De facto. Беларуская навука
رفتن به کانال در Telegram
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны. Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
نمایش بیشتر1 545
مشترکین
+124 ساعت
+37 روز
+1930 روز
آرشیو پست ها
Пачатак вышэй
Беларусаў паказвалі як нацыю, гістарычна і культурна блізкую да літоўцаў: два народы стагоддзямі разам змагаліся за свабоду супраць больш моцных ворагаў або абаранялі свае правы на ідэнтычнасць, выкарыстоўваючы неваенныя сродкі.
Асабліва моцным штуршком для прасоўвання станоўчага вобразу беларусаў у літоўскай ваеннай прэсе (і грамадскай думцы) стаў іх актыўны ўдзел у вайне Літвы за незалежнасць з 1918 па 1920 год, піша Manvydas Vitkūnas. У ёй загінула больш за 30 салдат з беларускіх нацыянальных падраздзяленняў.
Вобраз беларускага салдата як баявога таварыша, абаронцы Літвы і вернага грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі захоўваўся да савецкай акупацыі ў 1940 годзе. Гэта падтрымлівалася не толькі публікацыямі ў прэсе, але і актыўным удзелам многіх беларускіх афіцэраў, унтэр-афіцэраў і салдат запасу ў грамадскім жыцці Літвы.
Якім быў вобраз беларусаў у літоўскім ваенным друку (1919 - 1940 гг.)
Літоўскі гісторык Manvydas Vitkūnas у свежым зборніку «Vēsture: avoti un cilvēki» (Даўгапілскі ўніверсітэт) прааналізаваў матэрыялы, апублікаваныя ў ваенных часопісах «Karys» і «Kardas», якія карысталіся папулярнасцю не толькі сярод салдат, але і сярод студэнтаў і грамадскасці ў цэлым.
Сярод дзесяткаў артыкулаў і сотні інфармацыйных паведамленняў, звязаных з беларусамі, вылучаны чатыры асноўныя катэгорыі: 1) гістарычныя артыкулы (пераважна пра гісторыю ВКЛ), якія абмяркоўваюць агульную гісторыю літоўскага і беларускага народаў; 2) інфармацыя пра беларускую нацыянальную барацьбу за самавызначэнне і незалежнасць, а таксама жыццё беларусаў на акупаваных Польшчай тэрыторыях і ў Беларускай ССР; 3) інфармацыя пра беларускія нацыянальныя падраздзяленні ў складзе Узброеных сіл Літвы; 4) іншая інфармацыя, такая як жыццё беларусаў у Літоўскай Рэспубліцы і г.д.
Вобраз беларусаў у літоўскай ваеннай прэсе быў амаль заўсёды станоўчым.
Працяг ніжэй
Як выглядалі русінскія дакументы вялікага князя Аляксандра Ягелончыка
Andrius Jurkevičius у зборніку The Woman at the Source of History (2024 г.) прааналізаваў асаблівасці 17 русінскіх дакументаў вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка. Сярод іх – паведамленне віцебскаму намесніку князю Міхаілу Заслаўскаму-Мсціслаўскаму (24.06.1495), Прывілей вялікаму гетману ВКЛ князю Канстанціну Астрожскаму (05.06.1498) і зацвярджэнне дамовы Федкі Янушковіча з праваслаўнымі святарамі Берасця (26.09.1501).
Канцылярыя ВКЛ на мяжы XV-XVI стст. знаходзілася ў пераходным стане паміж паўуставам і скорапісам. Паўстаў – ужо не ўрачыстая кніжная манера, асобныя элементы літар спрашчаюцца, з'яўляецца лёгкі нахіл. Пры скорапісе хуткасць пісьма становіцца галоўнай, літары маюць выразны нахіл, але ўсё ж літары ў словах амаль не злучаюцца паміж сабой.
З такога пераходнага канцылярскага пісьма пазней развіўся класічны канцылярскі скорапіс ВКЛ XVI-XVII стст., на якім напісаны большасць дзяржаўных актаў.
Дзве магчымасці для навукоўцаў
Праграма Фулбрайт прапануе прафесійную стажыроўку ў ЗША на працягу 5 месяцаў (жнівень 2027 - студзень 2028). Праграма ўключае знаёмства з амерыканскімі падыходамі да распрацоўкі навучальных праграм, доступ да даследчых рэсурсаў. Праграма адкрытая для навукоўцаў з Беларусі ўсіх акадэмічных дысцыплін. Заяўкі прымаюцца па 2 жніўня 2026 года. Усе падрабязнасці тут.
