Блізкі Усход у цэнтры Еўропы
Ir al canal en Telegram
Матэрыялы пра гісторыю, культуру, мовы і рэлігіі Блізкага Усходу. Тэлеграм-канал для сувязі: @DmitrySevruk Хобі адміна: https://seuruk.blogspot.com/
Mostrar más224
Suscriptores
Sin datos24 horas
-27 días
-330 días
Archivo de publicaciones
Цяжка ўявіць сабе больш амерыканскі жанр, чым вестэрн. Падужацца з янкі – і не без поспеху – атрымалася хіба што ў італьянцаў. Менавіта Серджыо Леонэ зрабіў зоркай Клінта Іствуда. Тем не менш фільмы пра прыгоды на Дзікім Захадзе спрабавалі здымаць і на Блізкім Усходзе. Адна з такіх спроб – “Ölüm Fermanı” (“Смяротны прысуд”) турэцкага рэжысёра Кемаля Кана. Фільм можна нават паглядзець на Youtube (на мове арыгінала), але толькі, калі вам цікавая гісторыя малабюдэтнага турэцкага кінематографа. Тым не менш адна цікавая дробязь у гэтым фільме ёсць: Усход у ім прысутнічае ў вопратцы галоўнага героя – традыцыйнай вышыванай афганскай камізэльцы, якая, відавочна, іграе ролю мексіканскай.
11 студзеня 1919 года ва ўласным маёнтку на Лонг-Айлендзе быў забіты імператар Сахары. Пяць куль у яго выпусціла ўласная жонка. Суд прысяжных апраўдаў жанчыну. Адразу. Жак I, як ён сам сябе называў, быў дзіваком заўсёды, у апошнія гады жыцця, аднак, звар’яцеў канчаткова. Пачалося ўсё ў чэрвені 1903 года, калі трыццаціпяцігадовы спадчыннік французскіх цукровых каралёў Жак Лебадзі (Jacques Lebaudy) вырашыў, што можа дазволіць сабе ўласную дзяржаву: на сваёй яхце ён прыбыў да ўзбярэжжа Паўднёвага Марока – гэты кавалак пустыні не быў нічыёй калоніяй, – сышоў на бераг, уторкнуў у зямлю сцяг і абвясціў сябе імератарам Жакам I. Яго першым падданым стаў былы сакратар мараканскага візіра Мухаммад Шамі – менавіта праз гэтага чалавека Жак I вёў перамовы з шэйхамі плямён пустыні. Наваспечаны манарх планаваў узвесці ў Сахары грандыёзную сталіцу — Трою, для будаўніцтва якой пачаў запрашаць інжынераў і архітэктараў. Ён нават сабраў невялікае войска з маракоў і наймітаў, узброіўшы іх кулямётамі. Французскаму ўраду Лебадзі паведаміў, што цяпер да яго трэба звяртацца як да “Жака I, Наджм-ад-Дзіна, Імператара Сахары, Уладара прававерных, Караля Тарфаі, Герцага Арлёфа і Прынца Шал-Хуіна”. У Парыжы ён замовіў друк паштовых марак імперыі (сёння – Грааль філатэлістаў) і распрацаваў дызайн уласных грошай. Скончылася усё даволі хутка. Французы вырашылі спыніць гэты балаган у Сахары і выдалі ордэр на арышт Лебадзі. Той спрабаваў спачатку ў Гаазе аспрэчыць рашэнне французскіх уладаў, але ўжо ў кастрычніку 1903 года перанёс імператарскі двор (разам з сапраўдным тронам) у лонданскі гатэль “Савой”, дзе працягваў раздаваць тытулы і “займацца міжнароднай палітыкай”. Кожны раз, калі Жак I уваходзіў, каб паабедаць пад сваім імператарскім пурпурным балдахінам, аркестр у рэстаране гатэля граў яго нацыянальны гімн. Праз пяць гадоў “імператар” перабраўся ў ЗША, дзе канчаткова страціў сувязь з рэчаіснасцю. У 1914 годзе, аб’ехаўшы на белым кані ўвесь Нью-Ёрк, аб’явіў вайну Нямеччыне. Жонка, якую ён некалькі разоў спрабаваў забіць, нават змяшчала Жака ў вар’ятню. У рэшце рэшт, ратуючы сябе і дачку, яна паставіла кропку ў гіторыі аднаго з найвялікшых эксцэнтрыкаў XX ст. На такую біяграфію не маглі, зразумела, не звярнуць увагі літаратары. “Moi, Empereuer du Sahara” Жан-Жака Беду – адзін з вынікаў гэтай цікавасці – можна спампаваць ніжэй. Шмат пра імператара Сахары пісала ў свой час і прэса. Але ўласная газета была і ў Жака – “Le Sahara”: першы (і, здаецца, апошні) яе выпуск (з архіваў Нацыянальнай бібліятэкі Францыі) таксама ў дадатку. Месцам выдання, канешне ж, пазначана Троя.
