"Гэты напамін ад беларусаў надзвычай каштоўны: дэмакратыя варта рызык сама па сабе"
Амерыканскі гісторык і даследчык Усходняй Еўропы Цімаці Снайдэр выказаўся пра пратэсты ў Беларусі і працэсы ва Усходняй Еўропе:
"З пункту гледжання гісторыі гэта нагадвае нам, што людзі хочуць дэмакратыі. Мы можам быць цынічнымі, гаварыць, што дэмакратыя неэфектыўная, што гэта проста збітае слова. Аднак у Беларусі сёння людзі хочуць дэмакратыі не проста, каб стаць багатымі, далучыцца да Захаду, а каб жыць у дэмакратыі. Гэты напамін ад беларусаў надзвычай каштоўны: дэмакратыя варта рызык сама па сабе. А яшчэ, што пратэсты — непрадказальныя. Не ведаеш, калі гэта будзе Славакія, ЗША ці Украіна, але ёсць галоўная ідэя: маё меркаванне павінна быць прадстаўлена, мой голас мае значэнне, я павінен мець права на выказванне і сам вырашаць будучыню сваіх дзяцей. І нават калі ў свеце сёння прыкметны антыдэмакратычны трэнд, дэмакратыя — да гэтага часу вельмі магутная ідэя.
Я буду аптымістычны адносна санкцый супраць беларускіх уладаў. Санкцыі ЕС дапамагаюць. Гэтаксама для беларусаў важная перамога Байдэна, таму што людзі з яго каманды думаюць пра Беларусь. Не ўпэўнены, што яны сапраўды ведаюць, што рабіць, але думаюць пра гэта. Трампа, вядома, Беларусь не турбавала, у амерыканскі палітычны дыскурс Беларусь увайшла, толькі калі ў ЗША пачалі параўноўваць Трампа з Лукашэнкам. Але гэта рабілі людзі, якія ведалі, як рызыкуюць беларусы. І гэтыя людзі будуць у Белым доме".