Беларускі праваслаўны прыход у Вільнi
Відкрити в Telegram
Наша царква знаходзіцца ў Вільні па адрасе Bokšto gatvė 4 Вы можаце пакінуць ахвяраванне: LT667300010191071990 APREIŠKIMO ŠVČ. DIEVO GIMDYTOJAI KRIKŠČIONIŲ ORTODOKSŲ PARAPIJA „Swedbank”, AB SWIFT: HABALT22 Пазначэнне плацяжу: Auka
Показати більше516
Підписники
Немає даних24 години
Немає даних7 днів
+630 день
Архів дописів
+3
☦️2 жніўня 1884 года нарадзіўся праваслаўны святар, які змагаўся за беларускую мову, быў пасвячоны на святарства ў Гродне, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і забіты нацыстамі за выратаванне габрэяў
⛪️ Нарадзіўся ў вёсцы Рыдзялі (цяпер 🦬 Гродзенскі раён).
Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, працаваў у школе, а падчас Першай сусветнай вайны — у банкаўскай сістэме. У 1921 годзе быў пасвечаны на святарства ў Гродне. У Вільні аднавіў разбураны храм у Шніпішках (вядомая вам сёння, як царква каля Кальварыйскага рынка) і праводзіў службы па-беларуску, заклікаючы прыхаджан змагацца за свае правы і адкрываць беларускія школы.
У 1927–1928 гадах разам з сенатарам Вячаславам Багдановічам фінансава падтрымліваў выдавецтва часопіса «Праваслаўная Беларусь», дзе рэдактарам і выдаўцом быў віленскі святар Лукаш Голад.
У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы. Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве — самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні.
Адначасова працаваў у Беларускім кааператыўным банку, выкладаў Закон Божы і кіраваў інтэрнатам Віленскай беларускай гімназіі. Рэдагаваў часопіс «Беларуская зарніца», выступаў за беларусізацыю праваслаўя і быў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства.
У 1932 годзе быў высланы польскімі ўладамі з Вільні за ўдзел у беларускім руху, служыў у Пастаўскім і Вілейскім паветах. У канцы 1939 года вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Св. Мікалая. Але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка. Потым пераехаў у Мінск, дзе працаваў у выдавецкай камісіі і служыў у Плешчаніцах.
У 1943 годзе быў арыштаваны гестапа за дапамогу габрэям і расстраляны.
Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюз
Дачка святара Аляксандра Каўша, Зоя Каўшанка, усталявала ў яго памяць кенатаф на Свята-Еўфрасіннеўскіх могілках у Вільні. Пазней гэтае месца стала сямейнай магілай, у якой пахавана і сама спадарыня Зоя.
+1
Дарагія сябры! Усіх шчыра віншуем з пачаткам Успенскага посту!
Заўтра Нядзеля - успамін Хрыстовага Уваскрасення і чытанне пра уратаванне Хрыстом Пятра, які пачаў тануць на моры з-за малавер’я.
Заўтра у нашай парафіі две Літургіі.
9.00. - Літургія на царкоўна- славянскай мове.
10.30. - Літургія на беларускай мове.
Сёння у суботу 1.08. а 18.00 - Вячэрня і споведзі.
Сёння перад праваслаўным светам паўстае не толькі пытанне ацэнкі вайны ва Украіне, але і значна больш глыбокае пытанне: ці можа Царква заставацца вернай Хрысту, калі яна дабраслаўляе гвалт і надае яму сакральны сэнс?
Адказ, які прапануе Сусветны патрыярх Варфаламей, адназначны: сапраўднае хрысціянства несумяшчальнае з ідэалогіяй вайны, бо Бог Евангелля ёсць Бог міру, а не вайны.
Менавіта гэтая супрацьлегласць паміж евангельскім разуменнем міру і багаслоўскай апалогіяй вайны становіцца адной з галоўных ліній падзелу ў сучасным праваслаўі.
🚀Ці можа вайна быць святой: две візіі праваслаўя ў словах патрыярхаў Варфаламея і Кірыла.
Вайна Расіі супраць Украіны стала не толькі найбуйнейшым узброеным канфліктам у Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, але і сур’ёзным выпрабаваннем для сучаснага праваслаўнага свету.
За гады вайны выразна выявіліся дзве прынцыпова розныя багаслоўскія і маральныя пазіцыі, якія ўвасабляюць патрыярх Маскоўскі Кірыл і Сусветны патрыярх Варфаламей.
Калі кіраўнік Маскоўскага патрыярхату працягвае апраўдваць расійскую агрэсію і надаваць ёй духоўнае вымярэнне, то патрыярх Канстанцінопальскі настойліва сцвярджае, што любая спроба сакралізаваць вайну супярэчыць самой сутнасці Евангелля.
У нядаўнім інтэрв’ю балгарскаму выданню «Дзверы» Сусветны патрыярх Варфаламей рэзка раскрытыкаваў пазіцыю кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай Царквы, адзначыўшы, што яго заявы пра «святую вайну» ва Украіне азначаюць адыход ад асноў хрысціянскага вучэння.
Паводле патрыярха, немагчыма сумясціць прапаведаванне любові, міласэрнасці і прымірэння з апраўданнем узброенага гвалту. Ён падкрэсліў, што Царква паклікана быць інструментам міру і прымірэння, а не ідэалагічнай падтрымкай ваенных кампаній.
Асноўным прадметам крытыкі стала канцэпцыя «святой вайны», якая атрымала афіцыйнае афармленне ў дакументах Сусветнага рускага народнага сабора, што дзейнічае пад старшынствам патрыярха Кірыла.
У гэтых дакументах расійская агрэсія супраць Украіны называецца менавіта «святой вайной», якая нібыта вядзецца дзеля абароны «рускага свету», традыцыйных каштоўнасцяў і супрацьстаяння Захаду.
