Hey, Moon!
الذهاب إلى القناة على Telegram
Пра літаратуру. Беларускую і замежную. Пра свой досвед, інтэрпрэтацыі, пачуцці, гісторыю, аўтараў. Усё-усё! Мой асабісты акаунт @liliental
إظهار المزيد411
المشتركون
لا توجد بيانات24 ساعات
لا توجد بيانات7 أيام
لا توجد بيانات30 أيام
أرشيف المشاركات
411
Ну што, сябры, мы нарэшце даведаліся, хто атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2026 годзе!
Сёлета лаўрэаткай стала канадская пісьменніца, паэтка і перакладчыца Эн Карсан. Ёй 76 гадоў.
Калі прадстаўнікі Шведскай акадэміі патэлефанавалі Карсан, каб паведаміць пра ўзнагароду, яна знаходзілася ў Ісландыі, дзе, паводле яе слоў, "слухала вецер".🤎
▫️Шведская акадэмія адзначыла яе за смелую і вынаходлівую творчасць, якая ў дыялогу з класічнай традыцыяй стварае новыя формы сучаснай літаратуры. Карсан вывучала старажытнагрэчаскую літаратуру, перакладала Сапфо, Еўрыпіда і Сафокла. У сваіх кнігах яна спалучае паэзію, прозу, эсэістыку і антычную міфалогію. Часам нават цяжка вызначыць, да якога жанру належыць яе твор.
🌸Прызнаюся, што з творчасцю Эн Карсан я пакуль не знаёмая. Але пасля сённяшняй навіны мне сапраўды захацелася пачытаць яе кнігі.
411
Прывітанне, сябры!
Пабачыла такую дыскусію ў Threads.
Мне сапраўды не хапае перакладаў класічнай літаратуры XX стагоддзя (а там вельмі шырокі выбар вельмі крутой і вельмі рознай літаратуры). Ведаю, што некаторым не хапае дзіцячай і асабліва падлеткавай літаратуры. Некаторым добрай белетрыстыкі.
Мы маем некалькі беларускіх выдавецтваў у замежжы. І кожны з нас мае свае патрэбы. Я не ведаю, як гэта ўсё працуе ў выдавецтвах, магу толькі здагадвацца, што гэта няпроста: прайсці шлях ад ідэі да папяровай кнігі ў руках.
Я не асабліва чытаю сучасную літаратуру, таму што ўсё, што я чытала, было, мякка кажучы, не вельмі мне цікава. Але гэта мае суджэнні. І я думаю, што суджэнні іншых таксама маюць права на існаванне і публікацыю ў інтэрнэце.
Можа, тады выдавецтвы будуць бачыць, што чытачы хацелі б чытаць?
А то я часта бачу, як беларусам спрабуюць закрыць рот і прымусіць радавацца таму, што мы маем. Маўляў, радуйцеся і гэтаму, беларуская культура хоць не знікне. Не так гэта працуе. Ды і я тут таму, што рот не захацела закрываць.
411
+5
Сёння прынесла вам невялікую падборку вокладак The New Yorker, прысвечаных кнігам і чытанню. Кожную хочацца разглядаць асобна. Часам у адной ілюстрацыі змяшчаецца цэлая гісторыя!
Мне вельмі падабаецца вокладка пад назвай "Уцёкі" ("Escape"): жанчына сядзіць на пажарнай лесвіцы каля акна з катом і чытае кнігу. 📚
411
Прывітанне, сябры!
Маё першае размоўнае відэа без асаблівай падрыхтоўкі. Вельмі хацела затэсціць новую лампу 🎧
Да гэтага я рыхтавалася аж некалькі месяцаў. Былі розныя спробы, але мне здавалася, што я не гатовая. Калі я хвалююся, маё маўленне становіцца вельмі перарывістым і часам незразумелым.
Пасля інсульту, як мне здаецца, я адносна доўга аднаўляла сваё маўленне. І, дарэчы, менавіта чытанне вельмі дапамагло мне хутчэй вярнуцца ў норму. Хоць мае сябры кажуць, што зараз я вельмі добра размаўляю)
Таму гэта відэа для мяне — маленькі, але важны крок. Яно не ідэальнае, але я вырашыла больш не чакаць моманту, калі я буду гатовая запісаць відэа.
411
Ужо 8 кастрычніка мы даведаемся, хто атрымае Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2026 годзе.
▫️ Адразу важнае: ніякага афіцыйнага ліста Нобелеўскай прэміі не існуе. Шведская акадэмія не расказвае, каго яна разглядае, а інфармацыя пра намінацыі застаецца засакрэчанай на 50 гадоў. Таму ўсе спісы "галоўных кандыдатаў", якія цяпер можна пабачыць у інтэрнэце — гэта прагнозы букмекераў, крытыкаў і чытачоў.
Дык адкуль тады бяруцца ўсе гэтыя "намінанты"?
У тым ліку ад букмекераў. Напрыклад, брытанская букмекерская кампанія Ladbrokes прымае стаўкі на будучага лаўрэата.
Сёлета ў букмекерскіх спісах зноў вельмі высока Цань Сюэ — кітайская пісьменніца-авангардыстка, вядомая сваёй эксперыментальнай і сюррэалістычнай прозай. Яе часта параўноўваюць з Кафкам і Борхесам.
Побач — вечны нобелеўскі мем Харукі Муракамі. Але памятаеце ж, некалі Дзі Капрыа таксама гадамі абдзялялі "Оскарам"?
Сярод іншых імёнаў, якія цяпер стаяць высока ў букмекерскім спісе — мексіканская пісьменніца Крысціна Рывера Гарса, іспанец Энрыке Віла-Матас, аўстралійскі пісьменнік Джэральд Мурнэйн і партугальская пісьменніца Лідыя Жоржы.