Праз вялікую занятасць адмін апошнім часам крыху занядбаў канал, але, нарэшце, можна патроху вяртацца) Пісаць пра нешта сур’ёзне пакуль што, шчыра кажучы, сябе прымушаць не хочацца, таму сёння гісторыя ад майстра займальнай літаратуры – Брэма Стокера. Ён жа не толькі “Дракулу” напісаў, але і шмат чаго іншага, і сярод гэтага іншага – гатычны віктарыянскі раман жахаў са старажытнаегіпецкімі (тут усё ж пра Усход) матывамі. “The Jewel of Seven Stars” называецца. Стокер, аднак, вырашыў не толькі пацешыць чытачоў, але і закрануць актуальныя для таго часу – раман выйшаў у 1903 годзе – тэмы, кшталту імперыялізму, фемінізму і з’яўлення “новай жанчыны”, якая супрацьстаіць патрыярхальнаму грамадству. У выніку цэнзура змусіла аўтара перапрацаваць твор для другога выдання і нават выдаліць апошнюю главу. Вось тут можна паглядзець і параўнаць абодва варыянты: https://www.bramstoker.org/novels/08stars.html Раман таксама не раз экранізаваўся. Самая, бадай, вядомая спроба – 1971 года, менавіта адтуль ілюстрацыя да допісу. Калі чытаць кнігу ўсё ж вялікага жадання няма, то можна глянуць і фільм – на мове арыгінала з рознымі субтытрамі (у архіве ніжэй).
Нашчадкі Ісмаіла выдатна разумелі ўсю спецыфічнасць веры як продка, так туркменскіх плямёнаў, якія дапамаглі яму заваяваць Персію: гісторыкі згадваюць нават выпадкі рытуальнага канібалізму. З Лівана і ўсходу Аравійскага паўвострава ў Іран запрашаюць выбітных шыіцкіх тэолагаў: шмат якія сем’і сённяшніх іранскіх багасловаў усё яшчэ памятаюць пра свае арабскія карані. Так паступова тэалогія шыітаў-імамітаў становіцца часткай дзяржаўнай ідэалогіі Персіі. Цэнтральныя постаці рэлігійнага культу – дванаццаць імамаў (Алі і яго прамыя нашчадкі), асобная роля сярод якіх адводзіцца пакутніку Хусэйну. Сціплыя рэальныя паведамленнні пра падзеі ля Кербелы выцясняюцца міфамі, драматычнымі і крывавымі легендамі, якія паступова афармляюцца ў канон. Міф распавядае, як на каленях Хусэйна памірае яго старэйшы сын Алі аль-Акбар; як страла ўтыкаецца ў горла яго малодшаму сыну – немаўляці Алі аль-Асґару (хутчэй за ўсё выдуманаму); як аль-Абасу (зводнаму брату Хусэйна) адсякаюць абедзьве рукі, калі ён спрабуе прынесці вады з Еўфрата; як аль-Касім (пляменнік Хусэйна) гіне ў дзень свайго вяселля; як Язід у сваім палацы кпіць з палонных жанчын і адзінага ацалелага сына Хусэйна. Легенды называюць нават імя забойцы Хусэйна – Шэмр.