Такім чынам вайне надаецца рэлігійнае вымярэнне, а палітычныя і геапалітычныя мэты прадстаўляюцца як выкананне Божай волі.
Апошнім сведчаннем таго, што сакралізацыя вайны становіцца складовай часткай афіцыйнай ідэалогіі Маскоўскага патрыярхату, стала выданне новай кнігі патрыярха Кірыла «Вайна. За межамі бачных прычын і наступстваў».
Паводле афіцыйнай анатацыі выдавецтва Маскоўскага патрыярхату, кніга прысвечана «метафізіцы вайны» і прапануе яе асэнсаванне не толькі як палітычнай або ваеннай з’явы, але як духоўнай рэальнасці.
Аўтар разважае пра «выратавальны сэнс вайны», яе «метафізічныя межы», «правідэнцыяльную місію Расіі», ахвяру, гераізм і перамогу, сцвярджаючы, што зыход вайны знаходзіцца пад асаблівым Божым кіраўніцтвам.
У кнізе таксама выкарыстоўваецца вобраз рускага салдата як «воіна Госпада», а сама вайна падаецца як форма духоўнага супрацьстаяння злу.
Такім чынам узброены канфлікт прадстаўляецца ўжо не як трагедыя, выкліканая чалавечым грахом, а як падзея, якая мае сакральны і правідэнцыяльны сэнс.
Менавіта супраць такой багаслоўскай інтэрпрэтацыі вайны рашуча выступае Сусветны патрыярх Варфаламей.
На яго думку, любое наданне вайне сакральнага, выратавальнага або правідэнцыяльнага статусу азначае падмену евангельскага вучэння палітычнай ідэалогіяй.
Хрысціянства не ведае «выратавальнай вайны», бо адзінай ахвярай, якая прыносіць збаўленне чалавецтву, з’яўляецца ахвяра Ісуса Хрыста на Галгофе.
Таму любая спроба прадставіць узброены канфлікт як асаблівы шлях выканання Божай волі супярэчыць асновапаложнаму пасланню Евангелля пра уратаванне, любоў, міласэрнасць і прымірэнне.
Асаблівую ўвагу Сусветны патрыярх звяртае на тое, што Царква не павінна ператварацца ў дзяржаўны інстытут, які дабраслаўляе і апраўдвае палітычныя рашэнні ўлады.
На яго думку, служэнне Царквы заўсёды павінна захоўваць прароцкі голас сумлення, нават калі гэта патрабуе крытычнай ацэнкі дзеянняў уласнай дзяржавы.
Супрацьлегласць гэтых двух падыходаў выходзіць далёка за межы канфлікту вакол Украіны. Яна датычыць разумення самой місіі Царквы ў свеце.
Для патрыярха Варфаламея цэнтрам царкоўнага сведчання застаюцца чалавечая годнасць, свабода, мір і непарушная каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця.
Для сучаснага кіраўніцтва Маскоўскага патрыярхату ўсё больш прыкметнай становіцца тэндэнцыя інтэрпрэтаваць царкоўнае служэнне праз прызму дзяржаўных інтарэсаў і нацыянальнай ідэалогіі.
+4
🇱🇹 ❤️🔥 У Вільні літоўцы і беларусы ўшанавалі памяць Аляксандра Ружанцова: смутак і надзея ішлі поруч
23 ліпеня ў Вільні, у нашым праваслаўным храме Канстанцінопальскага Патрыярхату, літоўцы і беларусы ўшанавалі памяць афіцэра Літоўскага войска, гісторыка і бібліёграфа Аляксандра Ружанцова з нагоды 60-х угодкаў яго смерці. Паніхіду на беларускай і літоўскай мовах узначаліў протаіерэй Георгій Рой.
У невялікі храм сабраліся людзі з розных гарадоў Літвы. Усе не змясціліся ўнутры, таму частка ўдзельнікаў стаяла каля ўваходу і на вуліцы Bokšto. Агульная малітва стала жывым сведчаннем гістарычнай еднасці Літвы і Беларусі.
