2 022
Subscribers
No data24 hours
+167 days
+1830 days
Posts Archive
2 022
ІНТЭРВЬЮ ГАЗЕЦЕ "Цайт" (Die Zeit)
Даў інтэрвью германскай газеце "Цайт", пакуль яшчэ не прызнанай беларускімі ўладамі "экстрэмісцкім выданнем". Цікава, ці надоўга? Прачытаць інтэрвью альбо яго пераклад можна тут:
https://www.zeit.de/2026/34/mikalaj-statkewitsch-belarus-opposition-haft-aljaksandr-lukaschenko?freebie=08a0af43
2 022
Безумоўна, правячы ў Беларусі рэжым як можа ўпіраецца, каб пазбегнуць такога сцэнару. Але, пры глабальнай залежнасці ад Масквы, адмовіцца ад выканання "саюзнага" абавязку робіцца ўсё цяжэй. За дзесяцігоддзі ўтрымання ва ўладзе раней ці пазней прыходзіцца плаціць. "За так" падобных бонусаў не даюць.
Ранейшая плата нашай мовай, гісторыяй і культурай толькі стварыла перадумовы ды абудзіла апетыт да поўнага паглынання цяпер ужо "искусственной нации, которая говорит на одном с нами языке". Тым болей, што Маскве патрэбны новыя салдаты і ваенны плацдарм для наступных войн.
Так што цяпер платай за "працяг банкета" для адной сям'і могуць стаць лёсы нашай дзяржавы, нацыі і мільёнаў беларусаў.
2 022
"БЕЛАРУСКІ" ФРОНТ
У тэксце на гэтым канале ад 19.05 я разглядаў варыянты працягу Масквой вайны супраць Украіны:
1) Мабілізацыя; 2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі;
3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі.
Аналіз іх перспектыў я ўжо зрабіў у тым тэксце, але цяпер з'яўляецца шмат дадатковай інфармацыі, па якой можна меркаваць, да якога з варыянтаў працягу вайны схіляюцца ў Крамлі. Прынамсі, пакуль.
У Расіі рыхтуюцца да новай мабілізацыі пасля выбарчай парламенцкай кампаніі ў верасні.
Па розных меркаваннях украінскіх ваенных аналітыкаў, у РФ можа быць мабілізавана ад паўмільёна да мільёна новых салдат, якія ўжо ў лістападзе пачнуць накіроўвацца на фронт. Таксама, ўкраінскі бок заяўляе, што на беларускай тэрыторыі каля мяжы з Украінай вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва ваеннай інфраструктуры. З улікам гэтага можна прагназаваць, што Масква плануе накіраваць частку сваіх войскаў на нашу тэрыторыю, каб зноў паспрабаваць атакаваць Ўкраіну з поўначы і, як мінімум, адцягнуць яе вайсковыя сілы з іншых на "Беларускі" фронт. А таксама, паспрабаваць паўтарыць прарыў 2022 года на Кіеў.
Апошняе, з улікам балоцістай мясцовасці на большай частцы беларуска-украінскай мяжы ды перавагі Украіны ў дронах, мае мала шанцаў на поспех. Але з нашай тэрыторыі расійскія войскі здолеюць наносіць па Украіне масавыя дакладныя паветраныя ўдары дронамі і ракетамі, каб прымусіць яе здацца.
Украінскія войскі ў адказ пачнуць наносіць масавыя ўдары па расійскім ваенным камунікацыям, тэхніцы, складах, пунктах кіравання, месцах дыслакацыі ў населеных пунктах. Пад ударамі апынуцца нашы дарогі, масты, гарады, ваенныя і нафтахімічныя прадпрыемствы. Асабліва, ў паласе дасяжнасці найбольш дзейсных зараз украінскіх дронаў сярэдняй дальнасці Hornet са штучным інтэлектам - 150 кіламетраў ад украінскай мяжы. У гэтай паласе знаходзяцца Гомель, Брэст, Мазыр, Пінск і шмат меньш буйных гарадоў і мястэчак. Калі ж расійцы пачнуць зноў наносіць ўдары па аб'ектам энэргетыкі Украіны, як гэта ўжо было мінулай зімой, але і з нашай тэрыторыі, то мы атрымаем "люстэркавы" адказ - дальнабойныя ўдары па нашым аналагічным аб'ектам па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Разбурэнні будынкаў у населеных пунктах, прамысловасці ды інфраструктуры, ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва, буйныя гарады без электрычнасці і цяпла - такая будзе плата толькі за пасіўны саўдзел у агрэсіі. А ёсьць яшчэ наступствы ад простага знаходжання чужых войскаў на нашай зямлі падчас вайны.
Салдаты, якія ведаюць, што іх чакае смерць сярод палескіх балотаў, і якія хочуць напаследак "гульнуць". І якія ўпэўнены, што ўсё мясцовае насельніцтва павінна за "абарону ад "укранацыстаў" выконваць іх любыя жаданні. Тым болей, што ім нічога дадатковага не пагражае за забойствы, рабаванні, згвалтаванні "мясцовых". Бо, калі справа і дойдзе да суда, што сумнеўна, то з яго яны адправяцца не ў турму, а, зноў жа, на фронт.
У гісторыі Беларусі ўжо быў досвед доўгатэрміновага знаходжання маскоўскіх войскаў на нашай тэрыторыі падчас маскоўска-беларускай вайны 1654-1667 гадоў, якую ў Расіі потым сарамліва назвалі "польскай", і ў якой загінула болей за палову беларусаў. Я не буду тут пісаць пра ўсе жахі той вайны - іх апісанне зойме вялікую кнігу. Але прывяду адзін прыклад. У 1654 годзе маскоўскія войскі асадзілі Магілёў. Асада была нядоўгай, бо пераважна праваслаўныя гараджане самі адчынілі вароты горада "аднаверцам". Потым, бліжэй пазнаёміўшыся з "братамі па веры", у 1661 годзе гэтыя мірныя людзі паднялі паўстанне і амаль пагалоўна выразалі сямітысячны гарнізон "вызваліцеляў".
