2 021
Subscribers
-124 hours
+167 days
+1630 days
Posts Archive
2 021
МАТЭРЫЯЛЬНАСЦЬ МАРАЛІ
У сённяшнім свеце ў палітычнай барацьбе, заснаванай на інфармацыйным уздзеянні на грамадства, часта да ўлады ў выніку выбараў прыходзяць персоны, якія могуць накіраваць на арганізацыю сваёй інфармацыйнай кампаніі шмат фінансавых рэсурсаў і якія не грэбуюць апеляваць у ёй да не самых лепшых пачуццяў найменьш адукаванай часткі грамадства - зайздрасці, рэальных ці ўяўных страхаў, ксенафобіі. Таксама, часта грэбаванне маральнымі прынцыпамі, прыземленае ўспрыманне палітычных працэсаў працягваецца ўжо пры знаходжанні такіх персонаў ва ўладзе і нават пераносіцца на іншыя краіны. Асабліва, калі ва ўладзе апынаюцца буйныя бізнэсмэны, якія ўсё ацэньваюць у выключна матэрыяльных катэгорыях. Звыклыя ў сваёй папярэдняй дзейнасці да прагназавання суадносін сіл у эканамічнай канкурэнцыі толькі ў катэгорыях грошаў і матэрыяльных рэсурсаў, яны пераносяць такі падыход на ўнутраную палітыку ці нават на міждзяржаўныя стасункі. Гэты падыход паддаецца ім эфектыўным, бо яны не ўяўляюць, што існуе яшчэ свет ідэалаў, значных для вялікай колькасці людзей, што існуюць заснаваныя на ім маральныя прынцыпы, жыццёва важныя для многіх. Мы можам не разумець некаторых ідэалаў і заснаванай на іх маралі ці нават лічыць асобныя з іх цемрашальскімі. Але ж такія ідэалы таксама існуюць і ўплываюць на паводзіны людзей. Таму, такому дэмакратычна абранаму палітыку лягчэй знаходзіць агульную мову з аўтакратамі, якія трымаюцца аналагічных з ім рэсурсных ды немаральных падыходаў і таму цалкам зразумелыя яму.
Але недаацэнка маральнага фактару, здольнасці людзей і народаў да маральнай мабілізацыі ў выпадках абразы іх маральных пачуццяў, прыводзіць да знешнепалітычных памылак ці нават правалаў.
Маральны фактар шматкроць ўзмацняе сілы і матывацыю грамадстваў. У выніку, меньш забяспечаная рэсурсамі і меньшая па колькасці насельніцтва краіна перамагае больш матэрыяльна моцнага і шматлікага агрэсара, звышдзяржаве прыходзіцца плаціць за перамір'е рэжыму рэлігійных фанатыкаў з разгромленай арміяй, а звычайныя грамадзяне выкідваюць аўтакратаў на звалку гісторыі.
2 021
СІГНАЛ РАКЕТАМІ
Падвойны ўдар Масквы па Кіева-Пячэрскай Лаўры - гэта не толькі ўдар па сімвалу праваслаўных веры і гісторыі ўсяго ўсходняга славянства. Гэта яшчэ сігнал аб тым , што для ядзернай бамбардзіроўкі "цэнтраў прыняцця рашэнняў Украіны" у Масквы не засталося маральных бар'ераў. Але спроба запалохвання такой цаной сведчыць мае дадатковыя наступствы. Казаць пасля гэтага пра "триединый русский народ с единой верой", пра пачатак расійскай гісторыі з Кіеўскай Русі неяк ужо не выпадае. Такі яўна невыпадковы замах на раней агульныя для трох нацый святыні падрывае пазіцыі Маскоўскага патрыярхату за межамі РФ і робіць лёс прамаскоўскага праваслаў'я, яе мінімум ва Ўкраіне, прадвызначаным.
Пасутнасці - гэта канчатковая адмова ад сапраўднай мэты агрэсіі - вяртання Маскве Ўкраіны дзеля больш сціплай мэты - поўнай акупацыі Данбаса.
Я назваў бы гэтае святатацтва яшчэ і жэстам адчаю ад немагчымасці дасягнення нават той "сціплай" мэты.
2 021
Безумоўна, і ў гэтай сістэмы ёсьць ўразлівыя кропкі. На мой погляд, гэта, найперш, аналіз відэадоказаў знішчэння варожай жывой сілы ды тэхнікі, дзе ёсць прастора для суб'ектыўных высноваў. Але ў будучыні гэта задача можа быць перададзена штучнаму інтэлекту.
Ёсць красамоўныя гістарычныя прыклады важнасці гэтай задачы. Напрыклад, падчас Другой сусветнай вайны амерыканскія саюзнікі прапанавалі Савецкаму Саюзу, акрамя сваіх самалётаў-знішчальнікаў, пастаўляць для іх яшчэ і фотакулямёты - кінакамеры, якія ўключаліся пры націсканні пілотам на гашэткі самалётных гармат ці кулямётаў, каб зафіксаваць, ці быў насамрэч збіты варожы самалёт. Але савецкія прадстаўнікі горда адмовіліся - маўляў, у нас усе лётчыкі - камуністы ці камсамольцы. І яны не стануць хлусіць, збілі яны варожы самалёт ці не. Але праз пэўны час, калі колькасць збітых, згодна з дакладамі з савецкіх авіцыйных частак, нямецкіх самалётаў разоў у пяць перавысіла агульны склад Люфтваффе, хоць, пры гэтым, апошнія па-ранейшаму дамінавалі ў паветры, савецкія прадстаўнікі ўсё ж папрасілі амэрыканцаў паставіць ім тыя фотакулямёты. Пасля гэтага "дакладзеная" баявая эфектыўнасць "сталінскіх сокалаў" ўпала ў разы.
Не ведаю, хто канкрэтна ва Ўкраіне прапанаваў гэту ўнікальную ў свеце ваенна-эканамічную сістэму, заснаваную на прынцыпах свабоднага рынку. Але гэты чалавек не толькі глыбока разумеў украінскую ментальнасць і рэальнасць, але і здолеў стварыць геніяльную сістэму, што дзеля перамогі актывізавала моцныя бакі гэтай ментальнасці пры нейтралізацыі адмоўных рысаў існуючай рэальнасці.