У 1919–1920 гадах Аляксандр Ружанцоў камандаваў Асобным беларускім батальёнам Літоўскага войска. За службу Літоўскай дзяржаве ён быў узнагароджаны ордэнам Крыжа Віціса. Пазней амаль два дзесяцігоддзі ўзначальваў Цэнтральную бібліятэку войска, рэдагаваў выданне «Bibliografijos žinios» і зрабіў значны ўнёсак у стварэнне нацыянальнай бібліяграфіі Літвы.✖️🦌✖️Два гродзенскія протаіерэі, якіх злучыла стагоддзе Асаблівую сімвалічную вагу мерапрыемству надало супастаўленне жыццёвых шляхоў протаіерэя Георгія Роя і протаіерэя Яна Карчынскага, капелана Беларускага батальёна. Абодва святары значную частку свайго служэння звязалі з Гроднам. Ян Карчынскі служыў у Сафійскім саборы Гродна, займаўся асветніцкай і грамадскай дзейнасцю, а пазней пераехаў у Літву і стаў капеланам Беларускага батальёна Літоўскага войска. ⛪️ Прыкладна праз стагоддзе Георгій Рой служыў у старажытнай Каложскай царкве ў Гродне і быў настаяцелем Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора. Ён выкладаў у духоўных навучальных установах, клапаціўся пра належнае месца беларускай мовы і культуры ў жыцці Царквы. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі святар адкрыта асудзіў гвалт і рэпрэсіі, а ў эміграцыі далучыўся да Канстанцінопальскага Патрыярхату і стаў адным са стваральнікаў беларускай праваслаўнай супольнасці ў Вільні. Абодвух протаіерэяў яднае не толькі Гродна. Яны спалучалі пастырскае служэнне з асветніцкай і грамадскай дзейнасцю, адстойвалі права беларусаў на сваю мову, культуру і гістарычную памяць, а праз палітычныя ўзрушэнні працягнулі сваё служэнне ўжо ў Літве. Таму малітва протаіерэя Георгія Роя за протаіерэя Яна Карчынскага і іншых беларусаў, якія служылі ў Літоўскім войску, стала нібы працягам служэння, распачатага сто гадоў таму, ужо ў іншую эпоху, але зноў на літоўскай зямлі. 🤝 Агульная гістарычная памяць Ад імя Каўнаскага беларускага таварыства выступіла Вераніка Выгоўская. Яна распавяла пра ўдзел Беларускага батальёна ў войнах за незалежнасць Літвы і раздала ўдзельнікам камплекты паштовак «Гісторыя мужнасці Беларускага батальёна». Выданне было падрыхтавана і апублікавана пры падтрымцы Дэпартамента нацыянальных меншасцяў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі. У ім прадстаўлены беларускія жаўнеры і афіцэры, якія ў складзе Літоўскага войска абаранялі незалежнасць адноўленай Літоўскай дзяржавы. Ад імя літоўцаў Амерыкі выступіў Эрнэстас Лукошавічус, а прадстаўнік Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціву жыхароў Літвы доктар Раймундас Камінскас гаварыў пра важнасць захавання агульнай гістарычнай памяці. 🙏 Падчас паніхіды былі ўзгаданыя Аляксандр Ружанцоў, капелан Беларускага батальёна протаіерэй Ян Карчынскі, кавалеры Крыжа Віціса, якія служылі ў батальёне, а таксама дзеячы беларускай культуры, што адышлі ў апошнія дні: пісьменніца Святлана Курс, паэт і перакладчык Мікола Кандратаў і кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі. Разам з тым узгадалі кардынала Казіміра Свёнтака і Паўла Шарамета, дні памяці якіх прыпалі на гэты тыдзень. Ушанаванне адбылося ў невялікім, перапоўненым людзьмі храме на вуліцы Bokšto, непадалёк ад значна большай царквы Маскоўскага Патрыярхату на вуліцы Didžioji. Гэты кантраст стаў сімвалічным знакам вечара: жыццё супольнасці вызначаецца не памерам храма, а свабоднай малітвай, узаемным даверам і жывой гістарычнай памяццю, якія яднаюць людзей. У той вечар смутак і надзея ішлі поруч. Смутак, бо тых, каго мы страцілі, ужо не вярнуць. Надзея, бо масты, якія яны праклалі паміж Літвой і Беларуссю, працягваюць жыць.
🪦 27 ліпеня ў нашай капліцы адбудзецца сустрэча-гутарка «Як разгаварыць могілкі». Беларускія пахаваньні Вільні: вядомыя, падзабытыя і невядомыя месцы памяці
Могілкі — гэта не толькі месца памяці, але і архіў пад адкрытым небам. Вільня захоўвае дзясяткі беларускіх пахаваньняў: ад вядомых нэкропаляў да амаль страчаных магілаў, за якімі стаяць лёсы людзей, гісторыі эпохаў і яшчэ не разгаданыя таямніцы. Падчас выступу пагаворым пра тое, як «чытаць» могілкі, дзе шукаць беларускія пахаваньні, чаму некаторыя зь іх былі забытыя і як яны дапамагаюць адкрываць новыя старонкі беларускай гісторыі Вільні.
У кожнага і кожнай свой мэтады як «разгаварыць могілкі».
Гендарны дасьледнік, гісторык мовы, адзін з рэдактараў выдавецтва «Scaryna Press» (Лёндан-Вільня) Уладзіслаў Гарбацкі падзеліцца сваімі напрацоўкамі, пошукамі і адкрыцьцямі ня толькі на могілках, але і ў віленскіх архівах.
🚍 27 ліпеня (панядзелак), 19:00
📍 Bokšto g. 4. (Капліца сьв. Лаўрэнція Карповіча (Беларускі праваслаўны прыход Канстантынопальскага патрыярхату))
🎁 Уваход вольны.