Міф стаў рытуалам. Кожны год першыя дзесяць дзён месяца мухарам шыіты адзначаюць Ашуру – ўспамін аб тым, што адбылося ў 680 годзе ля Кербелы. Першыя жалобныя працэсіі Ашуры ладзіліся ў Багдадзе яшчэ ў X стагоддзі: тады ў сталіцы халіфата фактычна панавалі шыіты з дынастыі Буідаў. Пазней, у тым ліку і ў Іране, часткай рытуала стала самакатаванне – біццё сябе ў грудзі, хвастанне сябе жалезнымі ланцугамі, парэзы галавы брытвай і адмысловымі мячамі. Так шыіты дэманстравалі (а шмат дзе дэманструюць і сёння), што прыйшлі б на дапамогу Хусэйну тады, 10 мухарама 680 года, і пралілі б за яго сваю кроў. Перажыты боль і кроў змываюць з іх частку граху да наступнага года.
У Іране (і некаторых раёнах Індыі) падзеі Кербелы ўзнаўляюцца і перажываюцца падчас Ашуры яшчэ і ў форме містэрыі, якая атрымала назву тазіе (ад арабск. taʿziya – “спачуванне па памерламу”). Тазіе – гэта ні што іншае як тэатралізаваная рэканструкцыя міфа з усімі яго героямі. Кожнае слова, кожны рух у ёй дакладна вызначаныя сцэнарам, адхіліцца ад якога немагчыма. Свой сэнс маюць і колеры: адмоўныя персанажы носяць чырвонае строі, станоўчыя – белыя і зялёныя.
Канчаткова распрацаваны рытуал тазіі ў Персіі быў на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. У гэты час містэрыя ўжо стала неад’емнай часткай рэлігійнага жыцця, калі падзеі больш чым тысячагадовай даўніны не проста рэканструяваліся, а перажываліся насамрэч: здаралася, што выканаўцу ролі Шэмра – ўвасаблення падступнасці і зла – забіваў натоўп. З сярэдзіны XIX стагоддзя тазіе становіцца часткай не толькі рэлігійнага, але ў пэўным сэнсе і культурнага жыцця іранцаў: для рэканструкцыі міфа ствараюцца тэатральныя пляцоўкі, а ў 1873 годзе па загаду Насіруддына-шага побач з Тэгеранскім палацам будуецца сапраўдны тэатр, дзе тазію могуць назіраць і шаг, і яго замежныя госці. Мастацкім феноменам шыіцкая містэрыя была і для іранскіх творцаў: ужо ў пачатку XXI стагоддзя, у 2003 годзе, знакаміты рэжысёр Абас Кіярастамі паставіў яе ў Рымскім тэатры. Трансляцыя тады вялася амаль на ўвесь свет.
Не абышлі сваёй увагай містэрыю і заходнія даследчыкі. Ячшэ ў XIX ст. палкоўнік Льюіс Пэлі сабраў нямала яе сцэнараў і, пераклаўшы на англійскую мову, выдаў з каментарамі у двух тамах у 1879 годзе ў Лондане пад назвай “The Miracle Play of Hasan and Husayn”. У ХХ ст., асабліва ў другой яго палове, маляўнічым рытуалам цікавіліся ўвогуле многія, але кніга Пэлі не страціла актуальнасці і да сённяшняга дня, хаця б таму, што змяшчае інфармацыю, страчаную амаль незваротна. Ніжэй можна спампаваць абодва тамы, а таксама невялікі артыкул пра містэрыю і арыгінальныя персідскія тэксты.
