en
Feedback
STATKEVICH M

STATKEVICH M

Open in Telegram

Show more
The country is not specifiedPolitics13 395
2 022
Subscribers
No data24 hours
+167 days
+1830 days
Posts Archive
Тагачасныя ўлады адпомсцілі ўсім афіцэрам-патрыётам, якія сваім публічным крокам прымусілі іх да выканання свайго важнейшага абавязку. Але ніхто з нас не шкадаваў і не шкадуе пра зробленае. Яно было таго вартым. Тады для нас, таксама, было важным нагадаць, што ў жылах сучасных беларусаў цячэ кроў ваяроў-пераможцаў. Праз 7 гадоў пасля той акцыі дзесяткі тысячаў патрыётаў выйшлі на Марш свабоды 17 Кастрычніка 1999 года і з дапамогай кавалкаў тратуарнай пліткі растлумачылі правячаму рэжыму, што гандляваць незалежнасцю і выкрадаць сваіх апанентаў не трэба. Хапіла гадоў на 20. Памятаю, як у тыя часы ўкраінскія дэмакратычныя палітыкі ў размовах са мной захапляліся мужнасцю беларусаў, якія ва ўмовах дыктатуры масава пратэстуюць супраць беззаконня, ды наракалі на абыякавасць і палітычную апатыю сваіх землякоў, якія ў непараўнальна больш бяспечных умовах ніяк не рэагуюць нават на выкраданне і зверскае забойства вельмі папулярнага апазіцыйнага журналіста. Цяпер жа мы бачым, што 30 гадоў свабоды зрабілі ўкраінцаў сапраўднай палітычнай нацыяй. Некалі беларускія патрыёты назвалі дату 8 верасня Днём беларускай вайсковай славы. Лічу, што гэты дзень павінен стаць яшчэ і пастаянным Днём прысягі будучых афіцэраў - курсантаў вайсковых вучэльняў. З Днём беларускай вайсковай славы нас, беларусы! Мікалай Статкевіч, г. Мінск Беларусь, 8 верасня 2026года

ТРЫ НАГОДЫ ДЛЯ АДНАГО СВЯТА Дата 8 верасня неаднойчы была знакавай у беларускай вайсковай гісторыі. Калі разглядаць у храналагічным парадку, то пачынаць варта аж з 8 верасня (па старому стылю) 1380 года, калі ў бітве на Куліковым полі сыйшліся войскі цемніка Арды Мамая і рускіх княстваў на чале з маскоўскім князем Дзмітрыем. На баку Дзмітрыя выступілі і палкі беларускіх княстваў ВКЛ - Полацкага, Бранскага і Смаленскага, на чале з князямі Андрэем і Дзмітрыем Альгердавічамі, хаця нашы землі ніколі не былі пад мангольскім панаванем. А спробы манголаў разам а сваімі маскоўскімі васаламі напасьці на іх заўсёды адбіваліся. Беларускія палкі адыгралі вялікую ролю ў бітве. Магчыма таму, што ў іх княстваў ужо быў досвед перамог над значнымі мангольскімі сіламі. У 1362 годзе ў бітве на Сініх Водах сумесным беларуска-украінскім войскам на чале з вялікім князем ВКЛ Альгердам былі разбіты войскі трох мангольскіх ханаў, у выніку чаго ўкраінскія землі, як і былі заўжды нашы, сталі вольнымі ад мангольскага панавання. Гэты досвед і ўпэўненасць беларускіх палкоў ды палкаводцаў, якую ён ім даў, дапамаглі аб'яднаным войскам перамагчы значныя сілы Арды на Куліковым полі. Праўда, асобнай была пазіцыя вялікага князя ВКЛ Ягайлы, які вёў свае войскі на дапамогу Мамаю, але ўдзелу ў бітве не браў. Думаю, што Ягайла быў добрым геапалітыкам і не хацеў умацавання суседняй  Масквы, што пагражала ў будучым бясьпецы ВКЛ. Тым не меней, мы можам абгрунтавана лічыць дату 8 верасня 1380 года славутай і для сваёй вайсковай гісторыі. Пра 8 верасня 1514 года - дату славутай перамогі над утрая большым 80-тысячным маскоўскім войскам пад Воршай цяпер ведае амаль кожны беларус. Дата 8 верасня яшчэ раз адыграла важную ролю ўжо ў сучаснай вайсковай гісторыі нашай краіны. Гэта было ў 1992 годзе. Тады Беларусь падпарадкавала сабе савецкія вайсковыя часткі, размешчаныя на нашай тэрыторыі. Але да сапраўднага беларускага войска ім было яшчэ вельмі далёка. Афіцэры, ураджэнцы пераважна іншых рэспублік СССР, з асцярогай ставіліся да незалежнасці Беларусі і невядома, ці сталі б яны яе бараніць у выпадку агрэсіі іншай былой савецкай рэспублікі. Бо нават не было прававых падстаў патрабаваць гэтага ад іх - яны не прымалі прысягі на вернасць Беларусі, што б зрабіла для іх абарону яе незалежнасці юрыдычна абгрунтаваным абавязкам. Урад Кебіча, як звычайна, ігнараваў праблему, каб "не злаваць Маскву". Таму, мной, як старшынём Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), была вылучана прапанова правесці сімвалічную цырымонію прысягі на вернасць Беларусі ў цэнтры Мінска менавіта ў гадавіну перамогі пад Воршай, каб як мага шырэй паведаміць беларусам пра славутую перамогу іх продкаў. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, вядомы гісторык Міхась Ткачоў адразу ж падтрымаў гэтую прапанову. Як і лідар БНФ Зянон Пазняк, які прапанаваў БЗВ дапамогу сваёй партыі ў арганізацыі прысягі. Акцыя адбылася 8 верасня 1992 года на плошчы Незалежнасці Мінска. Было вельмі добрае яе мастацкае і музычнае  афармленне, за якое ад БНФ адказваў вядомы мастак Мікола Купава. Акцыя пачалася з гукаў сурмы. Пасля прамоў мной быў зачытаны тэкст прысягі, які паўтаралі кадравыя афіцэры  - сябры БЗВ і тысячы вайскоўцаў запасу, якія сабраліся на плошчы. Так здарылася, што тэкст прысягі прагучаў тады двойчы. Палкоўнік Уладзімір Барадач, былы камандзір брыгады спецназа, які спазніўся на цырымонію, папрасіў дазволіць яму  таксама зачытаць тэкст прысягі. Я пагадзіўся, бо словы адданасці сваёй  краіне можна паўтараць шмат разоў, і ўсе людзі на плошчы яшчэ раз аднадушна пакляліся бараніць Беларусь. Гэта акцыя не была юрыдычным актам. Але яна мела шырокі розгалас. У выніку, праз некалькі месяцаў урад Кебіча мусіў прывесці да прысягі на вернасць Беларусі ўсіх афіцэраў беларускай арміі. А беларусы, якім ўсё жыццё ўбівалі ў галовы, што іх краіна не мае сваёй гісторыі, нарэшце даведаліся пра адну з самых славутых яе старонак.

