Tech Lead – трэнды і тэхналёгіі
Open in Telegram
Мэдыя пра навуку, тэхналёгіі, дызайн, архітэктуру, бізнэс і лайфстайл. Працуем на карысьць беларушчыны ў свой вольны час: калі ласка, падтрымайце нашую матывацыю ананімна: buymeacoffee.com/techleadmedia Бот для сувязі: @techleadbybot
Show more1 813
Subscribers
No data24 hours
-47 days
-1730 days
Posts Archive
На схаваную камэру ў бразыльскіх лясах трапілі людзі зь дзікага племя
У кадры — голыя мужчыны ізаляванага племя Масака. Як уладкаваны побыт гэтых людзей і на якой мове яны размаўляюць, застаецца таямніцаю.
Ранейшыя назіраньні паказалі, што прадстаўнікі гэтага племя палююць з дапамогаю трохмэтровых лукаў і перамяшчаюць свае паселішчы ў межах лесу ў залежнасьці ад сэзону. Для абароны ад чужынцаў Масака высаджваюць тысячы вострых шыпоў у зямлю, якія цяжка заўважыць.
Племя пазьбягае кантактаў з сучасным грамадзтвам. Тым ня менш, фонд карэнных народаў Funai рэгулярна пакідае для іх інструмэнты і падарункі. Гэта робіцца для таго, каб Масака не рабавалі фермы або лесанарыхтоўчыя лягеры.
👼 Tech Lead
Як тэхналёгіі зьмянілі сьвет у 2024 годзе: важныя дасягненьні
Падвядзеньне вынікаў дазваляе ня толькі ўзгадаць пра значныя адкрыцьці, але і ацаніць, якія зь іх могуць зьмяніць нашу будучыню.
🚩 Чып Neuralink
У жніўні кампанія Neuralink расказала аб выніках імплянтацыі сваіх чыпаў паралізаваным пацыентам. Экспэрымэнты прадэманстравалі, што прылада можа аднаўляць маторныя і кагнітыўныя функцыі, дазваляючы чалавеку кіраваць кампутарам і ўзаемадзейнічаць з навакольным сьветам з дапамогаю думак.
Тэхналёгія Neuralink працуе праз малюсенькія электроды, якія імплянтуюцца ў мазгі і счытваюць нэўронавыя сыгналы.
🚩 Квантавы чып Willow
Дасьледнікі Google зрабілі значны крок у вобласьці квантавых вылічэньняў, стварыўшы чып Willow – палепшаную вэрсію іх квантавага працэсара.
Экспэрымэнт з Willow падкрэсьліў перавагу квантавых кампутараў над клясычнымі. За 5 хвілін чып выканаў задачу, на рашэньне якое супэркампутару запатрабавалася б каля 10 000 000 000 000 000 000 000 000 гадоў.
🚩 Алмазная батарэя
Сярод самых яркіх дасягненьняў 2024 года – першая ў сьвеце алмазная батарэя, створаная з выкарыстаньнем радыёактыўнага вугляроду-14. Тэрмін службы батарэі ацэньваецца ў 5700 гадоў без даладаваньня.
🚩 SpaceX Starship
13 кастрычніка SpaceX правяла пяты выпрабавальны палёт сваёй звышцяжкай ракеты-носьбіта Starship. Упершыню ў гісторыі ўдалося вярнуць першую ступень не ў акіян, а проста на стартавы стол. Гэты посьпех быў дасягнуты зь першае спробы і стаў ключавым момантам тэсту, які працягнуўся крыху больш за гадзіну і трансляваўся ў жывым этэры.
🚩 Новая архітэктура штучнага інтэлекту
У 2024 годзе дасьледнікі прэзэнтавалі новую архітэктуру нэўронавае сеткі, якая атрымала назву Kolmogorov-Arnold Networks (KAN).
Укараненьне такіх сетак можа прывесьці да вялікага прагрэсу ў забесьпячэньні бясьпекі і этычнасці ШІ, бо дазваляе лепш разумець і кантраляваць паводзіны нэўрасетак.
🚗 Tech Lead
2025 год мае ўсе шанцы стаць годам разумных замкоў
2024 год стаў пасьпяховым для інавацый у галіне ўваходных замкоў. Philips выпусьціла першы замок з распазнаньнем далоні, ADT і Google Nest стварылі сыстэму, якая адчыняе дзьверы з дапамогаю распазнаньня асобы, многія кампаніі абнавілі свае лінейкі. Кошты на замкі пачалі зьмяншацца, і мадэлі ад вядомых брэндаў ужо можна купіць ад $100. Але, верагодна, самае цікавае нас чакае ў годзе, які надыходзіць.
