Блізкі Усход у цэнтры Еўропы
Kanalga Telegram’da o‘tish
Матэрыялы пра гісторыю, культуру, мовы і рэлігіі Блізкага Усходу. Тэлеграм-канал для сувязі: @DmitrySevruk Хобі адміна: https://seuruk.blogspot.com/
Ko'proq ko'rsatish228
Obunachilar
Ma'lumot yo'q24 soatlar
+17 kunlar
-130 kunlar
Postlar arxiv
Нашчадкі Ісмаіла выдатна разумелі ўсю спецыфічнасць веры як продка, так туркменскіх плямёнаў, якія дапамаглі яму заваяваць Персію: гісторыкі згадваюць нават выпадкі рытуальнага канібалізму. З Лівана і ўсходу Аравійскага паўвострава ў Іран запрашаюць выбітных шыіцкіх тэолагаў: шмат якія сем’і сённяшніх іранскіх багасловаў усё яшчэ памятаюць пра свае арабскія карані. Так паступова тэалогія шыітаў-імамітаў становіцца часткай дзяржаўнай ідэалогіі Персіі. Цэнтральныя постаці рэлігійнага культу – дванаццаць імамаў (Алі і яго прамыя нашчадкі), асобная роля сярод якіх адводзіцца пакутніку Хусэйну. Сціплыя рэальныя паведамленнні пра падзеі ля Кербелы выцясняюцца міфамі, драматычнымі і крывавымі легендамі, якія паступова афармляюцца ў канон. Міф распавядае, як на каленях Хусэйна памірае яго старэйшы сын Алі аль-Акбар; як страла ўтыкаецца ў горла яго малодшаму сыну – немаўляці Алі аль-Асґару (хутчэй за ўсё выдуманаму); як аль-Абасу (зводнаму брату Хусэйна) адсякаюць абедзьве рукі, калі ён спрабуе прынесці вады з Еўфрата; як аль-Касім (пляменнік Хусэйна) гіне ў дзень свайго вяселля; як Язід у сваім палацы кпіць з палонных жанчын і адзінага ацалелага сына Хусэйна. Легенды называюць нават імя забойцы Хусэйна – Шэмр.
Міф стаў рытуалам. Кожны год першыя дзесяць дзён месяца мухарам шыіты адзначаюць Ашуру – ўспамін аб тым, што адбылося ў 680 годзе ля Кербелы. Першыя жалобныя працэсіі Ашуры ладзіліся ў Багдадзе яшчэ ў X стагоддзі: тады ў сталіцы халіфата фактычна панавалі шыіты з дынастыі Буідаў. Пазней, у тым ліку і ў Іране, часткай рытуала стала самакатаванне – біццё сябе ў грудзі, хвастанне сябе жалезнымі ланцугамі, парэзы галавы брытвай і адмысловымі мячамі. Так шыіты дэманстравалі (а шмат дзе дэманструюць і сёння), што прыйшлі б на дапамогу Хусэйну тады, 10 мухарама 680 года, і пралілі б за яго сваю кроў. Перажыты боль і кроў змываюць з іх частку граху да наступнага года.
У Іране (і некаторых раёнах Індыі) падзеі Кербелы ўзнаўляюцца і перажываюцца падчас Ашуры яшчэ і ў форме містэрыі, якая атрымала назву тазіе (ад арабск. taʿziya – “спачуванне па памерламу”). Тазіе – гэта ні што іншае як тэатралізаваная рэканструкцыя міфа з усімі яго героямі. Кожнае слова, кожны рух у ёй дакладна вызначаныя сцэнарам, адхіліцца ад якога немагчыма. Свой сэнс маюць і колеры: адмоўныя персанажы носяць чырвонае строі, станоўчыя – белыя і зялёныя.