photo content

НАПАДЫ І ПАРАДЫ Я даўно ўжо не пераймаюся канкурэнцыяй за нейкае асабістае месца сярод дэмакратычных сіл. Галоўнае для мяне - будучыня нашай нацыі і краіны, якая залежыць, у тым ліку, ад наяўнасці ў нас неабходнай колькасці моцных патрыятычных лідэраў. Таму імкнуся вызначыць і падтрымаць тых актыўных беларусаў і беларусак, якія маюць ўнутраны патэнцыял для лідэрства. Падрыхтаваныя харызматычныя лідэры - рэдкая з'ява, яны фармуюцца гадамі і знаходзяцца пад пільнай увагай і падвышаным ціскам рэжыма. Таму іх варта берагчы і падтрымоўваць. Шкадую, што з-за зняволення мала ведаю пра тых актывістаў, якія выявілі свае лідэрскія якасці ў 2020 годзе. Мы - не вельмі вялікая нацыя, таму мяне радуе з'яўленне новых патэнцыйных лідэраў і засмучае зыход ад актыўнай дзейнасці тых, хто ўжо засведчыў сябе сапраўдным патрыятычным лідэрам. Я кепска стаўлюся да тых, хто публічна заявіў пра свае прэтэнзіі на кіраўніцтва, павёў за сабой людзей і потым апынуўся нявартым іх даверу. На мой погляд, гэта здрада. І не трэба спасылак на запалохванні і пагрозы, страх турмы, за блізкіх і дзяцей. Да лідэрства ніхто нікога не прымушае. Калі ж абраў гэты шлях, то мусіш адпавядаць яму. Бо хіба тыя, якія пайшлі за несапраўдным лідэрам і, пакінутыя ім, апынуліся з-за гэтага разлучанымі з блізкімі і дзецьмі, прайшлі турэмнае пекла - нейкія меньш каштоўныя людзі? Што, іх пакуты значаць меней? Няздатнасць да самаахвяравання ва ўмовах вызвольнай барацьбы супраць тыраніі - прыкмета непрыдатнасці да лідэрства. Тым болей каштоўныя лідэры, чыя адданасць справе ўжо праверана. Напрыклад, турмой ці вайной. Я называю гэта - прайшлі "праверку на дарогах". Па назве савецкага ваеннага фільма, некалі забароненага цэнзурай. Мяне вельмі засмучае кампанія ў Сеціве супраць Сяргея Ціханоўскага - харызматычнага лідэра, які шмат зрабіў для народнага ўздыму 2020 года, годна прайшоў турэмныя катаванні, не папрасіў літасці ў сваіх катаў і зараз знаходзіцца на волі. Безумоўна, Сяргей рабіў памылкі, амаль непазбежныя пасля пяці гадоў поўнай ізаляцыі. Эмацыйнасць - добрая якасць для палітыка, неабходная для ўздзеяння на эмоцыі людзей. Але яна можа шкодзіць у стасунках з медыя і дыскусіях у Сеціве. Хаця цяжка стрымацца, калі нібыта дэмакратычныя актывісты актыўна выкарыстоўваюць для нападак на былых палітвязняў спекуляцыі наконт турэмных "статусаў". Тым болей, што безпадстаўнае навешванне турэмшчыкамі рэжыму гэтых "статусаў" з'яўляецца вядомым прыёмам ціску і псіхалагічных катаванняў палітвязняў. Так атрымалася, што я ў тэме наконт "статусавай" правакацыі супраць Сяргея. Я высветліў яе абставіны праз аўтарытэтных у турэмным свеце людзей. Як выявілася, недарэчную і хлуслівую інфармацыю пра Сяргея распаўсюдзілі двое крымінальнікаў. Адзін з якіх падпісаў у зняволенні паперы пра "законапаслухмяныя паводзіны", а другі даў падчас следства паказанні супраць сваіх сяброў, што аўтаматычна пазбаўляе абодвух паважанага месца ў турэмным свеце і права выносіць вызначэнні пра "статус" ды распаўсюджваць інфармацыю пра іх. Спробы "дэмакратаў" гуляць на адным са спосабаў турэмных катаванняў выклікаюць у мяне пачуццё глыбокай гідлівасці. Тым не меньш, хачу параіць Сяргею вучыцца не наракаць на СМІ за крытычныя, хай нават і недакладныя, выказванні ў свой бок, тым болей, не рэагаваць эмацыйна на слоўныя прэтэнзіі і напады апанентаў, што з'яўляецца неабходнай якасцю дэмакратычнага палітыка. І калі ён звярнуўся да расійскай вершаванай класікі, то жадаю яму трымацца вершаванай парады расійскага паэта Аляксандра Пушкіна: "Хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца". Альбо маёй невершаванай: "Ніколі не перабрэхвайся з сабакамі". Глыбокапаважаную мной за шматгадовую падтрымку беларушчыны "Нашу Ніву" папрасіў бы не апускацца ў дыскусіі з чалавекам, чыя заслугі і пакуты ў барацьбе за свабоду Беларусі бясспрэчныя, да выразаў кшталту "лабуда". Мо, гэта і павялічвае аўдыторыю, але памяншае павагу.

ПАРАДЫ "АДМЫСЛОЎЦУ" Нядаўна з Крамля заявілі, што пастаўкі паліва ў РФ з беларускіх НПЗ "ідуць на максімум". Цяпер у Мінску мусяць хвалявацца, ці не падштурхне гэта публічная "здача" Кіеў да выканання сваёй пагрозы ўдару па нашых нафтаперапрацоўчых заводах, якія, з пункту гледжання Украіны, забяспечваюць агрэсара бензінам і дызельным палівам. Матывы Крэмля, па якім ён, па сутнасці, правакуе напад ўкраінскіх дронаў на прадпрыемствы, што фармуюць аснову беларускага экспарту, відавочныя - пасля такога нападу Мінску будзе цяжка ўхіліцца ад уцягвання ў расійска-украінскую вайну, якую ў Расіі чамусьці дагэтуль сарамліва называюць нейкім "СВО". Жаданне ўцягнуць Беларусь у агрэсію супраць Украіны для Крамля перавышае засцярогі ад спынення паставак беларускага паліва ў РФ. Што рабіць тутэйшаму рэжыму, які добра разумее небяспечныя для яго наступствы адкрытага ўдзелу ў вайне? Магчыма, паспрабаваць неяк залагодзіць Кіеў, каб там заплюшчылі вочы на пастаўкі паліва ў РФ? Напрыклад, адначасова аднавіць пастаўкі дызельнага паліва ва Украіну з Мазырскага НПЗ па існуючаму прадуктапроваду да Львова. Раней гэта схема ўжо працавала і не спынялася нават пасля 2014 года, калі зробленая ў Мазыры з расійскай нафты салярка пастаўлялася для запраўкі ўкраінскіх танкаў ды іншай ваеннай тэхнікі для вядзення баявых дзеянняў супраць расійскіх войскаў у Данбасе. Тады казалі, што, улічваючы поўную непразрыстасць схемы, частка даходаў ад яе перападала дэмакратычным ці недэмакратычным украінскім прэзідэнтам і мэрам. Ды і крамлёўскаму, нібыта, нешта заставалася. Мо, і зараз варта прапанаваць ўкраінцам вярнуцца да праверанай схемы - тая ж салярка для вайны ім цяпер яшчэ больш патрэбна. А каб пагадзіліся і меней ненавідзелі за спробу захопу расійскімі войскамі Кіева з нашай тэрыторыі ў 2022 годзе, трэба кошт на салярку для Украіны зрабіць істотна меньшым, чым для Расіі. Хай прыбытак будзе малым, але галоўнае - пазбегнуць убыткаў, бо некаторыя ўстаноўкі на НПЗ могуць каштаваць сотні мільёнаў нерублёў. Ужо не кажу пра ўкраінскія дроны над рэзідэнцыямі ды над нашымі галовамі. Не ад добрага жыцця я ўзяўся вучыць палітыка-эканамічным гешэфтам вядомага іх "знаўцу". Бо толькі "гарачай", а то і ядзернай войны нам тут яшчэ не хапала. Дастаткова, што на "халоднай" ўнутранай паўмільёна нягоршых ужо згубілі. Хоць і маю спадзяванне, што не назаўжды.