Ну а ў сённяшняй сітуацыі ёсць яшчэ доўгатэрміновыя наступствы, бо вывесці расійскія войскі з нашай зямлі, нават пасля замірэння паміж Расіяй і Украінай, будзе надзвычай складана. Не здолеўшы захапіць вялікую краіну, вырашаць прыхапіць хоць меньшую, каб апраўдаць гібель і калецтвы сотняў тысяч сваіх салдат у вачах простых расійцаў і каб было што аб'явіць перамогай.
2 022
"ВОЙНА ДО ПОБЕДНОГО КОНЦА"
На гэтым канале я ўжо пісаў пра магчымыя варыянты працягу Расіяй вайны супраць Украіны. На жаль, у мяне мала сумневаў, што вайна будзе працягвацца пры падтрымцы большасці расійскага грамадства, якая не бачыць іншага варыянту яе завяршэння, акрамя як перамогай РФ, ці тым, што можна было б аб'явіць такой перамогай. Гэта большасць, выхаваная на прыдуманых гістарычных мітах, важнейшай каштоўнасцю і падставай для ўласнай самапавагі лічыць міт пра заўсёдныя "веліч і славу" Расіі. Але дзіўныя ўкраінцы чамусьці ніяк не даюць Расіі атрымаць "натуральную" для яе перамогу, што стварае дысананс у мазгах гэтай расійскай большасці паміж запісанымі ў іх гістарычнымі мітамі і зусім іншай рэальнасцю вайны. Развітацца з гэтымі мітамі ім цяжка, бо іншай нагоды нечым ганарыцца ў іхнім жыцці больш няма. Таму вайна будзе працягвацца, пакуль страх ўласнай смерці ці гора ад смерці блізкіх, холад і нястача пераадолеюць прыцягальнасць фальшывых мітаў.
Закладнікамі штучных гістарычных стэрэатыпаў сталіся і тыя, хто свядома ўкараняў іх ў грамадскую свядомасць - кіраўніцтва расійскай дзяржавы. Зараз яно не можа пайсці нават на відавочна рацыянальныя кампрамісы без рызыкі сутыкнуцца з грамадскім абурэннем. Таму Крэмль працягвае вайну і, нягледзячы на рэальную сітуацыю на фронце, шукае варыянты дасягнення перамогі ў ёй.
У 1917 годзе прынцып "Война до победного канца" ўжо прывёў Расію да нацыянальнай катастрофы, а яе кіроўныя эліты да трагічнага асабістага фіналу.
Трэба вучыць ўрокі сапраўднай гісторыі, а не прыдумоўваць сабе іншую.
2 022
АПОШНЯЕ "ВАКНО"?
Нядаўна прачытаў заяву аднаго еўрапейскага палітыка, што ў беларусаў будзе "вакно магчымасцяў" для дэмакратыі і сапраўднай незалежнасці.
Цалкам згодзен з ім, але такія "вокны" ў нашай найноўшай гісторыі здараліся ўжо неаднойчы. Упершыню - пасля распаду Савецкага Саюза, калі саюзныя рэспублікі, і тыя, якія змагаліся за незалежнасць, і тыя, якія зусім не змагаліся за яе - усе сталі незалежнымі. Але тады, замест пабудовы самастойнай краіны, тутэйшыя тагачасныя кіраўнікі сталі, пры падтрымцы разгубленай большасці, шукаць магчымасці вярнуць краіну ў звыклы стан сатэліта Масквы. "Вакно магчымасцяў" пабудаваць незалежную, дэмакратычную паспяховую дзяржаву не было выкарыстана. Другі раз яно з'явілася ў другой палове 90-х, калі Беларусі прапанавалі далучыцца да Еўразвязу, што дазваляла атрымаць фінансаванне рэформ і, ўжо ў сярэдняй перспектыве, ператварыць Беларусь у вольную сучасную і заможную краіну. Але тагачасны кіраўнік дзяржавы адмовіўся ад прапановы, нават не паведаміўшы пра яе грамадству.
Потым Расія апамяталася ад псіхалагічнай траўмы, атрыманай у выніку распаду яе імперыі, і, падмацаваная ростам нафтагазавых даходаў, вярнулася да традыцыйнай практыкі падпарадкавання суседніх народаў ды ўлучэння іх у склад імпэрыі. Спробы народаў суседніх дзяржаў ўсталяваць дэмакратыю і ўмацаваць незалежнасць разглядаліся і разглядаюцца ў Крамлі, як замах на свае глыбінныя інтарэсы. На захаванне паслухмяных рэжымаў выдаткоўваюцца вялікія сродкі, а ў выпадку пагрозы іх існаванню з-за масавых пратэстаў, да межаў ці нават на тэрыторыю "мяцежнай" краіны накіроўваюцца расійскія войскі. Па сцвярджэнню некаторых старэйшых афіцэраў з сістэмы МУС, у падаўленні масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 удзельнічалі расейскія сілавікі, пераапранутыя ў беларускую форму.
Масква зрабіла і працягвае рабіць ўсё для кансервацыі беларускага рэжыму на дзесяцігоддзі.
Зараз, з-за тупіковай сітуацыі на расійска-украінскім фронце, пад пагрозай апынулася існаванне сённяшняга палітычнага рэжыму ў Расіі. Змена ўлады ў Крамлі, разам з магчымымі новымі пагрозамі, створыць і шанцы для беларускай дэмакратыі. Ці скарыстаецца Беларусь гэтым "вакном магчымасцяў" залежыць, найперш, ад беларускага грамадства, ад беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі сваёй краіны. На ўсіх нас ляжа вялікая адказнасць, бо гэтае "вакно" можа быць апошнім для нашай нацыі. Погляды большасці з нас відавочныя - дэмакратыя і незалежнасць . У існуючых умовах людзі не могуць выявіць сваю пазіцыю публічна, бо любая форма самаарганізацыі зараз жорстка пераследуецца, але пры змене сітуацыі гэта самаарганізацыя адбудзецца і выявіць сябе вельмі хутка.
Магчыма, свет зноў не пазнае беларусаў. Але гэта будзе ўжо зусім іншае непазнаванне. Страх і нянавісць - страшная сумесь.
2 022
На наступных прэзідэнцкіх выбарах зноў перамог Буш-малодшы. Але мае знаёмыя супрацоўнікі ўжо былі задаволены гэтым фактам. Як яны патлумачылі: "Наша краіна ваюе ў Іраку. Змена прэзідэнта ў час вайны падбадзёрыць нашых ворагаў. І нашым салдатам там стане цяжэй."