Калі ў 680 годзе, незадоўга да смерці, арабскі халіф Муавія прызначыў пераемнікам свайго сына Язіда, шмат выбітных фігур у маладой на той час мусульманскай дзяржаве выказалі вялікае абурэнне з гэтай нагоды. Спроба заснаваць дынастыю падавалася тады яшчэ чымсьці незвычайным і нелегітымным, перайманнем традыцый візантыйцаў і персаў, з якімі вялося столькі войнаў. Да таго ж сярод мусульман склалася ўжо шмат груповак, і кожная з іх імкнулася стаць элітай новай імперыі, паставіўшы на яе чале свайго кандыдата. Так пачалася другая ў гісторыі арабскага халіфата грамадзянская вайна (фітна), якая доўжылася дванаццаць гадоў і ўсё ж такі скончылася ўсталяваннем дынастыі Амеядаў – нашчадкаў і сваякоў таго самага Муавіі.
Адным з эпізодаў той вайны былі падзеі ля мясцовасці Кербела (сёння – горад ў Іраку) 10 чысла месяца мухарам (10 кастрычніка) 680 года. Адна з груповак, якая атрымала назву “шыат Алі” (партыя Алі), бо лічыла, што кіраваць мусульманамі маюць права толькі нашчадкі прарока Мухамада і яго стрыечнага брата Алі ібн Абі Таліба, запрасіла ў Куфу (горад, які быў іх цэнтрам) Хусэйна – сына Алі ібн Абі Таліба і Фатымы, дачкі Мухамада. Меркавалася, што Хусэйн узначаліць сваіх прыхільнікаў і пазмагаецца за ўладу. Хусэйн пагадзіўся, аднак на шляху з Меккі, дзе ён да гэтага жыў, ягоны невялікі атрад быў знішчаны ля Кербелы войскамі Язіда.
Невялікая, нават па мерках тых часоў, бойка, можа, так і засталася б адным з крывавых, але шараговых эпізодаў другой фітны, але для часткі прыхільнікаў Хусэйна яго пагібель стала сапраўднай экзістэнцыйнай катастрофай, якую яны пераасэнсавалі праз прызму рэлігіі і прыйшлі да высновы: Хусэйн загінуў, бо яны не прыйшлі яму на дапамогу; тым самым яны здрадзілі яму, упалі ў вялікі грэх, выкупіць які немагчыма. Найбольш харызматычным прапаведнікам гэтай ідэі быў, відавочна, жыхар Куфы Сулейман ібн Сурад. Адзіную магчымасць выратавання ад віны касмічнага маштабу ён і яго аднадумцы бачылі у калектыўным самазабойстве. Гэта, аднак, супярэчыла Кур’ану, і тады Ібн Сурад і яго паслядоўнікі ў лістападзе 684 года выправіліся ў так званы “марш смерці”. Яны прыбылі ў Кербелу, правялі ноч у жалобе, пафарбаваўшы твары ў чорны колер, а на наступны дзень справакавалі бойку з войскамі Язіда і амаль усе загінулі. Гісторыкі згадваюць, што тыя, хто цудам ацалеў, са слязьмі на вачах прасілі прабачэння ў забітых.
Так паміж 680 і 684 гадамі пачалася трансфармацыя палітычнага руху ў рэлігійны, прадстаўнікі якога сёння вядомыя як шыіты. Іслам увогуле не з’яўляецца чымсьці адзіным і маналітным, адрозненні ж паміж рознымі кірункамі шыізму часам нават большыя, чым паміж дзвюма рознымі рэлігіямі. Самыя вядомыя на сённяшні дзень прадстаўнікі шыітаў – гэта, бадай, шыіты-імаміты, якія складаюць большасць вернікаў у Іране, Іраку, Азербайджане і Бахрэйне. У другой палове XX стагоддзя, асабліва пасля рэвалюцыі 1979 года, палітычным цэнтрам шыіцкага ісламу лічыцца Іран. Але так было далёка не заўсёды.