З ДНЁМ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ, БЕЛАРУСЬ! 25 жніўня 1991 года, пасля паразы путча ГКЧП у Маскве і пад ціскам шматтысячнага мітынгу каля Дома Ўраду, Вярхоўны Савет БССР на сваёй надзвычайнай сесіі надаў сілу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай за год да гэтага. Такім чынам, менавіта 25 жніўня 1991 года наша краіна стала незалежнай дзяржавай. І ніякія маніпуляцыі з гістарычнымі датамі не могуць адмяніць гэтага бясспрэчнага факта, не здольныя сцерці яго з нашай памяці. Сёння спаўняецца роўна 35 год са дня галоўнай падзеі ў жыцці нашай дзяржавы. І хаця неўзабаве правіцелі краіны, каб захоўваць сваю ўладу над намі без правядзення неабходных цяжкіх рэформаў, сталі гандляваць незалежнасцю, беларусы ўжо зразумелі яе важнасць і неабходнасць. Асабліва зараз, калі толькі фармальная незалежнасць пакуль ратуе нас ад наўпроставага ўцягвання ў расійска-украінскую вайну. Цяпер у краіне створана такая сітуацыя, што сабрацца разам, каб публічна заявіць пра падтрымку незалежнасці, каб паказаць маскоўскім імперскім рэваншыстам ды іх тутэйшаму кліенту сваю пазіцыю, каб годна адсвяткаваць Дзень нашай Незалежнасьці, амаль немагчыма. Але многія тысячы беларусаў па абодва бакі мяжы лічаць незалежнасць сваёй краіны найвышэйшай каштоўнасцю і гатовы абараняць яе са зброяй у руках. Захаваем незалежную беларускую дзяржаву, каб Беларусь жыла! Са святам нас, беларусы! Мікалай Статкевіч, г. Мінск Беларусь, 25 жніўня 2026года

ТРЫМАЙЦЕСЯ, ДРУЗІ! Мае шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасьці годнаму і мужнаму ўкраінскаму народу! Зараз за незалежнасць вам прыходзіцца весьці крывавую і няроўную вайну, за час якой загінулі многія тысячы з вас, у якой пад пастаяннай пагрозай смерці знаходзяцца не толькі вашы ваяры на фронце, але і мірныя грамадзяне - дзеці, жанчыны, старыя ў кожным рэгіёне Украіны. Ваша мужнасць і стойкасць ў абароне незалежнасці і свабоды сваёй краіны выклікаюць павагу ды захапленне ўсяго свету. Асабліва - у суседніх з вамі народаў, якія разумеюць, што, у выпадку вашай паразы, наступнымі аб'ектамі агрэсіі Масквы стануць ужо іх краіны. Менавіта таму шмат патрыётаў з гэтых краін прыехала ва Украіну, каб змагацца супраць агрэсара поруч з вамі. Мне вельмі сорамна, што Беларусь была выкарыстана агрэсарам, як плацдарм для спробы хуткага захопу вашай сталіцы. Я ўпэўнены, што без разліку на гэты захоп і хуткую перамогу, агрэсар ўвогуле не пайшоў бы на сваю крывавую авантуру. На жаль, знясіленае доўгім супрацівам дыктатуры, зьняволеньнем многіх тысяч патрыётаў і наўмысным прымушэннем перад вайной да эміграцыі сотняў тысяч праціўнікаў рэжыму, беларускае грамадства не здолела перашкодзіць выкарыстанню нашай зямлі для агрэсіі супраць найбольш блізкага нам народа. Даруйце, сябры! У гэты святочны для вас дзень зычу вам сілаў выстаяць і захаваць сваю цудоўную краіну! Дзеля сябе і дзеля ўсіх народаў, якія прагнуць волі. Гадамі ў бетонным турэмным мяшку я прасіў Бога пра гэта. Маё сэрца з вамі. Трымайцеся, друзі! Мікалай Статкевіч г. Мінск, Беларусь, 24 жніўня 2026года.

ПРАГНОЗЫ ЧАСОЎ РАСПАДУ (ЧАСТКА 2) Цяпер, як абяцаў у папярэднім матэрыяле, іншыя прыклады дакладных прагнозаў распаду СССР і будучыні яго рэспублік. На адной з навуковых канферэнцый напрыканцы 80-х я пазнаёміўся з навукоўцам з Масквы, які належыў да вельмі старой адукаванай сям'і, што стагоддзямі жыла ў розных ісламскіх краінах, і які добра ведаў паўднёвыя савецкія рэгіёны. Мы размаўлялі пра будучыню гэтых рэгіёнаў пасля распаду савецкай імперыі. Па яго меркаванню, сярэднеазіяцкім савецкім рэспублікам наканаваны "альбо хан, альбо законы шарыяту". Цяпер мы бачым, што там, пасля вайны з ісламістамі ў Таджыкістане і задушэння іх выступаў ва Узбекістане, пакуль спыніліся на варыянтах "ханского" праўлення. Мой суразмоўца лічыў, што Азербайджан мае перспектывы для існавання сваёй дзяржавы, дзякуючы нафтавым даходам, прагназаваў праблемы для Грузіі, якой, па яго словам, было цяжка прапанаваць нешта ліквіднае для міжнародных рынкаў. Яшчэ ён вельмі скептычна ацэньваў перспектывы самастойнага існавання Арменіі, якая тады ўжо вяла ўзброены канфлікт з Азербайджанам з-за Нагорнага Карабаха і знаходзілася ў халодным канфлікце з саюзнікам Азербайджана Турцыяй. Заціснутай паміж ворагамі Арменіі, па яго меркаванню, не будзе іншага выйсця, як "вярнуцца" да Расіі. Але ж прагноз - не прысуд. І цяпер мы бачым, як Арменія вырываецца з геапалітычнай пасткі, хоць і змушана ахвяраваўшы Нагорным Карабахам. Мне гэта, чамусьці, нагадвае некалі пачутую гісторыю, як воўк, каб вырвацца з пасткі, адыгрызае сабе трапіўшую ў яе лапу. Асабліва запомніўся яшчэ адзін тагачасны прагноз, які, дакладней, трэба было б назваць папярэджаннем ці нават пагрозай. Адзін курсант Мінскай вышэйшай інжынернай зенітнай ракетнай вучэльні, у якога я быў кіраўніком дыпломнай працы, пасля вакацый, праведзеных у Маскве, распавёў мне пра размову на вечарынцы з прадстаўніком нейкай расійскай шавіністычнай арганізацыі. Той, па словах майго дыпломніка, коратка сфармуляваў сваё бачанне будучыні імперыі. Гучала яно так: "Прыбалтыка сыйдзе. Яны там чужыя для нас, сваімі ніколі не будуць. Таму, хай сыходзяць. Азіяцкія рэспублікі хай таксама сыходзяць - колькі ўжо можна сядзець на нашай шыі. За Украіну мы будзем ваяваць. Але яна занадта вялікая, не ведаю, ці здолеем яе адолець. А вы, беларусы, сядзіце і нават не рыпайцеся ". Не ведаю, ці адрасавалася гэтае папярэджанне асабіста мне, бо ў вучэльні ўжо хадзілі чуткі пра мае "нацыяналістычныя" погляды, ці гэта была пагроза ўсім беларусам. Але прыняў я яе сур'ёзна, бо погляды таго "прагназіста" былі, як я шмат разоў пераконваўся, дамінуючымі сярод расійскага грамадства. Але, на той момант, гэта пагроза нават у нечым супакоіла мяне, бо, калі яны самі не ўпэўнены, ці "адолеюць" Украіну, то іх параза там дасць шанцы на незалежнасць і нам. Таму трэба было "рыпацца ": ствараць сваё войска, весці гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства. Але, ведаючы настроі ў Расіі, ўвесь час чакаць, калі Масква пачне свой рэванш. Шчыра кажучы, у снежні 2021 года, праз 30 год пасля Белавежскіх пагадненняў, якія "адмянілі" СССР, я ўжо пачаў спадзявацца, што ўсё завершыцца Крымам і Данбасам, пакуль не з'явіўся невыканальны ўльтыматум Масквы NATO, які быў класічным casus belli (нагодай для вайны), і пакуль ў раёне Мазыра не размясціліся расійскія войскі, нібыта для вучэнняў. А зараз Украіна ваюе не толькі за сваю незалежнасьць. Яна яшчэ ваюе і за незалежнасць Беларусі ды краін Балтыі, як мінімум. Думаю, што беларусы, якія паехалі ва Украіну пасля расійскага ўварвання туды, выдатна гэта разумеюць. Чарговы парадокс гісторыі - некалі Украіна, дзякуючы Багдану Хмяльніцкаму, зрабіла Масковію імперыяй з-за свайго далучэння да яе, што, пасля доўгага і крывавага супраціву ды самых вялікіх у нашай гісторыі чалавечых стратаў, "заматала" ў гэтую імперыю і Беларусь. А цяпер Украіна вядзе вайну, каб адстаяць сваю незалежнасць і тым "адмяніць" імперыю. Нагадвае выпраўленне гістарычных памылак.

