fa
Feedback
Павел Севярынец

Павел Севярынец

رفتن به کانال در Telegram

Асабісты канал

نمایش بیشتر
کشور مشخص نشده استدسته بندی مشخص نشده است
1 010
مشترکین
-124 ساعت
+37 روز
-1030 روز
آرشیو پست ها
Кожнага разу, калі заходзіць гаворка пра беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне, згадваю Эдуарда Лобава. Маўклівага, спакойнага, моцнага - прыроджанага байца. У пачатку 2000-ых Эдуард праходзіў тэрміновую службу ў віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе, і там пасябраваў з маладафронтаўцам Андрусём Цянютам, які размаўляў па-беларуску. Калі Цянюту пасадзілі на гаўптвахту, Эдзік сам вырабіў улёткі, дзе патрабаваў спыніць беззаконне начальства, і расклеў па вайсковай частцы. У той самы дзень, калі Андруся вызвалялі, Эдзік заехаў на гаўптвахту сам. У 2009-ым Эдуард далучыўся да беларускага руху ў Менску, пасябраваў са Змітром Дашкевічам - і ўжо ў 2010-ым стаў адным з лідэраў Маладога Фронту. Памятаю нашу супольную акцыю ля Касцёла святога Язэпа ўвосені 2010-га. Тады штодня мы збіраліся і маліліся каля забранага яшчэ саветамі будынку колішняга касцёла на плошчы Волі - патрабавалі аддаць храм вернікам. Акцыя доўжылася ўжо другі месяц, людзей рабілася ўсё больш, набліжаліся прэзідэнцкія "выбары", і Лукашэнка у рэшце рэшт ня вытрымаў і загадаў разагнаць небяспечны "майданчык" у самым цэнтры сталіцы. Наляцеў спецназ, каго схапілі, каго прымусілі збегчы, а мы маладафронтаўскім колам учапіліся адзін у аднаго, і нас, чалавек дзесяць, гурмой падвалаклі па асвальце да аўтобуса. Там разарвалі кола, пазапіхвалі ў аўтобус, а мяне як завадатара зацягнулі за рог і разбілі ў кроў твар. Завялі ў аўтобус апошнім. Хлопцы абачылі - і паўскоквалі са спецназам біцца. Праз хвіліну амаль усіх скруцілі, каго на крэслах, каго на падлозе. Але бойка ідзе. Ляжу, галава прыціснутая да спінкі крэсла - і бачу: адзін Эдуард у хвасце аўтобуса, у баявой стойцы, халаднакроўна "махаецца" з двума бамбізамі ў форме, якія спрабуюць выбрацца з праходу. Невысокі, але спрытны, з каменным выразам твару ухіляецца ад удараў, не дае падысці да сябе і наварочвае то аднаму, то другому - як у кіно. Тады абышлося нават без "сутак" - бо ўжо ішла кампанія. Але ўжо ў снежні, перад самымі "выбарамі", Эдуарда разам са Змітром прэвентыўна ўзялі ў менскім двары і абвінавацілі ў збіцці нейкіх мінакоў (канечне, ніякіх мінакоў нават у "судзе" потым ніхто ня бачыў). Лукашэнкаўскія сілавікі баяліся, што баявы атрад МФ наладзіць падчас пратэстаў масавы супраціў. Пасля 4 гадоў лагера Эдуард паехаў ва Украіну і далучыўся да Тактычнай групы "Беларусь", якая змагалася за нашу і вашу свабоду. Ідэальны баец - так казалі пра яго пабрацімы. Пра тое, што Эдуард загінуў у баі з расейскімі захопнікамі, я даведаўся ў турме - але без падрабязнасцяў. І толькі ўжо па вызваленні, у Вільні, дзе, дарэчы, і нарадзіўся Эдзік, мне распавялі пра ягоны апошні бой. У студзені 2023 года пад Угледарам падчас штурму расейцы высадзілі ля украінскіх пазіцыяў дэсант. Следам пайшлі танкі. Эдуард выбраўся з акопу з аўтаматам, і, прыкрываючы адступленне сваіх ды эвакуацыю параненых, перабіў усю дыверсійную групу. Але сам загінуў ад стрэлу з танка. Не змаглі ўзяць аднаго беларуса штурмавой зброяй. Расстралялі толькі з танка. Убачыў матулю Эдуарда на мітынгу памяці Юркі Моніча - адразу згадаў і пра бой Эдуарда ў аўтобусе ў Менску, і пра апошні бой пад Угледарам. Сіла ваяра ня ў тым, як ён гаворыць. Ваяр б'ецца так, што потым пра гэта доўга гавораць іншыя. Светлая памяць Эдуарду. Жыве Беларусь!