А цяпер да пытання, якое я задаў напачатку гэтага тэкста. Так, дэмакратыя можа перамагчы аўтакратыю. Той жа былы міністр абароны Фёдараў выдатна паказаў гэта дронавым "рыўком", скарыстаўшыся перавагамі свабоднай эканомікі (пра што я ўжо пісаў тут 15.06.), а таксама фінансавымі ды тэхналагічнымі рэсурсамі, атрыманымі дзейсным прэзідэнтам ад дэмакратычных краін сьвету.
Але ахлакратыя (ўлада натоўпу) не пераможа ніколі.
2 022
АХЛАКРАТЫЯ НЕ ПЕРАМОЖА
Ці можа дэмакратыя ў вайне перамагчы аўтакратыю? Нібыта ж, аўтакратыя мае магчымасць без абмежаванняў хутка канцэнтраваць і выкарыстоўваць матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы.
А дэмакратыя ваюе ва ўмовах свабоды прэсы і ўнутранай палітычнай канкурэнцыі. Падчас вайны гэта прымушае ўлічваць абмежаванні, якія накладвае на кіраўніцтва краіны грамадская думка і крытыка палітычных апанентаў. А таксама ўлічваць фактар будучых выбараў. Частку сіл і інфармацыйных рэсурсаў кіраўнік дэмакратычнай краіны мусіць траціць на барацьбу з палітычнымі канкурэнтамі. Не толькі з-за натуральнага жадання выйграць наступныя выбары. Але таксама, каб не дапусціць узмацнення нейкага з канкурэнтаў да такой ступені, што ён пачне ўспрымаецца, як альтэрнатыўны лідар краіны, што можа дэзарыентаваць сістэму кіравання дзяржавай падчас вайны.
Шчыра кажучы, мяне здзіўляе, што многія ваенныя кіраўнікі Украіны высокага ці нават сярэдняга ўзроўню падчас вайны займаюцца актыўным самапіярам. Інтэрнэт дае тут шырокія магчымасці. Зразумела, што краіна хоча ведаць сваіх герояў, з каго варта браць прыклад. З іншага боку, ўражаньне такое, што найбольш актыўныя ў гэтай справе рыхтуюцца да палітычнай кар'еры, да ўдзелу ў будучых выбарах. Не дарэмна ж кажуць, дзе двое казакоў, там трое атаманаў. Ці не зарана? Мо, лепей засяродзіцца на вайне? Агрэсія ж яшчэ не спынена. Акрамя таго, тыя, хто актыўна займаецца самапіярам, ствараюць сабе дадатковыя кар'ерныя магчымасці, і, таксама, засцерагаюць сябе ад кар'ерных правалаў, бо могуць апеляваць да грамадскай падтрымкі пры спробе іх зволіць ці панізіць у пасадзе. Звычайныя грамадзяне, якія абралі сабе чарговага куміра па інфармацыі, прадстаўленай пра сябе ў Сеціве ім самім, не ведаюць шматлікіх сапраўдных прычын, па якім да яго ўзніклі прэтэнзіі. А для многіх, асабліва жанчын, бывае дастаткова толькі знешняй прыцягальнасці, каб прызнаць яе ўладальніка заслугоўваючым даверу.
Пры такім стане рэчаў у пройгрышы апынаюцца тыя кіраўнікі, якія не паклапаціліся пра стварэньне сабе належнага вобраза ў Інтэрнэце. А таксама, вышэйшыя кіраўнікі, якія нясуць адказнасць за сыход вайны, але не могуць рэалізоўваць свае неабходнейшае права на ўласную кадравую палітыку, без якога кіраванне губляе сваю эфектыўнасць. Зрэшты, ў пройгрышы апынаецца ўся краіна.
Калі вы абралі з такой перавагай прэзідэнта і адначасова Вярхоўнага галоўнакамандуючага, то дайце яму кіраваць. У вас жа вайна ў хаце!
Гэта ўсё я пад уражаннем брыфінгу былога міністра абароны Украіны. Дакладней, самапрэзентацыі чарговага кандыдата ў прэзідэнты нашай суседкі. Ўзнікае пытанне, навошта там была такая жорсткая агульная крытыка баявога генерала, якога сам жа крытык называе ратавальнікам краіны ў вырашальны момант пачатку вайны? Ён жа ў прэзідэнцкіх выбарах не збіраецца ўдзельнічаць. Думаю, што сапраўдны аб'ект нападу тут іншы генерал, які ўжо аб'явіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, і ўспрымаецца самапрэзентантам, як канкурэнт на іх. Кшталту, усе гэтыя старыя замшэлыя генералы нічога не разумеюць, як перамагчы без стратаў, аўтаматаў ды гарматаў, толькі аднымі джойсцікамі.
А народ не разабраўся ў сапраўдных прычынах "наезда" і ўжо пачаў мітынгаваць з патрабаваннямі адстаўкі крытыкуемага дзейснага галоўнакамандуючага Ўзброенымі Сіламі. І ўжо сам прэзідэнт абмяркоўвае гэтыя патрабаванні мітынгоўцаў - падчас вайны(!!!). Суседзі, вы часам не афігелі?
Прывяду прыклад іншых паводзін. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША ў 2000 годзе знаёмыя супрацоўнікі амерыканскай амбасады не хавалі свайго расчаравання, што віцэ-прэзідэнт Гор прайграў на іх Бушу-малодшаму. Час пацвердзіў іх апасенні - прэзідэнт Буш па штучных прычынах уцягнуў сваю краіну ў працяглую і дарагую вайну ў Іраку, чым развязаў рукі Ірану, які доўга і цяжка ваяваў з Іракам. Гэта дазволіла Ірану развіць ракетную і ядзерную праграмы і стаць фактарам дэстабілізацыі ўсяго рэгіёна.