У Генштабе Савецкай арміі наспявала змова, рыхтаваўся ўзброены мяцеж у Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, дзе мясцовыя ўлады патрабавалі тэрміновага вываду савецкіх войскаў. Пасля таго, калі да патрабаванняў Украіны нарэшце далучылася Беларусь, Масква саступіла патрабаванням і пагроза грамадзянскай вайны была ліквідавана. Гэта гісторыя - важнае сведчанне важнасці дакладнага палітычнага прагнозу. На гэтым канале я ўжо пісаў пра зроблены ў 2018 годзе Народнай Грамадой і Беларускім нацыянальным Кангрэсам прагноз пра наспяванне ў Беларусі рэвалюцыйнай сітуацыі, што дазволіла нам падрыхтавацца да будучых падзей. У другой частцы гэтага тэкста праз некалькі дзён я прывяду яшчэ некалькі прыкладаў палітычных прагнозаў, зробленых іншымі людзьмі напярэдадні распаду СССР пра будучыню яго рэспублік і якія дагэтуль ўражваюць мяне сваёй дакладнасцю. Мне здаецца, што ў пераломныя моманты гісторыі ў некаторых людзей абвастраецца адчуванне яе хады і накірунку.

ПРАГНОЗЫ ЧАСОЎ РАСПАДУ (ЧАСТКА1) Дакладныя палітычныя прагнозы - вельмі важная рэч. Не толькі таму, што задавальняць нашу цікаўнасць наконт будучыні. Дакладны прагноз дазваляе яшчэ і падрыхтавацца да таго, каб скарыстацца шанцамі, якія даюць будучыя перамены. Альбо нівеліраваць магчымыя пагрозы. Што зараз надзвычай важна для Беларусі і ўсяго еўрапейскага рэгіёна. Напрыклад, 35 гадоў таму ў Маскве пачаўся путч ГКЧП, мэтай якога было ўратаваць СССР. Але які, у выніку, прывёў да яго распаду. Таму, якраз сёння зручная нагода, каб паразважаць пра тагачасныя прагнозы, бо сама гісторыя ўжо паказала іх слушнасць ці не слушнасць. Тады некаторыя прагназавалі не толькі сам распад савецкай імперыі, але нават спрабавалі прадказаць будучыню яе частак. У той час я працаваў над доктарскай дысертацыяй, прысвечанай чалавека-машынным сістэмам кіравання і мусіў разбірацца, акрамя тэхнічных пытанняў, з матывацыяй чалавека ў гэтых сістэмах для эфектыўнага кіравання і для навучання такому кіраванню, што патрабавала вывучэння і гуманітарных навук. З сацыяльнай псіхалогіі мне было вядома, што дзяржава, не аб'яднаная агульнымі каштоўнасцямі, непазбежна распадаецца. Савецкі саюз аб'ядноўвала камуністычная ідэалогія, якая была цалкам дыскрэдытавана ў выніку "галоснасці" Гарбачова праўдай пра сапраўдны кошт камуністычнага эксперыменту для народаў СССР. Іншай аб'яднаўчай ідэалогіяй на той час магла быць толькі нацыянальная, што стала прысудам для шматнацыянальнай імперыі. Тады, прагназуючы яе распад, я бачыў самую вялікую рызыку ў развязванні савецкай арміяй грамадзянскай вайны ў нацыянальных рэспубліках. Бо, калі пад імперскім войскам распадаецца імперыя, амаль рэфлекторная рэакцыя гэтага войска - зброяй прадухіліць распад. Што праз некалькі год выразна выявілася пры распадзе Югаславіі. Таму пытанне падзелу савецкай арміі паміж рэспублікамі і стварэнне ў іх сваіх армій рабілася вызначальным. Тым болей, што досвед распаду Расійскай імперыі ў 1917 годзе сведчыў, што тады незалежнасці здолелі дасягнуць толькі тыя яе "ўскраіны", якія здолелі к моманту распаду стварыць і захаваць нацыянальныя вайсковыя часткі. У беларусаў гэта не атрымалася. Аднымі дэкларацыямі ды граматамі незалежнасць не здабываецца і не бароніцца. У мяне ўражанне, што гэтая банальная ісціна дагэтуль не зразумелая тым, хто прэтэндуе на альтэрнатыўнае дзяржаўнае лідэрства. Таму, праз мае, напачатку ананімныя, публікацыі ў тагачаснай беларускай прэсе ў 1990-1991 гадах рыхтавалася грамадская думка на карысць стварэння свайго войска. Трэба сказаць, што гэтая прапанова спадабалася беларусам, бо для іх яна значыла, што іх дзеці будуць служыць у войску каля дома, а не ў Сібіры ці ў Сярэдняй Азіі. Згодна з сацыялагічным апытаннем у сярэдзіне 1991 года яе падтрымлівалі 60% жыхароў Беларусі. Таксама, дзякуючы гэтым публікацыям і паштовым кантактам у іх, па ўсёй тэрыторыі Савецкага саюза (і ў Беларусі, ў тым ліку) была створана сетка афіцэраў-беларусаў, якія хацелі служыць Беларусі. ГКЧП прымусіў нас прыспешвацца. 20 жніўня 1991 года ў перадачы радыёстанцыі "Беларуская Маладзёжная", дзякуючы яе вядучаму Віталю Сямашку, мной было аб'яўлена пра стварэнне "Беларускага згуртавання вайскоўцаў"(БЗВ) і агучаны заклік БЗВ да ўсіх вайскоўцаў не выконваць загады ГКЧП. У той жа дзень гэтыя аб'ява і заклік былі агучаны на мітынгу БНФ на плошчы Незалежнасьці (на фота). Пасля паразы ГКЧП мы адразу перадалі ў Вярхоўны Савет, праз фракцыю БНФ у ім, законапраект пра стварэнне беларускага войска. Але гэты законапраект быў правалены звышактыўным супрацьдзеяннем аднаго дэпутата са Шклоўскага раёна, які меў ўплыў на шматлікіх дэпутатаў-старшынь калгасаў і рабіў ўсё, каб беларускае войска не было створана. У выніку закон быў прыняты ледзь ні з чацвёртай спробы толькі напачатку 1992 года. Ўвесь гэты час рэгіён знаходзіўся на мяжы грамадзянскай вайны. Украіна патрабавала ад Масквы перадаць у яе падпарадкаванне ўсе савецкія вайсковыя часткі на сваёй зямлі.