Канчаткова распрацаваны рытуал тазіі ў Персіі быў на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. У гэты час містэрыя ўжо стала неад’емнай часткай рэлігійнага жыцця, калі падзеі больш чым тысячагадовай даўніны не проста рэканструяваліся, а перажываліся насамрэч: здаралася, што выканаўцу ролі Шэмра – ўвасаблення падступнасці і зла – забіваў натоўп. З сярэдзіны XIX стагоддзя тазіе становіцца часткай не толькі рэлігійнага, але ў пэўным сэнсе і культурнага жыцця іранцаў: для рэканструкцыі міфа ствараюцца тэатральныя пляцоўкі, а ў 1873 годзе па загаду Насіруддына-шага побач з Тэгеранскім палацам будуецца сапраўдны тэатр, дзе тазію могуць назіраць і шаг, і яго замежныя госці. Мастацкім феноменам шыіцкая містэрыя была і для іранскіх творцаў: ужо ў пачатку XXI стагоддзя, у 2003 годзе, знакаміты рэжысёр Абас Кіярастамі паставіў яе ў Рымскім тэатры. Трансляцыя тады вялася амаль на ўвесь свет.
Не абышлі сваёй увагай містэрыю і заходнія даследчыкі. Ячшэ ў XIX ст. палкоўнік Льюіс Пэлі сабраў нямала яе сцэнараў і, пераклаўшы на англійскую мову, выдаў з каментарамі у двух тамах у 1879 годзе ў Лондане пад назвай “The Miracle Play of Hasan and Husayn”. У ХХ ст., асабліва ў другой яго палове, маляўнічым рытуалам цікавіліся ўвогуле многія, але кніга Пэлі не страціла актуальнасці і да сённяшняга дня, хаця б таму, што змяшчае інфармацыю, страчаную амаль незваротна. Ніжэй можна спампаваць абодва тамы, а таксама невялікі артыкул пра містэрыю і арыгінальныя персідскія тэксты.
Калі ў 680 годзе, незадоўга да смерці, арабскі халіф Муавія прызначыў пераемнікам свайго сына Язіда, шмат выбітных фігур у маладой на той час мусульманскай дзяржаве выказалі вялікае абурэнне з гэтай нагоды. Спроба заснаваць дынастыю падавалася тады яшчэ чымсьці незвычайным і нелегітымным, перайманнем традыцый візантыйцаў і персаў, з якімі вялося столькі войнаў. Да таго ж сярод мусульман склалася ўжо шмат груповак, і кожная з іх імкнулася стаць элітай новай імперыі, паставіўшы на яе чале свайго кандыдата. Так пачалася другая ў гісторыі арабскага халіфата грамадзянская вайна (фітна), якая доўжылася дванаццаць гадоў і ўсё ж такі скончылася ўсталяваннем дынастыі Амеядаў – нашчадкаў і сваякоў таго самага Муавіі.
Адным з эпізодаў той вайны былі падзеі ля мясцовасці Кербела (сёння – горад ў Іраку) 10 чысла месяца мухарам (10 кастрычніка) 680 года. Адна з груповак, якая атрымала назву “шыат Алі” (партыя Алі), бо лічыла, што кіраваць мусульманамі маюць права толькі нашчадкі прарока Мухамада і яго стрыечнага брата Алі ібн Абі Таліба, запрасіла ў Куфу (горад, які быў іх цэнтрам) Хусэйна – сына Алі ібн Абі Таліба і Фатымы, дачкі Мухамада. Меркавалася, што Хусэйн узначаліць сваіх прыхільнікаў і пазмагаецца за ўладу. Хусэйн пагадзіўся, аднак на шляху з Меккі, дзе ён да гэтага жыў, ягоны невялікі атрад быў знішчаны ля Кербелы войскамі Язіда.
Невялікая, нават па мерках тых часоў, бойка, можа, так і засталася б адным з крывавых, але шараговых эпізодаў другой фітны, але для часткі прыхільнікаў Хусэйна яго пагібель стала сапраўднай экзістэнцыйнай катастрофай, якую яны пераасэнсавалі праз прызму рэлігіі і прыйшлі да высновы: Хусэйн загінуў, бо яны не прыйшлі яму на дапамогу; тым самым яны здрадзілі яму, упалі ў вялікі грэх, выкупіць які немагчыма. Найбольш харызматычным прапаведнікам гэтай ідэі быў, відавочна, жыхар Куфы Сулейман ібн Сурад. Адзіную магчымасць выратавання ад віны касмічнага маштабу ён і яго аднадумцы бачылі у калектыўным самазабойстве. Гэта, аднак, супярэчыла Кур’ану, і тады Ібн Сурад і яго паслядоўнікі ў лістападзе 684 года выправіліся ў так званы “марш смерці”. Яны прыбылі ў Кербелу, правялі ноч у жалобе, пафарбаваўшы твары ў чорны колер, а на наступны дзень справакавалі бойку з войскамі Язіда і амаль усе загінулі. Гісторыкі згадваюць, што тыя, хто цудам ацалеў, са слязьмі на вачах прасілі прабачэння ў забітых.