🕯 23 ліпеня — дзень памяці Аляксандра Ружанцова (1893–1966), выбітнага беларускага дзеяча, афіцэра Літоўскага войска, гісторыка, бібліёграфа і аднаго з самых яскравых сімвалаў беларуска-літоўскай супрацы ў XX стагоддзі
Паніхіда за заўждыпамятнага Аляксандра адбудзецца заўтра 23 ліпеня (чацвер) у 18:00 у нашай віленскай царкве па адрасе Bokšto g. 4. Запрашаем усіх далучыцца да супольнай малітвы за чалавека, які ўсё жыццё аддана служыў Беларусі і Літве.✌️ 🇱🇹 Аляксандр Ружанцоў быў камандзірам Беларускага асобнага батальёна ў складзе Арміі Літвы ў 1919–1921 гадах. Менавіта пад яго кіраўніцтвам беларускія вайскоўцы служылі Літоўскай Рэспубліцы, абараняючы яе незалежнасць. 🇧🇾🗡 Ён перайшоў на бок Літвы пасля заканчэнне Першай сусветнай і стаў адным з арганізатараў беларускіх нацыянальных вайсковых аддзелаў. За службу быў узнагароджаны ордэнам Віціса — адной з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Літвы. 📰 Ружанцоў быў рэдактарам першых беларускіх вайсковых выданняў у Літве — «Варта Бацькаўшчыны» і «Браслаўскай сценнай газеты». Ён падтрымліваў беларускую адукацыю, культуру і нацыянальную свядомасць сярод беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку ў Браславе, які ў 1920 годзе знаходзіўся пад кантролем літоўскага войска. 📚 Амаль два дзесяцігоддзі ён узначальваў Цэнтральную вайсковую бібліятэку Літвы, стварыў адну з найлепшых спецыялізаваных бібліятэк краіны, рэдагаваў галоўны літоўскі бібліяграфічны часопіс «Bibliografijos žinios», а пасля стаў адным з заснавальнікаў літоўскай бібліяграфічнай службы ў эміграцыі. У Літве яго і сёння лічаць адным з бацькоў нацыянальнай бібліяграфіі. 🏺 Адначасова ён ніколі не пакідаў беларускую справу. Ружанцоў даследаваў гісторыю беларускіх вайсковых фармаванняў, пісаў пра беларуска-літоўскія сувязі, перакладаў беларускую літаратуру на літоўскую мову, рыхтаваў бібліяграфію беларускіх выданняў, супрацоўнічаў з беларускімі эміграцыйнымі ўстановамі і распаўсюджваў інфармацыю пра беларускае культурнае жыццё сярод літоўцаў. 🛩 Падчас Другой сусветнай вайны ён працаваў некаторы час у Вільні, выступаў з дакладамі ў Беларускім навуковым таварыстве, збіраў успаміны беларускіх афіцэраў Літоўскага войска і рупіўся пра захаванне гісторыі беларусаў у Літве. 🇺🇸 Пасля вайны Ружанцоў жыў у Германіі, а пасля ў ЗША, але да апошніх дзён працягваў працаваць дзеля беларускай і літоўскай культуры. Ён рыхтаваў бібліяграфічныя паказальнікі, рэдагаваў беларускія матэрыялы для «Lietuvių enciklopedija», перакладаў на літоўскую Янку Купалу, Вацлава Ластоўскага, Юрку Віцьбіча і выдаваў інфармацыйныя бюлетэні пра жыццё беларусаў у вольным свеце. 📚 У савецкія часы імя Ружанцова было фактычна выкрасленае з беларускай гісторыі. Яго вяртанне ў беларускі кантэкст адбылося толькі ў 1989 годзе дзякуючы публікацыі будучага Нобелеўскага лаўрэата і былога палітвязня Алеся Бяляцкага, які таксама падрыхтаваў да друку творы і даследаванні Ружанцова. 🙏 Запрашаем ушанаваць памяць чалавека, які ўсё жыццё будаваў масты паміж Беларуссю і Літвой, служыў двум суседнім і блізкім народам і захоўваў беларускую спадчыну. 🕯️Вечная памяць патрыёту Літвы і Беларусі Аляксандру Ружанцову.
✝️21 ліпеня — дзень памяці кардынала Казіміра Свёнтака
Першы кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі перажыў смяротны прысуд, нацысцкі пераслед і дзесяць гадоў савецкіх лагераў, але да канца жыцця заставаўся верным свайму святарскаму пакліканню.
🕯️🏹 15 год таму, 21 ліпеня 2011-га, у Пінску памёр кардынал Казімір Свёнтак.
Казімір Свёнтак нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў Валзе на мяжы Латвіі і Эстоніі. Ягоная маці Вераніка Крамплеўская паходзіла з Віленшчыны, а бацька Ян Свёнтак загінуў у баях за Вільню і быў пахаваны на могілках Росы. Пасля вяртання сям’і з Сібіры маці разам з сынамі пасялілася ў Баранавічах, дзе Казімір скончыў гімназію імя Тадэвуша Рэйтана.
Спачатку ён не думаў пра святарства, марыў вывучаць філалогію ў Віленскім універсітэце, захапляўся літаратурай і шмат чытаў. Лёс змяніла паездка на рэкалекцыі ў Пінск. У крыпце Пінскай катэдры каля магілы беларускага біскупа Зыгмунта Лазінскага Казімір папрасіў, каб на працягу ўсяго жыцця заставацца верным слугой Хрыста.
✝8 красавіка 1939 года ў Пінскай катэдры Казімір Свёнтак прыняў святарскае пасвячэнне. Неўзабаве Заходняя Беларусь апынулася пад савецкай уладай, якая пачала арыштоўваць і пераследаваць святароў.
Падчас служэння ў Пружанах ксёндз Казімір адкрыта асуджаў пераслед веры. 21 красавіка 1941 года яго арыштаваў НКУС. Святара даставілі ў брэсцкую турму, абвінавацілі ў антысавецкай прапагандзе і «шпіянажы» і прысудзілі да смерці.
🐍 Пасля пачатку вайны паміж нацысцкай Германіяй і Савецкім Саюзам Свёнтак выйшаў на волю і вярнуўся да парафіян у Пружаны.
Аднак і падчас нацысцкай акупацыі святар заставаўся пад пагрозай. У 1944 годзе гестапа збіралася вывезці яго ў лес і расстраляць. Ён зноў пазбег смерці, але напрыканцы таго ж года быў арыштаваны савецкімі органамі і асуджаны на дзесяць гадоў лагераў.
⛓ Свёнтак прайшоў праз перасыльны лагер у Воршы, сібірскую тайгу і паўночную тундру. Ён перажыў голад, хваробы, цяжкую прымусовую працу і нечалавечыя ўмовы зняволення.
У 1954 годзе Казімір Свёнтак вярнуўся ў Пінск. Савецкія ўлады не хацелі дапускаць яго да служэння ў катэдры, выклікалі на допыты і пагражалі новым зняволеннем.
😬 Пасля аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў 1991 годзе Казімір Свёнтак ва ўзросце 77 гадоў стаў арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім і апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. 26 лістапада 1994 года Папа Ян Павел ІІ надаў яму кардынальскую годнасць. Так Казімір Свёнтак стаў першым кардыналам у гісторыі незалежнай Беларусі.
