1 272
Subscribers
No data24 hours
+87 days
+830 days
Posts Archive
🎬 Освальд у Мінску: хто мусіць здымаць кіно і навошта “дыпламатыя дакументаў”?
Даследчык мінскага перыяду Освальда Аляксандр Лукашук тлумачыць, чаму серыял пра забойцу прэзыдэнта Кенэдзі мае сэнс толькі як амерыканскі праект і як перадачы Расіяй архіўных дакументаў у Кангрэс ЗША становяцца элементам палітычнай гульні. Таксама — пра рассакрэчаныя файлы, новую кнігу-квест і “гандаль памяццю” ў інтарэсах уладаў.
Чытаць падрабязна на Свабодзе
📖 У Літву прыбылі з Ватыкана ўнікальныя рукапісныя кодэксы з «Пагоняй»
На міжнароднай выставе «Пагоня і лілея» ў Ракішскім краязнаўчым музеі паказваюць арыгіналы і копіі раскошных альбомаў бул Папы Пія IX — створаныя ў XIX ст. для Ватыкана і аздобленыя нацыянальнай сімволікай (сярод іх — «Пагоня», гербы родаў, сюжэты з гісторыі ВКЛ). Кодэксы прывезеныя з Апостальскай бібліятэкі, іх кошт ацэньваюць каля 1 млн €, таму суправаджаліся спецыяльнай аховай. Аздабленнем кодэксаў займаліся арыстакраткі з нашых земляў: Марыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецкая (польскі пераклад), Ідалія з Сабанскіх Броэль-Плятэр (літоўскі) і Наталля з Біспінгаў Кіцкая (царкоўнаславянскі). Выстава — першае «вяртанне» гэтых манускрыптаў у рэгіён, дзе яны былі створаныя.
Падрабязней на Нашай Ніве
ℹ️ Ініцыятаркай праекта альбома была Марыя з Тызенгаўзаў Пшаздзецкая — ураджэнка Паставаў, мастачка і дабрачынніца. Рэкамендуем прачытаць пра яе асобны артыкул у Вікіпедыі, падрыхтаваны акадэмічным дырэктарам нашага Інстытута Аляксеем Ластоўскім.
🎓 Першы рэктар БДУ, які называў СССР фашысцкай катавальняй
Да дня нараджэння Уладзіміра Пічэты (21 кастрычніка 1878) — гісторыка і першага рэктара БДУ. Артыкул распавядае пра яго шлях: стварэнне ўніверсітэта ў Мінску, падтрымку беларусізацыі, канфлікты з уладай, арышт, ссылку і няўдалыя спробы вярнуцца — і чаму поўнай біяграфіі Пічэты не вучаць у школах і ВНУ.
Рэкамендуем для разумення, як фармуецца і выціскаецца памяць пра “нязручных” інтэлектуалаў.
🔗 Чытаць: Zerkalo
Пачатак вышэй
Адзначым, што памятны знак у Вязьме, як і помнік у Мінску на плошчы Свабоды былі адкрытыя ў межах маштабнай мемарыяльнай кампаніі да 100-годдзя пісьменніка ў 1993 годзе. Пасля ўсталявання дзеючага рэжыму ў Беларусі значных афіцыйных ушанаванняў класіка не адбывалася.
Наадварот, у 2012 годзе пры падрыхтоўцы да «Дажынак» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926 - 1928 гадах жыў пісьменнік і на якім была размешчаная памятная дошка.
Наогул тэма савецкіх рэпрэсій і рэпрэсаваных у афіцыйнай палітыцы памяці Беларусі пераважна замоўчваецца. У Курапатах, дзе стаіць памятны крыж Максіму Гарэцкаму, рэгулярна фіксуюцца акты вандалізму, якія ўладам аніяк «не ўдаецца» спыніць.
Як у расійскай Вязьме ўшаноўваюць памяць Максіма Гарэцкага
У 1993 г. па ініцыятыве Мінкульта Беларусі і Адміністрацыі Вяземскага раёна на ўскраіне Вязьмы (Смаленская вобласць) каля абрыву, дзе супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі вязняў з мясцовай турмы, адкрылі помнік Максіму Гарэцкаму (1893 - 1938). У горадзе дагэтуль ушаноўваюць памяць беларускага пісьменніка, які быў тут расстраляны.
У 2015-м невядомыя пашкодзілі помнік выстраламі, але былі праведзены аднаўленчыя працы. У апошнія гады сюды рэгулярна водзяць экскурсіі, каб ушанаваць памяць М. Гарэцкага і ўсіх ахвяр палітычных рэпрэсій.