2 021
СВАБОДНЫ РЫНАК, ЯК ФАКТАР ПЕРАМОГІ
Звычайна, нават у дэмакратычных краінах са свабоднай эканомікай падчас вялікай вайны для рэгуляцыі эканамічных працэсаў улады пераходзяць да камандных метадаў кіравання. Прыватным прадпрыемствам даводзяць, якую ваенную прадукцыю і ў якой колькасці выпускаць. Працэс жа стварэння ўзораў гэтай прадукцыі ды прыняцця іх на ўзбраенне - вельмі складаны і доўгі па часе бюракратычны працэс. І не факт, што прынятая на ўзбраенне, зробленая на заводзе ваенная тэхніка будзе мець перавагу над аналагічнай тэхнікай праціўніка. Асабліва падчас гонкі ўзбраенняў, калі кожны бок імкнецца мадэрнізаваць сваю ваенную тэхніку з улікам досведу баявых дзеянняў і дасягненняў праціўніка. Але ў вайскоўцаў выбару няма - бяры, што даюць, нам відней, што даваць. Мне было важна даведацца, як кіруецца і працуе на вайну эканоміка абодвух бакоў расійска-украінскай вайны.
З расійскага боку ўсё блізка да традыцыйных метадаў. У большасці дзяржаўныя навукова-даследчыя інстытуты ды канструктарскія бюро распрацоўваюць новыя ўзоры ўзбраення ці прапануюць мадэрнізацыі існуючых. Заводы, таксама, пераважна, дзяржаўныя, выконваюць заданні па вытворчасці ці мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі, штабы размяркоўваюць яе па войскам.
Украінская, пераважна, прыватная эканоміка, арганізаваная для выканання ваенных задач па іншаму. Яшчэ да вайны я атрымаў у турме ліст ад беларускай дзяўчыны, якая апынулася ў эміграцыі ва Ўкраіне ў Ірпені пад Кіевам. Спадзяюся, што яна паспела эвакуявацца да захопу гэтага гораду расійцамі. Дзяўчына пісала, што ва Украіне яе ўразілі дзве рэчы: найперш, надзвычай эфектыўны прыватны малы і сярэдні бізнэс ды ўсеагульная карупцыя дзяржаўных устаноў. Апошняе не было для мяне навіной - я ведаў пра гэта яшчэ з савецкіх часоў. І ведаў, што ўкраінскі бізнэс навучыўся абыходзіць бюракратычныя рагаткі з дапамогай хабару. Там прынята змазваць шасцярэнькі непаваротлівага дзяржаўнага механізму, каб ён круціўся ў патрэбны бок. Але як сумясцілі ўласцівую ўкраінцам прадпрымальнасць, ўжо развітыя досвед і энэргію прыватнай ініцыятывы з карумпаваным дзяржаўным механізмам, каб войскі атрымоўвалі лепшую зброю, а не тую, за якую далі большы хабар, я не ведаў, пакуль не прачытаў, што вырабленыя ўкраінскімі прыватнымі прадпрыемствамі ваенная тэхніка і рыштунак выстаўляюцца на адмысловай электроннай пляцоўцы "Brave1 Market", адкуль набываюцца камандзірамі пэўных правераных вайсковых частак за балы, налічаныя гэтым часткам. Пастаўка набытага адбываецца на працягу двух тыдняў. Балы налічваюцца кожнай частцы, пасля праверкі відэадоказаў, за знішчаных варожых салдат ды баявую тэхніку па ўсталяванай зверху сістэме Army of Drones bonus - колькі балаў за якую знішчаную тэхніку ці салдат налічваецца. Напрыклад, за знішчаны танк налічваецца 40 балаў, за забітага праціўніка - 6 балаў. Дрон тыпу Vampire можна набыць за 43 балы. І каб зарыентаваць войскі знішчаць у першую чаргу пэўны від цэляў цяпер не трэба даводзіць войскам грозныя загады ці дырэктывы. Дастаткова толькі падняць бал за знішчэнне гэтага віду цэляў.
Натуральна, што камандзіры імкнуцца набыць найбольш патрэбную ды эфэктыўную тэхніку, каб мець найбольшую баявую эфектыўнасць і зарабіць як мага больш балаў. Таму прадаўцы лепшай ваеннай тэхнікі атрымоўваюць больш балаў, якія пераводзяцца дзяржавай у грошы, а лепшыя вайсковыя часткі - лепшую забяспечанасць лепшымі ўзорамі ўзбраення. З'явілася нешта кшталту адкрытага для сваіх рынку ўзбраеньняў, арыентаванага на патрэбы вайсковых "пакупнікоў", што прымушае прамысловых "прадаўцоў" канкураваць паміж сабой і ўвесь час працаваць над ўдасканаленнем узбраенняў з улікам меркаванняў войскаў. Атрымалася вельмі гнуткая, аператыўная і эфектыўная ваенна-эканамічная сістэма з мінімальным уключэннем бюракратычнага, а значыць - карупцыйнага складніка. Таму, мабыць, Украіна і выйграе на дадзены момант у ваенна-тэхналагічнай гонцы з Расіяй. Тым болей, што ўкраінскія прадпрыемствы, адрозна ад расійскіх, не маюць абмежаванняў для набыцця на сусветным рынку кампанентаў, з якіх збіраецца дамінуючая зараз на полі бою зброя - дроны ўсіх відаў ды прызначэнняў.
2 021
ПЛЯСКІ З БОМБАМІ АЛЬБО БЕСАЎШЧЫНА.
Днямі ў Санкт-Пецярбургу адбыўся эканамічны форум, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі расійскіх кіроўных і эканамічных эліт. У некаторых з дакладаў, зробленых на форуме, прагучалі, па сутнасці, заклікі да прымянення Масквой ядзернай зброі. Калі такія заклікі гучаць на самым прадстаўнічым дзяржаўным мерапрыемстве Расіі ды ў афіцыйных дакладах на ім, то гэта выразны сігнал свету пра гатоўнасць расійскіх уладаў перавесці свой канфлікт з Захадам у ядзерны фармат. Нават калі гэта толькі спроба запалохвання, то яна ўжо дэманструе рэальнасць такога развіцця падзей. На што разлічваюць сапраўдныя ініцыятары гэтых "плясак з ядзернымі бомбамі"? Напалохаць Захад? Але ці спыніць гэта яго ад падтрымкі Ўкраіны? Хутчэй наадварот. Ўбачыўшы відавочную неадэкватнасць кіраўніцтва ядзернай дзяржавы там, па-першае, ўзмоцняць дапамогу ўкраінцам у спадзяванні, што яны спыняць неадэкватаў яшчэ на подступах да краін NATO. Па-другое, рэальная ядзерная пагроза ад Масквы прымусіць Захад рыхтаваць таксама ядзерны адказ, каб зрабіць цану ядзернай агрэсіі супраць NATO непрымальнай для агрэсара. І вось ужо Францыя заключае дамовы з суседнімі з Расіяй краінамі NATO пра размяшчэнне на іх тэрыторыі ў пагражальны перыяд французскай ядзернай зброі. Вось ужо ЗША вядуць перамовы з Літвой наконт размяшчэння на яе тэрыторыі амерыканскай ядзернай зброі. Лічу, што цяпер над магчымасцю стварэння такой зброі не можа не думаць кіраўніцтва Ўкраіны, бо інакш ядзерны шантаж стане пастаяннай часткай ўкраінска-расійскіх адносін.