Так паміж 680 і 684 гадамі пачалася трансфармацыя палітычнага руху ў рэлігійны, прадстаўнікі якога сёння вядомыя як шыіты. Іслам увогуле не з’яўляецца чымсьці адзіным і маналітным, адрозненні ж паміж рознымі кірункамі шыізму часам нават большыя, чым паміж дзвюма рознымі рэлігіямі. Самыя вядомыя на сённяшні дзень прадстаўнікі шыітаў – гэта, бадай, шыіты-імаміты, якія складаюць большасць вернікаў у Іране, Іраку, Азербайджане і Бахрэйне. У другой палове XX стагоддзя, асабліва пасля рэвалюцыі 1979 года, палітычным цэнтрам шыіцкага ісламу лічыцца Іран. Але так было далёка не заўсёды.
Афіцыйнай рэлігіяй шыіцкі іслам быў абвешчаны ў Іране толькі ў пачатку XVI стагоддзя. У 1501 годзе ў Табрызе адбылася каранацыя шага Ісмаіла I. Чатырнаццацігадовы ўладар Персіі меў ці то цюркскія, ці то курдскія карані, па лініі маці прыходзіўся праўнукам вызантыйскаму імператару Яну VI Комніну, узначальваў заснаваны адным з яго продкаў рэлігійна-містычны ордэн і вызнаваў даволі спецыфічны варыянт шыізму: верыў, напрыклад, у перасяленне душ і лічыў сябе рэінкарнацыяй Алі ібн Абі Таліба. Менавіта з Ісмаіла і заснаванай ім дынастыі Сэфевідаў і пачынаецца гісторыя шыіцкага Ірана – канкурэнта суніцкай Асманскай імперыі.
У заходнюю масавую культуру Блізкі Усход трапіў, відаць, разам з першымі перакладамі казак “1001 ночы”, дзе такія хіты як гісторыя Аладдзіна і чароўнай лямпы альбо Алі-бабы і сарака разбойнікаў былі ўжо зусім не паракладамі, а цалкам еўрапейскімі варыяцыямі на ўсходнія матывы, але ж настолькі ўдалымі, што аўтэнтычнымі іх палічылі нават на Усходзе. “Арыентальная” традыцыя ў масавай літаратуры на гэтых “перакладах”, аднак, не спынілася і з цягам часу ператварылася ў асобны жанр. У 1930-х гадах у Злучаных Штатах нават выходзіў часопіс “Oriental Stories”, які друкаваў вострасюжэтныя апавяданні пра прыгоды на Блізкім і Дальнім Усходзе і ўяўляў з сябе выдатны прыклад таго, што атрымала назву “pulp fiction”. Трэба сказаць, што аўдыторыі сваёй часопіс прапаноўваў усё ж не самае дрэннае забаўляльнае чытво: сярод пастаянных аўтараў “Oriental Stories” быў, напрыклад, стваральнік культавага Конана-варвара Роберт Э. Говард. Так што пагартаць цікава і сёння, а таму ніжэй некалькі нумароў гэтага цяпер ужо рарытэта:
Выдавецтва Гарвардскага ўніверсітэта рыхтуе ў сакавіку наступнага года публікацыю з інтрыгуючай назвай "Cannabis in Arabic Verse and Prose": https://www.hup.harvard.edu/books/9780674302495 Чакаць яшчэ доўга, таму пакуль што можна азнаёміцца з першакрыніцамі - юрыдычнымі і паэтычнымі тэкстамі, прысвечанымі гэтай расліне і яе ўжыванню. Вось тут невялікі ўводны тэкст са спасылкамі на алічбаваныя арабска- і цюркскамоўныя рукапісы адпаведнага зместу: https://hmml.org/stories/series-plants-cannabis-in-islamicate-literature-and-culture/
Некалькі гадоў таму на нашым канале ўжо з'яўляліся анталогіі блізкаўсходніх апавяданняў у жанры "нуар": https://t.me/sektorvostok/1110. На днях адміну на вочы трампіў чарговы зборнік, падзеі ўсіх твораў у якім адбываюцца ў ліванскай сталіцы. Не падзяліцца ім было б няправільна, таму кніга крыху ніжэй, а вось тут можна азнаёміцца з рэцэнзіяй на яе: https://qantara.de/en/article/book-review-%E2%80%B3beirut-noir%E2%80%B3-chronicling-life-corrupt-city
Некалькі гадоў таму на нашым канале ўжо былі анталогіі блізасходніх апавяданняў у жанры "нуар", https://t.me/sektorvostok/1110вось тут.