Прычым, як паведамляюць мясцовыя рэсурсы, «2 красавіка ў Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі ў вяземскіх краязнаўцаў склалася традыцыя збірацца ў памятнага знака М.І. Гарэцкаму і ўсім ахвярам палітычных рэпрэсій і ўскладаць кветкі». Так было і сёлета. А ў маі студэнты Смаленскага казацкага інстытута прамысловых тэхналогій і бізнесу прыбралі тэрыторыю вакол помніка і абнавілі клумбы, высадзіўшы кветкі.
Працяг ніжэй
Repost from Беларуская Рада культуры
Як улады Беларусі знішчаюць нацыянальную памяць (2020–2024)
Беларуская Рада культуры прадстаўляе маштабнае даследаванне, прысвечанае палітыцы дзяржавы ў справе (дэ)канструявання нацыянальнай гістарычнай памяці ў адукацыі, сімволіцы, грамадскай і культурнай прасторы.
У працы сабраныя факты, сведчанні і дакументы, што паказваюць, як улады мэтанакіравана:
◾️звязваюць нацыянальную сімволіку з калабарацыянізмам;
◾️выдаляюць імёны герояў і рэпрэзентацыю паўстанняў;
◾️перапісваюць падручнікі і змяняюць гістарычны кантэкст;
◾️праводзяць мілітарызацыю адукацыі і навязваюць “русский мир”.
Асобны раздзел даследавання прысвечаны знішчэнню культурных кодаў праз забароны, канфіскацыі і палітычную цэнзуру — ад кніг Святланы Алексіевіч і Альгерда Бахарэвіча да школьных праграм і гістарычных дат.
Даследаванне выкананае вясною 2025 года на замову Беларускай Рады культуры і часткова прафінансаванае Дацкім інстытутам культуры.
У ёй таксама прадстаўлены рэкамендацыі, як праз культурныя і адукацыйныя ініцыятывы можна супрацьстаяць дзяржаўнай палітыцы знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці.
📖 Чытайце даследаванне цалкам тут
Пачатак татальнай калектывізацыі і ўсеагульнага гора
Артыкул тлумачыць, як пастанова кампартыі 20 кастрычніка 1929 года запусціла суцэльную калектывізацыю: прымусовае аб’яднанне гаспадарак у калгасы, “раскулачванне”, масавыя дэпартацыі і голад пачатку 1930-х. Да канца дзесяцігоддзя ў калгасы і саўгасы было загнана да 93% сялянскіх двароў, а традыцыйны лад вёскі быў фактычна знішчаны.
🔗 Чытаць: Novy Chas
Веліжскае антысавецкае паўстанне
Апублікавана 26 студзеня 2020
Паўстанне пачалося 9 лістапада 1918 года ва Усвяцкай ды Касплянскай валасцях Веліжскага павета. https://belhistory.com/velizhskae-antysaveckae-paustanne.html
У Гродна адкрылі мемарыяльную дошку педыятру Міхаілу Шэйбаку
Месяц таму да 85-годдзя Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы на ўваходзе ва ўстанову ўрачыста адкрылі памятную дошку ў гонар славутага педыятра Міхаіла Шэйбака. У цырымоніі прынялі ўдзел яго сыны – навукоўцы Уладзімір і Васіль Шэйбакі.
Міхаіл Шэйбак (1930 - 2007) — ураджэнец вёскі Капашчава Навагрудскага раёна. Доктар медыцынскіх навук, прафесар, навуковец у галіне педыятрыі. Аўтар 280 навуковых прац, 3 манаграфій, 2 вынаходніцтваў – яны тычыліся хваробаў органаў дыхання, даследаванняў мікраэлементаў у арганізме дзіцяці.
У апошнія гады ў Беларусі на будынках медыцынскіх устаноў з’явілася не адна мемарыяльная дошка ў гонар лекараў. У жніўні ў Полацку адкрылі памятны знак у гонар хірурга Івана Храімянкова, які ўзначальваў мясцовую чыгуначную бальніцу.
Repost from Наша Ніва
Археолаг паказала, якое хараство знайшлі сёлета на гарадзішчы Банцараўшчына
Дачны кааператыў «Крынічны» пад Мінскам размешчаны на месцы археалагічнага помніка — гарадзішча Банцараўшчына. Тут у 20‑х гадах мінулага стагоддзя пачаліся маштабныя даследаванні, у выніку якіх была выдзеленая банцараўская археалагічная культура. Навукоўцы працягваюць вывучаць гарадзішча і сёння.
https://nashaniva.com/379509
Без VPN — https://bit.ly/nashaniva#/379509
Ірына Кашталян: «Сістэма вучыць катаваць крок за крокам»
Гісторык Ірына Кашталян, сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі, у інтэрв’ю DW тлумачыць, што пасля 2020 года гвалт у Беларусі ператвараецца ў сістэму: гэта не разавыя эпізоды, а руцінізацыя жорсткасці і ўцягванне ў яе розных інстытуцый.