Для Беларусі можа стварыцца такая сітуацыя, што ўсе дзяржавы вакол нас будуць мець ядзерную зброю. Такую ж, як і тая, што ўжо размешчаная на нашай зямлі. Толькі нашы суседзі будуць у крызісных сітуацыях самі прымаць рашэнне на прымяненне гэтай зброі, а Беларусь зробіць мішэнню для іх зваротных ядзерных удараў Масква, нават не папярэдзіўшы нас пра гэта.
Галоўнае пытаньне, якое ўзнікае - а які ж сэнс бачаць у Крамлі ў гэтым узаемным ядзерным самазнішчэнні? Што, ўкраінцы перастануць ненавідзець Расію за ўсё зробленае ім, ды, абтрэсваючы радыёактыўны попел, пабягуць у "Союзное государство", ужо засыпанае такім жа попелам? Ці гэтыя забойствы і пакуты мільёнаў будуць дзеля некалькі сотняў квадратных кіламетраў радыёактыўнай зямлі, захоп якой дазволіць аб'явіць сябе пераможцамі і "падняць рэйтынг"?
Найбольш уразіла мяне тое, што гэтыя нялюдскія планы з трыбуны санкт-пецярбургскага форума агучвалі персанажы, якія самі сябе называюць "праваслаўнымі". "Праваслаўнымі" кім? Калі праваслаўнымі хрысціянамі, то да веры, якую нёс людзям Хрыстос, іх планы маюць такое ж дачыненне, як пекла да раю. Я лічу, што з пункту гледжання каштоўнасцяў праваслаўнага, як і любога іншага хрысціянства, гэтыя выканаўцы "плясак з ядзернымі бомбамі" проста ўпалі ў бесаўшчыну. Хацелася б пачуць на гэты конт меркаванне кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату. Мо, гэта якраз той выпадак, калі варта ўспомніць пра анафему?
2 021
ЛЁС "СТУКАЧОЎ"
Адзін з маіх знаёмых, які жыве за межамі Беларусі, пацікавіўся маім меркаваннем па пытанню, што дыскутуецца ў Сеціве - ці варта праваабаронцам аказваць матэрыяльную дапамогу былым палітвязням, якія ў калоніях супрацоўнічалі з адміністрацыяй і даносілі ёй на іншых палітвязняў. Карацей, былі "стукачамі", як такіх называюць. На мой погляд, гэта пытанне найперш да донараў, якія фундуюць гэтую дапамогу, па якіх зададзеных імі крытэрыях яна павінна размяркоўвацца. Але трэба ўлічваць, што хоць у калоніі вязьні звычайна ведаюць тых, хто "ходзіць у штаб" да аператыўных супрацоўнікаў, бо там такое цяжка схаваць, але патрэбны сведчанні, як мінімум, некалькіх арыштантаў з добрай рэпутацыяй. Бо ў такой справе магчымыя і агаворы на тле асабістай непрыязнасці. Ды й "службы" любяць пагуляць у такія гульні. Да прыкладу, часта крыніцамі плётак пра нібыта "супрацоўніцтва" некага з КГБ з'яўляюцца "сексоты" КГБ.
Але самая вялікая праблема не ў гэтым. Калі нехта робіцца нават дробным "стукачом" у калоніі, каб палепшыць сваю сітуацыю, то ён садзіцца на кручок на ўсё жыццё. Калі гэта звычайны крымінальнік, то пасля вызвалення дадзеныя пра яго "стукацтва" перадаюцца ў РАУС па месцы жыхарства. Там яго прымушаюць працягваць даносіць на сваіх знаёмых ды сяброў ужо мясцовай міліцыі. А бывае, што такіх "падводзяць" і да "палітычных". Дасье ж на вызваляемых "стукачоў", якія даносілі на сваіх таварышаў у калоніі, перадаюцца КГБ. Іх могуць зрабіць "сексотамі" перад вызваленнем. Потым знаходзяць і за мяжой, бо Інтэрнэт дазваляе, і прапануюць працягнуць "супрацоўніцтва". Пры адмове пагражаюць блізкім, што засталіся ў Беларусі, ці апублікаваць у Сеціве відэадоказ даносаў у калоніі. Калі былы "стукач" ці "сексот" пагаджаюцца, то ператвараюцца ўжо ў "шпіёна" замежнай дзяржавы ў краіне знаходжання. А значыць - у злачынцу па мясцовым законам з перспектывай новага зняволення. Вось такі лёс наканаваны "стукачам" - тым, хто вырашыў палепшыць сваё становішча коштам яго пагаршэння ў іншых. Галоўная праблема не ў тым, ці аказваць дапамогу тым, каго выкрылі, як "стукача", а ў бяспецы тых праваабаронцаў, якія яму гэту дапамогу арганізуюць і іх блізкіх на Радзіме. Бо людзі, якія прайшлі гэты шлях ад "стукачоў" да "шпіёнаў", маральных тармазоў ужо не маюць - здадуць і тых, хто ім дапамагае. Ну, няхай праваабаронцы самі вырашаць, як з такімі працаваць. Астатнім жа я рэкамендую трымацца ад такіх як мага далей.
2 021
Дыяспара можа бараніць правы сваіх членаў, аказваць дапамогу новым уцекачам з гістарычнай Радзімы, дапамагаць вязням і дысідэнтам, праводзіць акцыі ў краінах знаходжання, каб прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да праблем сваёй Радзімы. Урэшце, быць голасам свайго паняволенага народу ў свеце. А са з'яўленнем Інтэрнэту - нават весці інфармацыйную барацьбу з рэжымам. Пажадана, каб дыяспара была арганізаваная. Але, каб эмігранты ўдзельнічалі ў яе дзейнасці, а не занурваліся толькі ў сваё асабістае жыццё, іх арганізацыі павінны функцыянаваць празрыста і з улікам меркаванняў суайчыннікаў. Недавер, падазрэнне ў карупцыі кіраўнікоў, дэманстрацыя імі бытавой раскошы з'яўляюцца падарункам для службаў рэжыма, якія карыстаюцца імі для распальвання незадаволенасці і разбурэння адзінства. Якім чынам арганізаваць дзейнасць дыяспары - справа, найперш, тых нашых землякоў, якія не сваёй воляй апынуліся за мяжой. Але, каб не было самападману, дарэмных прэтэнзій і беспадстаўных спадзяванняў, раю выправіць імёны. Каб гэта за вас не рабілі іншыя. Той жа прэзідэнт Украіны, напрыклад.