2 022
ПРА САБАК І ЭТНАЦЫД
Даруйце, але я зноў пра сабак. Не магу зразумець, калі нехта, аббраханы маімі сабакамі, пачынае наракаць на іх за гэта. Нават дакараць ці нешта тлумачыць ім. У сабак свая логіка. Яны брэшуць, бо іх за гэта кормяць. За тое, што сігналізуюць гаспадару пра чужых людзей, пра рэальную ці магчымую пагрозу, спрабуюць напалохаць і прагнаць чужых. Праца ў іх такая. Аналізаваць змены амплітуды ці спектру сабачага брэху - пусты занятак. Лепей разабрацца, чаму гаспадар загадаў ім брахаць ці чаму яны самі вырашылі, што іх брэх з канкрэтнай нагоды будзе ўспрыняты гаспадаром станоўча, за што сабакам перападзе лішняя міска корма.
Калі я бачу ці чытаю занадта адыёзныя выказванні афіцыйных прапагандыстаў, я ўспрымаю іх, проста, як агучванне думак іх гаспадара. І гэта - самае страшнае. Бо гэта не яны хочуць "паганай мятлой вычысціць нацыяналістычную заразу" - нашу гісторыю, нацыянальную культуру, традыцыі, вопратку, мову - ўсё, што стварае нацыянальную ідэнтычнасць, што робіць нас адметнай нацыяй. Гэта не яны хочуць "прыбраць" усё пералічанае, таму што мы "гэта любілі". Яны проста пачулі ці адчулі жаданні таго, хто іх корміць, і агучваюць іх.
Раней афіцыйныя прапагандысты шмат выказваліся наконт нацыянальнага прыгнечання беларусаў палякамі ў Заходняй Беларусі ў 20-30 гады мінулага стагоддзя. Пра паланізацыю, забарону навучання на беларускай мове, пра дамінаванне польскай у дзяржаўных установах. Нават ўжывалі словы "этнацыд беларускай нацыі палякамі". Пра русіфікацыю беларусаў ва Ўсходняй Беларусі, пра масавыя рэпрэсіі, пра знішчэнне 80% беларускіх літаратараў у НКВД, чамусьці, сарамліва маўчалі. Але вось цяпер Беларусь - нібыта, незалежная беларуская дзяржава. І што тут у нас з беларускай мовай? Рытарычнае пытаньне. Нядаўна прачытаў, што зараз у Мінску па-беларуску навучаюцца 0,13% вучняў школ. А цяпер нават да вопраткі, да Купалля і Грунвальда дабраліся. Калі хто ня ведае, прывожу вызначэнне слова "этнацыд":
Этнацыд — гэта знішчэнне або разбурэнне этнічнай ідэнтычнасці.
Таму кіньце эмацыйна каментаваць брэх. Сітуацыя цалкам зразумелая. Лепей давайце думаць, што рабіць, каб захаваць усё, што мы любім, каб не даць "прыбраць" ці "вымесці" нашу нацыю. У сённяшніх варунках, калі ўсе матэрыяльныя нацыянальныя прыкметы з'яўляюцца аб'ектамі пераследу, зрабіць гэта няпроста. Застаюцца толькі нематэрыяльныя. Галоўны з іх - мова.
Разумею, што гэта няпроста. Але давайце, хаця б, напачатку чытаць беларускамоўныя кнігі - нягледзячы на забароны пэўных аўтараў ці кніг, на змяншэнне колькасці беларускамоўных выданняў ёсць інтэрнэт-бібліятэкі беларускіх кніг, якім патрэбны чытачы і наша падтрымка. Недарэмна ж іх атакуюць. Наступны крок - пачаць пісаць у сетках па беларуску. І галоўнае - размаўляць. Разумею, што складана. Дык можна пачаць з некалькіх слоў: "Дзякуй, калі ласка, прывітанне, да пабачэння". Усюды - ад крамы да працы. Так мы будзем ведаць, што мы ёсьць, што Беларусь жыве.
2 022
ВЫЙШЛА З ДРУКУ МАЯ КНІГА
У Беластоку выйшла з друку мая кніга. Прывожу тут завяршальны тэкст, размешчаны на апошняй старонцы яе вокладкі:
Як людзі робяць маральны выбар у складаных сітуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі? Каб даць адказ на гэтыя пытанні, я мусіў разбірацца з чалавечай псіхалогіяй. Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэння чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе, ўвогуле, адмаўлялася іх наяўнасць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданню чалавека. Таму, у галоўным тэксце гэтай кнігі, які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэнне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сітуацыі. Спадзяюся, што разуменне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі.
2 022
ШТУРМ НАШАЙ БАСТЫЛІІ ЯШЧЭ НАПЕРАДЗЕ
Сёння нацыянальнае сьвята Францыі - Дзень ўзяцця Бастыліі. Мы з Марынай мелі магчымасць перадаць нашыя віншаванні афіцыйным прадстаўнікам гэтай выбітнай краіны.
У гісторыі кожнага паспяховага народа была свая ўзятая Бастылія: пераможная рэвалюцыя, выйграная вайна за незалежнасць, мабілізацыя грамадства дзеля цяжкіх, але паспяховых рэформаў. Былі ахвяры і цяжкая праца нацыі дзеля нармальнага жыцця яе будучых пакаленняў.
Калі краіна ў бядзе і яе будучыня ў небяспецы, а пераважаючым сярод актыўнай часткі нацыі робіцца падыход, што галоўнае - гэта захаванне ўласнага жыцця і свабоды, што трэба, найперш, імкнуцца да ўласнага дабрабыту і бяспекі, то дамінаванне такога падыходу крадзе нармальную будучыню ў наступных пакаленняў. Робіць кошт ўжо іх спробаў стварыць вольную і паспяховую краіну яшчэ больш высокім і ахвярным.
Віншую французаў з іх галоўным святам!
А штурм беларускай Бастыліі яшчэ чакае нас наперадзе.
2 022
СУІЦЫДАЛЬНАЕ ВАР'ЯЦТВА
Паміж РФ ды Украінай ідзе гонка ўзбраенняў, важная частка якой - спаборніцтва ў эфектыўнасці сродкаў паветранага нападу (СПН). Пераважна, гэта спаборніцтва тычыцца дронаў ды балістычных ракет.
Дзякуючы гнуткай і эфектыўнай абароннай прамысловасці ды бесперашкоднаму доступу да міжнароднага рынку кампанентаў, а таксама, магчымасці выкарыстання для навядзення касмічнай спадарожнікавай сеткі "Starlink", у гонцы дронаў перавагу мае Украіна. Думаю, што яе перавага ў дальнабойных ударах дронамі яшчэ больш узмоцніцца, калі ўкраінцы, у адпаведнасці з логікай развіцця СПН, непазбежна дойдуць да выкарыстання ў гэтых ударах амерыканскага досведу прарыва моцнай супрацьпаветранай абароны. Напрыклад, як у Ханоя падчас в'етнамскай вайны. Калі больш канкрэтна - функцыянальнага эшаланавання групоўкі паветранага ўдару і паглыблення спецыялізацыі яе элементаў.