З прамовы кардынала Казіміра Свёнтка ў 2005 годзе:
«У гісторыі чалавецтва было шмат каралёў, розных каралёў, магутных, моцных, валадароў гэтага сьвету. Куды ж яны падзеліся? І сьледу пасьля многіх зь іх не засталося. Тое самае чакае і цяперашніх валадароў: яны адыдуць у нябыт з гісторыі чалавецтва. Адзін толькі Валадар — Хрыстус — валадарыць ужо дзьве тысячы гадоў і будзе валадарыць да сканчэньня сьвету».
+2
☦️Нашыя парафіянкі пафарбавалі агароджу на магіле беларускага праваслаўнага святара Міхаіла Пліса ў Вільні
У мінулую суботу нашая парафія працягнула добраўпарадкаванне магілы віленскага святара Міхаіла Пліса на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках. Гэтым разам нашыя парафіянкі ачысцілі і пафарбавалі агароджу вакол пахавання.
👍Для нашай парафіі гэтая магіла мае асаблівае значэнне. Айцец Міхаіл Пліс быў адным з пачынальнікаў беларускага праваслаўнага руху ў Вільні і паслядоўна адстойваў права беларусаў чуць родную мову ў царкве.
У 1919–1923 гадах Міхаіл Пліс выкладаў Закон Божы па-беларуску ў Віленскай беларускай гімназіі. Паэт і выпускнік гімназіі Янка Багдановіч пазней згадваў пра яго:
«Бацюшка Пліс праз нейкі час у Віленскай беларускай гімназіі выкладаў для беларусаў праваслаўных рэлігію. Для католікаў выкладалі кс. А. Станкевіч, кс. Рэшаць, кс. Талочка і іншыя. Бацюшка Пліс быў старэнькі, з вучнямі гаварыў толькі па-беларуску, усе яго любілі».У міжваенны перыяд айцец Міхаіл заставаўся адным з найбольш актыўных прыхільнікаў беларусізацыі праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. У гэтай справе ён супрацоўнічаў з беларускім святаром Міхаілам Галянкевічам, які таксама пахаваны на Ліпаўцы. Маем для вас і яшчэ адну цікавую навіну.
Увечары 27 ліпеня, у панядзелак, адбудзецца сустрэча-гутарка пра беларускія пахаванні ў Вільні — «Як разгаварыць могілкі» з гісторыкам мовы і гендарным даследчыкам Уладзіславам Гарбацкім. Пагаворым пра вядомыя, падзабытыя і амаль невядомыя беларускія месцы памяці ў Вільні. Неўзабаве апублікуем падрабязны анонс — не прапусціце.🙏 Вы таксама можаце падтрымаць наш валанцёрскі клопат пра магілы выбітных беларускіх дзеячоў, пахаваных на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках. Мы выконваем вялікі аб’ём працы, ахвяруем уласны вольны час і фінансуем добраўпарадкаванне з асабістых сродкаў і царкоўных ахвяраванняў. Любая падтрымка дапаможа нам працягваць гэтую важную справу і захоўваць беларускую памяць у Вільні.
🕯️ Сёння не стала пісьменніцы Святланы Курс
🙏 Вечная ёй памяць і спачын душы ў Божым святле.
Пра смерць Святланы Курс паведамілі ў Facebook яе муж і сын.
«Сям’я Святланы Курс з бязмерным смуткам паведамляе пра яе заўчасны зыход з жыцця»,— гаворыцца ў паведамленні родных. Пісьменніца змагалася з анкалагічным захворваннем.
23 ліпеня ў нашай віленскай капліцы па адрасе Bokšto gatvė 4 у 18:00 будзе адслужана паніхіда ў яе памяць. Запрашаем далучыцца да малітвы.Яшчэ 27 лютага гэтага года Святлана Курс была госцяй сяброўскай сустрэчы пра жыццё і веру, якая прайшла ў нашым Беларускім праваслаўным прыходзе Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні. Святлана Курс нарадзілася ў 1972 годзе ў вёсцы Загалле Любанскага раёна. Яна працавала ў «Нашай Ніве» і на «Еўрарадыё», была галоўнай рэдактаркай часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек», супрацоўнічала з беларускімі медыя і культурнымі выданнямі. Пад псеўданімам Ева Вежнавец яна выдала кнігі «Шлях дробнай сволачы» і «Па што ідзеш, воўча?». За аповесць «Па што ідзеш, воўча?» ў 2021 годзе пісьменніца атрымала прэмію імя Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. На фота — Святлана падчас сустрэчы ў нашай царкве ў лютым.
Пропаведзь на нядзельнай літургіі.
Вы святло свету - кажа Хрыстос сваім вучням.
Чаму яны сталі святлом? Ці кожны вучань і вучаніцаХрыста аўтаматычна становяцца святлом?
Калі уважліва паглядзець на кантэкст, то выяўляецца, што Хрыстос называе іх святлом у сілу таго, што яны маюць Божае даручэнне у адносінах да свету і выконваюць яго.
Калі Бог перадае задачу, то перадае і сваю сілу і сваё святло для яе выканання.
Цікава, што слова свет у грэцкім арыгінальным тэксце вызначаецца як “космас”. У традыцыі НЗ гэтае слова заўсёды выкарыстоўваецца у адносінах да гэтага часовага свету, які часта становіцца варожым да Бога, які часта сябе пазбаўляе Божага святла і імкнецца да сваёй самадастатковасці.
І вось Бог даручае вучням несці у жыццё гэтага свету вышнія сэнсы, заклікае адкрываць вокны для Божага святла у гэтым матэр’яльным свеце, прабіваць цемру самазакрытасці і самазадаволенасці, пераадольваць дамінаванне плоці і матэрыі.