2 021
ВЫПРАВІЦЬ ІМЁНЫ
Недзе болей за дзве з паловай тысячы год таму ў Кітаі быў запісаны наступны дыялог.
Цзы Лу спытаў: "Вэйскі правіцель мае намер прыцягнуць Вас да кіравання дзяржавай. Што Вы зробіце найперш?"
Канфуцый адказаў: "Неабходна пачаць з выпраўлення імёнаў".
Цзы Лу спытаў: "Вы пачынаеце здалёк. Навошта трэба выпраўляць імёны?"
Канфуцый адказаў: "Калі імёны няправільныя, то словы не маюць пад сабой падстаў. Калі словы не маюць пад сабой падстаў, то справы не могуць ажыццяўляцца".
Гэта я да чаго. За час майго апошняга зняволення сітуацыя кардынальна памянялася. Была праведзена масіраваная спецаперацыя сілавых структур па прымушэнню да эміграцыі сотняў тысяч нашых суайчыннікаў. Адбылася "зачыстка" ад незадаволеных у спадзяванні на пакорлівасць астатніх. Грамадская актыўнасць у краіне падаўлена. Таму публічнае грамадска-палітычнае жыццё беларусаў перамясцілася за мяжу. Там палітычная эміграцыя спрабуе аднавіць у эрзац-форме звыклую для сябе дзейнасць. З іншага боку мяжы гэта часта выглядае крыху дзіўнавата. Палітычная эміграцыя называе сябе беларускімі дэмакратычнымі сіламі, ўтварае нейкія квазі-партыі з некалькіх дзесяткаў членаў, праводзіць выбары ў нешта кшталту квазі-парламенту "беларускіх дэмсіл", нават мае "лідарку беларускіх дэмсіл". Мяне адразу ж ўразіла гэтая неадпаведнасць паміж рэальным станам рэчаў і саманазвамі ўсіх пералічаных інстытуцый. Праўда, некаторыя з кіраўнікоў створанай сістэмы называюць яе больш адэкватна - "дыяспарай", але не часта. Міжволі ўзгадваецца Канфуцый.
Гэта дадзенасць, што за мяжой апынулася столькі разумных і актыўных суайчыннікаў. І трэба думаць, як скарыстаць гэтую трагедыю на карысць дэмакратычнай будучыні Беларусі. Зараз і ў той будучыні, калі накопленыя ў развітых краінах веды і досвед змогуць быць запатрабаваны на роднай зямлі. Вось я тут і спатыкнуўся на тым, што трэба неяк жа назваць гэтых нашых людзей за мяжой. Назву "дэмсілы" я адразу адкідаю. Бо, калі пад ёй маюцца на ўвазе нейкія дэманічныя сілы, то бесаўшчына - гэта не наша. Ды й ніколі не чуў, каб нехта з тых, каго называюць кіраўнікамі тых дэмсіл, скакаў з бубнам ці шаптаў заклінанні. З назвы ж "беларускія дэмакратычныя сілы" літаральна вынікае, што ўсе беларускія дэмакраты апынуліся за мяжой і змагаюцца за дэмакратыю ў краінах знаходжання супраць мясцовых недэмакратычных рэжымаў. А на тэрыторыі гістарычнай Радзімы іх не засталося. Але гэта для мяне абсалютна бясспрэчная няпраўда. Мне гэта відно без усялякіх апытанняў, бо я сам па сабе добры індыкатар - дастаткова проста з'явіцца ў людным месцы. Тут іх, на мой погляд, не раўнуючы болей за 2 тысячы. Не ўсіх жа атрымалася выперці з роднай краіны. Яны не арганізаваныя ў нейкія структуры, што ва ўмовах вайны супраць народа цалкам зразумела. Хутчэй, гэта асобы дэмакратычных перакананняў, але яны тут у большасці. І пры больш спрыяльных умовах могуць выявіць з сябе масавыя дэмакратычныя сілы. Толькі ці захочуць яны прызнаваць "лідарамі" тых, хто прэтэндуе на гэта з "бяспечнага далёка"? Лідэр - гэта не пасада, а характарыстыка чалавека, які ўмее весці за сабой іншых людзей да канкрэтнай мэты, не зважаючы на небяспеку для сябе. Лідэры масавых уцёкаў не лічацца. Паглядзіце гісторыю той жа Польшчы. Падчас ўвядзення ваеннага становішча генералам Ярузельскім, лідарам апазіцыі прапанавалі выбіраць паміж турмой і эміграцыяй. Усе тыя, хто выбралі эміграцыю, прайгралі на першых жа дэмакратычных выбарах.
Такім чынам, ўсё становіцца на свае месцы, калі скарыстаць другі саманазоў - дыяспара. Дыяспара такіх памераў і якасці, як наша, мае каласальны патэнцыял. У свеце вядомыя народы, у лёсе якіх дыяспары адыгралі вялізарную ролю. Да прыкладу - гэта армянская дыяспара. А яўрэйская дыяспара ўнесла вялікі ўнёсак у аднаўленне сваёй гістарычнай дзяржаы, стала крыніцай кадраў для яе і дагэтуль аказвае ёй неацэнную падтрымку.
2 021
Я вельмі шкадую людзей, якія апынуліся за кратамі за свае перакананні, і шчыра радуюся іх вызваленню. Асабліва балючае для мяне тое, што ў зняволенні яшчэ знаходзяцца сотні жанчын, якім шматкроць цяжэй гэта перажываць, чым мужчынам. Я ўдзячны намаганням усіх, хто спрычыняецца да вызвалення палітвязняў. Але гэта "любой цаной" значыць проста "ратацыю" палітвязняў ва ўсё большых масштабах, а ў перспектыве - ператварэнне ўсёй краіны ў вялікую турэмную "зону". Таму заклік: "Вызваліце маю сяброўку любой цаной, бо яна цудоўны чалавек і ёй там вельмі цяжка", трэба сумленна дапаўняць: "Хай лепш замест яе пасадзяць іншую жанчыну, якую я не ведаю. Мне так будзе спакайней".
Да таго ж, у зняволенні апынуліся розныя людзі. Нехта ішоў на пратэст і рызыку зняволення свядома, а хто патрапіў за краты выпадкова, бо машына рэпрэсій шырока грабе. І ставяцца яны да магчымасці зрабіцца аб'ектам "здзелкі" па рознаму. Некаму, галоўнае, што на волі, ды калі яшчэ за мяжой, то ўвогуле супер - "Я сваё адсядзеў, цяпер хай іншыя".