У гонцы балістычных ракет, якія маюць на парадак большыя, чым у дронаў, боезарад і хуткасць, дзякуючы назапашанаму савецкаму досведу і захаванай вытворчай базе, відавочную перавагу мае Расія. Але Украіна ўжо пачала выпрабоўваць ўласныя балістычныя ракеты. Улічваючы досвед і магчымасці ўкраінскай ваеннай прамысловасці, можна прагназаваць, што да канца года абмены ўдарамі балістычных ракет паміж праціўнікамі стануць блізкімі да парытэту.
Калі Украіна прадэманструе свае балістычныя магчымасці адразу ў занадта вялікіх маштабах, то гэта стане шокам для расійскага грамадства. Могуць пашырыцца патрабаванні ўжывання супраць Украіны ядзернай зброі ад людзей, якія не разумеюць рэальных наступстваў такога кроку, у тым ліку, і для Расіі. Бо нават толькі адна Украіна, без заходніх саюзнікаў, здольная на, хай асіметрычны, але ядзерны адказ. Я маю на ўвазе, г. зв., "брудную бомбу", калі над тэрыторыяй праціўніка з дапамогай звычайнага зарада, напрыклад, авіябомбаў ці ракет, распыльваюцца радыёактыўныя рэчывы, якіх ва Украіны, дзякуючы наяўнасці атамных электрастанцый, дастаткова. А з дапамогай уласных балістычных ракет арганізаваць такі адказ на расійскі ядзерны ўдар - цалкам вырашальная задача. Гарачым галовам сярод расійскіх палітыкаў і публіцыстаў варта разумець, што ядзерны ўдар, напрыклад, па Кіеву, можа выклікаць у адказ радыёактыўнае заражэнне, зноў жа напрыклад, Масквы ці Санкт-Пецярбурга.
Мне вельмі падабаецца Кіеў, падабаўся і Санкт-Пецярбург. Не хацелася б, каб гэтыя гарады сталі непрыдатнымі для жыцця. Тым болей не хацелася б, каб расійскі ядзерны ўдар адбыўся з Беларусі, напрыклад, расійскімі ракетамі "Іскандэр" з ядзернымі боегалоўкамі з раёну Асіповічаў. Каб Беларусь у адказ атрымала яшчэ адзін радыяцыйны ўдар, толькі ўжо не па ўскраіне краіны, як у 1986 годзе, а, напрыклад, па нашай сталіцы. Лічу, што аднаго Чарнобыля нам і так хапіла.
Гуляцца ядзернай зброяй - смяротна небяспечнае вар'яцтва. Дазваляць чужой дзяржаве гуляцца сваёй ядзернай зброяй на нашай зямлі - гэта ўжо вар'яцтва з суіцыдальнымі схільнасцямі, апраўдаць якое немагчыма ніякімі рацыянальнымі аргументамі.
Нельга дапускаць, каб на беларускай зямлі размяшчалася чужая ядзерная зброя. Тым болей, каб яна выкарыстоўвалася адсюль супраць іншых краін. Беларусь павінна быць нейтральнай і бяз'ядзернай. Для беларусаў гэта ўжо ўмова жыцця ці смерці.
2 022
Старадаўні спосаб зноў спрацаваў бездакорна - у "мядовую пастку" патрапіў жаданы "аб'ект". Праўда, другі здолеў выкруціцца і прыйшлося прыкладаць дадатковыя намаганні па яго затрыманню, якія зноў не былі паспяховымі, але прывялі да раскрыцця гэтай выбітнай аперацыі.
Думаю, што ўсё адбывалася недзе так. Не ведаю толькі, каго і як ўзнагародзілі за гэтую "вяршыню прафесійнай кампетэнцыі". Ведаю толькі, што ўсё гэта свята прафесіяналізму было за нашы з вамі грошы.
2 022
ДАБРАЛІСЯ І ДА САБАК
Старая Лошыца, дзе мы яшчэ жывем, ідзе пад знос. З нашым домам судовыя выканаўцы ўтварылі затрымку. А суседскія дамы ўжо апусцелі, іх зносяць, людзей навокал жыве ўсё меньш, затое ўсё больш прыхадняў, жадаючых паблукаць па кінутых сядзібах у пошуках "здабычы". Нас яны турбаваць не насмеліваюцца, бо зараз нашы сабакі вольна бегаюць па агароджанаму двару за зачыненымі ад вуліцы і ад саду брамкамі.
Мабыць, для некага наяўнасць дзьвух сабак на падворку стварае "нязручнасці". І днямі, калі мы з'ехалі па справах, нехта прайшоў праз суседнюю апусцелую сядзібу ў наш сад ды звонку разламаў садовую, непераадольную для сабак, брамку. Сабакі выскачылі на волю.
Калі мы вярнуліся, дома заспелі толькі малога, рудога ды жвавага хітравана Рыкі, а вялікі ды моцны Бой знік. Яго пошукі на працягу сутак нічога не далі. Назаўтра ў Лошыцы з'явілася "спецмашына" па адлову сабак. Яе спецыялісты, якіх здолела дагнаць і "адлавіць" Марына, падцвердзілі, што гэта яны злавілі і завезлі на Гурскага Боя, калі прыехалі па выкліку міліцыі, а вось руды сабачка ад іх уцёк. І шукалі яго, з дапамогай міліцыі, акурат ля дома гаспадароў гэтых, нібыта, "нічыйных бадзячых" сабак. То бок, чые гэта сабакі не было сакрэтам, прынамсі, для міліцыі. Але вылавіць рудога і там не атрымалася.
