Павел Севярынец
Kanalga Telegram’da o‘tish
Асабісты канал
Ko'proq ko'rsatishMamlakat belgilanmaganToif belgilanmagan
1 010
Obunachilar
-124 soatlar
+37 kunlar
-1030 kunlar
Postlar arxiv
1 010
АКРЭСЦІНА. ВЕЧАР 9 ЖНІЎНЯ 2020 ГОДА.
Вечарам 9 жніўня 2020 года я сядзеў у камеры, пад самую столь забітай скручанымі матрасамі, з двума стукачамі і вошамі, і лавіў кожны гук з калідора, дзе ўладкаваліся з рацыямі супрацоўнікі.
З вакенца, ад цэнтру горада, ішоў няспынны гул аўтамабільных гудкоў і трэск далёкіх выбухаў светашумавых гранатаў.
А ў эфіры рацыяў бахала і грымела так, што выкрыкі і каманды часам проста патаналі ў кананадзе.
- Трідцать пятый первому. Толпа агрессівная со стороны Почтамта.
- От Берсона прорываются!
- Работает ОМОН.
- На Берсона подкрепленіе! Наезд на сотрудніка!
- Не можем проехать. Стоіт Дзержінского.
- Періметр держіте!
- Неміга, Неміга! Подкрепленіе давайте!
- Машінамі таранят, б…
Паступова зразумеў: хутчэй за ўсё, з калідора чуваць эфір нейкага міліцэйскага падраздзелу Маскоўскага раёна. Бо і само Акрэсціна – Маскоўскі, і Няміга, Берсана ды Дзяржынскага – Маскоўскі. Відаць, людзі сабраліся ля Цэнтрвыбаркаму, там жа Дом ураду і Валадарка.
Супрацоўнікі абмяркоўвалі паўшэптам. Самым частым быў расейскі мацерны аналаг слова “капец”. Ня чуў у каментарах нянавісці да пратэстоўцаў, хутчэй ціхі жах: раз штурмуюць Валадарку, значыць, зараз і да Акрэсціна дабяруцца.
У стукачоў – сумесь жаху і захаплення. Прыслухоўваюцца, вырачаюць вочы, напаўголаса лаюцца. Пра сябе думаю: што ў іхніх душах зараз? Калі Лукашэнка лясне, мабыць, высветліцца, чым яны займаліся. Але ж, відаць, адначасова хочацца, каб сістэма, якая іх прымусіла быць стукачамі, рухнула разам з усімі турмамі, операмі ды таварышамі начальнікамі.
Гул у горадзе не сціхае.
А бліжэй да апоўначы зараўлі маторы і на самім Акрэсціна. Рокат МАЗаўскіх аўтазакаў вуха распазнае адразу.
Чуваць, з іржавым рыпеннем адчыняюць брамы. Прывезлі затрыманых. Ляскаюць дзверцы кабінаў. Каманды, падобныя да сабачага брэху. Выкрыкі. Глухія ўдары.
Калі забрацца на груды матрасаў, праз адтуліну відаць закратаванае вакенца, у ім – кавалачак двара ўнізе. Але нават праз гэты мізэрны акаём відаць, што двор Акрэсціна забіты людзьмі. Людзей - сотні.
АМАП у чорным – здаравезныя боўдзілы, абвешаныя амуніцыяй, рацыямі, зброяй і баекамплектам. І хлопцы (дзяўчат ня бачна, мабыць, недзе асобна), апранутыя лёгка, па-летняму, пераважна ў светлым – затрыманыя.
Беларусы. Чорнае і белае.
Аўтазакі заехаўшы проста на газон. Там і сям – аўтаматчыкі.
Вакол няспынны лямант і рык амапаўцаў:
-Стаяаать!.. Рукі за голову, сказааал!.. На колені!... Сюда іді, б...!
Пад рулямі аўтаматаў ніхто не супраціўляецца, але амапаўцы робяць калідор і праганяюць усіх затрыманых ад аўтазака да турэмных дворыкаў. Палова амапаўцаў проста стаіць, але кожны другі стараецца ўдарыць, пнуць, дастаць пратэстоўца.
Вока адразу вылучае тых, хто проста стаіць, і тых, хто вылузваецца. Мозг фіксуе: прынамсі пяцьдзясят адсоткаў вылюдкаў. Але і палова тых, хто ня б’е – ужо нямала.
Тыя б’юць свой народ.
Хто з іх беларус? Няўжо ёсць і вернікі? Хто з іх які чалавек у жыцці?..
Пра тое, што ў тую ноч было далей – наступным разам.
1 010
Пра Джона Сільвера я даведаўся ў 2014-ым, пасля Майдана, калі Расея захапіла Крым і пачалася вайна ва Ўкраіне.
У Беларусі з'явіўся таямнічы блогер, які пачаў пісаць яркія і грунтоўныя гістарычныя артыкулы пра расейскую агрэсію. Тэксты на сайце 1863х чытала і абмяркоўвала ўся краіна.