Таксама сярод магчымых прэтэндэнтаў — Маргарэт Этвуд. Канадская пісьменніца, якую вы, хутчэй за ўсё, ведаеце хаця б па "Аповедзе служанкі" (антыўтопія пра таталітарную дзяржаву, дзе жанчын пазбаўляюць правоў і кантролю над уласным целам). Дарэчы, сама Этвуд Нобелеўскую прэмію дагэтуль не атрымлівала, затое двойчы атрымлівала Букера (за "Сляпога забойцу" і "Запаветы").
У мінулым годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў Ласла Краснагаркаі (венгерскі пісьменнік). А хто будзе наступным — даведаемся ўжо праз тыдзень.
А каго вы хацелі б убачыць з Нобелеўскай прэміяй па літаратуры?)
411
+5
Прывітанне, сябры!
Хачу крыху разгрузіць свае кніжныя паліцы, таму проста так, бясплатна аддам некалькі кніг. Можа, камусьці з вас яны якраз патрэбныя.
🌸Салі Руні — «Размовы з сябрамі» (забралі)📎
🌸 Югася Каляда — «Перамена месцаў» (бронь)
🌸«(Ня)чысты Мінск» («Пісьменнікі шуфлядкі») (забралі)📎
🌸 Мойшэ Кульбак — «Панядзелак» (бронь)
🌸 Марыя Вайцяшонак — «На прызбе ў Сілічах (дзённік паэткі)» (бронь)
🌸 Аляксандр Чарнуха — «Свінні» (забралі)📎
Усе кнігі аддаю бясплатна. Калі нешта хочаце забраць — пішыце мне ў асабістыя @liliental🤎
411
Прывітанне, сябры!
Шчыра кажучы, не ведаю, што напісаць. Доўга чытала я "Девочки-стекло" Ганны Златкоўскай (гэта беларуская пісьменніца, калі што), нібы глядзела рускі серыял з 2000-х кожную раніцу, пакуль ехала ў трамваі на працу. Кніга напісана на рускай мове, таму спачатку вельмі цяжка ўяўляўся мне Мінск.
Спачатку мы чытаем аповесць "Страшно жить, мама" — гісторыю Анжалікі і яе мамы, якая адна выхоўвае дачку, адчайна шукае каханне, перадае ёй уласныя страхі і пачуццё самоты. А потым пачынаюцца ўжо "Девочки-стекло": Анжаліка вырасла, сама стала маці, якая адна выхоўвае дачку і вельмі хоча не паўтарыць мамін лёс. У яе жыцці з'яўляюцца сяброўкі Алёна і Дзіна, і далей гэта ўжо гісторыя трох вельмі розных жанчын (але я б сказала, што насамрэч яны вельмі падобныя ў сваіх няшчасцях), якія сябруюць, закохваюцца, памыляюцца, і кожная па-свойму спрабуе справіцца з самотай. Закранаецца нечаканая для гэтай кнігі і тэма нетрадыцыйных адносінаў.
А кніга, увогуле, пра жаночую самоту і дрэнныя памылкі, якія робяцца пад уздзеяннем гэтай дрэннай самоты. Я ведаю пра гэта, мне здаецца, вельмі добра. Таму так мне не падабаліся гэтыя памылкі на рэпіце. І не падабалася, што ў кнізе не было ніводнага сімпатычнага мужчыны. Усе нейкія здраднікі і нейкія занадта праставатыя.
Мне, напэўна, цяжка пра гэта разважаць, таму што мае адносіны вельмі добрыя. І я забылася пра самоту і эмацыйныя арэлі. Калісьці, можа, і здавалася, што ідэальныя адносіны — гэта страсці, іскры і драма. З узростам я проста зразумела: хачу эмацыйна ўкладвацца ў добрыя рэчы, а адносіны павінны быць простымі і зразумелымі, з павагай і эмпатыяй.
Можа, таму мне не падабаецца (а часам прам нават злавала) чытаць пра жанчын, якія зноў і зноў выбіраюць мужчын, побач з якімі ім дрэнна. Хаця разумею, што, калі ты ўнутры гэтага, усё здаецца не такім відавочным.
411
Прывітанне, сябры!
Не было мяне тут некаторы час, ездзілі з мамай у Грэцыю, мы з ёй не бачыліся 5 гадоў і вось упершыню сустрэліся! Так радасна ад гэтых успамінаў)
А я дачытала "У вас такі мілы акцэнт" Кацярыны Оаро. Вярнулася тут з адпачынку і адразу схапілася за кнігу, якую мне так ласкава падарылі ў кнігарні Bukinistka. За што ім вялікі дзякуй!
Напэўна, кніга мне спадабалася таму, што ў мяне самой ёсць досвед эміграцыі, які даўся мне вельмі цяжка. Я гэта вось зразумела асабліва выразна, калі чытала. Некаторыя сказы былі вельмі блізкімі, проста да слёз.
І напісана ўсё вельмі цікава, міла і весела. Добрая кніга, я б сказала.Як трыпутнік да майго сэрца, якое схавана недзе пад землямі ў Слаўгарадзе (мой родны гарадок ў Магілёўскай вобласці).
А сама пісьменніца напісала пра тое, што сама выдатна ведае: пра жыццё ў Італіі і Францыі.