Дзякуй Богу за апошнія дні вясны ў Беластоку! Вялікі дзякуй сям'і Верамеенкаў, якая прытуліла нас на гэтыя выходныя. Дзякуй н
+7
Дзякуй Богу за апошнія дні вясны ў Беластоку! Вялікі дзякуй сям'і Верамеенкаў, якая прытуліла нас на гэтыя выходныя. Дзякуй нястомнаму Барысу Гарэцкаму, нашаму кіроўцу, гіду, медыяэксперту і адмыслоўцу па незразумелых пытаннях )) Дзякуй камандзе хабу "Новая зямля", дзе прайшла вялікая сустрэча і прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое": сёння нам усім трэба падтрымаць галоўную беластоцкую пляцоўку беларускага руху! Дзякуй усім, хто прыйшоў на сустрэчу, найперш выступоўцам Яўгену Вапу, Кацярыне Ваданосавай, Уладзіміру Хільмановічу - а таксама ўсім тым, хто задаваў пытанні, зручныя і нязручныя. Дзякуй "Радыё Рацыі" - першай і адзінай беларускамоўнай фм-станцыі, якая дае слова ў эфіры ўсім і надае асаблівую ўвагу беларускаму хрысціянскаму руху. Дзякуй Яну Абадоўскаму - ён са сваёй камандай арганізоўвае Дзень Волі і вулічныя акцыі ня толькі ў Беластоку, а дапамагае беларусам па ўсім свеце. Дзякуй Паўлу Станкевічу, які ладзіць найбольшы беларускі фэст у замежжы - "Тутака" - і натхняе нас адчуваць сябе нацыяй. Дзякуй сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - мы пагадзіліся рыхтаваць аб'яднаўчы з'езд увосені і ладзіць сталае праваслаўнае набажэнства па-беларуску ў Беластоку. Дзякуй усім сябрам, з якімі мы змаглі абняцца ў гэтыя веснавыя дні! Цяпер Беласток - у нашым сэрцы! Фота Барыса Гарэцкага.

Сустрэча Ціханоўскай з Зяленскім яснай, бліскучай рысай аддзяліла беларусаў ад Лукашэнкі. Цяпер у вачах усяго свету Лукашэнка
Сустрэча Ціханоўскай з Зяленскім яснай, бліскучай рысай аддзяліла беларусаў ад Лукашэнкі. Цяпер у вачах усяго свету Лукашэнка - суагрэсар, а беларусы - саюзнікі Украіны. Пасля 2022 года стаўленне да беларусаў за мяжой рэзка змянілася: як вы дазволілі Пуціну напасці праз Беларусь на Украіну?! Вы, беларусы - мірныя людзі?! Але цяпер, у 2026-ым, Украіна ў асобе Зяленскага гучна кажа ўсім: вораг - Лукашэнка, а беларусы - сябры. Тлумачу, чаму сустрэча ў Кіеве - апошні званок для рэжыму, і чаму гэта суперважна для нас усіх. Што мы робім? Натхняем беларусаў! Ціханоўская ў Кіеве, а Макрон тэлефануе ў Менск; увесь свет патрабуе вызвалення беларускіх палітвязняў; эканоміка Беларусі расце, а Расеі падае – тройца добрых навінаў на нашым YouTube-канале. Раз на тыдзень мы сустракаемся, каб разабрацца, што адбываецца ў Беларусі і свеце, вакол нас і ў нас саміх. Дык падпісвайцеся! Раскручваем канал разам, сябры - бо Беларусі так патрэбныя добрыя навіны! Спасылка на відэа - тут.