Хрыстос таму і параўноўавае вучняў з горадам на вярху гары, бо Бог дае магчымасць глядзець на жыццё з больш высокай перспектывы. І так ці інакш, а існаванне гэтага святога гораду Божага у жыцці гэтага свету прыцягвае да яго усеагульную увагу. Гэтую пазіцыю немагчыма схаваць, яна заўсёды на відавоку.
Але ўсё гэта мае сэнс толькі выключна тады, калі у жыхароў гэтага горада ёсць разуменне сваёй задачы і свайго паклікання. Калі грамадзяне гэтага горада не стамляюцца несці Божае святло і не жадаюць прытушыць яго і прыхаваць, растварыцца і стаць незаўважнымі у жыцці космаса.
Таму Ён і заклікае: Няхай свеціць святло Вашае перад людзьмі, каб яны праславілі імя Айца Вашага!
Такім чынам святло Айца пераходзіць на Яго дзяцей і ад дзяцей ідзе у свет, прасвятляе яго і перамяняе. Пасланне вучняў Хрыстовых ёсць поўная супрацьлегласць самаабагавенню чалавека. Святло Божае для чалавецтва супраць ідэі чалавецтва як самадастатковага святла для самаго сябе.
Дарагія браты і сёстры, заўтра у Нядзелю 19.07 мы збіраемся на нашы супольныя Літургіі святкаваць у радасці сустрэчу з Уваскрэслым Госпадам Іісусам!
Літургія на царкоўна-славянскай мове пачнецца а 9.00.
Літургія па-беларуску а 10.30.
Пасля Літургіі - сябрына!
Сёння у суботу 18.07. а 18.00 - Вячэрня, споведзі і размовы са святаром.
Шчыра ўсіх запрашаем!
🤩З параненага Кіеву. Дарожныя нататкі ігумена афонскага манастыра Эсфігмен архімандрыта Варфаламея
Падчас нашага знаходжання ў Кіеве, у той час, калі ўся Украіна жыве ва ўмовах вайны, мы мелі магчымасць прайсціся па некаторых з пацярпелых раёнаў і на ўласныя вочы ўбачыць трагічныя наступствы вайны і расійскіх удараў.
Гаворка ідзе не пра ваенныя аб’екты, а выключна пра жылыя кварталы, пра раёны, дзе яшчэ ўчора людзі працавалі, марылі і мірна жылі разам са сваімі сем’ямі.
Выгляд разбомбленых дамоў выклікае глыбокія агіду і жах. У гэтых руінах не засталося ніводнага следу чалавечнасці. Кожны чалавек, які захаваў хоць бы найменшае пачуццё сумлення, уздрыгвае перад гэтым жудасным відовішчам.
Разбураныя шматкватэрныя дамы, спаленыя жыллі і знішчаная маёмасць, нажытая за ўсё жыццё, сведчаць пра сляпое і бязлітаснае насілле.
За кожнай разбуранай сцяной хаваецца асабістая трагедыя: жыцці, знішчаныя ў адно імгненне; праца і намаганні многіх дзесяцігоддзяў, ператвораныя ў попел; і, што найбольш балюча, невінаватыя людзі, сярод якіх жанчыны і дзеці, што несправядліва губляюць сваё жыццё.
Вораг, наносячы ўдары па мірным насельніцтве і грамадзянскай інфраструктуры, дэманструе беспрэцэдэнтную бесчалавечнасць, пазбаўленую любых маральных межаў і павагі да святасці чалавечага жыцця. Гэтае разбурэнне з’яўляецца не толькі матэрыяльнай стратай. Гэта глыбокая рана ў самым сэрцы чалавецтва.
Сёння, у 2026 годзе, маючы хоць бы элементарныя веды па гісторыі, мы добра разумеем, да якіх наступстваў прыводзіць вайна як для людзей, так і для гарадоў, якія яна разбурае. Калі гэтае веданне сапраўды прысутнічае, яно павінна служыць стрымліваючым фактарам ад вайны.
Аднак самае сумнае ў тым, што і сёння знаходзяцца людзі з хворай свядомасцю, якія спрабуюць апраўдаць гэтыя злачынствы. Яны штодня ствараюць пагрозы ракетных удараў, прымушаюць людзей чуюць сірэны і вымушаюць іх бегчы ў сховішчы... і ўпарта застаюцца ў стане духоўнай слепаты і абсалютнага гвалту над чалавечым розумам і маральным законам.
Груба скажаючы хрысціянскае вучэнне, яны без усякага сораму сцвярджаюць, што гэтыя смяротныя ўдары і забойствы мірных жыхароў нібыта адбываюцца «за нашыя грахі» або з’яўляюцца «Божай карай».
Супраць гэтых змрочных і ератычных тэорый мы павінны ўзносіць голас праўды ўсімі магчымымі сродкамі і з усёй настойлівасцю: наш Бог ёсць Міласэрны і Чалавекалюбны. Ён не помслівы суддзя і не карнік, які выкарыстоўвае бомбы і зброю, каб караць за грэх, адначасова знішчаючы Сваіх дзяцей.
Гэтыя ўдары не з’яўляюцца Божай воляй. Яны ёсць вынікам чалавечай злосці, эгаізму і страты любові.
З параненага, але нязломнага Кіева мы молімся, каб Бог Любові суцешыў тых, хто пацярпеў, і асвяціў сэрцы людзей, каб змоўкла зброя і запанавалі справядлівасць і мір.
Архімандрыт Варфаламей
Ігумен манастыра Эсфігмену
📖 З малітвай і вершам у 150-годдзе Цёткі
Учора падчас малітвы за вечную памяць Алаізы Пашкевіч айцец Георгій прачытаў верш Цёткі «З чужыны».