У 2015 годзе Джона Сільвера раскрылі, і ён быў вымушаны з'ехаць ва Ўкраіну. А потым, у 2016-ым яго выманілі ў Расею, арыштавалі і перадалі Лукашэнку, каб судзіць за "экстрэмізм і распальванне міжнацыянальнай розні." Тады я і даведаўся, што Джон Сільвер - гэта лідзянін, студэнт гістфака БДУ Эдуард Пальчыс.
Памятаю, увосені 2016-га мы з сябрамі Маладога Фронту, БХД, "Еўрапейскай Беларусі" штодня выходзілі да будынку Менскага гарадскога суда з мегафонамі ды плакатамі (які быў час, га!) і скандавалі:
- Адзін! Восем! Шэсць! Тры! Імперыя, памры!
На нас афармлялі пратаколы, выпісвалі штрафы (Лукашэнка таксама спалохаўся Расеі і гуляўся з Захадам у лібералізацыю) - але і суддзя, і ахова, і сам Эдуард чулі "Жыве Беларусь!" і "Верым, можам, пераможам!" пад вокнамі закрытага паседжання.
Тады Пальчыс атрымаў умоўны тэрмін і выйшаў на волю. Аднавіў публічную дзейнасць, абараняў беларускую мову, перайменоўваў барбершоп "Чэкіст" (памятаеце, быў такі). У 2018-ым стаў адным з арганізатараў святкавання стагоддзя БНР у Менску - калі 50 тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі сабраліся на Траецкай гары.
Эдуард дапамагаў Змітру Дашкевічу ў Курапатах, збіраў подпісы за беларускія нацыянальныя сімвалы, арганізоўваў "Ноч расстраляных паэтаў". Перад 2020-ым Пальчыс стаў абліччам новага пакалення нацыянальнага руху.
Тэхналагічны. Віртуоз сацсетак. Стратэгічны розум. Добра валодае і карыстаецца беларускай мовай. Верыць у Бога.
Мы часта бачыліся з Эдуардам у евангельскай царкве і размаўлялі пра Беларусь.
Увосені 2020-га Эдуарда затрымалі і асудзілі на 13 гадоў. А праз пару месяцаў, пакуль ён чакаў суда, у іх з жонкай Вікторыяй нарадзілася дачка Эмілія.
Калі разам з групай вызваленых палітвязняў Эдуарда вывезлі ў Вільню, мяне ўразіла ягоная цвярозая халаднакроўнасць. Большасць пасля выхаду агаломшаная, яшчэ ў ачмурэнні. А Пальчыс, гляджу, стаіць у атачэнні тэлекамераў і журналістаў і выдае гранёныя фразы. Прыроджаны палітык, які ня згубіцца ў вірах падзеяў!
Пальчыс - гэта палітычны снайпер. Ён умее вычэкваць у засадзе, выцэльваць патрэбны момант і страляць у тэлеграме альбо фэйсбуку "на паражэнне".
Таму, калі сёння чую, што нешта ня бачна Пальчыса, я проста пасміхаюся. Бо ведаю: снайпер Джон Сільвер ужо заняў баявую пазіцыю і толькі чакае "моманту ікс".
1 010
На чыгуначнай станцыі Лунінец разгрузіўся эшалон з танкамі. Жыхары вёсак пад Маладзечнам паведамляюць пра незразумелы гул самалётаў цягам дня. У Менску масава правяраюць гатоўнасць бамбасховішчаў. На Гомельшчыне - рух вайсковай тэхнікі па дарогах.
Лукашэнка сабраўся ў "доўгую камандзіроўку" якраз пасля ультыматума Зяленскага.
У Беларусі яўна запахла вайной. Як усё павернецца - ня ведае аніхто, у тым ліку і генералы.
Ужо на гэтых выходных Беларусь можа стаць арэнай баявых дзеянняў. Лукашэнка можа ўцякаць не да сваіх залатых зліткаў, а ў маскоўскі бункер. Чытаю допісы пра тое, што УСУ хутка разбомбяць рэжым - але гэта складана ўявіць на тле вайны з Расей, якая ідзе вось ужо пяты год.
Наадварот, Расея можа сама ўдарыць танкавымі калонамі на Кіеў. Шчыльнасць украінскай абароны з боку Беларусі яўна меншая, чым на фронце ў Данбасе, ці пад Харкавам.
Ці не было прабачэнне Лукашэнкі і прызнанне немагчымасці ўтрымаць фронт з боку Расеі "заманухай" для Кіева?
Калі драпежнік раптам адкрыта паказвае сваю слабасць - ці не правакуе ён такім чынам суперніка на рызыкоўны напад?
Найлепшым выйсцем для Лукашэнкі было б дэмантаваць рэтранслятары, выставіць кардоны на мяжы з Расеяй, патэліць Трампу і падрыхтавацца да спробы дзяржаўнага перавароту з боку Крамля. Але верагоднасць, што Лукашэнка так зробіць - мінімальная.
Што ж рабіць беларусам, калі ў Беларусі пачнецца вайна?
Найперш - маліцца Богу. Апроч Яго, ніхто беларусаў ад жахаў вайны не абароніць.
Найлепш будзе перачакаць першыя дні ў бяспечных месцах. Зрабіць запас прадуктаў першай неабходнасці. Тым, хто можа - рыхтавацца да партызанкі і падполля супраць Масквы. Верагоднасць адкрытай расейскай акупацыі высокая, як ніколі.