Для працы разумных замкоў не абавязкова падключацца да сыстэмы разумнага дома. Аднак яна можа даць дадатковыя магчымасьці, калі вы хочаце кіраваць доступам да дома з любога пункту сьвету.
Пяць гадоў таму кампаніі Amazon, Apple, Google і Samsung сумесна распрацавалі адкрыты стандарт Matter, каб прылады разумнага дома ад розных брэндаў маглі працаваць разам. У 2025 годзе гэтыя ж кампаніі плянуюць прэзэнтаваць новы стандарт – Aliro.
Пратакол Aliro заснаваны на тэхналёгіі Apple Home Key, якая дазваляе разблякаваць дзьверы з дапамогаю NFC, але абмежаваная толькі гаджэтамі Apple. З Aliro тэхналёгія стане даступная для большае колькасьці прыладаў і замкоў, у тым ліку мадэляў ад Samsung і Google. Стандарт таксама прадугледжвае падтрымку звышшырокапалоснае сувязі, дазваляючы замкам аўтаматычна адчыняцца пры набліжэньні ўладальніка.
Выглядае на тое, што да канца 2025 года разумныя замкі абяцаюць стаць сапраўдным гітом дзякуючы супадзеньню трох ключавых фактараў: сумяшчальнасьці з любою плятформаю разумнага дома, нізкім кошце і рэкорднай энэргаэфэктыўнасьці (цэлы год працы на адной батарэйцы).
А клідафобія — страх забыцца зачыніць дзьверы – рызыкуе сысьці ў небыцьцё.
🎁 Tech Lead
Telegram упершыню стаў прыбытковым. Але пачаў псаваць “айфоны”
У 2024 годзе колькасьць платных падпісак на Telegram патроілася і перавысіла 12 мільёнаў. Акрамя таго, у некалькі разоў павялічылася выручка ад размяшчэньня рэклямных аб’яваў.
У выніку даходы мэсэнджэра ў 2024 годзе перавысілі мільярд даляраў, а “наяўная” рэзэрва кампаніі дасягнула $500 мільёнаў (без уліку крыптаактываў).
Тым часам, апошняе абнаўленьне Telegram нэгатыўна ўзьдзейнічае на iPhone: карыстальнікі скардзяцца на моцны перагрэў тэлефона. Праблема найчасьцей узьнікае падчас прагляду аўдыё- і відэакантэнту.
🤭 Tech Lead
Карыстальнікі Instagram змогуць рэдагаваць відэа з дапамогаю ШІ
Instagram распрацоўвае новыя інструмэнты для рэдагаваньня відэа, якія, як чакаецца, будуць запушчаныя налета. Гэтыя інструмэнты, заснаваныя на генэратыўным штучным інтэлекце, дазволяць зьмяняць відэа з дапамогаю тэкставага апісаньня.
Паводле кіраўніка Instagram, мэта палягае ў тым, каб даць стваральнікам кантэнту больш магчымасьцяў для рэалізацыі сваіх ідэяў без неабходнасьці валодаць шырокімі навыкамі рэдагаваньня відэа.
Карыстальнікі змогуць мяняць вопратку, асяродзьдзе і нават агульны выгляд: напрыклад, ператварацца ў анімаваных пэрсанажаў. Таксама ў ролікі можна будзе дадаваць новыя аб’екты на фоне.
🏡 Tech Lead
LG выпусьціла празрысты тэлевізар
Новы тэлевізар за $6000 умее зьмяняць празрыстасьць дысплэя, высоўваючы чорную засланку за шклом.
Ён абсталяваны 77-цалеваю OLED-матрыцаю з разрозьненьнем 4K і частатою 120 Гц, ШІ-працэсарам і падстаўкаю з параю шкляных паліцаў.
🎩 Tech Lead
Apple заклікалі адмовіцца ад штучнага інтэлекту пасьля стварэньня ім ілжывага загалоўка
Брытанская вяшчальная карпарацыя BBC падала скаргу Apple аб стварэньні фальшывага загалоўку. Функцыя Apple Intelligence, якая выкарыстоўвае штучны інтэлект, згенэравала навіновую зводку ад BBC News, у якой сьцьвярджалася, што чалавек, падазраваны ў забойстве гендырэктара страхавое кампаніі ў Нью-Ёрку, застрэліўся. Насамрэч ён гэтага не рабіў.