А для некага, хто знаходзіў сэнс у сваім зьняволеньні, як працягу барацьбы за свабоду краіны, справядліва мяркуючы, што рэжым нясе страты з-за яго зняволення, стаць сродкам фінансавання рэжыма, супраць якога ён змагаўся, і паняволення сваёй краіны, якую ён хацеў вызваліць, - невыносная думка. Ён ужо прынёс сваю ахвяру, здзейсніў свой подзвіг. А ператварэнне ў аб'ект "здзелкі", продаж, як скота на базары, як нявольніка на рынку, абясцэньвае яго подзвіг.
Так, вызваленне, але не "любой цаной".
Не абесцэньвайце людзскія пакуты, стойкасць і мужнасць лепшых.
Не забірайце будучыню ў мільёнаў.
2 021
АБЯСЦЭНІЦЬ "ЛЮБОЙ ЦАНОЙ"
Турма - абсалютна ненатуральнае месца для чалавечых істот. Таму ўсе вязні мараць як найхутчэй апынуцца на волі, а патрабаванне "свабоду палітвязням любой цаной!" падаецца зразумелым і цалкам слушным.
Асабліва для блізкіх і сяброў палітвязняў. Але ў гэтай справе за дзесяцігоддзі з часоў з'яўлення ў нашай краіне палітвязняў выявіліся пэўныя заканамернасці і тэндэнцыі. Я магу меркаваць пра іх па ўласным досведзе, бо ўжо тройчы выходзіў на свабоду датэрмінова, як палітвязень. Людзі робяцца палітвязьнямі, бо не могуць больш мірыцца з парадкамі, ўсталяванымі рэжымам, які народ не абіраў. Яны пратэстуюць супраць такіх парадкаў, патрабуюць сапраўдных выбараў і трапляюць ва ўстановы пенітэнцыярнай сістэмы рэжыма. Дэмакратычныя краіны спачатку падтрымліваюць палітычныя патрабаванні пратэстоўцаў, а потым пераключаюцца на патрабаванні вызвалення палітвязняў. Ўводзяцца санкцыі, пачынаюцца дыпламатычныя кантакты заходніх краін з рэжымам, каб дамагчыся вызвалення палітвязняў. Прадстаўнікі рэжыма ахвотна ідуць на такія кантакты, якія ператвараюцца ў гандаль пра адмену санкцый за вызваленне людзей. Пра прычыны, з-за якіх людзі выйшлі на пратэсты і сталі палітвязнямі, неяк забываецца. Тым болей, што прадстаўнікі рэжыма даводзяць пра пагрозы незалежнасці з боку Масквы, пра адсутнасць палітычнага манёўра ў рэжыма з-за санкцый, якія замінаюць абараніць незалежнасць. Пасля гэтага на заходнім баку непазбежна з'яўляецца чарговы "малады геній", які прапануе простую, як граблі, ідэю - мы не можам прымусіць гэты рэжым да дэмакратыі, але мы можам адарваць Беларусь ад Масквы. Варта толькі дамовіцца, каб ён адмовіўся ад найбольш адыёзных дзеянняў - напрыклад, вызваліў палітвязняў, бо інакш з ім няёмка мець справы. А тады мы адменім санкцыі і пачнем развіваць з ім эканамічныя стасункі, каб дапамагчы яму здзейсніць яго жаданне - адарвацца ад Масквы. Дамова дасягаецца, палітвязні вызваляюцца, санкцыі здымаюцца. Рэжым і яго новыя партнёры атрымоўваюць дадатковыя прыбыткі, ад Масквы рэжым не адрываецца, хутчэй, наадварот, бо не могуць жа сіямскія блізняты адарвацца адзін ад аднаго.
Але ёсць яшчэ народ, які ўсё больш прагне свабоды. Людзі выходзяць на ўсё больш масавыя пратэсты, нягледзячы на непублічна выказваемую іх арганізатарам незадаволенасць з боку заходніх палітыкаў. Я ведаю, пра што кажу. Рэжым палохаецца ўсё болей, закручвае гайкі ўсё мацней, палітвязняў робіцца ўсё болей, Захад ўводзіць санкцыі, пачынаюцца дыпламатычныя кантакты, а як далей, вы ўжо ведаеце. І так па колу. Гэта пра заканамернасці. Але ёсць яшчэ тэндэнцыі. З кожным колам гіне ўсё больш пратэстоўцаў. Колькасць палітвязняў расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Павялічваюцца турэмныя тэрміны, больш жорсткімі робяцца катаванні зняволеных. Стварылася ўражанне, што адносна Беларусі заходнія палітыкі ўпарта ходзяць па граблям, толькі б'юць гэтыя граблі нас і кожны раз ўсё больш балюча.
Першы раз мяне, дзякуючы дамоўленасці Захада з рэжымам, вызвалілі пасля двух год "хіміі" на два месяцы раней тэрміну. Не дробязь, бо мне ўжо наўпрост сказалі, што за гэтыя два месяцы мяне за "парушэнні" адправяць з "хіміі" ў калонію.
Другі раз я з 6 год тэрміна адседзеў меньш за 5. І гэта быў няпросты час, за які я паспеў двойчы пабываць у "крытай" турме. Але зноў дамоўленасці, ці, як любяць казаць зараз, "здзелкі", і мяне вызвалілі.
Трэці раз тэрмін быў ужо 14 год, з якіх адбыў каля шасці і апынуўся дома ў няпэўным юрыдычным статусе пасля справакаванага ў зняволенні інсульту. Толькі адно памянялася - пазіцыя суседніх еўрапейскіх краін. Мабыць, пасля лютага 2022 года там нарэшце зразумелі рэальны кошт слоў пра "адрыў" ад Масквы і занялі прынцыповую пазіцыю.
Цяпер зноў вернемся да патрабавання "свабоду палітвязням любой цаной!" Калі па першай частцы патрабавання пытанняў няма, то да "любой цаны" яны ёсць. Для спецыялістаў па "здзелкам" цана - гэта заўсёды пра грошы. А грошы ў нашай сітуацыі - гэта ўзмацненне машыны рэпрэсій, больш палітвязняў і меньш шанцаў у мільёнаў беларусаў на вольнае ад страху рэпрэсій жыццё ў сваёй нармальнай краіне.
2 021
З АСАБІСТАГА АРХІВА:
"Некаторыя тут кажуць, што пабудавалі дзяржаву. Увесь свет ужо пабачыў тую дзяржаву. Ад якой невядома што застанецца, як прыйдзецца выконваць абяцанкі асноўнаму "донару". Мы ж 30 год фармавалі, будавалі нацыю. Будавалі прыкладам змагання, учынкамі і ахвярамі. І цяпер бачым, што атрымалася. Такая нацыя пабудуе сабе паспяховую, самадастатковую дзяржаву, заснаваную на павазе да правоў і годнасці кожнага. З падкантрольнай народу і празрыстай для яго ўладай."