Еўрапейская камісія аб'явіла конкурс 2026 года на атрыманне постдоктарскіх стыпендый у рамках праграмы імя Марыі Складоўскай-Кюры (MSCA). Гранты закліканы дапамагчы даследчыкам набыць новыя навыкі і атрымаць вопыт, працуючы ў іншай краіне. Зацікаўленыя павінны падаць заяўку сумесна з прымаючай арганізацыяй. На постдоктарскія стыпендыі могуць прэтэндаваць прадстаўнікі ўсіх дысцыплін. Прыём заявак завершыцца 9 верасня 2026 года. Усе падрабязнасці тут.
Выйшла кніга «Нарысы картаграфічнай гісторыі Беларусі: ад Пталемея да трохвярстоўкі»
У выданні Льва Казлова на картах і ў адпаведных тэкстах прадстаўлены беларускія землі ў розныя гістарычныя перыяды. Храналагічна яны ахопліваюць амаль цэлае тысячагоддзе нашай эры – ад геаграфіі Пталемея да расійскай «трохвярстоўкі» (падрабязных ваенна-тапаграфічных карт XIX стагоддзя).
У багата ілюстраванай кнізе ад выдавецтва «Беларуская навука» 111 старонак. Пяць гадоў таму выйшла кніга Льва Казлова «Стагоддзi на картах».
Полацк, рыжскія селядцы і мутныя нямецкія схемы
Дзяніс Лісейчыкаў піша ў Facebook: у XVII ст. на старонках актавых кніг Полацкага магістрата часта фігуравалі рыжскія селядцы. Яны былі ці не адзіным імпартным таварам на сталах не толькі мяшчан, але і сялян. Найбагацейшыя полацкія купцы займаліся аптовымі пастаўкамі.
Бізнес купца Івана Людскевіча, якога ў маі 1676 г. падмануў несумленны «транспартнік», у верасні чакаў новы ўдар. Разам з кампаньёнам ён у роспачы скардзіўся: «Мы, будучы ў Рызе, купілі ў рыжскага купца лашт (прыблізна 2 тоны) селядцоў паводле рэкамендацый і гарантый... (У Полацку) у адной бочцы ўсярэдзіне знайшлі чатыры обручы, прыкладзеныя селядцом і запакаваныя, а іншыя бочкі таксама няпоўныя, ды яшчэ і гнілыя».
Людскевіч зрабіўся ахвярай старой нямецкай схемы махлярства, якая апісвалася ў Полацку яшчэ ў 1420 г. Бочку шчыльна набівалі драўлянымі абручамі, зверху клалі пласт селядцоў і ўсё гэта залівалі расолам. Разлік рабіўся на тое, што полацкі купец-аптавік кожную бочку правяраць не будзе.
Гісторыя сям'і Глейзераў: як звязаны Паставы і «Манчэстэр Юнайтэд»?
Канал Скарб: генеалогія ў Беларусі ў сваім даследаванні прыйшоў да высновы, што зорны клуб з Манчэстэра дастаўся сыну імігранта з Паставаў. Бабуля бізнесмена і ўладальніка МЮ Малкольма Глейзера (1928 - 2014, цяпер клубам валодаюць яго дзеці), Бейля Абрамаўна Свірская нарадзілася ў Паставах у 1866-м. Сын Бейлі і Маўшы-Іцэка Абрам Глезер перабраўся ў ЗША ў адзіночку.
Як склаўся лёс сваякоў у Беларусі? Пасля заканчэння Першай Сусветнай частка сям'і Глезераў перабралася ў Глыбокае. У 1938-м Бейля Глезер значылася ў спісах галасуючых у польскі Сойм як гаспадыня дома ў Глыбокім па вуліцы Замкавай (цяпер вуліца Леніна). Разам з ёй жылі дачка і зяць Фаня і Аўсей Хейфецы, якія атрымалі ў спадчыну гандлёвую справу.
Практычна ўся сям'я Хейфец загінула пры знішчэнні гета ў 1943 годзе. Але выжыла ўнучка Бейлі Глезер – Роза Аўсееўна Хейфец, удзельніца партызанскіх атрадаў у ролі медсястры і кухаркі, піша канал Скарб: генеалогія ў Беларусі.