Пасьля гэтага выпадку міжнародная няўрадавая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” заклікала Apple выдаліць гэтую тэхналёгію. На іх думку, інцыдэнт даказвае, што “генэратыўныя службы ШІ ўсё яшчэ занадта нясьпелыя, каб прадстаўляць надзейную інфармацыю грамадзкасьці”.
Функцыя Apple Intelligence даступная не ва ўсіх краінах. У Вялікай Брытаніі яе запусьцілі на мінулым тыдні. BBC пакуль не пацьвердзіла, ці адрэагавала Apple на яе скаргу.
🫐 Tech Lead
+3
Паглядзеце, як будзе выглядаць новы ЖК у Менску
Дзяржаўны забудоўнік паказаў, якім будзе новы жылы комплекс на вул. Захарава ў Менску.
Кватэры тут будуць з панарамнымі вокнамі. На верхніх паверхах разьмесьцяцца двухузроўневыя апартамэнты. Прадугледжаныя таксама маленькія студыі (аднапакаёвыя кватэры з аб’яднанымі кухняю і гасьцёўняю) і кватэры з вакном у ванным пакоі.
Забудоўнік пазыцыянуе ЖК як “квартал у скандынаўскім стылі”, хаця ў скандынаўскіх краінах рэдка будуюць дамы вышэй за 5-8 паверхаў.
🥶 Tech Lead
Названыя 100 самых дарагіх брэндаў у 2024 годзе
Кансалтынгавая агенцыя Interbrand ацаніла найбуйнейшыя брэнды сьвету і назвала іх кошт. Экспэрты не глядзелі на рынкавую капіталізацыю кампаній, а ўлічвалі толькі кошт саміх брэндаў.
Топ-10 самых дарагіх брэндаў у 2024 годзе выглядае так:
1. Apple ($488,9 млрд);
2. Microsoft ($352,5 млрд);
3. Amazon ($298,1 млрд);
4. Google ($291,3 млрд);
5. Samsung ($100,8 млрд);
6. Toyota ($72,8 млрд);
7. Coca-Cola ($61,2 млрд);
8. Mercedes-Benz ($58,9 млрд);
9. McDonald's ($53 млрд);
10. BMW ($52 млрд).
Дзясятка лідэраў амаль не зьмянілася за год. Аднак летась у яе ўваходзіў Nike – сёлета яго пацясьніў McDonald’s.
Большасьць самых дарагіх брэндаў належаць фірмам, якія так ці інакш злучаныя з тэхналёгіямі. Напрыклад, у рэйтынгу ёсьць Xiaomi (87 месца), Huawei (93 месца), Philips (69 месца), Samsung (5 месца), Nintendo (70 месца), HP (68 месца), Intel (37 месца). Таксама сюды ўвайшлі брэнды адзеньня (Louis Vuitton, Hermes, Gucci, H&M і іншыя), аўтамабіляў (BMW, Toyota, Mercedes, Volkswagen, Kia, Range Rover, Ford і іншыя) і розных анлайн-сэрвісаў (Uber, Spotify , Airbnb, PayPal, Netflix, YouTube і іншыя).
Практычна ўсе яны родам з ЗША, Кітая, Японіі ці краінаў ЭЗ.
🎄 Tech Lead
YouTube пачаў тэставаць функцыю галасавых камэнтароў
Google яшчэ не анансаваў новую фічу, таму пакуль невядома, ці змогуць пакідаць галасавыя камэнтары ўсе, ці толькі аўтары.
У дэсктопнай вэрсіі адразу адлюстроўваецца тэкставая расшыфроўка паведамленьня, а ў мабільнай вэрсіі для расшыфроўкі трэба націскаць адпаведную кнопку.
🦌 Tech Lead
Пашукавік ChatGPT Search стаў даступны ўсім
OpenAI адкрыла бясплатны доступ да свайго пашукавіка з штучным інтэлектам ChatGPT Search усім карыстальнікам. Раней функцыя была даступная толькі платным падпісантам і некаторым іншым у тэставым рэжыме.
Пашукавік інтэграваны ў ChatGPT. Скарыстацца ім можна на галоўным экране сайта або ў мабільнай аплікацыі. Для гэтага трэба націснуць на адзнаку “Шукаць у інтэрнэце” і ўвесьці запыт.
☃️ Tech Lead
У якіх краінах людзі працуюць больш за ўсё
Visual Capitalist паказаў сярэднюю працягласьць працоўнага тыдня ў 108 краінах. Гаворка пра наёмных працаўнікоў — фрылянсэраў ня ўлічвалі. За аснову ўзятыя самыя сьвежыя зьвесткі з даступных па кожнай краіне — гэта 2021–2023 год.