З ліста да жонкі ад 20.09.2020 года.
СІЗА-8, г. Жодзіна.
2 021
Перад іх прымяненнем боегалоўкі калонамі закрытых грузавых аўтамабіляў пад аховай развозяцца да сродкаў іх прымянення - самалётаў ці ракет. Сама гэта дастаўка перыядычна трэніруецца. Але такія трэніроўкі маюць і іншы сэнс. Вываз нечага з цэнтралізаваных сховішчаў адразу ж выяўляецца сродкамі касмічнай выведкі краін NATO. Адразу ж узнікае пытанне, што яны вывозяць - сапраўдныя боегалоўкі ці іх макеты. Усе ж разумеюць, што пачатак ядзернага нападу будзе замаскіраваны пад такую трэніроўку. Таму сама трэніроўка ўжо з'яўляецца пагрозай ядзерным нападам. Пасля пачатку расійска-украінскай вайны Пуцін неаднаразова аб'яўляў такія трэніроўкі ў маштабах усёй Расіі, каб напалохаць Захад і прымусіць яго спыніць падтрымку Ўкраіны. Але ядзерная трэніроўка толькі ў Беларусі гэта пагроза, найперш, Еўропе. У першую чаргу, Ўкраіне і суседнім краінам NATO.
ЗША гэтая пагроза не тычыцца, бо нават мадыфікаваны пад "Арэшнік" "Ярс" туды з Беларусі проста не даляціць. Так робіцца ў спадзяванні, што пры сённяшняй адміністрацыі Амерыка не ўмяшаецца пры ядзерным нападзе на еўрапейскія краіны NATO ці Ўкраіну. Пры папярэдняй адміністрацыі не пасмелі б, а цяпер лічаць, што можна. Асаблівасць частых пагроз у тым, што яны зніжаюць псіхалагічны парог іх рэалізацыі і таму раней ці пазней могуць быць здзейснены. Пра наступствы для Беларусі і пагрозу краінам Балтыі я ўжо пісаў на гэтым канале адразу пасля вызвалення.
Цяпер наконт небяспекі для Ўкраіны. На мой погляд, мажлівыя два варыянты ядзернага ўдару па ёй. Каля лініі фронта, каб дэмаралізаваць ці знішчыць абарону. Але як рабіць гэта на Данбасе, які, згодна з расійскай Канстытуцыяй, лічыцца ўжо часткай РФ. Рабіць непрыдатнай для жыцця частку РФ - які тады сэнс у такім "вызваленні"?
Нанесці ж удар па "цэнтрам прыняцця рашэнняў", гэта значыць знішчыць цэнтр і святыні "матери городов русских". А як жа з расійскім гістарычным міфам? Севастопальскія "новаробы" не ў лік. І помнік князю Уладзіміру з Масквы прыйдзецца прыбраць.
З іншых аргументаў супраць удара - поўная міжнародная ізаляцыя РФ, але ж яна і так блізкая да таго. Пра маральныя абмежаванні зараз лепей і не ўзгадваць.
Я вымушаны рабіць такія страшныя прагнозы, каб паменшыць імавернасць іх рэалізацыі. Меньш за ўсё хацеў бы, каб яны спраўдзілася.
2 021
ВАРЫЯНТЫ ПРАЦЯГУ ВАЙНЫ
Калі раней расійская афіцыйная прапаганда неяк яшчэ магла падтрымліваць у сваіх спажыўцоў веру ў хуткую перамогу над Украінай, то пасля здзеклівага дазволу прэзыдэнта Зяленскага на скукожанае святкаванне сакральнай для расійцаў даты 9 мая і масавага зваротнага ўдару ўкраінскіх беспілотнікаў па Маскве ўтойваць рэальны стан рэчаў стала немагчымым. Па аўтарытэце Крамля ў вачах падданых быў нанесены магутны ўдар, што ў вачах насельнікаў Крамля з'яўляецца ганьбай і пагрозай адначасова. Магчыма, гэтыя падзеі прымусяць іх больш рэальна ацэньваць хаду і перспектывы вайны.
Галоўная з высноў - Украіна здолела перавесці вайну на іншы тэхналагічы ўзровень, дзе, дзякуючы дапамозе сваіх еўрапейскіх саюзнікаў, энэргіі свайго вольнага бізнесу і таленту інжынераў, атрымлівае перавагу.
Няцяжка ацаніць пэрспэктывы разьвіцьця падзей. Памылка ў ацэнцы матываў еўрапейскіх краін, якія ад пачатку канфлікту лічыліся Масквой толькі пакорлівымі марыянеткамі Вашынгтона, вядзе да таго, што іх падтрымка Украіны не спыняецца, незалежна на спадзяванні Крамля на змены ў пазіцыі Амэрыкі.
Гэта значыць, што фінансавая, ваенная, тэхналагічная і палітычная дапамога Кіеву будзе толькі нарастаць, не зважаючы на пазіцыю Вашынгтона.
Гэта значыць, што тэхналагічная перавага Украіны на полі бою, абапіраючыся на практычна неабмежаванае забеспячэнне фінансамі, электроннымі, а пры патрэбе, і механічнымі кампанентамі будзе толькі расці.
Гэта значыць, што ўкраінцы ў хуткім часе здолеюць нівеліраваць за кошт паветраных і наземных дронаў колькасную перавагу Расіі, на якую так спадзявалася Масква.
Гэта значыць, што УСУ здолеюць ужо ў наступным зімнем сезоне наносіць нічым не абмежаваныя ўдары ўласнымі балістычнымі ракетамі па энэргетычным аб'ектам РФ, што ва ўмовах расійскай зімы, не раўнуй нашмат больш халоднай за ўкраінскую, можа прывесці да масштабных гуманітарных катастроф у Расіі.
Гэта значыць, што Ўкраіна хутка здолее разгарнуць уласныя арбітальныя групоўкі спадарожнікаў для выведкі і сувязі.
Урэшце, усё гэта значыць тупіковую ваенную сітуацыю для Масквы, калі там не будуць знойдзеныя новыя, больш эфектыўныя варыянты працягу вайны.
Якія гэта могуць быць варыянты:
1) Мабілізацыя. Але ва ўмовах росту тэхналагічнай перавагі Украіны на полі бою яна можа прывесьці толькі да рэзкага павелічэння баявых страт, незадаволенасці ў грамадстве, эміграцыі мужчын, росту выдаткаў на выплаты сем'ям загінулых, змяншэнню колькасці занятых у эканоміцы.