Пра гісторыю легендарнага кубка «Іван» з калекцыі Сапегаў
Ігар Cурмачэўскі ў леташнім нумары «Весніка Брэсцкага ўніверсітэта» піша: горны крышталь вельмі шанаваўся ў эпоху Адраджэння за тое, што ён нібыта мог выяўляць атруту. Калі князь Глінскі ў 1508 г. узняў мяцеж, пісар вялікі літоўскі Іван Сямёнавіч Сапега папярэдзіў Жыгімонта І. У знак падзякі ён атрымаў кубак «Іван». Як кубак трапіў у каралеўскую скарбніцу, дакладна невядома. Cурмачэўскі пасля аналізу апісання кубка выказвае гіпотэзу, што ён быў вельмі рэдкім мастацкім творам з Парыжа.
Прыкладныя параметры кубка: дыяметр 10-15 см, вышыня 30-35 см, абʼём 2,8 л, авальная форма вазы. Таму яго можна параўнаць з такімі творамі як «Вялікая ваза» з скарбніцы іспанскага караля (на ілюстрацыі – злева) і навагрудскі кубак «Святой Ядвігі» (справа).
Кубак захоўваўся ў Ружанскім палацы, яго сляды губляюцца ў XIX ст. Такога тыпу творы вельмі рэдкія ў музейных калекцыях свету, для Беларусі «Іван» мае надзвычайнае значэнне ўзроўню нацыянальнай рэліквіі.
Дык ці існуе «крадзеж аблокаў»? Што кажуць навукоўцы
Нядаўна ў інтэрв'ю тэлеканалу Al-Rasheed іракскі дэпутат Абдула аль-Хайкані заявіў, што ў Ірак вярнуліся дажджы, бо ЗША занятыя вайной у Іране. У сацсетках вельмі папулярныя сцвярджэнні, што баявыя дзеянні прымусілі саюзнікаў спыніць аперацыі па «крадзяжы дажджавых аблокаў» на Блізкім Усходзе, піша BBC.
Карыстальнікі лічаць, што ў аснове ляжыць рэальна існуючы «засеў аблокаў» для павялічэння колькасці ападкаў. Гэта можна рабіць з дапамогай самалётаў, якія распыляюць дробныя часціцы, напрыклад, ёдыд срэбра, каб стымуляваць стварэнне кропель вады (на ілюстрацыі). Прыхільнікі тэорыі «крадзяжу аблокаў» сцвярджаюць: пры засеве аблокаў у адным рэгіёне суседнія тэрыторыі пазбаўляюцца ападкаў.
Аднак, навукоўцы запэўніваюць: няма тэхналогій, якія дазваляюць чалавеку «красці» аблокі. У цэлым навукоўцы падкрэсліваюць, што сродкаў для прамога кіравання траекторыяй ці інтэнсіўнасцю сістэм надвор'я не існуе.
Якія праблемы прывялі Полацкую зямлю ў склад ВКЛ
Дзяніс Дук у «Весніку Магілёўскага ўніверсітэта» піша: да сяр. XII ст. адзінства княжацкага дому Рагвалодавічаў распалося на тры галіны — Менскіх Глебавічаў, Друцкіх Рагвалодавічаў і Віцебскіх Васількавічаў — са згасаннем дынастыі. У першай палове XIII ст. Полацк вёў войны з Ордэнам Мечаносцаў (на землях Дзвіны ўзнік новы цэнтр – Рыга), меў канфлікты з Літвой, паўднёвыя «прыгарады» Полацкай зямлі (Магілёў) пакутавалі ад манголаў.
Смаленскія князі выкарысталі гэтыя фактары, каб падпарадкаваць Полацк свайму ўплыву, і ў 1222 - 1223 гадах Полацк быў захоплены – упершыню за больш чым два стагоддзі. Гэта мела фатальныя наступствы для горада: яго экстэнсіўны рост спыніўся (асабліва ў параўнанні з Віцебскам).
У гэтых умовах уключэнне Полацкай зямлі ў склад Вялікага княства Літоўскага было гістарычна прадвызначана, піша Дзяніс Дук. У 1262 г. у Полацку ўжо княжыў літоўскі князь Таўцівіл, пляменнік Міндоўга. На ілюстрацыі – рэканструкцыя П. Татарнікава Полацка XII ст.