Эміграцыю ў Еўропу часта ўяўляюць як Эльдарада. Здаецца, ты будзеш вось гэтай жанчынай у кампаніі сябровак, якая папівае латэ макіята суботнім днём. І ты сапраўды будзеш ёю, часам.Вельмі шмат тут культурных параўнанняў і асаблівасцей. Напрыклад, пра неверагодную любоў італьянцаў да футбола, жудасную ветлівасць французаў і іх вялізныя летнія адпачынкі, запланаваныя моцна загадзя. Мне спадабалася, як адкрыта і па-чалавечы Кацярына піша пра свой досвед, свае пошукі і страхі. Я, напрыклад, саромеюся размаўляць па-польску. Я ведаю, што ў мяне акцэнт. І вось я знайшла такія смешныя і адначасова суцяшальныя радкі:
— Адкуль у Вас такі лёгкі мілы акцэнт? — пытаецца кожны француз маю сяброўку-перакладчыцу. Яна жыве ў Францыі шмат гадоў і ведае французскую дасканала. Мова — гэта яе прафесія, і адзін з ейных кліентаў — кампанія Dior. [...] — Што ж, — згаджаецца яна сціпла. — Французская — гэта ўсяго толькі мая чацвёртая мова.Наколькі я ведаю, гэта першая кніга аўтаркі на беларускай мове (усё ж не, яна перакладная). Ну ў яе атрымалася выдатна!
411
Прывітанне!
Сёння пра Насцю Рагатка "Насі з сабой".
Мне даволі цяжка пісаць пра гэтую кнігу. Таму што ўвогуле яна даволі скандальная і абмяркоўваемая. І пра гэта я таксама напішу.
Пачну з таго, што гэтая кніга не вартая сваіх грошай. І я з радасцю аддам яе чалавеку, які хацеў патраціць на яе грошы. Я перадам яе бясплатна.
Хачу пачаць з добрага. "Насі з сабой" — кніга з прэтэнзіяй на геніяльнасць. Таму што Насця Рагатка вельмі моцна хацела (гэта адчуваецца), каб тэкст выглядаў прыгожа, нават гулліва, разумна.
Але сваіх чытачоў яна відавочна трымае за прыдуркаватых, таму што нават да слоў тыпу "БЧБ" ці "2020" пісала зноскі з тлумачэннямі. Я так і не зразумела, якая мэтавая аўдыторыя ў пісьменніцы.
Злавала, з якім цынізмам аўтарка піша пра 2020 год. Вось, напрыклад:
"Найбольш эмацыйныя і найменш гнуткія — селі. Найбольш гнуткія і найменш эмацыйныя пабудавалі палітычны капітал у эміграцыі".Ёсць тут разважанні пра палітыку і пра тое, як Насця вельмі хацела выратаваць свет. І ведаеце, увесь гэты час, пакуль чытала гэта і заўважала нейкія адсылкі (на мой погляд, мне так здаецца) да яе працы з хлопцам Матолькам над праектам "Гаюн", я не магла перастаць злавацца. Злавацца ад таго, што яна ўвогуле смее так разважаць пасля таго, як людзі атрымлівалі тэрміны за перадачу інфармацыі "Гаюну". Палітычнага капіталу ніхто з іх не атрымаў. Напэўна, яны былі найбольш эмацыйнымі і найменьш гнуткімі. Нашмат цікавей было чытаць пра працу ў офісе. І, на мой погляд, гэтага ў кнізе магло быць значна больш. Мне было б цікавей чытаць пра працу ў офісе С.Ц., чым главы "Хачу" (з прэтэнзіяй на інтым, секс, нейкую шчырасць, але як для мяне — міма) ці главу пра паход Насці да траўматолага. Ну добра. Аўтарка ж мае права на свае думкі ў кнізе, якая заяўлена як аўтафікшн. На задняй вокладцы Насця напісала, што хацела б, каб нехта напісаў кнігу пра такіх, як яна. І каб ад гэтай кнігі хацелася жыць, а не памерці. Напэўна, я занадта мала чытаю, таму што ні ад адной кнігі я не адчувала жадання памерці. Ад кнігі Насці Рагатка я адчувала прыкладна тое пачуццё, якое адчуваюць дарослыя, калі глядзяць на дзяцей, якія вельмі сур'ёзна строяць з сябе дарослых. Калі дзіця нешта гаворыць з вельмі разумным выглядам, а ты быццам разумееш, што для яго гэта ўсё страшэнна сур'ёзна, але табе чамусьці смешна. Павінна прызнацца, некаторыя абзацы тут сапраўды добрыя. А некаторыя — вельмі нязграбна смешныя. Нават вось эпіграф: "А калі пазнаеш тут сябе — не маўчы" Фраза быццам павінна гучаць сур'ёзна. Нават крыху загадкава. Але сам гэты заклік "не маўчы" чамусьці страшэнна смешны. Ну вось пазнаю я сябе. І што мне рабіць? Напісаць Насці? Пазнаць сябе, дзякуй богу, мне так і не давялося. Чаго не скажаш пра Марыну Ментусаву, якая неяк заявіла ў "Обычном утре", што ідэя главы пра перапіску з патрыярхам Кірылам была скрадзеная ў яе. Увогуле, гэтую кнігу я не зразумела. Яна мне зусім не блізкая. І я не адчула ў ёй чагосьці беларускага. Не ведаю, як гэта правільней сказаць. Я не хацела б, каб па гэтай кнізе меркавалі пра Беларусь і беларусаў. І, шчыра кажучы, мне вельмі сумна ад таго, што гэтую кнігу прадстаўнікі беларускіх дэмсіл выкарыстоўвалі ў якасці падарунка замежным дыпламатам. Таму што калі "Насі з сабой" павінна была стаць для кагосьці кнігай пра сучасных беларусаў і Беларусь, то мне зусім не хочацца пазнаваць сябе менавіта тут.