Больш за ўсё працаваць даводзіцца жыхарам Індыі — 56 гадзін на тыдзень. Тут варта адзначыць, што працаваць даўжэй за 48 гадзін лічыцца залішнім, бо перапрацоўкі шкодзяць здароўю, бясьпецы, прадукцыйнасьці і парушаюць балянс паміж працаю і асабістым жыцьцём.
Акрамя Індыі, гэты паказчык перавышаюць яшчэ дзевяць краін.
Самы ж кароткі працоўны тыдзень зафіксаваны ў Нідэрляндах — 29,5 гадзіны. За ёю ідуць Руанда (29,9), Ірак (31,6), а таксама Аўстрыя (32,4) і Данія (32,6).
У Беларусі людзі ў сярэднім працуюць 39,2 гадзіны на тыдзень.
🚗 Tech Lead
Apple выпусьціць складаны “айпад” і новую мыш
Аўтарытэтны інсайдэр з Bloomberg Марк Гурман даведаўся пра пляны Apple прэзэнтаваць у пэрыяд з 2028 па 2030 гады вялікі складаны iPad з экранам 18,8 цалі.
Чакаецца, што на ім можна будзе запускаць праграмы як для iPadOS, гэтак і для MacOS. У такім выпадку, новую прыладу можна будзе назваць першым сэнсарным “макбукам”.
Акрамя таго, стала вядома, што Apple нарэшце створыць новую кампутарную мыш, якая будзе больш адпавядаць сучасным патрабаваньням. Існая Apple Magic Mouse не карыстаецца папулярнасьцю празь нязручнасьць у выкарыстаньні.
Навукоўцы знайшлі ў сэрцы “міні-мазгі”
Каманда швэдзкіх навукоўцаў з Каралінскага інстытуту з дапамогаю найноўшых мэтадаў выявіла, што нэрвовая сыстэма сэрца нашмат больш складаная, чым было прынята раней.
Сэрца мае нэўронную сетку, убудаваную ў паверхневыя пласты яго сьценак. Дагэтуль гэтая сетка ўважалася за простую структуру, якая перадае сыгналы ад галаўных мазгоў. Цяперака ж навукоўцы змаглі ўбачыць дэталёвую структуру нэўроннае сеткі сэрца і прыйшлі да высновы, што яна паводле складанасьці вельмі нагадвае міні-вэрсію галаўных мазгоў і аўтаномна кіруе жыцьцёва важнымі функцыямі арганізму чалавека.
Швэдзкае адкрыцьцё ня толькі адкрывае новыя гарызонты ў навуцы, але і выклікае больш шырокія развагі пра ўзаемасувязь унутраных сыстэмаў чалавека. Сэрца, якое доўгі час уважалі за орган, падпарадкаваны мазгам, цяпер бачыцца больш складанай сыстэмаю, здольнаю да аўтаномнае працы і самарэгуляцыі.
👍 Tech Lead
Разумныя акуляры: правальная ідэя ці гаджэт будучыні?
Разумныя акуляры могуць прыйсьці на зьмену смартфонам і стаць сымбалем новае эпохі ў разьвіцьці тэхналёгій. Калі, вядома, змогуць дасягнуць такога ж узроўню аўтаномнасьці і функцыянальнасьці, як смартфоны. І калі з функцыянальнасьцю ўсё ўжо больш-менш добра, дык да аўтаномнасьці пакуль ёсьць пытаньні.
Дзякуючы ўбудаванаму праграмнаму забесьпячэньню, розным датчыкам, мікрафону і падключэньню да сеткі, разумныя акуляры могуць выконваць усе функцыі смартфонаў і нават больш – дзякуючы магчымасьцям дапоўненае рэальнасьці. Усё патрэбнае заўсёды знаходзіцца перад вачыма, і няма неабходнасьці даставаць з кішэні тэлефон.
Убудаваны штучны інтэлект дазваляе разумным акулярам выконваць складаныя задачы, такія як распазнаньне асобаў, пераклад маўленьня ў рэжыме рэальнага часу і аналіз навакольных аб’ектаў.
Многія буйныя тэхналягічныя кампаніі, у тым ліку Meta, Apple, Google і кітайскія Baidu, Huawei, Xiaomi, актыўна інвэстуюць у распрацоўку разумных акуляраў. Кожная зь іх імкнецца пасьпець стварыць прадукт, які стане лідарам на рынку.
Аднак ёсьць некалькі праблемаў, якія стрымліваюць разьвіцьцё гэтае галіны.