Пра набыццё Львом Сапегам маёнтка Бешанковічы ў 1630 г.
Валерый Пазднякоў у зборніку «Бешанковіцкі край» (2025 г.) піша: занатаванае падчас рэвізіі ў 1552 г. сяло Бешанковічы было ў складзе маёнтка Мількаўцы, двары тут меў князь Павел Юр’евіч Сакалінскі. Падчас Інфлянцкай вайны з Маскоўскай дзяржавай Бешанковічы былі спустошаны.
6 лістапада 1630 г. маёнтак Бешанковічы (разам з маёнткам Сянно) мяняе ўладальніка, якім быў князь Ян Друцкі-Сакалінскі. Здзелка была заключана ў Бешанковічах, а ў 1631-м зацверджана ў Варшаве каралём Жыгімонтам III. Цэнтрам маёнтка быў панскі двор Бешанковічы, побач ляжала мястэчка Бешанковічы — на абодвух берагах Дзвіны.
Леў Сапега, былы канцлер ВКЛ і на той момант гетман вялікі літоўскі, нядоўга гаспадарыў у Бешанковічах, бо памёр у 1633 г. Бешанковічы перайшлі яго малодшаму сыну. Казімір Леў Сапега не пажадаў гаспадарыць у Бешанковічах і разам з Сянном падараваў іх родзічу Паўлу Яну Сапегу, вялікаму гетману ВКЛ. Далейшыя лёсы маёнтка звязаны з родамі Нарушэвічаў і Агінскіх.
Выйшла кніга «Рашэнні прымае ЦК...»
Выданне пабачыла свет летась. Аўтары – Вячаслаў Селяменеў і Алесь Карлюкевіч. На старонках кнігі разглядаюцца архіўныя дакументы, напісаныя ў 1960 - 1980-х беларускімі літаратарамі, мастакамі, дзеячамі культуры, плён чыёй працы складае нацыянальную культурную спадчыну.
Некаторыя іх звароты ў Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі (ЦК КПБ), вышэйшую ідэалагічную і фактычна галоўную дзяржаўную інстанцыю, мелі прыватны характар. Але ж, каб вырашыць тое ці іншае важнае для творчасці пытанне, апроч ЦК, не было куды звярнуцца.
Шмат якія з прыведзеных дакументаў – сведчанні пазіцыі творчай інтэлігенцыі, яе жадання зрабіць нешта патрэбнае для ўсяго грамадства Беларусі. У дакументах уздымаецца пытанне беларускай мовы, многія лісты сведчаць пра неабходнасць узгадняць многія рашэнні з ЦК. 216-старонкавую кнігу можна разглядаць як працяг першай: у 2022-м выйшла «Звяртаюся ў ЦК».
Беларускія народныя песні на сцэне з 1880-х да пачатку 1930-х гг.
Яніна Грыневіч піша ў зборніку «Беларускі фальклор» (2024 г.): першае згадванне ў прэсе адносіцца да лакальнага мерапрыемства па святкаванні каранацыі Аляксандра ІІІ у 1883 г., дзе беларуская песня прагучала разам з украінскімі, харвацкімі, сербскімі і балгарскімі.
Калі казаць пра рэпертуар, то першымі са сцэны прагучалі творы «Дуда-весялуха» і «Чаму ж мне не пець». Затым беларускія песні гучалі на канцэртах, арганізаваных аддзелам пры Імператарскім таварыстве аматараў этнаграфіі ў Маскве ў 1893 - 1911 гг. Пасля рэвалюцыі 1905 г. народная песня была сродкам для прасоўвання беларускага адраджэння. Два дзесяцігоддзі папулярнымі былі творы «Ох, ты дуй», «Гусі», «Дый куды ж ты, дуб зялёны», «Доля», «Чалавек жонку б’е» і інш.
У БССР народная песня пачала рэпрэзентаваць дзяржаву. Пералом адбыўся ў п. 1930-х, калі фальклор у афіцыйным дыскурсе быў заменены на сучасную савецкую народную творчасць. На здымку – музыкі ў Ляхавічах, 1913 г.
Пра нeабарока ў рэлігійнай архітэктуры ў Заходняй Беларусі 1918–1939 гг.