Дзе іх напачатку лавілі, са словаў супрацоўнікаў спецкамбіната? Там, куды бягуць ўсе кабялі - дзе "загуляла" сучка. Бо яе пах яе яны чуюць ледзь не за кіламетры. Там былі і іншыя, сапраўды бадзячыя сабакі, бо ужо выселеныя з Лошыцы людзі, напалоханыя падаткамі ды новымі абмежаваннямі ўладаў на хатніх жывёлаў, часта пакідаюць іх пры пераездзе, а яшчэ часцей іх падкідваюць у прыватны сектар жыхары шматпавярховікаў. Але лавілі толькі канкрэтных сабак - нашых.
Боя мы на наступны дзень забралі з прыёмніка на вуліцы Гурскага з глухой камеры з абітымі бляхай дзвярыма з закратаваным акенцам на іх ды надпісам "Изолятор". Знаёмая да болю карціна.
Так што ў нашай сям'і з'явіўся яшчэ адзін палітвязень - Бой (гэта ён на фота разам з цяпер ужо сваім калегам). Нейкая крымінальная сямейка атрымоўваецца.
Ня ведаю, навошта гэта ўсё ім спатрэбілася.
Мо сабакі заміналі блізкаму "назіранню" за домам альбо негалосным "візітам" у яго?
Ці хочуць усё ж "зачысціць" ды прымусіць да эміграцыі адну асобную сям'ю, як гэта яны ўжо паспяхова зрабілі з паўмільёнам беларусаў?
Ці, даведаўшыся пра нашыя планы пасля пераезду, маюць на іх ужо свае, дзе сабакі ім будуць замінаць?
Пакуль дакладна не ведаю.
Але ўражваюць масштабы гэтай спецаперацыі па "нейтралізацыі" двух сабакаў. Уяўляю працэс яе планавання так. Спачатку думалі, як атрымаць доступ да гэтых "аб'ектаў".
Першы варыянт - проста ўскрыць брамку да вуліцы, каб сабачкі самі выскачылі на яе, дзе некага "пакусалі" б ("пакусанага" можна і прызначыць), ці проста згубіліся ў двухмільённым горадзе, здаваўся самым простым. Ён і быў рэалізаваны некалькі тыдняў таму з дапамогай мясцовага выпівохі, які пасля сам пра ўсё прабаўбатаўся. Але сабачкі, ноччу выпушчаныя ім на вуліцу і пабегаўшы па ёй, нікога не пакусалі, бо вуліца - гэта ж не іх тэрыторыя. Там нават брахаць - толькі лішнія "гавы" марнаваць. Злавіць жа іх на той вуліцы ў "вызваліцеляў" не атрымалася і раніцой: калі гаспадары прачнуліся, сабакі ўжо былі дома, хоць і з заўважнымі траўмамі ды нязвыкла ціхмянымі паводзінамі. Пасля гэтага брама і брамка былі абсталяваны мной больш надзейнымі замкамі і сталі пастаянна на іх замыкацца.
Але геній нашчадкаў Дзяржынскага таксама не драмаў. Ён выявіў сябе ў наступным, больш дасканалым, плане. Мяркую, што іхнія аналітыкі прыйшлі да глыбакадумнай высновы, што недастаткова выманіць сабачак на вуліцу. Трэба, каб яны яшчэ самі прыбеглі ў пэўнае месца, дзе іх можна будзе "прыняць". Карацей, звярнуўшыся да глыбінь прафесійнага майстэрства, вырашылі ўжыць вядомы ўжо стагоддзямі, але дагэтуль эфектыўны спосаб "мядовай пасткі". Уяўляю, як аналітыкі "службаў" вывучаюць здабытыя "агентурным шляхам" дадзеныя пра біялягічныя цыклы навакольных сучак, каб выбраць час аперацыі.
2 022
Спадзяюся, што яны дапамогуць лепей зразумець сябе, іншых людзей і шлях нашай краіны тым, хто адчувае патрэбу ў такім разуменні, хто хоча, каб Беларусь жыла. Матэрыялы зборніка скампанаваны ў дзве часткі.
Першая тычыцца этычнага боку супраціву, маральнага выбару чалавека ў складанай сітуацыі. Матэрыялы зборніка размешчаны ў паслядоўнасці іх напісання, што дазваляе ўбачыць працэс развіцця поглядаў аўтара на гэтыя праблемы з цягам часу і накапленнем ім уласнага досведу супраціву і паводзін у сітуацыях маральнага выбару.
Другая — прысвечана пошуку стратэгій захавання і развіцця невялікай краіны і нацыі, якая апынулася заціснутай паміж дзвюма варагуючымі і культурна антаганістычнымі цывілізацыямі. Гэтыя стратэгіі шмат у чым залежаць ад знешніх абставін і могуць змяняцца разам з імі, але іх мэта застаецца нязменнай.
2 022
ХУТКА ВЫЙДЗЕ ЗБОРНІК МАІХ ТУРЭМНЫХ ЭСЭ
1 траўня на гэтым канале я напісаў, што, "у асноўным, завяршыў аднаўленне свайго вялікага па аб'ёму эсэ, прысвечанага выбару чалавекам спосаба сваіх паводзін у складанай сітуацыі і, ўвогуле, ў жыцці. Гэты матэрыял быў прадуманы ў вельмі складаным для мяне 2023 годзе, пераважна, у ШІЗА і пазней запісаны. Падчас спробы незаконнай дэпартацыі з Беларусі мае запісы зніклі ў СІЗА КГБ. Адноўлены тэкст вельмі важны для мяне, бо завяршае мае публікацыі на гэту тэму і адказвае на пытанні, да якіх я звяртаўся ў сваіх ранейшых працах. На жаль, ён занадта вялікі для публікацыі на маім канале. Хацелася б апублікаваць яго на паперы ў адным зборніку разам з іншымі турэмнымі эсэ. Праўда, я яшчэ цяжка разумею, як гэта можна зрабіць у маёй сённяшняй сітуацыі".
Я вельмі ўдзячны былым сябрам Народнай Грамады, якія адгукнуліся і прапанавалі сваю дапамогу ў складанні зборніка і яго друкаванні. Як мне толькі што паведамілі, зараз ён друкуецца і хутка выйдзе ў свет. А пакуль я вырашыў апублікаваць тут сваё ўводнае слова да яго.
