цэлая эпапея з захапляльнымі сюжэтамі, часам сапраўдны дэтэктыў. Крыж Еўфрасінні Полацкай і слуцкія рушнікі, рыцарскія даспехі з Нясвіжскага палаца і выбітная карціна Рушчыца, фальклорныя запісы Даленга-Хадакоўскага і бібліятэка Храптовічаў…
Гэтая кніга ўяўляе сабой расповед пра такія пошукі, пра загадкі, якія яшчэ трэба разгадаць, пра шчаслівае заканчэнне высілкаў па вяртанні нашых каштоўнасцяў. У выданні 232 старонкі.
Хто жыў у Вільні да хрышчэння Літвы і пры чым тут русіны
Літоўскія навукоўцы апублікавалі ў часопісе Antiquity (Cambridge University Press) даследаванне 700-гадовых парэшткаў з могілак на вуліцы Бакшта ў Вільні. Раней лічылася, што да афіцыйнага прыняцця каталіцызму ў 1387 г. Вільня была пераважна паганскай. Але выяўленыя 532 непашкоджаныя пахаванні XIII–XIV ст. прадстаўляюць праваслаўную русінскую супольнасць.
У 15 чалавек быў праведзены ізатопны аналіз зубоў і костак. Малады мужчына з магілы №311 верагодна паходзіў з былой тэрыторыі Кіеўскай Русі (заходняй Украіны ці паўднёвай Польшчы). Пры гэтым даследаванне паказвае, што не ўсе праваслаўныя Вільні былі прыезджымі. Большасць даследаваных жанчын паходзіла з Віленскага рэгіёна – дапускаецца, што яны маглі прыняць праваслаўе праз шлюб з прыезджымі мужчынамі.
У даследаванні адзначаецца, што «у перыяд выкарыстання могілак Бакшта ВКЛ кантралявала вялікую тэрыторыю русінскіх праваслаўных зямель, у тым ліку рэгіёны Ваўкавыска, Слоніма і Навагрудка».
Самыя падрабязныя кадры Сонца ў гісторыі навукі
Здымкі разам з вынікамі даследаванняў апублікаваны ў часопісе Nature. Іх удалося атрымаць дзякуючы тэлескопу Іноўэ. Гэта найбуйнейшы ў свеце сонечны тэлескоп, размешчаны на вяршыні гары на Гаваях. Гэтае месца для пабудовы тэлескопа было абрана з-за чыстага неба і адсутнасці пылу, піша BBC.
Самы магутны сонечны тэлескоп у свеце ўпершыню паказаў паверхню Сонца з найвышэйшай дэталізацыяй. Навукоўцам удалося зафіксаваць гіганцкія плазменныя віхры, якія адыгрываюць ключавую ролю ў фарміраванні сонечных успышак. Даследчыкі спадзяюцца, што гэтыя дадзеныя дапамогуць лепш прадказваць небяспечныя з'явы касмічнага надвор'я.
Пра існаванне віхравых структур было вядома даўно, але раней іх не ўдавалася ўбачыць.
Як лавілі шпіёнаў у Віленскай губерні ў 1909–1914 гг.
Lukas Pocius піша ў апошнім нумары Lietuvos istorijos studijos: у Расійскай імперыі контрразведку стварылі даволі позна, у Віленскай губерні, якая мела з-за геаграфічнага становішча стратэгічнае значэнне, яна ўзнікла ў 1909 г. Германія і Аўстра-Венгрыя актыўна выкарыстоўвалі шпіёнскую дзейнасць, узмацніўшы яе напярэдадні Першай сусветнай вайны.
Супрацоўнікі контрразведкі выкарыстоўвалі наступныя інструменты: вонкавае назіранне, праверка пашпартоў і карэспандэнцыі, ператрусы, апытанне працаўнікоў кафэ, жанчын з бардэляў, гандляроў. Сярод тэрыторый павышанай увагі былі населеныя пункты каля чыгуначных вузлоў (такія як Вілейка) і ўздоўж чыгуначных ліній (у тым ліку, Вільня–Баранавічы–Лунінец–Роўна).
Сістэма контрразведкі ў Расійскай імперыі была дэцэнтралізаванай, а таксама з-за недахопу фінансавання і кадраў недастаткова эфектыўнай. Расследаванні ішлі марудна, многія справы вяліся каля года, значная частка заставалася незавершанай.
Якую праграму прапануе «Фестываль навукі» ў Мінску
5 і 6 верасня Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі ператворыцца ў вялікую інтэрактыўную тэрыторыю навукі. Тут можна будзе не толькі слухаць і назіраць, але і эксперыментаваць, збіраць, запускаць, спаборнічаць і адкрываць новае сваімі рукамі.
Наведвальнікаў чакаюць некалькі тэматычных пляцовак. Напрыклад, «Гісторыя і традыцыі» прадставіць лекцыі навукоўцаў пра страчаныя культавыя будынкі Мінска, строі XIV-XV стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі, перспектыўныя кірункі ўнутранага турызму і інш.
Іншыя тэматычныя пляцоўкі: «Смак навукі», «Экалогія», «Космас і авіяцыйныя тэхналогіі», «Медыцына» і інш. Уваход вольны. Падрабязнасці тут.