411
Калі я была маленькай, мае старэйшыя стрыечныя сёстры расказвалі мне страшныя, містычныя гісторыі. Яны прымусілі мяне паверыць у таемны пакой пад домам маёй цёткі, у якім ляжыць усё, што я толькі захачу. Дарэчы, марыла я пра дыван-самалёт і боты-скараходы. Фантазія ў мяне была бязмежная. Але ўсе гэтыя рэчы маглі дастацца мне толькі ў выпадку добрых паводзін або з'едзенага абеду.
Дарэчы, палохаць дзяцей, мне здаецца, раней увогуле было нейкай нормай. Мяне, напрыклад, яшчэ палохалі глістамі.
Дык вось, кнігу Роберта Льюіса Стывенсана «Клуб самагубцаў» я чамусьці адчула прыкладна гэтак жа. Нібыта мне расказваюць гісторыю: "У цёмным-цёмным лесе стаіць цёмны-цёмны домік...". Ёсць у гэтай гісторыі адчуванне страшнай байкі, расказанай позна ўвечары перад вогнішчам у лесе.
Нават не ведаю, што яшчэ сказаць. Напэўна, я чакала большага. Але ды ладна. Проста добра напісаная кніга з не самым моцным сюжэтам, але даволі цікавай тэмай.
Пры гэтым сама ідэя клуба, у які прыходзяць людзі, што хочуць памерці, але не могуць забіць сябе самі, падалася мне вельмі крутой. Напэўна, таму я і чакала ад кнігі значна большага. З такой задумкі можна было зрабіць нешта сапраўды змрочнае і трывожнае, а атрымалася хутчэй прыгодніцкая страшылка.
411
Прывітанне, сябры!
Сёння пагаворым пра тое, што зараз абмяркоўваюць у міжнародным кніжным асяроддзі. Я выбрала 4 цікавых, на мой сціплы погляд, тэмы🌷
🌸1. І пачнём, канешне, з AI.
Выдавецтвы ахапіла сапраўдная параноя: усё часцей яны задаюцца пытаннем: "А гэтую кнігу сапраўды напісаў чалавек ці ШІ?"
Некалькі кніг ужо трапілі пад падазрэнне, і самае непрыемнае, адказаць на гэтае пытанне са 100% упэўненасцю практычна немагчыма. AI-дэтэктары могуць памыляцца і прымаць чалавечы тэкст за згенераваны. А адказ на гэтае пытанне даць на 100% нельга.
Сітуацыя дайшла да таго, што з’явілася нават спецыяльная пазнака Human Authored — "напісана чалавекам".
🌸2. Ну і да вечнага пытання: "А гэта ўвогуле можна назваць літаратурай?"
І зараз я, канешне, пра шалёна папулярнае ромэнтэзі.
Божачкі, колькі я бачыла ў TikTok аглядаў на такія кнігі. Драконы, фэйры, гарачыя мужчыны з крыламі і вялікая колькасць сексу. Выдавецтвы багацеюць на гэтых кнігах.
Але "літаратурныя снобы" ненавідзяць ромэнтэзі.
Карацей, старая дыскусія "высокая літаратура супраць масавай" атрымала драконаў і фэйры.
🌸3. А яшчэ зараз нечакана актыўна абмяркоўваюць венгерскую літаратуру.
А дакладней так званую "венгерскую меланхолію", якая, мне здаецца, шмат каму з нас вельмі добра знаёмая: адчуванне адсутнасці дома, гістарычная траўма, адчужанасць і нейкая пастаянная туга па месцы і часе, якіх ужо няма.
🌸4. І мая любімая навіна: абвясцілі пераможцу Inside Literary Prize.
Незвычайнасць гэтай літаратурнай прэміі ў тым, што яе журы складаецца з людзей, якія знаходзяцца ў турмах.
Сёлета амаль 200 зняволеных з 11 амерыканскіх турмаў чыталі і абмяркоўвалі кнігі, каб выбраць пераможцу.
І перамагла Батайна аль-Эса з раманам The Book Censor’s Library — антыўтопія пра дзяржаўнага цэнзара, чыя праца заключаецца ў тым, каб знаходзіць і забараняць небяспечныя кнігі. Але паступова ён сам пачынае сумнявацца ў сістэме, якой служыць.
411
🩷Раскажу вам пра скандал у кніжным асяроддзі.😂
Зараз уся Амерыка чытае «Yesteryear» Каро Клэр Бёрк. Кніга сапраўды зрабіла фурор, яе паўсюль абмяркоўваюць, раяць і чытаюць.
А пачалося ўсё з таго, што ў 2024 годзе Бёрк спампавала TikTok. На той момант у інтэрнэце якраз актыўна абмяркоўвалася такая з'ява, як tradwives (сучасны інтэрнэт-рух жанчын, якія добраахвотна адмаўляюцца ад кар'еры і выбіраюць ролю жонкі і дамагаспадыні ў яе традыцыйным разуменні). Можа быць памятаеце абмеркаванне Ballerina Farm, якой муж на дзень народзінаў падарыў фартух для збору яек замест квіткоў у Грэцыю.
Пісьменніца падумала: а што, калі жанчыну, якая прадае фантазію пра "традыцыйнае жыццё" мільёнам жанчын, прымусіць саму пажыць сапраўды такім жыццём?
Так і нарадзілася гэтая кніга. А Amazon MGM выкупіў правы на экранізацыю, а галоўную ролю павінна сыграць Эн Хэтэуэй. На 9 жніўня 2026 года выдавец паведамляў ужо пра каля 1,4 мільёна прададзеных асобнікаў.