ЎВОДНАЕ СЛОВА АЎТАРА
Калі ў краіне ўсталяваўся рэпрэсіўны рэжым, то ў людзей дэмакратычных перакананняў ёсць пяць год, каб вярнуць краіне свабоду. Потым грамадства стамляецца, губляе веру ў перамены і пачынае прыстасоўвацца да сітуацыі. А рэжым тым часам умацоўвае свае структуры падаўлення і кантролю грамадства. Такім чынам, барацьба пераходзіць у доўгатэрміновую стадыю, дзе ўсё вырашае наяўнасць у рэжыма рэсурсаў на падаўленне і кантроль, а ў грамадства – маральных сіл для супраціўлення.
Беларускі рэжым забяспечыў сябе неабмежаванымі рэсурсамі ад Масквы, якая аплочвае яго існаваннне за абяцанні і дзеянні, якія ў будучыні вядуць да амаль непазбежнага паглынання Беларусі Расіяй. Пагроза існаванню краіны ператварала барацьбу за дэмакратыю ў барацьбу за незалежнасць, што надавала маральных сіл беларускім патрыётам. Для нас было надзвычай важным “трымаць сцяг свабоды” – пастаянна публічнымі акцыямі паказваць людзям, што свабода вартая, каб за яе змагацца, каб не даць ператварыць нацыю ў пакорлівы абыякавы статак, каб агонь свабоды не быў патушаны назаўсёды. Нашых сіл і падтрымкі грамадства хапіла б для перамогі над дыктатурай, але іх не ставала для перамогі над Масквой. Рэжым разумеў небяспеку для сябе з боку патрыятычнага супраціву. Ён пастаянна падвышаў для нас яго цану. Спачатку адміністрацыйныя арышты, вялікія штрафы і канфіскацыі маёмасці, потым “абмежаванні волі”, потым усё большыя і масавыя турэмныя тэрміны ва ўсё больш жорсткіх умовах, ціск на блізкіх, а таксама выкраданні і забойствы. Будучыня свабоды і незалежнасці залежыла ад прыкладу лідэраў, гатовых плаціць за іх такую цану.
Так здарылася, што я правёў ва ўстановах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы каля 14 год. Там быў час для аналізу і самааналізу. Тым болей, што “праца” спецслужбаў па “выпраўленню ворагаў” не спыняецца і ў месцах зняволення. Пастаянна, наўпрост ці праз іншых зняволеных, палітвязню спрабуюць давесці пра бессэнсоўнасць яго змагання, пра дарэмна патрачанае жыццё, пра нікому непатрэбныя пакуты блізкіх, пра шкоднасць яго барацьбы для народа і краіны. Я заўсёды адказваю на пытанні. І калі такія пытанні гучалі, я фармуляваў адказы на іх. Спачатку для сябе, потым для іншых патрыётаў, якія працягваюць змаганне, ці таксама апынуліся ў зняволенні, каб маральна падтрымаць іх. Мне дапамагаў немалы жыццёвы досвед, досвед уласнага супраціва і навыкі навуковых даследванняў. Я кіраваўся парадай Марка Аўрэлія – каб разгадаць таямніцу душ людзей наўкол, дастаткова звароту да ўласнага розума. Я афармляў свае меркаванні ў выглядзе эсэ, якія лістамі (калі іх яшчэ прапускалі) адпраўляў маёй жонцы Марыне, якая публікавала іх у Сеціве. Калі магчымасцяў пісаць ці перадаваць на волю свае тэксты ў мяне не было, я добра прадумваў іх, каб аднавіць ў памяці і запісаць ужо пасля вызвалення. У гэтым зборніку мае эсэ і іншыя тэксты, напісаныя ці падрыхтаваныя ў зняволенні, пачынаючы з 2005 года.
2 022
ТУДЫ Ж
Людзі ваююць паміж сабой з даўніх часоў. І ва ўсе часы зыход бітваў шмат у чым залежыў ад здольнасцяў і цвёрдасці палкаводцаў. Уцёкі палкаводца з поля бітвы, асабліва, ў яе крытычны момант, заўсёды дэмаралізоўвалі яго войска і прыводзілі да паразы. Часы змяніліся, але і зараз ўцёкі з краіны ў небяспечны момант лідараў палітычных сіл вядуць да цяжкіх наступстваў для іх ідэй і прыхільнікаў.
З беларускімі дэмакратычнымі сіламі такое здаралася ўжо двойчы. Першы раз - у сярэдзіне 90-х, калі на самым пачатку кампаніі вулічнай барацьбы за незалежнасьць супраць спробы правячага рэжыму аб'яднацца ў адну дзяржаву з РФ, з краіны ўцёк бясспрэчны тады лідар нацыянальных сіл. Другі раз - у 2020 годзе, калі падчас масавых пратэстаў ў эміграцыю па прапанове ўладаў з'ехала Святлана Ціханоўская, за прызнанне перамогі якой на "выбарах" на вуліцы тады выходзілі многія тысячы дэманстрантаў.
Але зараз сталася так, што і з супрацьлеглага боку адбылася аналагічная гісторыя - падчас абвастрэння адносін з ваюючай Украінай, перад пагрозай магчымага ўдару ўкраінскіх дронаў па расійскім рэтранслятарам на поўднёвай мяжы Беларусі, краіну у невядомым доўгі час накірунку пакінуў яе галоўны ўладны і вайсковы кіраўнік. Цікава, як да гэтай "трэніроўкі" ставяцца яго падначаленыя?
2 022
ВЫКЛЮЧЫЦЬ - НЕ ЗНАЧЫЦЬ ПРЫБРАЦЬ
Кіеў заяўляе, што ўжо некалькі дзён расійскія дроны не наводзяцца з дапамогай рэтранслятараў, размешчаных на беларускай тэрыторыі, але невядома, ці прыбралі іх адтуль. Пакуль што дакладна зразумела, што тыя рэтранслятары проста не працуюць. Але па якой прычыне - невядома. Ці то, іх прыбралі, у што я не веру, ці іх часова не скарыстоўвае расійскі бок пасля просьбаў Мінска ды іранічных каментароў Масквы. Але ж, адказваць на ўкраінскія ўдары Масква будзе, а яе запас балістычных ракет папаўняецца марудна. Таму, як выключылі рэтраслятары, так і ўключаць падчас чарговага ўдара дронамі па Ўкраіне. На што Кіеў адкажа ўжо без усялякіх ультыматумаў і папярэджанняў. Спробы ж напалохаць Украіну з дапамогай уяўных ці нават сапраўдных танкаў ніякага ўражання на Кіеў не акажуць. Бо зараз палохаць украінцаў танкамі на прыпяцкіх балотах тое ж самае, што палохаць вожыка голай задніцай.