Афіцыйнай рэлігіяй шыіцкі іслам быў абвешчаны ў Іране толькі ў пачатку XVI стагоддзя. У 1501 годзе ў Табрызе адбылася каранацыя шага Ісмаіла I. Чатырнаццацігадовы ўладар Персіі меў ці то цюркскія, ці то курдскія карані, па лініі маці прыходзіўся праўнукам вызантыйскаму імператару Яну VI Комніну, узначальваў заснаваны адным з яго продкаў рэлігійна-містычны ордэн і вызнаваў даволі спецыфічны варыянт шыізму: верыў, напрыклад, у перасяленне душ і лічыў сябе рэінкарнацыяй Алі ібн Абі Таліба. Менавіта з Ісмаіла і заснаванай ім дынастыі Сэфевідаў і пачынаецца гісторыя шыіцкага Ірана – канкурэнта суніцкай Асманскай імперыі.
У заходнюю масавую культуру Блізкі Усход трапіў, відаць, разам з першымі перакладамі казак “1001 ночы”, дзе такія хіты як гісторыя Аладдзіна і чароўнай лямпы альбо Алі-бабы і сарака разбойнікаў былі ўжо зусім не паракладамі, а цалкам еўрапейскімі варыяцыямі на ўсходнія матывы, але ж настолькі ўдалымі, што аўтэнтычнымі іх палічылі нават на Усходзе. “Арыентальная” традыцыя ў масавай літаратуры на гэтых “перакладах”, аднак, не спынілася і з цягам часу ператварылася ў асобны жанр. У 1930-х гадах у Злучаных Штатах нават выходзіў часопіс “Oriental Stories”, які друкаваў вострасюжэтныя апавяданні пра прыгоды на Блізкім і Дальнім Усходзе і ўяўляў з сябе выдатны прыклад таго, што атрымала назву “pulp fiction”. Трэба сказаць, што аўдыторыі сваёй часопіс прапаноўваў усё ж не самае дрэннае забаўляльнае чытво: сярод пастаянных аўтараў “Oriental Stories” быў, напрыклад, стваральнік культавага Конана-варвара Роберт Э. Говард. Так што пагартаць цікава і сёння, а таму ніжэй некалькі нумароў гэтага цяпер ужо рарытэта:
Выдавецтва Гарвардскага ўніверсітэта рыхтуе ў сакавіку наступнага года публікацыю з інтрыгуючай назвай "Cannabis in Arabic Verse and Prose": https://www.hup.harvard.edu/books/9780674302495 Чакаць яшчэ доўга, таму пакуль што можна азнаёміцца з першакрыніцамі - юрыдычнымі і паэтычнымі тэкстамі, прысвечанымі гэтай расліне і яе ўжыванню. Вось тут невялікі ўводны тэкст са спасылкамі на алічбаваныя арабска- і цюркскамоўныя рукапісы адпаведнага зместу: https://hmml.org/stories/series-plants-cannabis-in-islamicate-literature-and-culture/
Некалькі гадоў таму на нашым канале ўжо з'яўляліся анталогіі блізкаўсходніх апавяданняў у жанры "нуар": https://t.me/sektorvostok/1110. На днях адміну на вочы трампіў чарговы зборнік, падзеі ўсіх твораў у якім адбываюцца ў ліванскай сталіцы. Не падзяліцца ім было б няправільна, таму кніга крыху ніжэй, а вось тут можна азнаёміцца з рэцэнзіяй на яе: https://qantara.de/en/article/book-review-%E2%80%B3beirut-noir%E2%80%B3-chronicling-life-corrupt-city
Некалькі гадоў таму на нашым канале ўжо былі анталогіі блізасходніх апавяданняў у жанры "нуар", https://t.me/sektorvostok/1110вось тут.