Наколькі Расея будзе ў стане доўга расцягваць свой фронт - пытанне. Але думаю, што вайсковая тэхніка ужо эшалонамі перакідваецца ў Беларусь, перабазуюцца самалёты і ракетныя ўстаноўкі. Якім чынам зрэагуе Захад, асабліва Амерыка - пытанне.
Выпрабаванні і змены могуць быць раптоўнымі, хуткімі і нечакана цяжкімі. Некалькі гадоў Бог гартаваў і рыхтаваў нас, беларусаў. Можа быць, да гэтага лета. Магчымы і ўнікальны шанец на вызваленне - і найцяжэйшыя часы. Беларусам трэба быць выключна згуртаванымі і ў адным духу.
Сёння ў Вільні збіраемся на Малітву за Беларусь разам са Змітром Дашкевічам і іншымі сябрамі: 19.00, Ukmergės g., 263.
1 010
+5
У Вільні, у візіт-цэнтры Сейма Літвы, пры поўнай залі прайшла прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое".
Найперш дзякуй Госпаду Богу за цудоўных удзельнікаў і чытачоў, беларусаў і літоўцаў!
Вялікі дзякуй сябрам, Барысу і Надзеі Гарэцкім, якія дапамаглі падрыхтаваць і вялі сустрэчу.
Вялікі дзякуй дэпутатам літоўскага Сейму, чальцам групы "За дэмакратычную Беларусь" Русланасу Баранавасу і Жыгімантасу Павілёнісу, якія выступілі і сказалі багата добрых словаў пра Беларусь і беларусаў.
Вялікі дзякуй айцу Георгію Рою, які назваў кнігу беларускім працягам Псалтыра, і Змітру Дашкевічу, які запрасіў удзельнікаў на Малітву за Беларусь (штосерады а 19.00 на Ukmergės g., 263).
Вялікі дзякуй маім цудоўным Волечцы і Францішку, якія чыталі вершы і натхнялі сяброў.
Вялікі дзякуй усім, хто быў на сустрэчы, і тым, хто ня змог быць, але перадаў вітанні!
Фота: Барыс Гарэцкі, Вольга Севярынец
1 010
Засталося пяць дзён да дэдлайну Зяленскага.
Захад, мяркуючы па ўсім, вылучыў свой ультыматум Пуціну, і адкрыты ультыматум Зяленскага - толькі ягоная частка. Пуцін маўчыць - і Захад з дапамогай Украіны пачынае "прымушаць Маскву да міру".
Дальнабойныя брытанскія ракеты прашываюць расейскую супрацьпаветраную абарону. Гараць ваенны завод у Варонежы і цэнтр касмічнай сувязі ў Падмаскоўі.
Маскоўскі патрыярх Кірыл прыехаў у Берасце і абвясціў "Работайте, братья!" Так зараз вітаюцца пуцінскія спецназаўцы ды гэбісты. Па кім будуць "работать" на Берасцейшчыне?..
Ня проста ж так глава РПЦ прыехаў падымаць "маральны дух" праваслаўных на самую мяжу з Польшчай і Украінай.
У адказ на ўдары Зяленскага па рэтранслятарах і Лукашэнка, і Пуцін могуць абвясціць усеагульную мабілізацыю.
Час маліцца Богу і рыхтавацца. Для Беларусі і беларусаў усяго свету выпрабаванні і змены могуць прыйсці нечакана хутка.
1 010
ЖНІВЕНЬ 2020. АКРЭСЦІНА.
У ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня 2020 года амаль адразу пасля адбою у мяне рэзка забалеў жывот і пачало ванітаваць.
Апоўначы здалося, што прыйшла смерць: такога дзікага болю і такой млосьці, мабыць, за ўсё жыццё не прыгадаю. Дапоўз да дзьвераў, грукаўся, патрабаваў доктара. Да самай раніцы доктар не падыходзіў. Ніколі тую ноч не забуду.
Ну ўсё, думаю, капец. Атруцілі, сволачы. Любуюцца, як канаю. Вось табе Пармская абіцель, смярдзючы закуток у падвале Акрэсціна. Так сабе смерць. За тыдзень да “выбараў”. Гэта ж няма праблемы падмяшаць нешта ў пайку ці пітво. Малюся, ванітую, курчуся, зноў малюся, грукацца перастаў. Доктара ўжо не прасіў – мо таблеткай якой даб’юць, халера іх бяры.
Што гэта было – дагэтуль ня ведаю.
Адляжаў, ванітуючы ды млеючы, два дні. Ня еў, ня піў. На трэці дзень дзьверы адчыняюцца – пераводзяць.
Ну, думаю, трымайся. Калі спрабавалі ўгробіць – дык цяпер тады другая серыя.
Але ж вядуць на трэці паверх ізалятара. Адчыняюць кутавую камеру. Авой, а хата даверху заваленая скручанымі матрасамі. Вось, значыць, куды з усяго Акрэсціна “вату” пазапіхвалі! Усе камеры стаяць без матрасаў, а тут – склад.