2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі. Паўтор аперацыі 2022 года пры адсутнасці фактару раптоўнасці і гатоўнасці ўкраінскага боку не атрымаецца. Прымушэнне да ўдзелу ў вайне беларускага рэжыму вялікай карысці не прынясе, бо нават напад ўсіх 23 тысяч сухапутных войскаў Беларусі пры адсутнасці ў іх баявога досведу, навыкаў масавага баявога прымянення дронаў, ды і неабходнай колькасці саміх дронаў прывядзе толькі да знішчэння нафтаперапрацоўчых заводаў, бліжэйшых чыгуначных станцый ды блакавання маршрутаў забеспячэння групоўкі ўварвання. І ў выніку - да яе знішчэння. Шматлікія "спецназы" ўнутраных войскаў, навучаныя для разгону бяззбройных дэманстрантаў ды затрымання ўзброеных кухонным нажом п'яных зламыснікаў, толькі падвысяць лік баявых страт. Масавая ж мабілізацыя людзей, якія ў сваёй масе хочуць палітычных перамен, можа прывесці толькі да масавай здачы ў палон ці пераходу цэлых падраздзяленняў на супрацьлеглы бок, ці, нават, да ўзброеных мяцяжоў. Карацей, лепш і не спрабаваць.
3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Пагрозы гэтага ўжо прагучалі напярэдадні параду 9 мая. Не сумняюся, што "дазвол" Зяленскага на парад 9 мая расейскія генералы ўжо трактавалі свайму галоўнаму начальніку, як вымушаны страхам перад пагрозай ядзернай зброяй. Таму гэтыя пагрозы будуць працягвацца. Найбольш эфектыўным відам такіх пагроз у Крамлі лічаць трэніроўкі па баявому прымяненню ядзернай зброі. Звычайна ядзерныя боегалоўкі ў расійскім войску, адрозна ад NATO, захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава.
2 021
Пасля вызвалення звярнула ўвагу велізарная колькасць афіцыйных сцягоў, якімі пазначаны літаральна кожны слуп і нават сцены многіх будынкаў. Разумею, што гэта працяглая рэфлексія на 2020 год, калі бела-чырвона-белыя сцягі таксама былі паўсюдна. Здаецца, што ўлады не разумеюць розніцы паміж ініцыятывай грамадзян, рэалізаванай іх уласнымі намаганнямі і за свой кошт, і дзяржаўным мерапрыемствам, арганізаваным дзяржаўнымі службоўцамі за дзяржаўны кошт. Але людзі бачаць розніцу і выдатна разумеюць прычыны гэтага "масавага пазначэння". У выніку яго арганізатары дасягнулі супрацьлеглага ад жаданага выніку - афіцыйныя сцягі толькі нагадваюць пра тыя, што былі на іх месцы. З-за жорсткага пераследу яго носьбітаў, сцяг колераў гістарычнага 900-гадовага герба нашых земляў ці не ўпершыню заняў трывалае месца ў масавай свядомасці беларусаў. І нічым яго адтуль ужо не вытравіць. А празмерныя спробы навязаць іншае будуць толькі спрыяць гэтаму. У мяне няма ніякага сумнення, якой стане афіцыйная сімволіка Беларусі пасля першых жа сапраўдных выбараў.
2 021
МЁРТВЫЯ НЕ ВІНАВАТЫЯ
Напрыканцы чэрвеня 2020 года, падчас адбывання арышту ў ізалятары на вуліцы імя Акрэсьціна мне завочна дадалі яшчэ 15 сутак арышту за "правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства" - ускладання 8 мая таго ж года на Вайсковых могілках Мінска кветак да магіл загінуўшых салдат. Я думаю, што цяжка знайсці больш красамоўнае сведчанне сапраўднага стаўлення ўлад да памяці шматмільённых ахвяр той, развязанай таталітарнымі рэжымамі вайны.
Сама традыцыя ўскладваць кветкі на салдацкія магілы 8 мая - у дзень, калі насамрэч у Еўропе завяршылася крывавая бойня, была распачатая аж у 1992 годзе дэлегатамі 1-га з'езду "Беларускага згуртавання вайскоўцаў".
Дэлегаты - афіцэры-беларусы, якія служылі ў розных кутках СССР, прыехалі ў Мінск, каб дамагчыся права служыць у Беларусі і Беларусі. Яны ведалі, якія масавыя страты неслі савецкія войскі падчас лабавых атак, у многіх загінулі родныя, некаторыя самі удзельнічалі ў афганскай вайне. Яны разумелі, што
афіцыйныя мерапрыемствы каля велізарных манументаў, парады, салюты, ўрачыстыя сходы і сапраўдны смутак па загінулым - розныя рэчы. Таму прапанавалі, згодна з традыцыямі нашага народа, прыйсці ў гэты дзень да магілаў палеглых. Далей гэтую традыцыю падтрымлівалі актывісты БЗВ, потым - Народнай Грамады.
Ў другой палове 90-х традыцыя была дапоўнена. Тады людзі актыўна пратэставалі супраць спроб "на каленях паўзці" ў Расію і цягнуць туды Беларусь. Многім прыйшлося пазнаёміцца з ўмовамі "ізалятара для "правапарушальнікаў" на вуліцы імя лётчыка Акрэсціна, загінуўшага ў 1944 ва ўзросце 21 год. Я там агулам правёў каля года.
Каб абараніць гонар маладога героя, які не можа мець нічога агульнага з пэнітэнцыярнай ўстановай на вуліцы яго імя, мы пачалі ўскладаць кветкі і да яго магілы.
Наша традыцыя захоўвалася дзесяцігоддзямі. У тым ліку і тады, калі кіраўніцтва Народнай Грамады было у зняволенні. Захоўвалася яна і апошнія 6 гадоў. Сёння яна была зноў працягнутая.
Зараз гісторыя паўтараецца. Зноў пачатая вайна з мэтай ўзяць рэванш за прайграную, толькі ўжо не першую сусветную, а трэцюю сусветную "холодную" вайну, зноў спрабуюць вярнуць страчаныя тэрыторыі, толькі не Данцыг і Эльзас, а Крым і ўсю Украіну, зноў "бароняць правы суайчыннікаў", толькі не ў Судэтах, а на Данбасе, зноў хочуць збудаваць свой мир, толькі не "арыйскі" а "русский". І спрабуюць скарыстаць у сваёй вайне тых, хто змагаўся і загінуў спрабуючы спыніць ўсё пералічанае. Мёртвыя не вінаватыя, калі іх скарыстоўваць у палітычных гульнях ды інфармацыйных войнах. Яны не могуць ўстаць з магіл, каб абараніць сябе. Як не можа ўстаць з магілы на Вайсковых могілках лётчык Акрэсцін, каб запярэчыць таму, што яго імя ў вачах усёй планеты звязалі з месцам, дзе людзей катавалі за іх перакананні.