Пры гэтым сама Бёрк не лічыць, што напісала проста кнігу пра tradwives. У адным інтэрв'ю яна сказала прыкладна так: «Yesteryear» пра tradwives настолькі ж, наколькі «Мобі Дзік» — пра кіта.
📎Пра што ж кніга?
Галоўная гераіня Наталі Хелер Мілс — знакамітая tradwife-інфлюенсерка. Яна прадае мільёнам падпісчыкаў прыгожую фантазію пра «традыцыйнае жыццё»: ферма, шасцёра дзяцей, хлеб на заквасцы, жывёлы, прыгожы муж-каўбой і хатняя праца.
Але значная частка такога жыцця — пастаноўка. Няні, прадзюсары, тэхніка.
І вось аднойчы галоўная гераіня прачынаецца ў 1855 годзе, і цяпер ёй сапраўды неяк прыйдзецца выжываць у свеце "традацыйныхз каштоўнсцяў".
Раман выйшаў 7 красавіка 2026 года (перакладаў, наколькі мне вядома, пакуль няма) і адразу стаў №1 у спісе бестселераў.
Так у чым жа скандал, спытаеце вы? Ох, гэтыя амерканцы вельмі любяць усё абскандаліць (у прынцыпе, усе мы любім такое).
⚪Наталі — такі сабе чысты антыгерой. Яна антыфеміністка, фундаменталістка, інфлюенсерка, якая прапаведуе «традыцыйнае жыццё», сама пры гэтым карыстаючыся нянямі і іншай дапамогай.
Такога персанажа лёгка не любіць, і гераіню часта крытыкуюць за яе аднабокавасць.
⚪Крытыкуюць і тое, што некаторыя важныя тэмы (мацярынства, роды, палітыка) закранутыя даволі павярхоўна. А інваліднасць дзіцяці ўвогуле выкарыстоўваецца хутчэй як сюжэтны ход.
⚪Крытыка фіналу.
Некаторыя лічаць канцоўку паспешлівай і расчаравальнай.
⚪І, вядома, Эн Хэтэуэй.
Яна прачытала чарнавік яшчэ два гады таму і адразу зразумела, што такое трэба экранізаваць. А ў інтэрнэце нават з'явілася тэорыя, што акторка дапамагала дапісваць раман. Асабіста я ўвогуле не разумею гэтага наезду)
Ну а я проста пачакаю экранізацыю.🍿
411
⭐️Ідуць здымкі фільма па рамане Сільвіі Плат "Пад шкляным каўпаком". У галоўных ролях Біллі Айліш (у чырвонай кофтачцы)🩷
🎀Упершыню прачытала гэтую кнігу ў 2021 годзе на кнопачным філіпсе.
Як жа настрой кнігі тады мне пасаваў. Мне здавалася, што я як сама Сільвія Плат была на сантымэтр ад духоўкі. 🫠
411
Як прыемна бачыць на сайце кніжнага клуба Дуа Ліпы інтэрв'ю з пісьменніцай, якая ўключыла Святлану Алексіевіч у спіс кніг, якія яе натхнялі.🥰
411
Зараз я чытаю Фларыяна Ільеса «1913. Лета цэлага стагоддзя». На працягу трох гадоў лёс усяляк намякаў мне на неабходнасць прачытаць гэтую кнігу. І вось я нарэшце да яе дабралася.
Але зараз не пра гэта.
У гэтай кнізе пастаянна з'яўляюцца рэальныя людзі, вакол якіх разгортваюцца невялікія гісторыі. І некаторыя асобы, на мой жаль, мне зусім невядомыя. Таму я даволі шмат часу вытрачаю на Вікіпедыю. І хачу дзяліцца тут сваімі адкрыццямі.
І першы чалавек, які мяне сапраўды ўразіў — Лу Андрэас-Саламэ.
Здаецца, усе ведаюць гісторыю Лілі Брык, Маякоўскага і Осіпа Брыка — гэты любоўны трохвугольнік. Але чамусьці пра Лу Андрэас-Саламэ гавораць значна радзей. А між тым яе трохвугольнікі і любоўныя гісторыі, на мой сціплы погляд, куды цікавейшыя (у спіс яе сардэчных перамог можна запісаць Ніцшэ, Рыльке і бог яшчэ ведае каго).
Яна пераехала з Расіі ў Нямеччыну, каб паступіць ва ўніверсітэт (жанчынам у той час было вельмі цяжка знайсці ўніверсітэт: не ўсюды і не заўсёды іх прымалі). Сама яна была з нямецкай сям'і і цудоўна ведала нямецкую мову.
У Рыме яна пазнаёмілася з філосафам Паулем Рэ, які наабяцаў ёй інтэлектуальную камуну (яна вельмі хацела адкрыць, як па-нашаму гэта можна было б назваць, інтэрнат, дзе ў кожнага ёсць свой пакой, а гасцёўня — агульная), але Лу адмовіла яму ў прапанове рукі і сэрца. Рэ пазнаёміў яе са сваім сябрам Ніцшэ, які адразу закахаўся ў дзяўчыну. Ніцшэ папрасіў Рэ зрабіць Саламэ прапанову ад ягонага імя (і гэта тыпу разумныя людзі), але яна і яго адшыла. Эх. Рэ, дарэчы, яшчэ і пагражаў самагубствам. У выніку ён загінуў у гарах без сведкаў, што пазней нарадзіла здагадкі пра тое, што гэта было самагубства.
Сястра Ніцшэ забараніла яму ўвогуле мець якія-небудзь кантакты з Лу. Там была цэлая гісторыя пра тое, як гэтая сястра пляла інтрыгі супраць Рэ, Саламэ і самога Ніцшэ. І ўрэшце дамаглася свайго. А Ніцшэ, дарэчы, памрэ пасля многіх гадоў цяжкай псіхічнай хваробы ў псіхушцы.
