Прывітанне!
Сёння пра
Насцю Рагатка "Насі з сабой".
Мне даволі цяжка пісаць пра гэтую кнігу. Таму што ўвогуле яна даволі скандальная і абмяркоўваемая. І пра гэта я таксама напішу.
Пачну з таго, што гэтая кніга не вартая сваіх грошай. І я з радасцю аддам яе чалавеку, які хацеў патраціць на яе грошы. Я перадам яе бясплатна.
Хачу пачаць з добрага. "Насі з сабой" — кніга з прэтэнзіяй на геніяльнасць. Таму што Насця Рагатка вельмі моцна хацела (гэта адчуваецца), каб тэкст выглядаў прыгожа, нават гулліва, разумна.
Але сваіх чытачоў яна відавочна трымае за прыдуркаватых, таму што нават да слоў тыпу "БЧБ" ці "2020" пісала зноскі з тлумачэннямі. Я так і не зразумела, якая мэтавая аўдыторыя ў пісьменніцы.
Злавала, з якім цынізмам аўтарка піша пра 2020 год. Вось, напрыклад:
"Найбольш эмацыйныя і найменш гнуткія — селі. Найбольш гнуткія і найменш эмацыйныя пабудавалі палітычны капітал у эміграцыі".
Ёсць тут разважанні пра палітыку і пра тое, як Насця вельмі хацела выратаваць свет. І ведаеце, увесь гэты час, пакуль чытала гэта і заўважала нейкія адсылкі (на мой погляд, мне так здаецца) да яе працы з хлопцам Матолькам над праектам "Гаюн", я не магла перастаць злавацца.
Злавацца ад таго, што яна ўвогуле смее так разважаць пасля таго, як людзі атрымлівалі тэрміны за перадачу інфармацыі "Гаюну". Палітычнага капіталу ніхто з іх не атрымаў. Напэўна, яны былі найбольш эмацыйнымі і найменьш гнуткімі.
Нашмат цікавей было чытаць пра працу ў офісе. І, на мой погляд, гэтага ў кнізе магло быць значна больш. Мне было б цікавей чытаць пра працу ў офісе С.Ц., чым главы "Хачу" (з прэтэнзіяй на інтым, секс, нейкую шчырасць, але як для мяне — міма) ці главу пра паход Насці да траўматолага.
Ну добра. Аўтарка ж мае права на свае думкі ў кнізе, якая заяўлена як аўтафікшн.
На задняй вокладцы Насця напісала, што хацела б, каб нехта напісаў кнігу пра такіх, як яна. І каб ад гэтай кнігі хацелася жыць, а не памерці.
Напэўна, я занадта мала чытаю, таму што ні ад адной кнігі я не адчувала жадання памерці.
Ад кнігі Насці Рагатка я адчувала прыкладна тое пачуццё, якое адчуваюць дарослыя, калі глядзяць на дзяцей, якія вельмі сур'ёзна строяць з сябе дарослых. Калі дзіця нешта гаворыць з вельмі разумным выглядам, а ты быццам разумееш, што для яго гэта ўсё страшэнна сур'ёзна, але табе чамусьці смешна.
Павінна прызнацца, некаторыя абзацы тут сапраўды добрыя. А некаторыя — вельмі нязграбна смешныя. Нават вось эпіграф: "А калі пазнаеш тут сябе — не маўчы"
Фраза быццам павінна гучаць сур'ёзна. Нават крыху загадкава. Але сам гэты заклік "не маўчы" чамусьці страшэнна смешны. Ну вось пазнаю я сябе. І што мне рабіць? Напісаць Насці?
Пазнаць сябе, дзякуй богу, мне так і не давялося. Чаго не скажаш пра Марыну Ментусаву, якая неяк заявіла ў "Обычном утре", што ідэя главы пра перапіску з патрыярхам Кірылам была скрадзеная ў яе.
Увогуле, гэтую кнігу я не зразумела. Яна мне зусім не блізкая. І я не адчула ў ёй чагосьці беларускага. Не ведаю, як гэта правільней сказаць. Я не хацела б, каб па гэтай кнізе меркавалі пра Беларусь і беларусаў.
І, шчыра кажучы, мне вельмі сумна ад таго, што гэтую кнігу прадстаўнікі беларускіх дэмсіл выкарыстоўвалі ў якасці падарунка замежным дыпламатам. Таму што калі "Насі з сабой" павінна была стаць для кагосьці кнігай пра сучасных беларусаў і Беларусь, то мне зусім не хочацца пазнаваць сябе менавіта тут.