І два пасажыры. Абодва на дэпартацыю. Адзін бангладэшац, быццам з-за кавіду прыехаў з Масквы без пашпарту і завіс у Менску на паўгады (у пандэмію такое бывала). Другі – тыпу рускі, які выказаўся супраць Пуціна і чакае дэпартацыю ў Расею (ну, тут ужо мяне ўсміхнула – на тэму Пуціна стукачы тым летам былі накручаныя).
Ну, думаю, труціць ці забіваць пры двух сведках, калі можна гэта зрабіць бяз сведкаў, глупа. У абед узяў пайку, паеў. Нармалёва. Выдыхнуў.
Абодва дэпартанты, нібы набобы, на нарах з трыма-чатырма матрасамі. Курорт! Але тут жа, уважліва аглядаючы матрасы, заўважыў вошай. Канечне, лета, “вата” з усяго ізалятара, адмысловы пітомнік. Але мне ўжо было ўсё адно. Лёг адсыпацца.
Раз на два дні да маіх стукачоў прыходзіла тыпу інспектарка з Дэпартаменту міграцыі (альбо апераддзелу), выводзіла ў калідор ці шапталася з імі ля кармушкі.
І некалькі дзён бангладэшац і “рускі”, у якога я ўлавіў лёгкі магілёўскі акцэнт, спрабавалі пераканаць мяне “бросіть політіку”, бо “батьку не взять”. Ладна, думаю, таварышы, давайце дачакаемся 9 жніўня.
А 9 жніўня зранку бразгаюць ключамі:
- Севярынец, галасаваць!
- Самі галасуйце, - кажу. – Выбараў няма, бюлетэні падмяняеце.
Яны нават пакрыўдзіліся.
- Да нет, у нас же коміссія.
Знаем вашы камісіі, ды яшчэ на Акрэсціна.
Удзень у калідоры з’явіліся аўтаматчыкі. “Узмацненне”.
А з горада яшчэ з абеду нарастаў нязвыклы гул машынаў. Аўтамабільныя сігналы. Роў грузавікоў. Відаць, народ масава раз’яжджаў па горадзе ў чаканні вынікаў, а сілавікі уводзілі калоны тэхнікі.
А ўвечары ўвесь Менск загуў. І, як пачало цямнець - трэск, як гукі далёкіх стрэлаў, выбухі, гул і свіст, быццам на стадыёне.
Пачалося.
З закратаванага акенца камеры быў відаць кавалачак двара і агністая далячынь Менску, адкуль неслася кананада, якая бывае пад Новы год. Толькі гэты разам няспынная.
Нават у турме было зразумела, што хваля пратэсту надмерная.
Малюся Богу і слухаю. Дрыжыкі па спіне.
А некалькі супрацоўнікаў Акрэсціна, паселі ў калідоры са сваімі рацыямі, уключылі гучную сувязь - і нам у камеры было добра чуваць каманды, шум і выбухі з месца падзеяў.
Якія каманды і што было потым – распавяду наступным разам.
1 010
Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень, каб прыбраць рэтранслятары, якія карэктуюць расейскі агонь з тэрыторыі Беларусі. Інакш, сказаў прэзідэнт Украіны, мы зробім гэта самі.
Іншымі словамі, ужо 27 чэрвеня Украіна можа нанесці ўдар па вайсковых аб'ектах на тэрыторыі Беларусі.
Зразумела, што Пуцін супраць. Момант ісціны. Лёс Лукашэнкі можа вырашыцца проста на наступным тыдні.
Лукашэнка мусіць неадкладна адключыць рэтранслятары, каб Беларусь не апынулася ў стане вайны. І, канечне, падрыхтавацца да спробы дзяржаўнага перавароту з боку Расеі.
1 010
Прачытаў новую кнігу Міколы Дзядка, “Апавяданні з кішэняў”.
Кішэнямі ў Гарадзенскай крытай турме называлі закуткі з цеснымі, 2х1.4 метры, камерамі-трунамі. Мікола Дзядок прасядзеў там сем месяцаў пад найдзічэйшым прэсам: “спецыяльна абучаныя” сексоты ў суседніх камерах ўдзень і ўначы раўлі, білі ў сцены ды трубы міскамі ды кубкамі, каб давесці Міколу да вар’яцтва ці самагубства.
Кніга - ня проста турэмны расповед у стылі “і я там быў”, а дакументальнае, з прозвішчамі і нават фотамі, сведчанне ашаламляльных катаванняў, якія практыкаваліся ў Гарадзенскай.
Уся турма ўвосені 2023 года чула, як “працавалі” над Дзядком.
Мікола трымаўся узорна, сведчу сам, бо колькі разоў перасякаўся і сядзеў побач з ім у гарадзенскім ШІЗА. Але чаго гэта яму каштавала – можна даведацца толькі тады, калі прачытаць “Апавяданні з кішэняў”.
Асабліва раю прачытаць кнігу тым, хто вядзе кампанію цкавання Міколы тут, у вольным свеце. Для чаго прачытаць? Для таго, каб зразумелі: Бог так рыхтаваў і гартаваў Міколу, што
ніякім "хэйтам" альбо "кэнсэлінгам" яго ня ўзяць.