2 021
Адзін палітык з самай першай групы палітычнай эміграцыі нашага часу, імаверна, здолеў вывезці ці атрымаць архіў сваёй партыі. І цяпер амаль пры любой нагодзе дакументальна абгрунтавана заяўляе пра мудрасць сваёй колішняй партыі і яе правадыра, якія геніяльна ўсё прадбачылі.
Мне шкада сваіх акаўнтаў, бо яны - аб'ектыўныя сведчанні пяці гадоў змагання, вымушаная абставінамі фіксацыя гісторыі беларускага супраціву - непадцэнзурная інфармацыя пра канкрэтныя рэальныя дзеянні, пра тое, як рыхтаваўся 2020 год, заклікі, фота, відэазапісы падрыхтоўчых акцый 2015-2020 гадоў. Каму яшчэ доступна і цікава - карыстайцеся.
2 021
ВЫМУШАНАЯ ГІСТОРЫЯ ДЗЕЯННЯЎ
Рашэннем Ленінскага суда Гародні ад 23.04 мой акаунт у Фэйсбуку прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Звычайная зараз навіна. Да таго ж, лёгка прагназуемая. Заўважце, я не карыстаўся гэтым акаўнтам амаль 6 гадоў. І ўсе гэтыя гады ён экстрэмісцкім не быў. Але тое, што ён такім абавязкова стане пасля майго "ўмоўнага" вызвалення, я не сумняваўся. Не стаў нават рабіць спробы аднавіць яго, бо паролі згубіліся, а аднавіць іх праз візуалізацыю было праблемна з-за маей дастаткова кардынальнай візуальнай змены. Таму не стаў траціць час на гэта. Хаця мне ніякавата, што так і не здолеў павітацца, а цяпер ужо і развітацца з 5,6 тысячамі падпісаных на мой акаунт. Даруйце, сябры!
Зарэгістраваны гэты акаўнт быў яшчэ падчас майго зняволення пасля "Плошчы-2010". Я выйшаў у 2015 годзе на волю ў іншы, істотна зменены свет. Амаль у кожнага з'явіўся смартфон, мільёны беларусаў прысутнічалі ў сацыяльных сетках. Я адразу ж пачаў карыстацца новымі магчымасцямі для ажыўлення палітычных могілак, у якія ператварылася грамадскае жыццё ў краіне.
Тады анансаваць несанкцыянаваную палітычную акцыю ў апазіцыйных СМІ, каб сабраць на яе людзей, апынулася вельмі праблематычным. Атрымаць жа "дазвол" на акцыю ў цэнтральных раёнах Мінска было немагчыма. Падавіўшы актыўнасць палітычнай апазіцыі, рэжым ўзяўся за СМІ. Іх і раней складанае становішча яшчэ больш ўскладнілася. Анонс несанкцыянаванай акцыі быў аб'яўлены адміністрацыйным правапарушэннем.
За два такіх "правапарушэнні" СМІ мог быць ліквідаваны. Да рэдакцыі кожнага апазіцыйнага СМІ, што месцілася на тэрыторыі Беларусі, быў прымацаваны супрацоўнік "органаў", які аказваў ціск, забараняў, пагражаў, нават навязваў пэўнае асвятленне канкрэтных палітыкаў і іх дзейнасці. Ведаю і глыбока паважаю рэдактараў, якія і ў такіх сітуацыях захоўвалі прафесійную і чалавечую прыстойнасць. Аказаць рэгулярную інфармацыйную падтрымку ў такіх умовах магла толькі "Хартыя-97", якая месцілася па-за зонай дасягальнасці рэжыма. Праз пэўны час, ўбачыўшы небясьпеку, улады заблакавалі сайт, абцяжарыўшы доступ да яго.
Так што я быў проста змушаны абставінамі амаль адразу пасля вызвалення пачаць шырока карыстацца сацыяльнымі сеткамі для аднаўлення палітычнай актыўнасці грамадства. Перыядычна я размяшчаў там аналітычныя матэрыялы, але асноўным іх прызначэннем для мяне сталі анонсы масавых акцый і асвятленне іх вынікаў. Па сутнасці, я вешаў у акаўнце аб'яву з інфармацыяй пра акцыю, да пачатку мерапрыемства "ахоўваў" гэтую аб'яву ад троляў, а потым даваў інфармацыю пра вынікі акцыі. Ў першыя гады апошняга зняволення, калі яшчэ даходзілі лісты з волі, мне пісалі некаторыя людзі і прасілі прабачэння за крытыку мяне ў сацыяльных сетках, бо як яны лічылі цяпер, гэта крытыка не была слушнай. Гэта вы даруйце, сябры! Справа ў тым, што я не бачыў вашай крытыкі, бо ніколі не чытаў стужкі ў сацыяльных сетках - у мяне проста не было на гэта часу. Пасядзеўшы гады ў бетонных скрынках выйсці на вольны свет, дзе неба, дрэвы, людзі ды шмат рэальных спраў, каб сядзець днямі, ўткнуўшыся ў экран гаджэта - такое, як мінімум, нерацыянальна.
Кожны палітычны суб'ект імкнецца стварыць сваю версію гісторыі. Гэта гісторыя фіксуецца ў СМІ, у дакументах, у сведчаннях сведкаў падзей. Як ствараецца афіцыйная версія гісторыі - зразумела. Але і альтэрнатыўныя версіі не заўсёды бездакорныя.
Памятаю, як некалі мяне, маладога сябра сацыял-дэмакратычнай Грамады, напачатку вельмі здзіўляла, што асноўныя намаганні кіроўныя органы партыі прыкладалі да складання ўсялякіх заяў па любым нагодам. Ды марнавалі ў спрэчках над іх тэкстамі вельмі шмат часу. Потым я зразумеў, што большасць гэтых органаў складалі прафесійныя гісторыкі, якія ведалі, што іх калегі пры аднаўленні хады мінулых падзей найчасцей звярталіся менавіта да архіваў дакументаў. Таму імкнуліся стварыць як мага болей такіх дакументаў, каб потым мець магчымасць сцвярджаць, што "мы ж першыя пра гэта казалі" ці, "першыя пра гэта папярэджвалі". Ня ведаю, дзе цяпер той партыйны архіў і ці будзе ён каму-небудзь цікавым. Хаця, ёсць прыклад і паспяховага прымянення такой стратэгіі.