Бэтмэн і Джокер на Блізкім Усходзе. Гісторыя з шасці частак “A Death in the Family”, апублікаваная ў 1988 годзе, лічыцца адной з самых важных у серыі пра “чалавека-кажана”, але разам з тым – гэта проста лютая мешаніна з усіх магчымых клішэ: Бэтмэн у Бейруце размаўляе чамусьці на фарсі, а Джокер, пазнаёміўшыся ў Адзіс-Абебе з аяталой Хамейні, робіцца іранскім дыпламатам, носіць, аднак, традыцыйны арабскі касцюм. Аднім словам – выдатны ўзоро масавай культуры. Забаўна пагартаць.
Fatima_Mernissi_Forgotten_Queens_Of_Islam_1997,_Univ_Of_Minnesota.pdf12.84 MB
У 1541 годзе жыхары Тэтуана, што на поўначы Марока, зрабіліся сведкамі унікальнай падзеі – не толькі ў гісторыі Магрыба, але і ўсяго арабска-мусульманскага свету: султан жаніўся. Не, само вяселле чымсьці незвычайным, зразумела, не было, а вось каб манарх са сваёй сталіцы ды прыехаў з гэтай мэтай у горад, дзе ўладарыла ягоная абранніца, – такога дагэтуль не бачылі.
Імя султана было Ахмад аль-Ўатасі, ягонай нявесты – Лалла Аіша бінт Алі ібн Рашыд аль-Аламі; і хто з абаіх быў сапраўдным царом, сказаць цяжка. Лалла Аіша ўвайшла ў гісторыю пад мянушкай “Сіт аль-хурра” (“вольная спадарыня”). Гішпанцы і партугальцы, з якімі яна то ваявала, то вяла перамовы, лічылі, што гэта і ёсць яе сапраўднае імя. “Хурра” (“вольная”) значыла, што ні яна, ні продкі яе ніколі не былі рабамі, а “сіт” (размоўнае ад “сэйіда” – “спадарыня”) указвала на шляхетнае паходжанне: сям’я Лаллы Аішы выводзіла сваю генеалогію ад Хасана ібн Алі – унука прарока Мухамада.
Нарадзілася “Сіт аль-хурра” у 1492 годзе ці то яшчэ ў арабскай Гішпаніі, ці то ўжо ў Шыфшауне на поўначы Афрыкі: яе сям’я перасялілася туды, ратуючыся ад войскаў Фердынанда Арагонскага і Ізабэлы Кастыльскай. Выгнаныя з Іспаніі андалузскія мусульмане-арыстакраты былі апантаныя ідэяй ісламскай рэканкісты і не пакідалі надзею вяртання на страчаную радзіму. Адзін з іх – ураджэнец Гранады капітан Абу-ль-Хасан Алі аль-Манзары – аднавіў з дазволу мараканскага султана разбуранае селішча Тэтуан і ператварыў яго ў цэнтр святой вайны супраць гішпанцаў і партугальцаў. Менавіта капітана аль-Манзары арабскія гісторыкі называюць першым мужам Лаллы Аішы. Ён быў старэйшы за яе на 32 гады і, зразумела, з часам не маладзеў, а таму, губляючы зрок і сілы, усё часцей прыцягваў маладую жонку да кіравання горадам. Лалла Аіша, відаць, не саступала мужу ні ў арганізацыйных здольнасцях, ні ў сіле характару: пасля яго смерці яна зрабілася паўнапраўнай уладарыняй Тэтуана. Іначай як “Сіт аль-хурра” яе цяпер не называлі. Некаторыя сцвярджаюць, што першым мужам Лаллы Аішы быў не сам Алі аль-Манзары, а яго сын, якога моцная і харызматычная жанчына змагла адсунуць на другія ролі і неўзабаве стаць уплывовай удавой.