Сяргей Харэўскі ў Białorutenistyka Białostocka піша: архітэктура Заходняй Беларусі зазнала шэраг этапаў стылістычнай эвалюцыі. Вельмі плённа інтэрпрэтавалася ў 1920 - 30 гг. нeабарока. Пры стварэнні рэгіянальнага адметнага стылю абапіраліся на тутэйшыя традыцыі барока ХVIІ - ХVIII ст.
У стылістыцы нeабарока пабудаваныя многія каталіцкія храмы: Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавiчах, Маці Божай Ружанцовай у Солах (на здымку – злева), Унебаўзяцця Найсвяцейшае Дзевы Марыіў Дарава, Перамянення Гасподняга ў Ваверцы, Святога Сэрца Ісуса ў Анжадава ды інш.
Адметным узорам неабарока ёсць касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў вёсцы Пелішча Камянецкага р-на (справа). Ён ўзведзены ў 1934 годзе інжынерам - архітэктарам з Брэста Браніславам Нелюбовічам, паводле ранейшага праекта 1929 году брэсцкага архітэктара Вінцэнта Генрыка Удавішэўскага. Вельмі выразная кампазіцыя з аб’ёмаў розных памераў і элементы дэкора ствараюць рамантызаваны вобраз.
Як тысячы гадоў таму людзі асвойвалі Палессе
Група беларускіх навукоўцаў апубліквала ў часопісе Journal of Archaeological Science: Reports свежае даследаванне пра змены ў каменным і бронзавым вяках ў даліне ракі Ясельда і на беразе возера Спораўскае. Яны ўжылі шырокі спектр палеагеаграфічных метадаў да археалагічнага помніка Какорыца-4, які быў адкрыты ў 2018 г. ля вёскі Какорыца ў Драгічынскім р-не.
Возера Спораўскае ўтварылася падчас пацяплення Бёлінга-Алерэда (канец апошняга ледніковага перыяду, 14700 - 12900 гадоў таму) і было значна большым, чым сёння. Калі возера пачало адступаць, з'явіліся новыя сухія ўчасткі і пачалося інтэнсіўнае засяленне стаянкі Какорыца-4. Месца было ўтворана старажытнай пясчанай ракой – было адносна сухім і ўзвышалася над забалочанай мясцовасцю.
А вось ранняе земляробства на Палессі (як раней сцвярджалася, 7900 - 7000 год таму) паставілі пад сумненне. Знойдзеныя пылковыя зярняткі – з дзікарослых раслін. Верагодна, людзі яшчэ працягвалі займацца паляваннем і збіральніцтвам.
Погляд літоўскай шляхты на прычыны паражэння ў Варшаўскай бітве 1656 г.
У трохдзённай Варшаўскай бітве 1656 г. войска Рэчы Паспалітай у саюзе з Крымскім ханствам саступіла шведска-брандэнбургскім войскам («Шведскі патоп»). Пётр Прудоўскі ў «Славянскім альманаху» дзеліцца аналізам пасольскага дзённіка расійскага стольніка Апанаса Несцерава, які грунтуецца на апавяданнях старасты жмудскага Ежы-Караля Глябовіча, Яна Храпавіцкага і «каралеўскага пакаёвага двараніна» Аборскага.
Адказнасць за разгром літоўская шляхта ўскладала на польскую частку арміі: паводле яе версіі, паражэнне адбылося не толькі з-за сілы шведаў, а з-за канфліктаў і недаверу паміж польскай і літоўскай часткамі войска, палякі абвінавачваліся ў пасіўнасці.
Літва супрацьпастаўлялася і Польшчы, і Расіі. Але наўрад ці можна казаць пра сепаратызм: супрацьпастаўленне каралю было выказана менш рэзка, чым палякам. Такім чынам літоўская эліта сяр. XVII ст. успрымала сябе не проста часткай «польскай дзяржавы», а асобнай палітычнай супольнасцю.
Збор намінацый на Прэмію Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі-2026
Пачынаецца праца экспертных камісій па вызначэнні лепшых публікацый 2025 года. Даследчыкаў і ўсіх зацікаўленых запрашаюць дасылаць свае меркаванні і зрабіць свой унёсак у вызначэнне дасягненняў беларускай навукі. Прапановы можна падаць на адрас premija@ palityka.org да 30 чэрвеня 2026 года.