Закранаюцца асобна пытанні асабістай адказнасці выканаўцаў і тое, як грамадству дамагацца справядлівасці для ахвяр. Важна, што размова насычаная гістарычнымі прыкладамі і паралелямі — праз іх сённяшні досвед Беларусі лепш бачыцца ў шырэйшым кантэксце.
Ключавая тэма — патрэба дакументаваць і асэнсоўваць практыкі дзяржаўнага гвалту, каб афіцыйная палітыка памяці не замоўчвала і не апраўдвала іх.
🔗 Чытаць інтэрв’ю: Deutsche Welle
Repost from Новы Час
Падпольная памяць
Як сцвярджаюць іспанскія гісторыкі, памяць аб ахвярах рэпрэсій — не проста сведчанні, але часам таксама форма супраціву.
Чытаць далей
Спасылка без VPN
Repost from Еўрарадыё | Еврорадио
Школьнікам будуць расказваць пра "спробу дзяржаўнага перавароту" і "ўмяшанне Захаду ва ўнутраныя справы" Беларусі. Такія тэмы ёсць у новым падручніку "Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветная гісторыі" для вучняў 11 класа, які ўважліва вывучыла @euroradio.
"У краіне адпрацоўвалася адна з формаў "каляровых рэвалюцый". Асабліва моцны ціск аказваўся ў інфармацыйнай прасторы (інтэрнэт-парталах, сацыяльных сетках)", — пішуць у падручніку.
Падзеі 2020-га там называюць "спробай дзяржаўнага перавароту", у выпадку поспяху якога апазіцыя звярнулася б "за дапамогай да ЗША і ЕС для правядзення новых выбараў ці ваеннага ўмяшання".
Адно з заданняў у падручніку — даказаць ці абвергнуць тэзіс "каляровыя рэвалюцыі парушаюць нормы міжнароднага права і суверэнітэту дзяржаў".
Відавочна, калі ўсё гэта ёсць у новым падручніку — яно будзе і на выпускных экзаменах.
👀 «Амаль не адшукаць»: дзе ў Мінску жаночыя помнікі?
Матэрыял паказвае, што ў сталіцы, акрамя Еўфрасінні Полацкай, жанчыны, якія ўплывалі на беларускую гісторыю, у публічнай прасторы амаль не ўшанаваная. Ёсць асобныя барэльефы (Стэфанія Станюта, Ганна Абуховіч), «збіральныя» вобразы кшталту «Радзімы-маці» і нават «Марсіяначка», але ў «Залатым коле беларускай навукі» жанчын няма зусім. Артыкул прапануе прайсціся маршрутамі і паглядзець, як улады фактычна бачаць ролю жанчын у гісторыі.
Чытаць: «Салідарнасць»
У абноўленых музеях дзецям паказваюць малалетніх вязняў канцлагераў
Месяц таму ў віцебскай гімназіі №3 імя А. С. Пушкіна адкрылі абноўлены музей былых малалетніх вязняў нацысцкіх канцлагераў. Як паведамляе выданне «Віцьбічы», архіўныя дакументы, фатаграфіі і інсталяцыя, якая аднаўляе ўнутраны выгляд баракаў канцлагераў (у тым ліку з дзецьмі-вязнямі), «дазволілі наведвальнікам адчуць жах і бесчалавечнасць таго часу».
У ліпені ў Полацку пасля трохгадовай рэканструкцыі адкрыўся абноўлены Музей баявой славы. У ім школьнікаў таксама знаёмяць з жахамі ваеннага часу – у тым ліку, на прыкладзе малалетніх вязняў канцлагераў (на здымку).
Раней прадстаўнікі Беларускага інстытута публічнай гісторыі адзначалі, што непедагагічныя падыходы ў адукацыі, звязаныя з занадта рэалістычнай дэманстрацыяй жахаў вайны, могуць нанесці дзецям псіхалагічную траўму.
Repost from Reform.news :: Культурный фронт
Экспанаты Музея Яўгеніі Янішчыц перададуць у Пінск
Пасля інфармацыі аб ліквідацыі школьгага музею Яўгеніі Янішчыц паўстала хваля занепакоенасці і абурэння. Навіна выклікала рэзананс, піша «Наша Ніва».
Як стала вядома, Міністэрства культуры РБ паведаміла, што ў адпаведнасці з Кодэксам РБ аб культуры лічыць мэтазгодным народны музей Яўгеніі Янішчыц перадаць Музею Беларускага Палесся горада Пінска, які ў сваю чаргу ўжо даў згоду прыняць новую калекцыю.
Пастанова чакае фармальнага зацвярджэння яшчэ ў адной інстанцыі - на кастрычніцкім пасяджэнні Пінскага райвыканкама павіннае быць прынята рашэнне аб перадачы экспанатаў Музею Беларускага Палесся.