У 1541 годзе “Сіт аль-хурра” ўжо не проста кіравала Тэтуанам – яна зрабілася бясспрэчным аўтарытэтам для піратаў усяго заходняга Міжземнамор'я. Як гэта атрымалася, сказаць цяжка. Магчыма, пірацкія рэйды былі часткай святой вайны супраць еўрапейцаў яшчэ пры Алі аль-Манзары, а Лалла Аіша прадоўжыла традыцыю мужа. Тое, аднак, што “марскія ваўкі” прызналі яе аўтарытэт, сведчыць пра многае. Вядома, напрыклад, што саюзнікам “Сіт аль-хурры” быў сам Хайрэддзін Барбароса – легендарны карсар з рэзідэнцыяй у Алжыры.
У выніку і гішпанцы, і партугальцы вымушаныя былі прызнаць “Сіт аль-хурру” ключавой фігурай у перамовах аб марскім гандлі і вызваленні захопленых маракоў. А мараканскі султан, каб ажаніцца з ёю, змушаны быў са сваёй рэзідэнцыі ў Фесе прыехаць у Тэтуан: ад уласных палітычных амбіцый Лалла Аіша адмаўляцца не збіралася, нават (альбо тым больш) у якасці жонкі манарха.
І ўсё ж праз год ёй прыйшлося саступіць, відавочна, яшчэ больш амбітнаму і хваткаму зяцю: у 1542 годзе кіраўніком Тэтуана стаў Мухамад аль-Хасан аль-Манзары, а “Сіт аль-хурра” вярнулася ў Шыфшаун, дзе пражыла яшчэ 20 гадоў. Як яны прайшлі, мы, магчыма, яшчэ даведаемся з якой-небудзь хронікі, да каторай рукі даследчыкаў пакуль што не дацягнуліся. Сёння ж крыху больш пра “Сіт аль-хурру” ды іншых жанчын мусульманскага свету, якія не адпавядалі распаўсюджаным цяпер клішэ, можна пачытаць у кнізе мараканскай даследчыцы Фатымы Мернісі “Forgotten Queens Of Islam”.
У 1933 годзе венгерскі арыстакрат, вандроўнік і шпіён Ласла Альмашы (László Almásy, 1895-1951) – дарэчы, менавіта ён лічыцца прататыпам галоўнага героя рамана (пазней экранізаванага) “Англійскі пацыент” – падчас пошукаў у Верхнім Егіпце аазіса Зарзура пазнаёміўся з прадстаўнікамі загадкавага племені маджарабаў (مجراب). Яны былі мусульманамі і размаўлялі на адным з арабскіх дыялектаў. Самі сябе маджарабы з арабамі, аднак, не атаяснялі, а некаторыя словы ў іх гаворцы дзіўным чынам падаваліся скажонымі венгерскімі. Паводле паданняў племені, нейкі венгр на імя Ібрагім (альбо Хасан) аль-Маджары, скончыўшы вайсковую службу, атабарыўся з таварышамі на берагах Ніла – іх нашчадкамі і лічылі сябе маджарабы. Гучыць крыху экзатычна, але выглядае так, што гэта не зусім фантазія. У XVI – XVII стст., калі частка (часам нават большая) сучаснай Венгрыі належала Асманскай імперыі, этнічныя венгры кал-нікалі прымалі іслам і паступалі на службу ў асманскую армію. Францысканец Габар Печварады (пам. у 1527 г.) нават згадвае ў “Падарожжы ў Ерусалім”, што венгерскія жаўнеры ў складзе войска султана Селіма Явуза прымалі ў 1517 годзе ўдзел у разгроме мамлюкаў і заваяванні Егіпта. Так што да фальклору маджарабаў даследчыкі ставяцца даволі сур’ёзна, а само племя з 1992 года ўваходзіць у склад Сусветнай федэрацыі венграў (Magyarok Világszövetsége). Крыху больш пра іх можна пачытаць тут: https://www.hungarianconservative.com/articles/culture_society/magyarabs_descendants_of_hungarians_africa_egypt_sudan_hungarian_identity_collective_memory/