Пазней Саламэ пазнаёмілася з мовазнаўцам, выкладчыкам універсітэта Фрыдрыхам Карлам Андрэасам, які быў старэйшы за яе прыкладна на 15 гадоў. Доўга ён прасіў яе рукі і сэрца, і ўрэшце яна пагадзілася, але пры адной умове: паміж імі — ніякіх сексуальных адносін. Яны ажаніліся, а людзі, якія займаюцца яе біяграфіяй, сцвярджаюць, што муж і жонка пражылі крыху больш за 40 гадоў, так і не ўступіўшы ў інтымную сувязь. І тым не менш у Саламэ была куча каханкаў. У тым ліку Рыльке.
З Рыльке яна пазнаёмілася, калі ёй было 36, а пісьменніку — 20. Яна навучыла яго рускай мове, пазнаёміла з Талстым і іншымі рускімі пісьменнікамі. Нават не ведаю, што тут сказаць. Яна становіцца такой сабе ягонай апякункай. Пад яе ўплывам ён мяняе сваё «дзіцячае» імя Рэнэ на больш «дарослае» — Райнер, а яго почырк становіцца больш падобны да яе. Карацей, яна сапраўды была яго кумірам. Але, як і большасць яе каханкаў, ён хацеў большага. Тым не менш яны засталіся сябрамі.
Лу Саламэ прыпісваюць раман і з Фрэйдам. Але там была свая атмасфера. Фрэйд лічыў Лу вельмі разумнай і, хутчэй за ўсё, успрымаў яе як інтэлектуальную партнёрку. Не магу сказаць дакладна.
Чытала, што служанка мужа Лу нарадзіла ад яго дзіця. Лу пакінула пазашлюбнае дзіця ў доме і назірала за ўласнымі рэакцыямі з дбайнасцю псіхааналітыка. Праз некалькі гадоў яна ўдачарыла дзяўчынку. Напэўна з псіхааналізам было ўсё окей.
Памерла Лу ў 1937 годзе, пражыўшы 76 гадоў.
На фота: Лу Саламэ ў вазку, запрэжаным Паулем Рэ і Фрыдрыхам Ніцшэ (а яна была з гумарком).
411
Сюжэт пра перамену целамі — класіка жанру. І вы 100 адсоткаў нешта глядзелі ці чыталі. Мне адразу ўзгадваецца «Чумавая пятніца», «Хлопчык у дзяўчынцы».
Таму, калі я ўзялася за кнігу Югасі Каляды «Перамена месцаў», было вельмі цікава прачытаць па-нашаму, у нашых дэкорах (у Гомелі). Першыя 60 старонак прайшлі для мяне ў шпіталі, я з задавальненнем чытала ў месцы, дзе мне было цяжка сабрацца і ўключыць увагу.
Часам хочацца, ведаеце, чагосьці лёгкага, такая літаратура, на мой погляд, павінна існаваць, каб пасмяяцца, адпачыць, занурыцца ў сюжэт без нейкіх шматслойных філасофскіх разважанняў. Таму я з задавальненнем прачытала першыя 100 старонак. Маня і Альбіна выпадкова сустракаюцца ў цягніку, а раніцай высвятляюць, што памяняліся целамі.
Мне спадабалася, як аўтарка выпісала дзвюх вельмі розных гераінь. Альбіна — разумная, стрыманая, любіць цёмныя колеры, ёй 40 гадоў, яна хударлявая і працуе суддзёй. Маня — 24-гадовая, няўпэўненая ў сабе, мяккая, поўненькая, беспрацоўная, любіць яркія колеры.
Але, як і ў большасці гісторый пра абмен целамі, героі павінны ўсвядоміць нейкую сваю памылку, якая і прывяла іх да гэтай магіі. І вось пасля першых ста старонак кніга пачынае паварочваць у бок маралізатарства. Аўтарка вядзе нас да таго, што галоўная памылка Альбіны — яе праца. Пасля шэрагу падзей яна расчароўваецца ў сваёй прафесіі, у праваахоўнай сістэме, у міліцыянтах.
Гэта так наіўна. Я нават, прабачце, прагортвала гэтыя разважанні. На дварэ 2026 год. Чытаць прапісныя ісціны і марнаваць на гэта час было зусім сумна. Цяжка паверыць, што разумная, дасведчаная жанчына, якая амаль два дзесяцігоддзі прапрацавала ў юрыспрудэнцыі, толькі цяпер раптам адкрывае для сябе нейкія базавыя рэчы пра ўласную прафесію.
«Альбіна здагадалася: гэтае "нешта" (што штурхала яе прэч) было сумленнем». Забаўны сказ. Сумленне амаль 20 гадоў што рабіла, калі не штурхала?
Аўтарка апраўдвае Альбіну тым, што яна была недасведчанай, ніколі не мела палітычных спраў. Ну гэта падалося зусім смешным. Такое сабе, на мой погляд, апраўданне.
Ледзь дачытала.
Можа нехта тут чытаў і яму спадабалася?
411
Прывітанне, сябры!
Дачытала я ўчора перад сном "Тэатр" Самерсэта Маэма (пры жыцці ён быў не толькі пісьменнікам, а англійскім шпіёнам у Расіі, не паверыце. Чалавек з талентамі, адразу відаць).
Я чытала гэты твор другі раз, а першы — шмат гадоў таму. І тады, даўно, я памятаю, як моцна ён мяне разбіў. А зараз мне складана зразумець чаму. Можа быць, таму, што адчувала сябе адзінока і магла зразумець, адчуць ідэю кнігі.