«Добра, што музей будзе. Кепска, што згубіцца ў дзясятках залаў музея Беларускага Палесься.
Шкада , што музей у Мерчыцах, дзе вучылася Паэтка ня ўзяў да сябе экспазіцыю. Усё ж, можна было б тады і ў Мінску стварыць музей, дзе Яўгенія Янішчыц вучылася, працавала, жыла і загінула», - піша ў сацсетках пісьменніца Аксана Спрынчан.
Repost from Еўрарадыё | Еврорадио
+2
Нацбанк выпускае памятныя манеты да 900-годдзя Полацкага кляштара. Яны з'явяцца ў абарачэнні 16 кастрычніка.
Манеты наміналам 1, 20 і 100 рублёў прысвечаныя юбілею Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Гэта адзін з галоўных праваслаўных сімвалаў Беларусі. Лічыцца, што ў 1125 годзе ён заснаваны Ефрасінняй Полацкай — унучкай Усяслава Чарадзея.
У кляштары захоўваецца копія Крыжа Ефрасінні Полацкай, створанага майстрам Лазарам Богшам. Арыгінал лічыцца страчаным у гады Другой сусветнай вайны.
У Горках адкрылі памятны знак да 185-годдзя сельскагаспадарчай акадэміі – на беларускай мове
Памятны знак усталяваны напачатку кастрычніка ў сэрцы студэнцкага гарадка Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Яна пачала сваю працу ў жніўні 1840 года над назвай Горыгорацкай земляробчай школы.
З 1848 году — Горыгорацкі земляробчы інстытут. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863 - 1864 г. установа была пераведзена ў Пецярбург – на тэрыторыі Беларусі да канца Расійскай імперыі не засталося вышэйшых навучальных устаноў. Інстытут быў адноўлены ў Горках толькі ў 1919 годзе.
Год таму на тэрыторыі сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках адкрылі помнік землеўпарадчыкам – ён аформлены на рускай мове.
Repost from ULegend - вандроўкі па-беларуску
+1
Як жылі і чым цікавіліся віленскія студэнты пачатку XIX стагоддзя?
25 кастрычніка мы запрашаем ў 1817 год – у момант, калі ў Вільні нарадзіліся легендарныя студэнцкія таварыствы Філаматаў і Філарэтаў.
Прайдзіце гарадскі квэст ад ULegend, сустрэньцеся з Філаматамі і Філарэтамі і іх настаўнікамі, наведайце віленскія адрасы, звязаныя з іх гісторыяй, і нарэшце дайдзіце да месца таемнага сходу, дзе а 16:00 адбудзецца філамацкая вечарынка.
Усіх удзельнікаў чакаюць сувеніры, а пераможцаў – адмысловыя падарункі!
📅 Субота, 25 кастрычніка, 14:00
📍 Базыльянскія муры (Aušros Vartų g. 7B)
Каб далучыцца:
1. Збярыце каманду ад 1 да 6 чалавек, прыдумайце назву і зарэгіструйце кіраўніка праз гугл-форму (спасылка ў сторыс / профілі)
2. Калі вы без каманды — таксама рэгіструйцеся, можна будзе далучыцца да іншых або прайсці квэст самастойна.
3. Пажадана зарэгістравацца да вечара пятніцы, 24 кастрычніка.
🔗 Спасылка на рэгістрацыю!
🇪🇺Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага звяза.
Музей Вольнай Беларусі запрашае на варкшопы па лічбавізацыі калекцый!
У межах Беларускай музейнай лабараторыі працягваюцца практыкаарыентаваныя сустрэчы па пытаннях стварэння лічбавых калекцый. На наступнай сустрэчы, якая адбудзецца 20 кастрычніка, вас чакаюць варкшопы:
16.00-17.00 “Алічбоўка нумізматычных калекцый у сучасных еўрапейскіх музеях: Нацыянальны музей у Варшаве" (Раман Крыцук, навуковы супрацоўнік у Кабінеце манет і медалёў Нацыянальнага музея ў Варшаве)
17.00-19.00 “Дзе шукаць сродкі для лічбавізацыі калекцый” (Ганна Мальчук-Вакулінская, польская экспертка, доктарка гуманітарных навук і кіраўнічка партала "Kasa na Kulture").
Варкшопы разлічаны на самае шырокае кола зацікаўленых удзельнікаў – як арганізацый, так і прыватных асобаў. Мова – беларуская і польская.
Прыняць удзел у мерапрыемстве можна ў офлайн і онлайн фарматах. Рэгістрацыя – да 19 кастрычніка ўключна.
Дата: 20 кастрычніка
Час: 16.00 - 19.00
Месца: Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11/1, Варшава