Як і ўсякая кніга-факт, “Апавяданні” напісаныя простай і яснай мовай, з дакладнай фіксацыяй падзеяў, думак і дыялогаў. І калі-небудзь на нашым Нюрнбергскім трыбунале беларускі пракурор падымецца за сваім сталом, выпрабавальна зірне на лаву падсудных і, трымаючы у руцэ “Апавяданні з кішэняў”, на чыстай беларускай мове агалосіць:
- Доказ нумар такі і такі. Сведчанне Мікалая Дзядка.
1 010
Чаму беларусы – як пчолы? Што мы сёння збіраем у Польшчы, Літве, Чэхіі, Украіне, Нямеччыне, Аўстрыі, ЗША – па ўсім свеце? Чаму Лукашэнка выбачаецца і нарэшце прызнае, што Расея ня можа перамагчы ў вайне?
Украінскі фронт, Трамп і Іран, інтэрвію “Аль-Арабіі” – у свежай “Тройцы добрых навінаў”.
Глядзіце па спасылцы.
Падпісвайцеся, сябры!
1 010
Расея ўдарыла па Кіева-Пячэрскай Лаўры, у самае сэрца тысячагадовага украінскага хрысціянства.
Украіна б'е па вайсковых заводах і нафтабазах, а Крэмль - па цэрквах.
Расейскія папы асвячаюць ракеты "Сатана" і дабраслаўляюць удары па мірных украінскіх гарадах. Пуцінскае афіцыйнае "хрысціянства" наскрозь прасякнута дэманізмам і пабедабесіем.
Таму беларускім хрысціянам трэба глядзець не на Маскву, а на Ісуса Хрыста.
А Хрыстос сёння ва Украіне - разам з тымі, хто церпіць пад абстрэламі.
1 010
Учора Францішак прыняў першае ў сваім жыцці прычасце.
Цяпер у Францішка паўнавартасныя асабістыя адносіны з Ісусам Хрыстом.
Дзякуй Госпаду за жоначку, сына і цудоўнага беларускага святара, які ўдзяляў камунію!
Вільня, касцёл святога Баўтрамея.
Здымак Сяргея Гудзіліна.
1 010
Ліпень 2020 на Акрэсціна. Сілавікі "пасыпаліся", стукачы - не.
Напрыканцы ліпеня 2020 года ў Ізалятары часовага утрымання на Акрэсціна пачалі адбывацца неверагодныя рэчы.
У суседні са мной карцэр перыядычна, на некалькі сутак, траплялі палітычныя, затрыманыя на акцыях пратэсту. Пачаў размаўляць з імі праз вентыляцыю і трубу ўмывальніка (без вады сухая, гук выдатны) - і даведаўся, што на волі б'юцца з амапам, што ў гарадах Беларусі тысячы людзей выходзяць на вуліцы, а на плошчы Бангалор прайшоў 60-тысячны мітынг у падтрымкі Ціханоўскай, дзе выступала мая Воля.
Дык вось, розныя супрацоўнікі ізалятара падчас абеду моўчкі пачалі перадаваць мне ў шлёмках ад суседа кавалкі сала і цукеркі, загорнутыя ў свежую старонку "Беларускай газеты" з адпаведнымі навінамі. Трэба сказаць, рызыкавалі галавой.
Добрая змена, якая цішком соўгала мне ў кармушку ваду ў паўлітровых пластыкавых бутэльках, падчас адной з вечаровых праверак гэтак жа моўчкі зацягнула ў камеру поўны пяцілітровік. Праўда, параскашаваць я не паспеў - наступная, ранішняя праверка з лаянкай ваду вынесла.
- Кто передал? Кто разрешіл?!
Ну, думаю, накрылася мая добрая змена. Пазвальняюць. Аж не. Прыходзяць назаўтра, падміргваюць. Значыць, і тыя, хто лаяўся, начальству ня здалі. Альбо начальства махнула рукой - маўляў, не да таго.
На пяцьдзясят шосты дзень пасля затрымання(!) мяне нарэшце вывелі ў душ. Прычым зрабіў гэта грамадзянін начальнік ізалятара асабіста, у суправаджэнні ўсяго аднаго канвойнага.
- Может, станок дать, побреетесь? (а ў мяне амаль двухмесяцовая барада).
Ага. Калі раптам што, хочуць зрабіць выгляд, што трымалі тут у добрых умовах. Ну, думаю, забегалі, таварышы. Ня ведаюць, як абернецца. Пачынаюць хістацца. Яшчэ трохі ціскануць - і пасыплюцца палкоўнікі з генераламі.
Галіцца адмовіўся. Вырашыў, выйду, як Фідэль Кастра.
- Как хотіте, - любезна паціснуў плячыма начальнік. - Вам так тоже ідёт.
(Уявіце сабе такі дыялог сёння на Калядзічах ці ў Шклове, сябры палітычныя. Што?! Ня будзеш галіцца?! Галаву б адарвалі разам з той барадой.)