Таму мая парада пра аптымальны варыянт рэакцыі ў выпадку ўдара па "неіснуючым" рэтранслятарамі застаецца ў сіле.
2 022
І ўжываць беларускія сродкі радыёэлектроннай барацьбы таксама не варта - невядома куды паляціць збітая з маршруту ракета ці дрон.
Карацей, калі Пуцін адмовіцца прыбраць свае рэтранслятары, то іх прыбярэ Зяленскі. Тутэйшыя ўлады могуць нават перадаць апошняму - прыбірай, замінаць не будзем. Толькі далей біць не трэба. Як у тым анекдоце: "Ды чаго ўжо там - ляпі! "
Для беларусаў галоўнае - захаваць сваіх суграмадзян і не даць яшчэ больш уцягнуць нашу краіну ў чужую вайну.
2 022
"ДЫ ЧАГО ЎЖО ТАМ - ЛЯПІ!"
Атрымаў ад былога сябры Народнай Грамады наступнае пытанне:
"Добры дзень! Перадаю пытанне, якое некалькі людзей хацелі б задаць: Вашае стаўленне да ўльтыматуму Зяленскага, патрабавання прыбраць расійскія рэтранслятары для навядзення дронаў на працягу тыдня".
- Стаўленне відавочнае - каму ў Беларусі спадабаецца, калі нашу краіну будуць абстрэльваць дронамі ды ракетамі.
Але справа не ў стаўленні, а ў тым, каб не дапусьціць эскалацыі канфлікта, бо, гледзячы па ўсім, Украіна нанясе паветраны ўдар па тых рэтранслятарах, калі іх не прыбраць.
Рэтранслятары для навядзення дронаў - важная частка расійскай інфраструктуры паветраных удараў, бо выкарыстоўваць для навядзення дронаў спадарожнікавую сістэму Ілана Маска Starlink Расія зараз не можа. Размяшчэнне расійскіх рэтранслятараў у сябе - прамы і відавочны саўдзел у расійскіх паветраных ударах. Вельмі імаверна, што гэтыя рэтранслятары скарыстоўваліся для ўдараў па Кіеву і па Кіева-Пячэрскай лаўры. Адлегласці ад нашай мяжы да Кіева, ды яшчэ пры выкарыстанні вышак, пра якія ўзгадвае Зяленскі, гэта дазваляюць. Таму Ўкраіне жыццёва неабходна нейтралізацыя такіх рэтранслятараў. Пры тым, Кіеў мае магчымасць спасылацца на міжнароднае права і рэалізацыю свайго законнага права на самаабарону. Ды й ўзгадаць ролю Беларусі ў расійскім "бліцкрыгу" ў 2022 годзе.
Не думаю, што Масква дазволіць тутэйшаму "суверэну" прыбраць яе рэтранслятары ці, хаця б, перанесці іх далей ад украінскай мяжы. Тым болей, што яна зацікаўлена ўцягнуць Беларусь ў вайну на сваім баку.
Таму, хутчэй за ўсё, ўдар па рэтранслятарах будзе нанесены.
Але галоўнае зараз, каб украінскі ўдар абмежаваўся толькі гэтымі рэтранслятарамі ды не прывёў да эскалацыі канфлікту і ўцягвання нашай краіны ў вайну.
Беларускаму рэжыму прыйдзецца неяк жа адказваць на ўдар, калі той здарыцца. Будзе складана абмежавацца толькі дыпламатычнымі дэмаршамі, бо такі адказ выкліча нэгатыўную рэакцыю расчараванага Крамля і яго прапаганды. Але гэтую рэакцыю можна перажыць. Калі ж адказаць ударам на удар, то мяжа паміж Украінай і Беларуссю, большасць якой праходзіць па палескіх балотах, абцяжарвае наземныя дзеянні войскаў. У выніку, канфлікт ад пачатку ці праз некаторы час непазбежна пяройдзе ў абмен ракетнымі і дронавымі ўдарамі. Некалькі дзесяткаў беларускіх "Паланэзаў" і расійскіх "Іскандэраў" скончацца хутка. Нават, калі Масква і падзеліцца яшчэ некалькімі сотнямі "Шахедаў"(ці "Гераняў"), усё роўна, гэты абмен ударамі вельмі хутка пяройдзе ў стадыю аднабаковых удараў Украіны, бо яе перавага, нават перад РФ, ў масавай вытворчасці і дакладным прымяненні дронаў сярэдняй і вялікай дальнасці робіцца відавочнай. А пра Беларусь і казаць няма пра што. Я нават не маю на ўвазе рызыку для рэжыма ва ўзбраенні вялікай колькасці дарослых беларусаў у выпадку канфлікту "на зямлі". Але, пры масавых паветраных ударах Украіны, з'явяцца рэальныя пагрозы не толькі для беларускай прамысловасці ды інфраструктуры, але і для ўсіх грамадзян нашай краіны. Такіх пагроз лепей пазбегнуць.
Што рабіць беларускім уладам, каб не дапусціць негатыўнага развіцця падзей?
Безумоўна, можна выйсці на Кіеў і некаторы час абяцаць і цягнуць час. Але тады ёсьць імавернасць нарвацца на раптоўны ўдар, што павялічвае рызыку чалавечых ахвяр.
Думаю, што, ў любым выпадку, трэба наладзіць сістэму апавяшчэння грамадзянаў аб паветранай пагрозе ў паласе ад украінскай мяжы да гэтых рэтранслятараў, абавязаць мясцовыя ўлады і вясковае насельніцтва ў гэтай паласе абсталяваць бамбасховішчы, хоць у падвалах шматкватэрных дамоў ці нават ва ўласных склепах.
Яшчэ, не імкнуцца збіваць ўкраінскія дроны і ракеты сродкамі беларускай супрацьпаветранай абароны. Зенітных ракет мала і яны дарагія, а галоўнае - навошта збіваць тое, што ляцяць да расійскіх рэтранслятараў? Толькі, каб абломкі тых украінскіх дронаў ці беларускіх зенітных ракет падалі на галовы мірнага насельніцтва?