Якую праграму прапануе «Фестываль навукі» ў Мінску
5 і 6 верасня Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі ператворыцца ў вялікую інтэрактыўную тэрыторыю навукі. Тут можна будзе не толькі слухаць і назіраць, але і эксперыментаваць, збіраць, запускаць, спаборнічаць і адкрываць новае сваімі рукамі.
Наведвальнікаў чакаюць некалькі тэматычных пляцовак. Напрыклад, «Гісторыя і традыцыі» прадставіць лекцыі навукоўцаў пра страчаныя культавыя будынкі Мінска, строі XIV-XV стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі, перспектыўныя кірункі ўнутранага турызму і інш.
Іншыя тэматычныя пляцоўкі: «Смак навукі», «Экалогія», «Космас і авіяцыйныя тэхналогіі», «Медыцына» і інш. Уваход вольны. Падрабязнасці тут.
Адукацыйная праграма ад Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта (дэдлайн – 17 верасня)
Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт (CEU) запускае адукацыйную праграму без прысваення ступені Global Invisible University, разлічаную на студэнтаў і маладых даследчыкаў. Стыпендыі разлічаны, у тым ліку, на грамадзян Беларусі.
Праграма прапануе навучанне па міждысцыплінарным курсе, дзе Беларусь разглядаецца ў рэгіянальным і глабальным кантэкстах. Праграма мае гібрыдны фармат (анлайн-навучанне, дапоўненае зімовай школай), навучанне пачнецца 28 верасня.
Дэдлайн падачы заявак – 17 верасня 2026 г. Пра іншыя падрабязнасці і патрабаванні да заявак чытайце тут.
Адукацыйная праграма ад Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта (дэдлайн – 17 верасня)
Цэнтральна-Еўрапейскі ўніверсітэт (CEU) запускае адукацыйную праграму без прысваення ступені Global Invisible University, разлічаную на студэнтаў і маладых даследчыкаў. Стыпендыі разлічаны, у тым ліку, на грамадзян Беларусі.
Праграма прапануе навучанне па міждысцыплінарным курсе, дзе Беларусь разглядаецца ў рэгіянальным і глабальным кантэкстах. Праграма мае гібрыдны фармат (анлайн-навучанне, дапоўненае зімовай школай), навучанне пачнецца 28 верасня.
Дэдлайн падачы заявак – 17 верасня 2026 г. Пра іншыя падрабязнасці і патрабаванні да заявак чытайце тут.
Чаму пацярпела крах ідэя аб аўтаноміі Палесся
П. Лазавюк і К. Шаўчэнка пішуць у апошнім нумары часопіса «Русін» пра заходнепалескі рух, абапіраючыся на манаграфію А. Казака і А. Серады. У 1988-м было зарэгістравана грамадска-культурнае аб'яднанне «Полісье», якое стала цэнтрам руху.
Ягоны ідэолаг Мікола Шэляговіч хацеў стварыць «яцвяжскую аўтаномную рэспубліку» ў складзе БССР. Акцэнт рабіўся на балцкім паходжанні палешукоў. Падкрэсліваліся адрозненні паміж палескімі дыялектамі і суседнімі літаратурнымі мовамі, у першую чаргу ўкраінскай. Але «Яцвяжская тэорыя» аказалася празмерна экзатычнай для жыхароў Заходняга Палесся.
Ідэя аб стварэнні асобнай літаратурнай мовы на аснове мясцовых дыялектаў была сустрэта жорсткай крытыкай навукоўцаў і не была рэалізавана. З другой паловы 1990-х гг. заходнепалескі рух (на ілюстрацыі — неафіцыйны Палескі сцяг) страціў актыўнасць, не здолеўшы паўтарыць тыя поспехі, якіх дабіўся русінскі рух у Славакіі ці кашубскі рух у Польшчы.
Расправа над Лышчынскім: новыя гіпотэзы
У 1687 г. па даносе браслаўскага стольніка Яна Казіміра Бжоскі за напісанне багаборчага трактату быў арыштаваны берасцейскі земскі падсудак Казімір Лышчынскі. У 1689 г. яго абезгаловілі і спалілі на вогнішчы. Данііл Жукоўскі і Леанід Драздоў у «Беларускім гістарычным зборніку» (2025) прааналізавалі новыя архіўныя дакументы.
Першапачаткова канфлікт меў маёмасны характар, Бжоска быў вінен 500 злотых. Падчас нападу на маёнтак Матыкалы, здзейсненага групай у 100 чалавек, былі знішчаны дакументы. Гэта робіць больш праўдападобнай версію Лышчынскага пра існаванне другой часткі трактата, якая магла ўтрымліваць аргументы супраць атэізму.
Даследнікі мяркуюць: справа Лышчынскага не была толькі вынікам асабістага канфлікту або рэлігійнага абвінавачання. У 1688 г. Бжоска быў прызначаны каралём адным з камісараў для разгляду спрэчкі паміж уплывовымі магнатамі. Выказана гіпотэза, што расправа над Лышчынскім магла быць звязана з барацьбой каралеўскай партыі з кланам Сапегаў.