Нарэшце, падчас аднаго з "судоў" (а мяне працягвалі раз за разам адпраўляць на "суткі") адзін з канвойных шэптам перасцярог, што крымінальнікі ў камерах з вадой, да якіх мяне пераводзяць раз на тыдзень, стучаць на адміністрацыю.
Словам, на пачатак жніўня знутры сістэмы былі ўсе прыкметы класічнага хістання сілавікоў перад вырашальнымі падзеямі. Як напісана ў Бібліі - "і бесы веруюць, і трымцяць."
Адзінае месца сістэмы, якое трымалася непарушна - гэта аказаліся стукачы. Яны па-ранейшаму спраўна "прабівалі" і "раскручвалі", правакавалі ды дакладвалі, хаця і ўяўлялі, што адбываецца на волі.
Ніводнага "праколу" ані ў ліпені, ані нават у жніўні сярод стукачоў я не заўважыў. Яшчэ тады згадаў Салжаніцына, які гэтую пароду дасканала ведаў і апісваў. Калі сілавікі ў вырашальны момант маглі перайсці на бок народа і спадзявацца на амністыю - стукачы ведалі, што ім літасці ня будзе.
У 2020-ым сістэма шмат у чым утрымалася на операддзелах і сетках стукачоў. Кожны сілавік ведаў: зробіць па праўдзе - здадуць і з'ядуць стукач ды опер.
Падрабязна пра стукачоў, з якімі апынуўся ў камеры ў пачатку жніўня 2020 года - наступным разам.
1 010
Запрашаю на прэзентацыю сваёй першай пасля турмы кнігі "Беларусь - гэта святое" ў Вільні.
Прэзентацыя сабрала 30 удзельнікаў у Лондане, 60 у Беластоку і больш як 120 чалавек у Варшаве.
Аўторак 23 чэрвеня, 18.00, візіт-цэнтр Сейма Літвы. Уваход вольны!
1 010
Мае паплечнікі шмат разоў прасілі мяне пракаментаваць сітуацыю вакол ЕГУ: ідзе хваля ператрусаў у цяперашніх і былых студэнтаў. Што рабіць, каб захаваць універсітэт?
Адказваю.
Пра ЕГУ трэба ставіць пытанне рубам: тэрмінова і рашуча ператвараць ЕГУ ў галоўную адукацыйную базу беларускага руху.
Як і варта было чакаць ад пачатку, рэжым прызнаў ЕГУ “экстрэмісцкім”, студэнтаў і іх бацькоў масава трасуць і дапытваюць. Дык што вам яшчэ трэба, шаноўныя кіраўнікі ЕГУ? Чаго вы цяпер баіцеся? Пераменаў? Чаму мы бачым бясконцыя рэлізы, што ўсё нармальна, працуем далей як і заўжды?
У ЕГУ ёсць унікальны шанец выхаваць будучых прэзідэнтаў і міністраў вольнай Беларусі. Беларускамоўных. З еўрапейскім узроўнем адукацыі. Адкрытых, смелых. У 2020 годзе ўся Беларусь узнялася, а ЕГУ як ляжаў, так і ляжыць на дне. Баіцца ўздыхнуць. Баіцца мяняцца. Суцэльная дэпрэсіўная расейскамоўная нудота апошнія гады.
ЕГУ – гэта наогул пра што? Пра каго? Большасць студэнтаў з Беларусі, але што ва ўніверсітэце пра Беларусь? Што там па-беларуску? Якія кадры рыхтуе ўніверсітэт, калі ўсё застанецца так, як цяпер?
Я лічу, адзінае выйсце для ЕГУ сёння – станавіцца элітнай вышэйшай школай для беларусаў замежжа.
Калі не рабіць кардынальных крокаў і пераконваць усіх, што "працуем у звычайным рэжыме", скончыцца тым, што ЕГУ альбо зачыніцца, альбо ператворыцца ў адзін з заштатных, нікому не патрэбных безаблічных "варыянтаў" для тых, хто ня трапіў у прэстыжныя альбо нават сярэднія рэгіянальныя ВНУ.
Да 14 красавіка баяліся, што прызнаюць экстрэмістамі. Цураліся "свяціцца". Усё, прызналі. Трасуць людзей. Крымінальныя справы. Цяпер баяцца няма чаго. Цяпер трэба рэальна свяціць. І адкрыта казаць Еўропе, якая ўсе гэтыя гады падтрымлівала ЕГУ: патрэбная кузня кадраў для беларускіх пераменаў.
Яшчэ з канца 1990-ых беларусы марылі пра сапраўды беларускі ўніверсітэт, які мае рыхтаваць элітныя кадры для будучай, дэмакратычнай Беларусі.
Скажаце, хто з беларусаў замежжа будзе аддаваць дзяцей у беларускі апазіцыйны ЕГУ? Ва ўніверсітэт, дзе па-беларуску выкладаюць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Кацярына Ваданосава, Вінцук Вячорка, Павел Церашковіч, Цімох Акудовіч – будуць .
Мяне пытаюць, куды паступаць дзецям 2020-га года? Цяпер, калі ў самой Беларусі громяць і беларускую адукацыю, і культуру, дзясяткі тысячаў маладых беларусаў і ў краіне, і за мяжой мараць пра найлепшы ўнівер у свеце. Свой.