photo content

Я не хачу ўлазіць у пытанне арганізацыі кіраўніцтва дыяспарай. Гэта справа, найперш, самой дыяспары. Але ёсць пытанне, якое хвалюе ўсіх беларусаў. Зараз усіх нас у адну нацыю звязваюць беларускія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы. І яны павінны паказваць прыклад сапраўды незалежнай прафесійнай журналістыкі. Але кідаецца ў вочы выразная ангажаванасць і нават самацэнзура некаторых рэсурсаў. Я маю дастатковы досвед, каб зразумець, што гэта ангажаванасць, як і некалі на роднай зямлі, звязана з крыніцамі фінансавання. Але ж зараз, нібыта, гэтае фінансаванне ажыццяўляецца еўрапейскімі структурамі ў межах падтрымкі ўсёй беларускай дэмакратыі. Як я зразумеў, размеркаваннем падтрымкі паміж канкрэтнымі беларускімі рэсурсамі займаюцца кіруючыя структуры дыяспары, якія і атрымоўваюць найбольш увагі ад гэтых рэсурсаў. Усё, як некалі было тут - "хто дзяўчыну корміць, той яе і танцуе". Толькі бурлівая дзейнасць "офісаў" і "кабінетаў" цікавая найперш для ўладальнікаў ды насельнікаў гэтай нерухомасці. Большасць беларусаў тут абыякавая да яе. Ну ды нічога - людзі пацерпяць дзеля магчымасці ўбачыць іншую, важную для сябе інфармацыю. Але з другога боку, калі наша краіна вызваліць сябе, у якасці ўзору еўрапейскага прафесіяналізму, аб'ектыўнасці ды крытычнага стаўлення да злоўжывання ўплывамі да нас прыедуць каманды беларускіх журналістаў, навучаных прафесійна за грошы паказваць чорнае белым ці наадварот? Дзякуй, не трэба. Тут такіх аж зашмат. Вучыцеся лепшаму. Для мяне відавочна, што пытанне размеркавання дапамогі беларускім дэмакратычным інтэрнэт-рэсурсам з боку структур ЕС павінна вырашацца незалежным непалітычным органам і па аб'ектыўным крытэрыям. Думаю, што прадстаўнікі гэтых рэсурсаў здольны супольна выпрацаваць такія крытэрыі. А ўсім беларусам па абодва бакі мяжы хачу сказаць:"Будзем разам, каб Беларусь жыла!"

СПЫНІЦЬ РАСКОЛ 5 гадоў таму з нашым народам здарылася трагедыя - у выніку адмысловай спецаперацыі, шляхам масавых дэманстратыўных рэпрэсій, мэтанакіраванага запалохвання і арганізацыі адпаведных публічных прыкладаў ды інфармацыйнай кампаніі ў Сеціве да эміграцыі з Беларусі былі схілены, як мінімум, паўмільёна нашых суграмадзян. Да прыкладу, гэта аналагічна, як з Расіі раптоўна з'ехала б болей за 7 мільёнаў чалавек. Любая еўрапейская дзяржава у сітуацыі агульнаеўрапейскага дэмаграфічнага крызісу імкнецца заахвоціць сваіх грамадзянаў заставацца на Радзіме, ствараць там сем'і, нараджаць і гадаваць дзяцей. Бо кожны чалавек, незалежна ад яго палітычных схільнасьцяў, ўяўляе сабой каштоўнасць для сваёй краіны, якая, ўрэшце, у маленстве плаціла грошы яго бацькам, бясплатна адукоўвала яго, пры неабходнасці лекавала. Улічваючы якасць гэтых выгнаных з Беларусі людзей, сярэдні ўзровень іх адукацыі ды актыўнасць, эканоміцы нашай краіны, перспектывам яе развіцця нанесены каласальны ўрон. Па сутнасці, правячы рэжым за кошт будучыні нашага народа зрабіў бясплатны падарунак іншым дзяржавам. Прычына гэтага, як мінімум, безадказнага дзеяння - не толькі помста за перажыты ў 2020 годзе страх. Не толькі жаданне любым коштам назаўсёды захаваць кантроль і ўладу над краінай, якое дакладна было сфармулявана ў фразе, сказанай галоўным тутэйшым начальнікам гады чатыры з нечым таму ў Маскве з нагоды масавай эміграцыі расійскіх мужчын з-за мабілізацыі: "Не надо жалеть, что они уехали. Они же все равно были не за вас". Думаю, што масавая "зачыстка" Беларусі ў 2021 годзе адбывалася, таксама, і як перадваенная падрыхтоўка да ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну з нашай тэрыторыі. Каб прадухіліць пратэсты ці актыўныя дзеянні ў тыле расійскай групоўкі на нашай зямлі. "Зачыстка" была праведзена. І зараз за межамі Беларусі жывуць сотні тысячаў нашых суайчыннікаў. Гэтыя людзі могуць быць патэнцыялам для будучага развіцця вольнай Беларусі, а могуць быць нашай стратай. Таму вельмі важна, каб мы не гублялі пачуцця еднасці і агульнай адказнасці за будучыню Беларусі. Але жыццё ёсць жыццё. Людзі мусяць ўладкоўвацца ў тых умовах, у якіх яны апынуліся. Часта вельмі адрозных ад звыклых тут. Гэта іншыя турботы, іншыя людзі, іншая дзяржава. Нават ужо і іншая супольнасць - дыяспара. Якая, як і любая іншая супольнасць, дзеліць усіх на"сваіх" і "не сваіх" ды імкнецца, каб "сваіх" рабілася болей. І сваю ўвагу і салідарнасць скіроўвае найперш на "сваіх". Пэўнае адчужэнне паміж намі па розныя бакі мяжы непазбежна нарастае і гэтаму трэба супрацьстаяць. Найперш, важна, каб мы паважалі выбар адзін другога і не лічылі чужымі адзін аднаго. Але, калі беларусы замежжа хочуць некалі вярнуцца на Радзіму без рызыкі для сябе і самапрыніжэння ў нейкіх "камісіях", калі яны, ўвогуле, хочуць, каб за імі стаяла свая Радзіма, то трэба разумець, што ўсё гэта, у найбольшай ступені, залежыць ад тых беларусаў, якія засталіся на сваёй зямлі. Таму - спыніце ў сацыяльных сетках абразы ў іх бок, перастаньце наракаць сваім знаёмым ці сваякам, што яны "дурні, бо дагэтуль не звалілі". Будзьце проста ўдзячныя тым, хто зрабіў і робіць гэты небяспечны зараз выбар на карысць сваёй краіны, бо яны - гэта асноўны шанец на вызваленне і захаванне Беларусі. Не буду хаваць, што мяне ўразілі не толькі салідарнасць беларусаў дыяспары ў адносінах адзін да аднаго, да дэпартаваных палітвязняў, але і значна меньшыя праявы такой салідарнасці да тых, хто пасля вызвалення застаўся ў Беларусі ў непараўнальна больш складанай сітуацыі - пад пастаяннай пагрозай паўторнага зняволення, без права нават на банкаўскі рахунак і тэлефонны нумар, без магчымасці знайсці нармальную працу (я тут зусім не пра сябе). Узгадаем, напрыклад, няўдалы збор сродкаў для вызваленых палітвязняў, якія былі пакінутыя у Беларусі, у параўнанні з салідарнымі зборамі на дэпартаваных.