У Германіі выйшла кніга пра памяць пра Другую сусветную вайну ў Беларусі
У жніўні ў нямецкім выдавецтве Vandenhoeck & Ruprecht пабачыла свет выданне «Памяць паміж трыумфам і траўмай. Беларусь і Другая сусветная вайна, 1942–2019», аўтарка — Ekaterina Keding.
Даследаванне разглядае развіццё памяці пра Другую сусветную вайну ў Беларусі. На падставе аналізу музеяў, мемарыялаў і архіўных крыніц аўтарка паказвае, што памяць пра вайну як у савецкі, так і ў постсавецкі перыяды была неаднароднай. Яна фарміравалася пад уплывам мноства суб’ектаў, кожны з якіх пераследаваў свае ўласныя інтарэсы, ствараючы тым самым разнастайныя наратывы.
Аўтарка адрознівае ўшанаванне памяці «зверху» і «знізу» і канцэнтруецца на далікатных пытаннях ушанавання памяці ахвяр. Выданне налічвае 508 старонак.
З музея ў Іспаніі за чатыры хвіліны скралі скарбы на 1,7 млн еўра
Раніцай у чацвер з археалагічнага музея Вільены ў правінцыі Алікантэ невядомыя скралі званы «скарб з Вільены». Гэта больш за 50 упрыгожванняў, датаваных прыкладна 1000 г. да н. э. «Скарб з Вільены» — адна з самых буйных калекцый залатых аб'ектаў эпохі бронзавага веку ў Еўропе, паведамляе BBC.
Каля 5 раніцы злодзеям удалося правесці аперацыю менш, чым за 4 хвіліны. Яны скралі амаль усю калекцыю: забралі ўсе залатыя прадметы, але пакінулі срэбраныя вырабы, бранзалет і яшчэ некалькі рэчаў. Кошт выкрадзеных каштоўнасцяў эпохі бронзавага веку ацэньваецца як мінімум у 1,7 млн еўра — і гэта толькі кошт золата, без уліку гістарычнай каштоўнасці.
Спачатку злодзеі спрабавалі патрапіць у будынак праз галоўны ўваход, але гэта ім не ўдалося. У выніку яны пракраліся праз вокны — хоць, як паведамляецца, тыя былі абсталяваныя ўсім неабходным для забеспячэння бяспекі, а шкло ў іх было куленепрабівальным.
Для «беларускіх татараў» не ўсе татары «свае»
Лізавета Квілінкова піша ў свежым нумары часопіса «Весці НАН. Серыя гуманітарных навук»: у Беларусі жывуць дзве супольнасці татараў – «беларускія татары» (нашчадкі татараў ВКЛ) і «татары дыяспары», якія перасяліліся сюды ў савецкі і постсавецкі перыяды. У суме іх каля 8,5 тыс. У 2021-2025 гг. аўтарка апытала 85 чалавек з дзвюх супольнасцяў.
«Беларускія татары» (ёсць розныя версіі аб іх паходжанні) па этнакультурнай прыкмеце ў катэгорыю «Свае» ўключаюць «літоўскіх» і «польскіх татар», а таксама беларусаў. «Усходнія» татары ўспрымаюцца імі больш дыстанцавана («Яны паміж сабой размаўляюць на сваёй мове, а мы ж на беларускай. Я не разумею, што яны гавораць. Башкіры дык башкіры, крымскія татары... Але гэта ўжо не нашы. Можа быць, па рэлігіі мы і аднолькавыя, але ў іх усё зусім іншае, іншы ўклад»).
Дыстанцыяванне таксама звязана са спробамі навязвання казанскімі татарамі сваёй мовы і культуры, небяспекай быць «пераваранымі» ў культурным плане, піша аўтарка.
Самая распаўсюджаная праблема – зубы. Ад чаго пакутавалі жыхары сярэднявечнага Полацка
Дар'я Камінская піша ў свежым нумары «Весніка Полацкага дзяржуніверсітэта» пра вынікі даследавання костак 65 чалавек, выяўленых падчас археалагічных раскопак некропаля XI–XIII стст. на тэрыторыі Верхняга замка. Самай распаўсюджанай праблемай для палачан таго часу былі зубы.
У 88,8% выпадкаў выяўлены прыкметы парадантыту, у 68,5% — карыес, у 64,1% — абсцэсы сківіцы. Гэта ўказвае на магчымасць значнай прысутнасці ў рацыёне палачан прадуктаў, багатых хуткімі вугляводамі і цукрам. Пагаршэнню здароўя спрыялі недастатковая гігіена паражніны рота і спецыфіка меддогляду.
Распаўсюджанымі былі праблемы з хрыбетнікам. Часта фіксаваліся наступныя захворванні: грыжа Шморля — 65,7% (на здымку), астэафітоз — 65,6% і спандзілаартроз — 61,2%. Паталагічныя змены хрыбетніка былі выкліканы біямеханічнымі нагрузкамі. Агульнаму зносу арганізма спрыялі рамесныя, вайсковыя або бытавыя заняткі, спалучаныя з нагрузкай на тулава і спіну.