Ну, слухайце, ужо сам рэжым выпісвае ЕГУ “чароўнага пендаля”. Няўжо і цяпер зноў зробім выгляд, што ЕГУ – гэта не для нас і не пра нас? Агу, ЕГУ! Давайце мяняцца! Давайце працаваць дзеля вольнай Беларусі!
--
Дарэчы, сёння раніцай я выпусціў чарговую Тройцу добрых навін. Паглядзець можна тут https://youtu.be/S8lKvCDZiJA
1 010
Нарэшце дачакаліся! Толькі пачалося лета, і тут раптам бац! - папёрла: добрыя навіны адна за адной.
У Пуціна ўсё вельмі кепска. Арменія сыходзіць. Украіна громіць тылы. Беларусы ня хочуць Крамля. Беларускае праваслаўе без РПЦ. Лукашэнка рыхтуе здраду. Карацей, Масква ў слязах.
Ад такой карціны млее сэрца любога беларуса. Варта проста спыніцца і палюбавацца.
Ніколі такога не было, і раптам зноў.
Паглядзіце - і не забудзьцеся падпісацца на канал "Тройца добрых навінаў з Паўлам Севярынцам".
Па ўсім відаць, гэтым разам добрыя навіны - усур'ёз і надоўга.
Глядзіце відэа па спасылцы.
1 010
Што б я рабіў без сваёй каханай жоначкі? Бяз Волі ня будзе перамогі!
Выйшаў з турмы - і памаладзеў на дзесяць гадоў. Бо побач са мной - найлепшая беларусачка на свеце.
Чакала, малілася, выхоўвала сына па-беларуску. Пакінула ўсё і паехала да мяне ў выгнанне. Натхняе, дапамагае, клапоціцца. Дзякуй Госпаду за цуд і дабраславенне!
Варта мне ўздыхнуць за кампутарам, мая пяшчотная Алюсенька побач:
- Прынт скрын, Паш, потым контрал зэт, заціскаеш шыфт і проста энтар. Не хвалюйся, усё атрымаецца.
А фота з травеньскага канцэрту "Наві Бэнд" у Варшаве.
Кахаю цябе, Любуся мая!
1 010
Акрэсціна, лета 2020. Пілігрымка ў бетоннай скрыні.
Чэрвень, ліпень, жнівень 2020 года пацягнуліся для мяне як бясконцыя дні і ночы. Пасля таго, як нармальная змена пачала праз дзень прыносіць па бутэльцы вады, вырашыў, што можна жыць.
Калі ў турме доўга думаць, што ўсё кепска – звар’яцееш.
Большасці людзей у турме цяжка, бо яны ня могуць зразумець, куды падзець гадзіны, дні, месяцы і гады аднастайнага часу ў замкнёнай прасторы.
Але я веру ў Бога. А раз Усемагутны і Усявёдны Бог дапусціў, каб я апынуўся ў турме – значыць, цяпер мне трэба менавіта сюды, і мая задача – проста зразумець, ДЗЕЛЯ ЧАГО я тут.
Чаму Госпад вырашыў, што самае лепшае месца для мяне зараз – бетонная скрыня два на тры метры з закратаванымі дзвярыма?
Бо час ад часу Бог хоча, каб мы спыніліся пасярод жыцця і асэнсавалі: хто мы, адкуль мы і куды мы ідзем.
Для верніка турма альбо карцэр – малітоўная келля. Для пісьменніка – творчая лабараторая. Умовы – стэрыльныя. Толькі ты і Бог. Толькі ты і тваё ўяўленне.
Таму першай справай я пералічыў плюсы.
Такім чынам, ніякае сумятні, гэта раз. Дадатковая абарона ад кавіду – два. Можна абдумаць УСЁ, на што не хапала часу на волі, тры.
Распланаваў час.
Пад’ём. Прыборка. Зарадка. Сняданак: каша. Малітва за родных. Малітва за палітвязняў. Малітва за Беларусь. Абдумванне становішча. Абдумванне кнігаў. Практыкаванні. Абед: суп, каша. Зноў малітва – за патрэбы. Зноў абдумванне. Бог. Беларусь. Людзі. Гісторыя. Культура. Спевы. Спорт. Вячэра: бульба, хлеб. Успаміны. Асабісты каляндар па месяцах і гадах. Асобны час – на мары. Рахунак сумлення за дзень. Малітва падзякі. Адбой.
У акрэсцінскім карцэры не паляжыш, бетон, толькі хадзіць ці сядзець. Хадзіць – тры крокі, разварот, тры крокі.
Бачылі рыбак у акварыюме – плаваюць ад сценкі да сценкі? У дзяцінстве думаў – ну тупыя ж рыбкі, плаваюць туды-сюды, бясконца. У чым сэнс? Ды не, рыбкі не тупыя, проста ім па-іншаму ніяк. І табе цяпер.
Палічыў, што за дзень выхадзіш плюс-мінус каля трыццаці кіламетраў. За два з паловай месяцы, якія застаюцца да “выбараў” – можна дайсці і да Рыму, і да Ерусаліму.