ЧАМУ Ў ІХ 80, А Ў НАС - ТОЛЬКІ 20? Інфармацыі ў зняволенні вобмаль. Асабліва, калі гадамі сядзіш у адзіночнай камеры (гэта аналаг ПКТ у калоніі для асабліва небяспечных рэцыдывістаў). Нават тэлевізар не бачыў за ўвесь час там. Незалежных грамадска-палітычных газет і часопісаў у краіне не засталося. Мусіў нават выпісваць "Советскую Белоруссию". Тым болей, што навык савецкіх часоў па здабычы інфармацыі з прапаганды нікуды не знік. Здабытая такім чынам інфармацыя нярэдка выклікала вялікія пытанні да замоўнікаў прапаганды. Напрыклад, пару гадоў таму ў штотыднёвым дадатку да той жа "Советской Белоруссии", які завецца "Саюз", прачытаў, што ў Бранскай вобласці РФ шырока выкарыстоўваецца пшаніца беларускай селекцыі. Там жа прачытаў, што сярэдняя ўраджайнасць гэтай пшаніцы па ўсёй вобласці - 80 цэнтнераў з гектара. А у самой газеце, без дадатку, было напісана, што ўраджайнасць пшаніцы ў суседніх з Бранскай Магілёўскай ды Гомельскай абласцях Беларусі - каля 20 цэнтнераў з гектара. У 4 разы меней! Адразу ўзнікла маса пытанняў. Адкуль такая каласальная розніца? Глеба? Падобная, амаль што аднолькавая. Клімат? Падобны, мо на Магілёўшчыне і Гомельшчыне нават павінна быць крыху цяплей. Бо ў нашым рэгіёне, чым больш на Ўсход, тым халадней. Тэхніка? Павінна хапаць, бо МТЗ ды "Гомсельмаш" ужо, мабыць, не ведаюць, куды падзець свае трактары ды камбайны. Людзі? Дык на Браншчыне нібыта такія ж - нашчадкі радзімічаў, якія яшчэ ў канцы XIX стагоддзя лічылі сябе беларусамі. У лейтэнантскім юнацтве сустракаў салдат з Браншчыны, якія размаўлялі на добрай беларускай мове, хоць і здзіўляліся, калі я ім пра гэта казаў. Моцныя традыцыі земляробства? Дык у познія савецкія часы Бранская вобласць разам са Смаленскай былі ледзь не прыкладам разбурэння сельскагаспадарчай вытворчасці і дэградацыі вёскі. Пасяўны матэрыял? У дадзеным выпадку - там і там пшаніца беларускай селекцыі, калі ў нас яе яшчэ не замянілі кітайскай. Дык у чым прычына такой велізарнай розніцы ва ўраджайнасці цяпер? Не сачыў, але, здаецца, крамлёўскія начальнікі па тэлевізару хлебаробаў вырошчваць хлеб не вучаць, на верталёце над палеткамі не лётаюць. Ды й небяспечна там зараз лётаць - могуць і збіць. Нягледзячы на вайну з Украінай, "бітву за ўраджай" у РФ не вядуць, штрафных батальёнаў адмыслова для гэтай "бітвы" не ствараюць, мабілізацыі ва ўстановах і прадпрыемствах для яе не праводзяць. Нават лепшыя камбайнёры там з кожнага праса перадавым досведам не дзеляцца. Але ж у выніку - у іх 80, а ў нас толькі 20. А мо, якраз у гэтым і прычына, што не вучаць, не лезуць з публічнымі парадамі, не лётаюць і не вядуць бітваў, а проста не замінаюць людзям рабіць сваю спрадвечную справу ды зарабляць? Скажу шчыра, я не стаў тады хаваць гэтай сваёй высновы. Наадварот, шырока дзяліўся ёй з суседзямі з ШІЗА і ў адзіночках. Не ведаю, магчыма, менавіта таму дадзеныя пра ўраджайнасць пшаніцы ва ўсходніх абласцях Беларусі з таго часу так цяжка адшукаць. Бо мяне там слухалі ўважліва. Напрыклад, можна было расказаць рэальную анекдатычную гісторыю сукамернікам у ШІЗА, а потым, па вяртанні ў адзіночку, пачуць яе з радыёкропкі ўжо ў пераказе вядомага персанажа. Мо, таму цяпер і публікуюцца дадзеныя толькі пра ўраджайнасць ў асобных перадавых сельгаспрадпрыемствах ды ў заходніх рэгіёнах краіны, якім пашанцавала быць вызваленымі на 20 гадоў пазней. Але ўсё гэта не дае адказу на пытанне, чаму, ўсё ж, у суседняй, некалі занядбанай, вобласці Расіі ўраджайнасць у 4 разы вышэй, чым у нас? Гэтае пытанне ўзнікае кожны раз, калі выпадкова трапляеш на шматлікія рэпартажы пра ўборачную, на тэлевізійныя павучанні галоўным начальнікам хлебаробаў, як ім працаваць, на інтэрвью перадавікоў жніва. Але замест адказу ў галаве чамусьці круціцца жартоўная прыказка, зноў жа, з лейтэнантскага юнацтва: "Дело было не в бобине, раздолбай сидел в кабине".

У людзей адрозныя мастацкія густы, але гэты афорт беларускага мастака кранае маю жонку Марыну і мяне аднолькава моцна.
У людзей адрозныя мастацкія густы, але гэты афорт беларускага мастака кранае маю жонку Марыну і мяне аднолькава моцна.

БЕЛАРУСКІМ ДАБРААХВОТНІКАМ ВА УКРАІНЕ: Гонар і мая глыбокая павага тым, хто бароніць іншую краіну, каб уратаваць сваю. 9 жніўня, Беларусь.

Сябар з Еўрапарламента падрыхтаваў рэзюмэ майго інтэрв'ю "Цайт" на англійскай мове. Думаю, што варта яго таксама паставіць тут: Statkevich Says All Attempts to Push Him Out of Belarus Have Failed. In a wide‑ranging conversation with DIE ZEIT, Belarusian opposition figure Mikalai Statkevich — recently released after years in prison — insisted he will not leave the country despite pressure and uncertainty around his legal status. Statkevich said authorities have neither clarified whether he was pardoned nor responded to his formal inquiries, and he believes his January stroke — triggered, he says, by denial of essential medication — prompted his release so the regime would not “carry responsibility” if he died behind bars. “For me, leaving would mean abandoning millions of Belarusians who remain here,” he noted, adding that people still stop him on the street to thank him. Statkevich argued that today’s harsh repression — “ten years in prison for a like or repost” — reflects the regime’s fear of renewed unrest: “If mass protests start again, they will not be as peaceful as in 2020.” Responding to concerns voiced by Maria Kalesnikava, he said the EU is right to stop believing “the old fairy tale that Lukashenka wants to escape Putin’s embrace,” while stressing that isolation should never apply to ordinary Belarusians, who must be able to travel and see the world beyond Belarus and Russia. Despite uncertainty about his legal status and constant pressure, Statkevich said he remains calm and determined: “I have fought for my country’s freedom for many years and will not stop halfway. Every day with my wife, seeing trees and sky again, is a gift.”