На гэты раз я чытала не проста пачуццямі, я старалася чытаць уважліва. Бо аўтар мог адным сказам змяніць маё стаўленне да персанажа, падсвяціць, так сказаць, яго характар і даць тлумачэнні паводзінам. Ды і я ўжо не адчуваю сябе ўразлівай.
Сюжэт: малады актор Майк і актрыса Джулія знаёмяцца ў тэатры. Ён прыгожы, але пасрэдны, а яна — таленавітая. Джулія адразу ў яго закохваецца, а ён марыць пра перспектыўную будучыню ў сваім тэатры. У прынцыпе ўсё так і здараецца. Яны жэняцца, сваімі намаганнямі адкрываюць тэатр у Лондане, Джулія — адна з лепшых актрыс у горадзе, ды яшчэ вельмі папулярная. Яны ўжо ў сярэднім узросце (Джуліі — пад 50, а Майклу — за 50), у іх вялікі дом, шмат грошай і добрая рэпутацыя ў прыстойным грамадстве, так сказаць. Ды і сын ужо дарослы, 17 гадоў, недзе вучыцца за мяжой.
І ўсё, здаецца, цудоўна. Але падчас цяжарнасці Джулія зразумела — яна не кахае Майка. Каханне для яе = захапляцца прыгажосцю, так можна заўважыць. І калі яна сустракае маладога 22-гадовага Тома, яна закохваецца ў яго таму, што ён прыгожы, ён выглядае так, як ёй хацелася б. Так, яна закручвае раман з маладзенькім Томам, чым ён ахвотна карыстаецца: сам ён бедны, без сувязяў, і гэты раман адкрывае яму шмат магчымасцяў.
Я думаю, што Майк не любіў Джулію ніколі. Я думала пра гэта сёння цэлую раніцу (звычайна ўсё, што тычыцца відавочных рэчаў, для мяне часта невідавочна). І я думаю, на тое ўказвае аўтар у невялікіх сказах. Там штосьці іншае. Ён, Майк, глядзіць на Джулію як іпэшнік, маркетолаг, мэнэджэр, глядзіць, як на тавар. І ведае, як яго даражэй прадаць. Ён такі чалавек. І быў такім заўсёды. Гэта не сюрпрыз. Прытым сам не грэбаваў інтрыжкамі на баку.
Што тычыцца Тома. Ён на 5 гадоў старэйшы за сына Джуліі і на 25 — за яе. Забаўна назіраць, як Джулія пастаянна любуецца яго знешнасцю, упіваецца ёю, гэтаксама, як калісьці захаплялася прыгажосцю Майка. Пра Тома спачатку складана скласці нейкае ўражанне. Незразумела, які ён чалавек насамрэч і што хаваецца за яго прывабнай знешнасцю, добрымі манерамі і прыгожым убраннем.
Праз час мы можам паглядзець на ўчынкі Тома і на апісанне яго іншымі героямі. Пра яго часта кажуць аднолькава: сноб, нудны, вульгарны і надакучлівы чалавек. Яго адзіная мара — стаць джэнтльменам.
Хочацца, каб Джулія зрабіла правільны выбар, павяла сябе як дарослы чалавек. Ёй ужо даўно не дваццаць. Час памылак, здаецца, павінен быў застацца ў мінулым. Здаецца, у 50 людзі павінны ўжо зразумець, што кожны ўчынак мае наступствы.
411
Прывітанне, сябры!
Так склалася, што я заўсёды стараюся знайсці добрае ў любых кнігах. Але зараз я напішу так, як ёсць.
Я люблю мемуары, успаміны і такія кнігі пра жыццё, як яно ёсць. Але кніга "Як я была малалеткай" Віргініі Кульвінскайтэ мяне не ўразіла. Зусім-зусім. Хоць мяне радуе, што сталі выпускаць пераклады сучасных пісьменнікаў і пісьменніц.
Я здавала экзамен па замежнай літаратуры ва ўніверсітэце ў 2019, здаецца. У мяне спыталі, што я скажу пра Хэмінгуэя "Па кім званіць звон". Шчыра прызналася, што кніга гэтая мяне толькі злавала і раздражняла. Я толькі помніла, як была злая на тупыя прызнанні ў каханні галоўнага героя праз дзень са знаёмства да дзяўчыны, якая і пары слоў не магла сказаць. Мой рацыяналізаваны мозг уласным досведам адмаўляўся прызнаваць такі цуд. На што выкладчыца (вельмі добрая, я страшна любіла гэты прадмет) спытала, ці ведаю я пра такі прынцып айсберга. Большая частка патаемнага сэнсу схавана ад чытача, яго трэба адкрыць з дапамогай "падводнай лодкі", так сказаць.
Так вось, я сумняюся, што аўтарка ўкладала нейкі патаемны сэнс. Па-мойму, там усё напісана ясна і абсалютна нецікава (асабліва другая частка, у першай больш жыцця і менш філасофскіх разважанняў, якія было абсалютна нецікава чытаць).
Сама аўтарка паходзіць з Літвы, дзяцінства прыйшлося на 90-ыя ў Вільні, са сваімі гопнікамі на раёне, першым патаемным, дзіцячым каханнем. Першы аборт у 18, першы секс, траўка, вечарынкі, праблемы з бацькамі, экзамены і гэтак далей. Адчуванне, што аўтарка хоча быць больш, чым ёсць, быць асаблівай, але гэта не ўразіла, ну але старалася. Увы і ах.