💸 Увага! Гаражны распродаж у самым сэрцы Старога горада!
☦️ Беларуская праваслаўная супольнасць Канстанцінопальскага патрыярхата запрашае на вялікі гаражны распродаж.
🚍 Калі?
24 і 25 ліпеня з 10:00 да 20:00
🌐Дзе?
Bokšto 4 (наступныя дзверы пасля рэстарана Karčma 1863).
Што вас чакае?
• кнігі,
• бытавая тэхніка,
• посуд,
• адзенне,
• прадметы дэкору,
і яшчэ шмат карысных і цікавых рэчаў па вельмі даступных цэнах.
Кожная ваша пакупка — гэта падтрымка нашай супольнасці. Усе сабраныя сродкі будуць выкарыстаныя на рамонт храма і іншыя патрэбы супольнасці.
Будзем рады сустрэчы з вамі! Запрашайце родных, сяброў і суседзяў!
+1
👒150 гадоў Цётцы — Цётцы беларускага Адраджэння, знітаванай з Вільняй
Вільня стала адным з галоўных гарадоў у жыцці Алаізы Пашкевіч. Тут яна вучылася, была адно са стваральніц першай беларускай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (1903), удзельнічала ў арганізацыі першых беларускіх настаўніцкіх курсаў (1915) і першай беларускай школы (1915).
🇱🇹 Яшчэ з Літвой Алаізу Пашкевіч звязвала і асабістае жыццё. Яна была жонкай літоўскага палітычнага і грамадскага дзеяча Сцяпонаса Кайрыса, які пазней стаў адным з падпісантаў Акта аб незалежнасці Літвы ад 16 лютага 1918 года.
🐟 Алаіза Пашкевіч нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пясчына Лідскага павета. Сёння гэта зніклы хутар на тэрыторыі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.
⛪️ Дзяцінства яна правяла ў фальварку Тарэсін і маёнтку Стары Двор на тэрыторыі сучаснай Шчучыншчыны.
Адукацыю Алаіза атрымлівала ў Вільні, Санкт-Пецярбургу, Львове і Кракаве. Працавала настаўніцай і фельчаркай, вывучала літаратуру, тэатр, фальклор і гісторыю беларускай культуры. Праз палітычны пераслед была вымушаная пакінуць Расійскую імперыю, але і за мяжой працягвала працаваць дзеля беларускай справы.
✍️ Пісаць Цётка пачала ў 1902 годзе. У 1906 годзе выйшлі яе зборнікі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду». Вершы «Мора», «Вера беларуса», «Пад штандарам» і «Суседзям у няволі» сталі сімваламі змагання за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.
👩⚕️ Падчас Першай сусветнай вайны Алаіза Пашкевіч працавала сястрой міласэрнасці. У 1916 годзе яна прыехала ў Стары Двор на пахаванне бацькі і засталася дапамагаць мясцовым жыхарам падчас эпідэміі тыфу. Паэтка заразілася і памерла 18 лютага 1916 года — 5 лютага паводле старога стылю — ва ўзросце 39 гадоў.
🖤 Цётка пахаваная на могілках у Старым Двары. Яе імя носяць вуліцы ў Гродне, Лідзе, Шчучыне і іншых беларускіх населеных пунктах.
У Беларусі ёсць адразу некалькі помнікаў Цётцы. А ў Вільні на вуліцы Літаратурнай (Literatų gatvė) можна адшукаць невялікую шыльдачку з эпаксіднай смалы, прысвечаную паэтцы.
Суседзям у няволі (ўкраінцам) Ад сваіх хат, ад сваіх ніў, Ад усіх братоў, хто толькі жыў, Нясу слязу, нясу я стогн, Нясу нагаек царскіх звон. У нас там ноч, у нас там стук, Мы ацямнелі з страшных мук, З нас пот ліецца, сохнуць грудзі. Нас катуюць! Чуйце, людзі! Чуйце, чуйце, руку дайце! Мы вам родны. Праўду знайце: Ці у долі, ці ў нядолі — З вамі станем ў адным полі, Рука ў руку з вашым братам, За свабоду перад катам. 1905?
+1
Заўтра 15 ліпеня адзначаецца свята князя Кіеўскага Уладзіміра - хрысціцеля старадаўняй Русі, а таксама на гэты дзень прыпадаюць угодкі Грунвальдскай бітвы, на якой змагаліся нашыя продкі.
Заўтра а 18-й гадзіне у нашай царкве будзе служыцца Літургія і заўпакойная малітва за воінаў Грунвальда. Пасля службы - Сябрына успаміну Грунвальдскай бітвы. Шчыра запрашаем на малітву і на сустрэчу!
☦️7 ліпеня 1864 года нарадзіўся будучы гродзенскі праваслаўны святар і гісторык, капелан літоўскага войска, сябра Літоўскай тарыбы і Рады БНР — Іван Карчынскі.
🇺🇦Нарадзіўся ў Тальнэ (сёння Чаркаская вобласць Украіны).
Скончыў у 1879 годзе Уманскае духоўнае вучылішча, у 1885 годзе — Кіеўскую духоўную семінарыю, пасля 2 курсы юрыдычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта.
Іерэй у Пакроўскім храме Кіева і загадчык царкоўна-прыхадской школы сяла Рамашкі Васількоўскага павета Кіеўскай губерні (1887), узнагароджаны набедранікам (1890).
🦌⛪️ З 1890 года інспектар царкоўнапрыходскіх школ Гродзенскай праваслаўнай епархіі. Садзейнічаў выхаду Гродзенскай губерні на першае месца ў Расійскай імперыі па царкоўна-школьнай справе. З 1904 года ключнік і протаіерэй Барыса-Глебскага манастыра ў Гродне. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта.