Статкевіч: Сёння ў турму на 10 гадоў можна патрапіць ужо за адзін лайк альбо рэпост. "Садзяць" цэлымі сем’ямі. Але гэтыя жудасныя рэпрэсіі існуюць толькі таму, што рэжым баіцца новых пратэстаў. Людзі яшчэ больш ненавідзяць дыктатара, і ён гэта адчувае. Думаю, па начах Лукашэнка спіць горш, чым я. Статкевіч: Калі адбудуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020 годзе, калі пратэстоўцы нават прыбіралі за сабой смецце. ZEIT: Цяпер любая, нават самая невялікая форма супраціву стала немагчымай. Што можа змяніць такі чалавек, як вы — ветеран беларускага апазіцыйнага руху? Статкевіч: Сёння ў Беларусі любая форма самаарганізацыі небяспечная. Але надзею мне даюць удзячнасць, надзея і салідарнасць, якія людзі зноў і зноў выказваюць мне. Можна я раскажу вам адну гісторыю? ZEIT: Вядома! Статкевіч: Нядаўна мы з жонкай былі на «Ночы музеяў» у Мінску. У адным з залаў граў саксафаніст. Мы спыніліся і сталі слухаць. Калі канцэрт скончыўся, мы павярнуліся — і раптам убачылі за сабой натоўп людзей. Яны апладзіравалі. Тады мы зразумелі, што людзі апладзіравалі не музыканту (Ён на імгненне з цяжкасцю стрымлівае эмоцыі), а нам. Нават такія маленькія жэсты салідарнасці могуць быць вельмі небяспечнымі. Я трывожуся за гэтых людзей. ZEIT: Як Еўропе варта ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі? Ізаляваць яго і ўводзіць санкцыі, як гэта робіць ЕС, альбо лепш шукаць дыялог, як ЗША? Статкевіч: Захад занадта доўга дазваляў Лукашэнку сябе падманваць. Думаю, Еўрапейскі саюз, нарэшце, выпрацаваў рацыянальную палітыку ў адносінах да Лукашэнкі. ZEIT: Вядомыя апазіцыянеры, такія, як Марыя Калеснікава, папярэджваюць, што сваёй палітыкай ізаляцыі ЕС можа падштурхнуць Беларусь у абдымкі Пуціна. Вы, ўсё ж, лічыце палітыку ізаляцыі правільнай? Статкевіч: Гэтую старую казку пра жаданне Лукашэнкі вырвацца з абдымкаў Пуціна Захаду расказвалі шмат гадоў. Як могуць сіямскія блізняты адарвацца адзін ад аднаго? Але, адначасова, я супраць ізаляцыі беларускага насельніцтва. Людзі павінны мець магчымасць бачыць нешта, акрамя Беларусі і Расіі, і наведваць сваіх сваякоў у ЕС. ZEIT: А санкцыйная палітыка? Статкевіч: Думаю, гэта пытанне да майго хатняга юрыста. Марына, колькі цяпер даюць за заклік да санкцый? (смяецца) ZEIT: Вы выглядаеце спакойным і упэўненым. Вам не страшна, што яшчэ можа адбыцца? Статкевіч: Я ўжо даўно раблю ўсё магчымае для свабоды сваёй краіны. Дзеля гэтага я ўжо шмат чым ахвяраваў і не збіраюся спыняцца на паўшляху. Я мог памерці ўжо столькі разоў. Але сёння я магу глядзець у акно і бачыць дрэвы, неба, якія я не меў магчымасці бачыць гадамі. І я разам з каханай жанчынай. Кожны дзень для мяне — падарунак.

Ужо там я сказаў, што адмоўлюся пакідаць краіну. Затым нас, палітычных зняволеных, пасадзілі ў аўтобус з супрацоўнікамі КГБ і паехалі на поўнач — да літоўскай мяжы. ZEIT: А потым? Статкевіч: Калі мы пакінулі тэрыторыю Беларусі, супрацоўнікі КГБ выйшлі з аўтобуса. У аўтобусе засталіся толькі кіроўца і мы, зняволеныя. Калі мы спыніліся перад шлагбаумам, я ўстаў і паспрабаваў выбіць дзверы аўтобуса. Больш за ўсё я баяўся, што з-за праблем з сэрцам у мяне не хопіць сіл. Але ў мяне атрымалася. Калі я біў нагой у акно, адзін з таварышаў крыкнуў мне: «Вось гэтай кнопкай трэба разблакаваць дзверы!» (смяецца) Я так і зрабіў — і выскачыў вонкі. ZEIT: І тады вы былі на свабодзе? Статкевіч: Пасля гэтага я пайшоў назад, у Беларусь. У нейкі момант да мяне падышлі амерыканскі дыпламат і супрацоўнік КГБ. Дыпламат спрабаваў ўгаварыць мяне выехаць з краіны. Я сказаў: «Вам жа патрэбна толькі добрая PR-акцыя, а дзеля яе я павінен адмовіцца ад сваёй радзімы? Ні за што!» ZEIT: Вы хацелі таксама сарваць здзелку паміж Лукашэнкам і амерыканцамі? Статкевіч: Не. Гэта было асабістае рашэнне. Я ж не быдла, якое можна проста ўзяць і перапрадать! ZEIT: Што здарылася потым? ZEIT: Можаце растлумачыць нам сваё рашэнне? Статкевіч: Мне далі недоўга пагаварыць з жонкай па тэлефоне, каб яна ўгаварыла мяне пакінуць краіну. Я сказаў ёй, што не магу дапусціць, каб мяне сілай вывезлі з краіны. Яна адказала: "Я ведала, што ты так зробіш. Я змагу хаця б абняць цябе?" Мне няма чаго было ёй адказаць. Тады яна скрозь слёзы сказала: "Тады няхай яны прапускаюць нашы лісты". Я ведаў, што ўсё застанецца па-старому. Але я ўпершыню за тры гады пачуў яе голас, даведаўся, што яна справілася з анкалагічнай хваробай. ZEIT: Вас вярнулі ў выпраўленчую калонію. З якімі пачуццямі вы ехалі назад? Статкевіч: Я ведаў, што за гэта наступіць помста. У рэшце рэшт, я сапсаваў медыйны эфект ад "здзелкі" паміж Лукашэнкам і Трампам. Супрацоўнікі КГБ таксама былі на мяне вельмі злыя. Як я зразумеў, таму, што яны самі марылі з'ехаць на Захад, але ў іх не было такой магчымасці. Яны натягнулі мне на твар шчыльную маску, у якой я ледзь не задыхнуўся. Статкевіч: Я супраціўляўся гвалтоўнай высылцы. Якімі б жорсткімі ні былі абставіны, у чалавека заўсёды ёсць выбар. І, ўсё ж, мая акцыя пазней прывяла да таго, што палітычных зняволеных пасля вызвалення больш гвалтоўна не вывозяць з краіны. Нават, калі гэта азначае, што ўнутры краіны яны знаходзяцца пад строгім кантролем. ZEIT: Пагоршыліся ўмовы вашага ўтрымання пасля вяртання ў выпраўленчую калонію? Статкевіч: Я быў упэўнены, што не выйду на свабоду жывым. У выпраўленчай калоніі мне перасталі выдаваць лекі, жыццёва неабходныя пасля ковіда і пры арытміі, якія прысылала жонка. Дзякуючы гэтым яе пасылкам я даведваўся, што яна жывая. Замест іх мне давалі аспірын. Як мне сказалі потым лекары турэмнай бальніцы, менавіта гэта і прывяло да інсульту. ZEIT: Ці былі моманты, калі вы шкадавалі аб сваім рашэнні? Статкевіч: (доўга думае) Не, ніколі. Але я разумеў, што маім самым блізкім было вельмі цяжка. ZEIT: Чаму вы так імкнуліся застацца ў Беларусі? Статкевіч: Для мяне немагчыма пакінуць краіну. Гэта было б, усё роўна, што кінуць мільёны беларусаў, якія да гэтага часу тут жывуць. Ведаеце, на вуліцы да мяне пастаянна падыходзяць людзі, паціскаюць руку, дзякуюць мне. ZEIT: Нават сёння? Статкевіч: Так. Пасля масавых пратэстаў 2020 года столькі людзей з'ехала з краіны — уявіце, якога гэта цяжка тым, хто застаўся. Іх сябры, знаёмыя і дзеці з'ехалі. Быццам ў гэтай краіне больш няма ні надзеі, ні будучыні. І ўсё ж непрыйманне рэжыму Лукашэнкі застаецца моцным. Я хачу быць побач з беларусамі, якія ўсё яшчэ тут і толькі чакаюць наступнага шансу нешта змяніць. ZEIT: З чаго вы гэта ўзялі? ZEIT: Але перадумовы для гэтага пакуль неспрыяльныя. Масавыя пратэсты летам 2020 года былі жорстка падаўленыя, і да гэтага часу людзей знявольваюць за ўдзел у іх.