Па выніках працы камісій будуць вызначаны па тры найлепшыя публікацыі па наступных кірунках: гісторыя (манаграфіі, артыкулы), гуманітарныя навукі (манаграфіі, артыкулы), сацыяльна-палітычныя навукі (манаграфіі, артыкулы). Урачыстае аб’яўленне лепшых публікацый адбудзецца 25 лістапада 2026 года ў Варшаве.
Да разгляду таксама прымаюцца працы апублікаваныя ў 2024 годзе, якія раней не вылучаліся на конкурс. У дадатак у 2026 годзе плануецца вызначыць найлепшыя нямецкамоўныя манаграфіі на беларускую тэматыку апублікаваная за апошняе дзесяцігоддзе – у 2017-2025 гадах. Усе падрабязнасці тут.
Выйшла кніга «Башкіры ў Беларусі»
У манаграфіі Лізавета Квілінкова ўпершыню ў этналагічнай навуцы даследуе башкіраў у Беларусі: колькасць і рассяленне, этнакультурную і рэлігійную ідэнтычнасць, і г.д. Праца грунтуецца на палявых матэрыялах, сабраных аўтаркай у 2021 - 2025 гг.
Раней Лізавета Квілінкова пісала: башкіры трапілі ў Беларусь у асноўным з-за службы ў савецкім войску. У 1989-м у Беларусі жыло 1 252 башкір, у 2019-м – 339. Іслам з'яўляецца неад'емнай часткай этнічнай самасвядомасці башкір, але іх прадстаўнікі ў Беларусі не прытрымліваюцца шматлікіх патрабаванняў шарыяту. Большасць башкір у Беларусі жывуць у змешаных шлюбах.
Пра жорсткія публічныя пакаранні ў ВКЛ у другой палове XVIII ст.
Adam Stankevič у літоўскім зборніку Moteris prie istorijos šaltinio (2024) піша: у другой пал. XVIII ст. Віленскі гродскі суд прыгаварыў да публічных пакаранняў 36 злодзеяў (усе мужчыны). Найбольш частым пакараннем (49%) была лупцоўка (18 выпадкаў), часам яна спалучалася з выгнаннем з горада (8 выпадкаў) і кляйменнем (2). Дзесяць чалавек (27%) – рэцыдывістаў і тых, хто выкраў маёмасць вялікай вартасці, – прысудзілі да смяротнага пакарання – на шыбеніцы.
Дзевяць злодзеяў (24%) прысудзілі да пэўных тэрмінаў (ад 3 да 10 гадоў). У адным выпадку – да нявызначанага (пажыццёвага) пазбаўлення волі, што не было прадугледжана законамі ВКЛ, але гэта паходзіла з правіла, выдадзенага Пастаяннай Радай.
Суд часта адыходзіў ад літаральнага выканання Статута: замест смяротнага пакарання мог прызначыць лупцоўку. Ідэі Асветніцтва (пра выпраўленне злачынцы, выкарыстанне турмаў замест смяротнага пакарання) амаль не ўплывалі на практыку суда.
Прымаюцца заяўкі да ўдзелу ў навуковай канферэнцыі «Канструкты моўнага будаўніцтва: да стагоддзя Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года»
Канферэнцыя адбудзецца 24 - 25 верасня 2026 года ў Вільні. Першым мерапрыемствам па беларусазнаўстве міжнароднага маштабу стала «Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (Мінск, 1926 г.).
У сучаснай канферэнцыі прадугледжаны напрамкі: славістыка пачатку ХХ ст., станаўленне новых усходне- і цэнтральна-еўрапейскіх дзяржаў і праблема дзяржаўнай мовы, канферэнцыя 1926 года — кантэксты і спадчына. беларуская мова і беларусістыка ў ХХ - ХХІ стст., замежная беларусістыка. методыка выкладання беларускай і іншых моў як замежных у агульнасусветным кантэксце. Дасылаць заяўкі (імя, прозвішча, акадэмічны тытул, афіляцыю, назву даклада, тэматычны арэал з інфармацыйнага ліста, емэйл) да 15.06.2026 на адрас: kanfierencyja@belarus-institute.cz.
Калі маеце паведамленні пра канферэнцыі і іншыя падзеі, дасылайце сюды.