Як заўважыла мая сяброўка, якая пераклала Ірмгард Коэн "Дзяўчынка са штучнага шоўку", Дорыс была нашмат цікавейшай, яна жыла, а не каментавала сваё жыццё. Калі чытаеш "Дзяўчынку са штучнага шоўку", ты яе любіш, захапляешся ёю, яе думкамі. Яна не намагаецца выглядаць разумнейшай ці глыбейшай. І калі чытаеш Марыю Башкірцаву, ты таксама адчуваеш нешта вельмі добрае. Я помню, як плакала ў аўтобусе, калі дачытала дзённік. Быццам бы сяброўку страціла.
А тут я нічога не адчула. Я нават не ведаю, за што ўхапіцца і што цікавага расказаць. Поўная шляпа, рабяты.
411
Як жа я люблю добрыя гісторыі, рабяты!🥰 Прачытала я "Прытулак" Тэклі Мандрык. Дачытала толькі што, уражанні раздзіраюць. 🤓
Малады хлопец і дзяўчына (беларусы) пераязджаюць на Падляшша пад Беластокам. Ціхая вёска, на першы погляд нічога асаблівага. Аўтарка расказвае нам пра кожнага жыхара вёскі, яго прошлае (часам піпец складанае і агіднае), і ўсё гэта пераплятаецца з фальклорам, традыцыямі, ёсць нават эратычныя ўстаўкі (нечакана). Але які ж дэтэктыў там пачынаецца! Прыязджаюць дэвелаперы забудоўваць вёску. І паміраюць пры загадкавых абставінах.😎
Адзінае, што мне прам не спадабалася — я цярпець не магу чытаць пра 2020 год. Яго перажыванне і асэнсаванне. Пазбягаю сюжэты на тэму пратэстаў у Беларусі як магу. Пад канец было часамі страшна. Ды і кніга пазіцыянуецца як фольк-хоррар. Вёсачныя павер'і і рытуалы спачатку выглядаюць проста мясцовым каларытам, а потым аказваюцца зусім не бяскрыўднымі. Рэальнасць і магія змешваюцца. Прырода і наваколле вёскі, летняе святло і пахі нібы былі сапраўднымі, я змагла нібы злавіць іх.🌾
Канцоўка адкрытая. Нешта ў гэтым ёсць. Калі такое цікава — раю, чаму б і не.
Купіць можна тут
P.S. Бачна, што хутчэй за ўсё твор у аўтаркі першы. Вельмі вевераны, вычытаны. Для аматараў класікі можа не зайсці. Хоць халера яго ведае.
411
Добры дзень, сябры!
Даволі хутка я прачытала Уільяма Фолкнера "As I Lay Dying" ("Калі я памірала"). І наогул хацела б сказаць, што Фолкнер — лепшае, што я чытала за апошнія гады.
Мне хацелася б расказаць пра самога Фолкнера, каб зразумець атмасферу і фон, на якім ён малюе сваіх персанажаў, і як наогул трэба падыходзіць да яго твораў.
Фолкнер нарадзіўся на Поўдні ЗША. І ўсё, што я ўяўляю пра той Поўдзень таго часу, — гэта беднасць, душэўная грубасць. Рэднекі, здаецца, іх называюць. Нешта накшталт Трэвара з GTA 5.
Уільям не скончыў універсітэтаў, з адукацыі была толькі школа. Казаў, што "Уліс" Джэймса Джойса — для разумнікаў, а ён проста вясковы хлопец. Але пасля смерці пісьменніка ў яго бібліятэцы знайшлі "Уліса", увесь падкрэслены, з цытатамі.
У 1950 годзе Фолкнер атрымаў Нобелеўскую прэмію. Думаю, гэта было сапраўды заслужана.
У мінулым годзе я чытала яго "Святілішча", а ў гэтым вырашыла ўзяцца за нешта менш вядомае. Я баялася, што зусім нічога не зразумею, бо стыль напісання ў яго вельмі асаблівы. А Фолкнера, скажу па сакрэту, як і Маркеса, трэба чытаць больш сэрцам, жыццёвым досведам. Уільям піша ўрыўкамі, кавалкамі, а складванне агульнай карціны цалкам ляжыць на чытачы. Калі чытач справіцца — ён будзе цалкам захоплены выдуманым светам. Яшчэ адна асаблівасць кнігі: у ёй няма слоў аўтара — кожная глава напісаная ад імя нейкага героя.
Сюжэт даволі змрочны. Маці сям'і, Адзі, пры смерці. Уся сям'я чакае, калі яна памрэ. Старэйшы сын Кэш майструе ёй труну: стук молата чуваць на ўсю акругу, паказвае дошкі паміраючай маці. Маці памірае. І вось усё сямейства (чатыры сыны, дачка і бацька) адпраўляюцца яе хаваць. Менавіта ў дарозе і раскрываюцца ўсе героі. І, божа, якія ж яны ўсе няшчасныя.
Больш за ўсё мне не падабаўся бацька, муж Адзі, Анс. Ён выклікаў ліпкае пачуццё агіды. Фолкнер наогул не шкадуе чытача. Ён паказвае беднасць не рамантызаванай, а такой, якой яна, верагодна, і была: брудная, цяжкая, смярдзючая, з пастаянным недахопам грошай і без асаблівай надзеі на лепшае.
Уся гэта гісторыя, усе гэтыя дні — вельмі трагічныя. І вельмі трывожныя. Мне было страшна чытаць пра людзей, якія не ўмеюць любіць, не ведаюць спачування і міласэрнасці. А я спачувала толькі дзецям.
У гэтай кнізе так шмат тэмаў для абмеркававння. Прачытала апошнюю старонку са словамі: "Чорт, гэта геніяльна!"
Твор канчаткова зрабіў мяне прыхільніцай Уільяма Фолкнера. Такое мог напісаць толькі геній.