ПОЎНЫ ПЕРАКЛАД ІНТЭРВ'Ю "ЦАЙТ" Людзі, якія чытаюць мой канал, скардзяцца, што пераклад майго інтэрв'ю "Цайт" на сайце газеты атрымоўваецца няпоўным, кавалкамі. З улікам гэтых заўваг прывожу тут поўны пераклад інтэрв'ю: DIE ZEIT: Спадар Статкевіч, мы не можам сустрэцца асабіста, бо вы жыве ў Беларусі — краіне, куды заходнім журналістам амаль немагчыма ўехаць. Таму мы праводзім гэтую размову онлайн, па відэасувязі. Наколькі свабодна вы наогул можаце гаварыць? Мікола Статкевіч: Я магу гаварыць свабодна. Я кажу тое, што думаю і лічу неабходным. Акрамя таго, мая жонка — юрыст, і яна за мяне вельмі хвалюецца. Перад публікацыяй яна разам са мной яшчэ раз прагледзіць ўсё інтэрв’ю і скажа: «Вось тут табе лепш быць асцярожным, за гэта цяпер даюць дванаццаць гадоў турмы, а за гэта — дзесяць» (смяецца). ZEIT: Некалькі месяцаў таму вы выйшлі на свабоду пасля шматгадовага заключэння, але, у адрозненне ад іншых вядомых палітычных заключаных, засталіся ў Беларусі. Вы — апошні вядомы апазіцыянер, які ўсё яшчэ жыве ў краіне. Наколькі свабодным вы сябе адчуваеце? Статкевіч: Абсалютна свабодным. Але я ведаю, што гэта можа змяніцца ў любы момант. Улады маўчаць пра мой статус. Мяне памілавалі? Ці толькі часова вызвалілі, каб я мог аднавіць здароўе, а калі мне стане лепш, я павінен буду досядзець астатні тэрмін? ZEIT: У маі 2020 года вас арыштавалі, калі вы арганізоўвалі мірныя мітынгі з патрабаваннем сумленных выбараў, а пазней асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю масавых беспарадкаў у жніўні таго ж года. Статкевіч: Я не ведаю свайго юрыдычнага статусу, а на мае афіцыйныя запыты ніхто не адказаў. Пасля майго вызвалення па дзяржаўным тэлебачанні прэс-сакратар Лукашэнкі сказала, што мяне памілвалі, хаця я не прасіў пра гэта. Але я паняцця не маю, так гэта ці не. ZEIT: У студзені гэтага года ў выпраўленчай калоніі вы перанеслі інсульт, а месяц праз вас вызвалілі. Статкевіч: Думаю, рэжым не хацеў несці адказнасць за тое, што я памру ў заключэнні. Хоць гэты інсульт быў выкліканы штучна: мне адмовілі ў жыццёва неабходных лекі. Калі я пакідаў турэмны шпіталь, у мяне былі сур’ёзныя праблемы з мовай, але цяпер мой стан паляпшаецца. ZEIT: Беларускія месцы заключэння сумна вядомыя; многія зняволеныя памерлі з-за бесчалавечных умоў. Статкевіч: Цяпер прадстаўнікі рэжыму, напэўна, спадзяюцца, што пастаянны страх зноў апынуцца ў турме давядзе іх смяротную справу да канца. Ці, што я, нарэшце, пакіну Беларусь, каб лячыцца за мяжой. Прапановаў было дастаткова, у тым ліку, з Германіі, дзе жывуць мае дачкі і ўнукі. Вялікі дзякуй за гэта! Рэжым пастаянна ўскладняе мне жыццё, каб я нарэшце пакінуў краіну. ZEIT: Як менавіта? Статкевіч: Калі мяне вызвалілі, у мяне нават не было пашпарта, які быў неабходны для звароту за медыцынскай дапамогай. Позней, калі мне стала лепш, чыноўнікі вярнулі мне пашпарт. Наш дом цяпер зносяць. Але ўсе спробы выціснуць мяне з краіны аказаліся дарэмнымі. Я не пакіну Беларусь. ZEIT: За вамі сочаць, вас пераследуюць? Статкевіч: Галоўная задача беларускай службы ўнутранай бяспекі КГБ — змагацца з палітычнымі праціўнікамі. Было б наіўна лічыць, што апошні апанент, які ўсё яшчэ публічна выказваецца ў краіне, не знаходзіцца пад асаблівым наглядам. У нас з жонкай ёсць правіла: знаходзячыся дома, мы не абмяркоўваем, што збіраемся рабіць. ZEIT: Увогуле, вы маглі выйсці на свабоду яшчэ год таму — у рамках здзелкі паміж беларускім кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампа. У верасні мінулага года вас разам з 51 іншым зняволеным прывезлі да мяжы з Літвой, але вы адзіны адмовіліся пакінуць Беларусь. Статкевіч: Тады яны хацелі выкінуць мяне з маёй краіны. Гэта — злачынства! Я хачу сам вырашаць, дзе мне жыць. Нават, калі гэта азначае турму. ZEIT: Што тады здарылася? Статкевіч: Я знаходзіўся ў выпраўленчай калоніі для асабліва небяспечных рецэдывістаў у горадзе Глыбокае ў адзіночнай камеры памерам 1 на 3 метры (агулам, я правёў там больш за 3,5 гады). Мне надзелі на галаву мяшок і адвезлі ў следчы ізалятар КГБ у Мінску. Тады я зразумеў, што мяне збіраюцца дэпартаваць.