🐴 У 1917 годзе — сябра Саюза беларускага праваслаўнага духавенства. Сябра Гродзенскай управы і Гродзенскага БНК. Адзін з сябраў арганізацыі «Бацькаўшчына» ў Гродне, якая ўзнікла пасля пераезду кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна працягнула працу мінскай арганізацыі з такой жа назвай. У 1919 годзе быў адным з арганізатараў Гродзенскай беларускай хрысціянскай суполкі, членам Дзяржаўнага савета Літвы ад насельніцтва Гродзеншчыны.
🇵🇱 У ліпені як «небяспечны расійскі агітатар» быў заключаны польскімі ўладамі спачатку ў Кракаўскі манастыр, а затым у Беластоцкі лагер.
🇱🇹 ✌️ У красавіку 1919 года кааптаваны ў склад літоўскай Тарыбы. У канцы 1919 года ўваходзіў у склад Рады БНР. У верасні 1920 года выступіў адным з ініцыятараў беларускага антыпольскага партызанскага руху ў шчыльнай сувязі з Літвой. У 1921 годзе ў якасці праваслаўнага капелана служыў у літоўскім беларускім батальёне. Быў сябрам штаба арганізацыі В. Разумовіча — «Хмары» ў Мерачы. Затым жыў у Коўне, з’яўляўся праваслаўным капеланам Літоўскай арміі.
🕯Памёр 2 ліпеня 1935 года ў Алітусе. Быў пахаваны на праваслаўных могілках у Коўне, знішчаных за савецкім часам.
🕯 23 ліпеня — дзень памяці Аляксандра Ружанцова (1893–1966), выбітнага беларускага дзеяча, афіцэра Літоўскага войска, гісторыка, бібліёграфа і аднаго з самых яскравых сімвалаў беларуска-літоўскай супрацы ў XX стагоддзі
Паніхіда за заўждыпамятнага Аляксандра адбудзецца 23 ліпеня (чацвер) у 18:00 у нашай віленскай царкве па адрасе Bokšto g. 4. Запрашаем усіх далучыцца да супольнай малітвы за чалавека, які ўсё жыццё аддана служыў Беларусі і Літве.✌️ 🇱🇹 Аляксандр Ружанцоў быў камандзірам Беларускага асобнага батальёна ў складзе Арміі Літвы ў 1919–1921 гадах. Менавіта пад яго кіраўніцтвам беларускія вайскоўцы служылі Літоўскай Рэспубліцы, абараняючы яе незалежнасць. 🇧🇾🗡 Ён перайшоў на бок Літвы пасля заканчэнне Першай сусветнай і стаў адным з арганізатараў беларускіх нацыянальных вайсковых аддзелаў. За службу быў узнагароджаны ордэнам Віціса — адной з найвышэйшых дзяржаўных узнагарод Літвы. 📰 Ружанцоў быў рэдактарам першых беларускіх вайсковых выданняў у Літве — «Варта Бацькаўшчыны» і «Браслаўскай сценнай газеты». Ён падтрымліваў беларускую адукацыю, культуру і нацыянальную свядомасць сярод беларускіх вайскоўцаў, у тым ліку ў Браславе, які ў 1920 годзе знаходзіўся пад кантролем літоўскага войска. 📚 Амаль два дзесяцігоддзі ён узначальваў Цэнтральную вайсковую бібліятэку Літвы, стварыў адну з найлепшых спецыялізаваных бібліятэк краіны, рэдагаваў галоўны літоўскі бібліяграфічны часопіс «Bibliografijos žinios», а пасля стаў адным з заснавальнікаў літоўскай бібліяграфічнай службы ў эміграцыі. У Літве яго і сёння лічаць адным з бацькоў нацыянальнай бібліяграфіі. 🏺 Адначасова ён ніколі не пакідаў беларускую справу. Ружанцоў даследаваў гісторыю беларускіх вайсковых фармаванняў, пісаў пра беларуска-літоўскія сувязі, перакладаў беларускую літаратуру на літоўскую мову, рыхтаваў бібліяграфію беларускіх выданняў, супрацоўнічаў з беларускімі эміграцыйнымі ўстановамі і распаўсюджваў інфармацыю пра беларускае культурнае жыццё сярод літоўцаў. 🛩 Падчас Другой сусветнай вайны ён працаваў некаторы час у Вільні, выступаў з дакладамі ў Беларускім навуковым таварыстве, збіраў успаміны беларускіх афіцэраў Літоўскага войска і рупіўся пра захаванне гісторыі беларусаў у Літве. 🇺🇸 Пасля вайны Ружанцоў жыў у Германіі, а пасля ў ЗША, але да апошніх дзён працягваў працаваць дзеля беларускай і літоўскай культуры. Ён рыхтаваў бібліяграфічныя паказальнікі, рэдагаваў беларускія матэрыялы для «Lietuvių enciklopedija», перакладаў на літоўскую Янку Купалу, Вацлава Ластоўскага, Юрку Віцьбіча і выдаваў інфармацыйныя бюлетэні пра жыццё беларусаў у вольным свеце. 📚 У савецкія часы імя Ружанцова было фактычна выкрасленае з беларускай гісторыі. Яго вяртанне ў беларускі кантэкст адбылося толькі ў 1989 годзе дзякуючы публікацыі будучага Нобелеўскага лаўрэата і былога палітвязня Алеся Бяляцкага, які таксама падрыхтаваў да друку творы і даследаванні Ружанцова. 🙏 Запрашаем ушанаваць памяць чалавека, які ўсё жыццё будаваў масты паміж Беларуссю і Літвой, служыў двум суседнім і блізкім народам і захоўваў беларускую спадчыну. 🕯️Вечная памяць патрыёту Літвы і Беларусі Аляксандру Ружанцову.