Па-першае, выкарыстаньне перадавых тэхналёгій робіць разумныя акуляры дарагімі прыладамі. Напрыклад, цэны на Apple Vision Pro стартуюць ад $3500 – і гэта яшчэ без уліку падаткаў.
Па-другое, стварэньне лёгкіх і зручных акуляраў застаецца складанай задачаю. Вялікая колькасьць убудаваных тэхналёгій прыводзіць да грувасткага дызайну. Каб стварыць нешта больш-менш зручнае, вытворцам даводзіцца абмяжоўваць “розум” акуляраў (напрыклад, у акулярах, створаных Meta разам з Ray Ban, з “разумнага” – толькі ўбудаваная камэра).
Па-трэцяе, ёмістасьць сучасных акумулятараў абмяжоўвае аўтаномнасьць акуляраў. Улічваючы вялікае энэргаспажываньне, аднаго зараду хапае ўсяго на некалькі гадзін.
Бясспрэчна, спалучэньне элегантнасьці клясычных акуляраў і магутнасьці сучасных тэхналёгій адкрывае новыя магчымасьці. Аднак поўнаму пераходу ад смартфонаў да разумных акуляраў, хутчэй за ўсё, будзе папярэднічаць разьвіцьцё акумулятараў новага пакаленьня і/або памяншэньне энэргаспажываньня тэхналёгій, якія выкарыстоўваюцца ў гэтых прыладах. А пакуль “разумныя акуляры” больш нагадваюць “разумныя шлемы”, прыстасаваныя, хутчэй, для забаўкі або працы, але не для штодзённага выкарыстаньня.
А што думаеце вы? Ці гатовыя вы замяніць свой смартфон разумнымі акулярамі, калі яны будуць дастаткова аўтаномныя і лёгкія?
👍 Tech Lead
Google і Samsung у 2025 годзе плянуюць выпусьціць шлем дапоўненае рэальнасьці
Кампаніі спадзяюцца, што іх партнэрства скарыстае шырокія магчымасьці штучнага інтэлекту Google і тэхналягічнае абсталяваньне Samsung для канкурэнцыі з аналягічнымі прадуктамі – Apple Vision Pro і Meta Quest 3.
Гарнітура Samsung стане першым прадуктам на базе новае апэрацыйнае сыстэмы Android XR, перш як яна стане даступная для выкарыстаньня іншымі кампаніямі.
👍 Tech Lead
Упершыню ў гісторыі перасадзілі сэрца, якое б’ецца
Першую ў гісторыі апэрацыю па трансплянтацыі сэрца ў працоўным стане правялі ў італьянскім месьце Падуя. Дарэчы, у гэтым самым шпіталі ў 1985 годзе зрабілі першую ў сьвеце перасадку сэрца.
Спэцыялісты адзначаюць, што гэта сапраўдная рэвалюцыя ў мэдыцыне. Новая тэхналёгія дапаможа палепшыць вынікі трансплянтацыі сэрца ад донара і пазьбегнуць кантраляванага прыпыненьня сэрца. Акрамя таго, можна спадзявацца на хутчэйшае аднаўленьне пацыента.
Апэрацыю зрабілі два тыдні таму 65-гадоваму мужчыну. Ён ужо добра пачуваецца, і ў найбліжэйшы час яго выпішуць з шпіталя.
👍 Tech Lead
+5
Менскі забудоўнік прадае кватэры плошчаю 18-20 кв. м
Будаваць такія малыя кватэры ў шмат якіх краінах забаронена. Але не ў Беларусі.
Забудоўнік “А-100 Дэвэлапмэнт” прапануе міні-студыі па 18-20 кв. м з гатовым аздабленьнем, мэбляю і тэхнікай па $2800 за “квадрат”. За ўсю ж кватэру прыйдзецца заплаціць ад $53 800 да $60 000, прычым на высокіх паверхах кватэры даражэйшыя, чым на нізкіх.
Ілан Маск стаў самым багатым чалавекам у гісторыі
Ілан Маск стаў першым у гісторыі чалавецтва, чыё багацьце перасягнула 400 мільярдаў даляраў. Гэта ў 1,8 раза больш, чым у заснавальніка Amazon Джэфа Бэзаса, які займае ў гэтым рэйтынгу другое месца.
Апошнім каталізатарам росту капіталу Маска стаў продаж акцый яго прыватнае касьмічнае кампаніі SpaceX
Такім чынам, паводле звестак Bloomberg Billionaires Index, яго капітал дасягнуў 439,2 мільярда даляраў.