Такая сабе пешая пілігрымка – быццам па камяністай Святой Зямлі. А пілігрымкі выкоўваюць характар.
Мая галоўная задача ў турме – зразумець, што я зрабіў ня так у папярэднім жыцці, падзякаваць Богу за ўсё добрае, і грунтоўна, спакойна, рупліва падрыхтавацца да чарговай вандроўкі на волі.
Яшчэ з маладафронтаўскіх сутак і першай “хіміі” у Малым Сітне я зразумеў: падчас адседак Бог рыхтуе мяне для наступных рыўкоў.
Пасля першай сур’ёзнай адседкі – разгарнуў Малады Фронт. Пасля другой – заснаваў Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю. Пасля трэцяй – ажаніўся з найлепшай дзяўчынай на свеце, нарадзіў сына і напісаў сваю галоўную кнігу.
А цяпер – чацвёртая. Самая крутая.
Мэта – вольная Беларусь. Дзе яшчэ абдумваць вызваленне Беларусі, як не ў турме?
І раз Бог пачынае мяне гартаваць з асаблівай сілай – значыць, наперадзе галоўны рывок у маім жыцці.
1 010
Гістарычная падзея: на патрыяршай літургіі ўпершыню прагучала беларуская мова!
Усяленскі Патрыярх Варфаламей І узначаліў літургію ў Вільні, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Трынопалі для вернікаў Канстанцінопальскага патрыярхата - літоўцаў, украінцаў, беларусаў.
Дзякуючы парафіі айца Георгія Роя, частка набажэнства гучала па-беларуску - і аснову хору складалі нашы вернікі (у тым ліку і хор "Унія").
Многія беларусы былі апранутыя ў вышыванкі, а беларускі - у бел-чырвона-белыя народныя строі.
Беларуская мова ўпершыню ўзяла такую вышыню - урачыстае набажэнства ў прысутнасці кіраўніка сусветнай царквы.
Пазначым для гісторыі: 7 чэрвеня 2026 года, Вільня. Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску!
Асобна скажу пра месца: касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў былым кляштары трынітарыяў у Трынопалі - выразны сімвал хрысціянскага трыадзінства. У ХІХ ст. касцёл быў ператвораны ў царкву, прычым іканастас распісваў наш геніяльны мастак Іван Хруцкі. Вернуты каталікам - і вось, прадастаўлены праваслаўным Літвы для патрыяршага набажэнства. А назва мястэчка "Трынопаль" прароча ўтвораная ад спалучэння словаў "Тройца" і "Канстанцінопаль".
Айцец Георгій Рой, айцец Аляксандр Кухта і вернікі віленскай парафіі даюць усім беларусам ясную праваслаўную альтэрнатыву РПЦ: беларускую, брацкую, адкрытую для свету і вернікаў іншых канфесіяў.
Асобна зазначу: томас, які Патрыярх Варфаламей І даў у 2019 годзе Украіне, безумоўна дзейсны і для Беларусі: дазвол датычыць тых часоў, калі і украінскія, і беларускія землі ўваходзілі ў адзіную Рэч Паспалітую у складзе Кіеўскай мітраполіі.
Такім чынам, беларусы маюць поўнае кананічнае права на праваслаўную царкву, незалежную ад Масквы.
Пасля набажэнства падараваў Усяленскаму Патрыярху сваю кнігу "Беларусь - гэта святое".
1 010
Лондан. У Брытанскім парламенце - вялікая міжнародная канферэнцыя па Беларусі.
А заўтра - сустрэча з беларускай дыяспарай і прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое".
Запрашаю беларусаў Вялікай Брытаніі - 5 чэрвеня а 18:30, Скарынаўская бібліятэка (37 Holden Rd N12 8HS).
1 010
Прэзэнтацыя кнігі Паўла Севярынца «Беларусь – гэта сьвятое» ў Лондане
Скарынаўская бібліятэка і Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі
сардэчна запрашаюць на сустрэчу з Паўлам Севярынцам і прэзэнтацыю ягонае новае кнігі «Беларусь – гэта сьвятое»
📅 Калі: 5 чэрвеня 2026 году а 18:30
📍 Дзе: Скарынаўская бібліятэка, 37 Holden Rd N12 8HS
(станцыя мэтро Woodside Park)
«Беларусь – гэта сьвятое» – першая пасля турмы кніга пісьменьніка, палітыка і былога палітвязьня Паўла Севярынца, зборнік-сьведчаньне, створаны за кратамі. У кнізе 71 малюнак беларускіх храмаў – Павел маляваў іх для свайго сына Францішка, – выслоўі і вершы, большасьць зь якіх публікуецца ўпершыню.
Да сустрэчы можна будзе далучыцца праз зум па спасылцы https://us02web.zoom.us/j/82994964102?pwd=WaVeVt1UrtlbX8vA0m0jbJFRSJaklZ.1
Кнігу можна будзе атрымаць на прэзэнтацыі з аўтографам аўтара. Напрыканцы вечарыны запрашаем на сьціплы пачастунак.
Endi mavjud! Telegram Tadqiqoti 2025 — yilning asosiy insaytlari 