Знялі мяшкі з галоваў, разрэзалі пластыкавыя сцяжкі на руках - і высветлілася, што мы ва Ўкраіне. І першы, каго я ўбачыў на выхадзе з аўтобуса, быў Уладзь Лабковіч. Змораны, спакутваны, схуднелы. - Патрапала цябе жытуха, Уладзь, - кажу. - Ну, і цябе таксама, - бадзёра адказвае Уладзь са сваёй фірмовай іранічнай усмешкай. - Ты ж заўсёды ўмеў натхняць. Заўсёды дасціпны і патрабавальны, але спагадлівы, Уладзь Лабковіч прыцягнуў маю ўвагу яшчэ ў 1997-ым, на хвалі стварэння Маладога Фронту. Як прадстаўнік Свіслацкай рады МФ (Ленінскі раён Менску), на паседжаннях нашай Управы Уладзь крытычна ацэньваў рашэнні і аспрэчваў прапановы - і тым самым выпрабоўваў тактыку ды стратэгію, спрабуючы максімальна палепшыць іх. Але калі рашэнне, нават насуперак ягоным заўвагам, прымалася большасцю - настойваў на ягоным безумоўным выкананні. У далейшым у палітыцы я часта шкадаваў, што побач няма такога сумленнага і цвёрдага дарадцы. Як юрыст, Уладзь Лабковіч быў незаменны ў справах арыштаў ды крымінальных справаў. А на адным са з'ездаў БНФ, дзе ўдзельнічала самастойная дэлегацыя Маладога Фронту, прапанаваў юрыдычна бездакорную працэдуру галасавання, дзякуючы якой у Сойм прайшлі ажно 14 маладафронтаўцаў. У 1998-ым Уладзь далучыўся валанцёрам да "Вясны" Алеся Бяляцкага, і з пачатку 2000-ых стаў усё больш часу аддаваць не палітыцы, а праваабароне. Але і там Уладзь застаўся адным з тых, для каго беларускасць і інтарэсы беларусаў - абсалютныя. Прынцыпова і па-беларуску у размовах з любымі замежнікамі звяртаў увагу на каштоўнасць нашай незалежнасці і культуры. Дарэчы, і на вядомай розгаласнай прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў у Чарнігаве, на якую я не пайшоў, Уладзь выступаў па-беларуску. Арыштаванаму ў 2021-ым разам з жонкай Нінай Уладзю давялося каўтнуць лукашэнкаўскага гулагу поўнай мерай. Катавалі ў ШІЗА, абяцалі згнаіць, здзекваліся, дадавалі адна за адной крымінальныя справы. Уладзь прайшоў той жа Шклоў, што і я, толькі трохі пазней. Але і там Уладзь стаяў цвёрда, падтрымліваў іншых ды карыстаўся аўтарытэтам у дасведчаных крымінальнікаў. Уладзь - класны сябар, круты тата і стоадсоткавы баец за Беларусь пры любых раскладах. Ён адзін з тых спецназаўцаў, якіх сам рэжым турмамі і лагерамі выкаваў на сваю пагібель. Так і бачу Уладзя на паседжаннях будучага ураду, дзе ён, як калісьці на Варвашэні, 8, з дасціпнай усьмешкай падыме руку, каб запярэчыць агульнаму настраёваму ухваленню і прапанаваць найлепшае рашэнне.

Званочкі для Лукашэнкі Нястомная Святлана Ціханоўская - у Кіеве і сустракаецца з кіраўніцтвам Украіны. Сам факт афіцыйнага візіта Святланы, светлага сімвала беларускіх пратэстаў 2020-га, у сталіцу краіны, якая вядзе вайну з Расейскай імперыяй - пранізлівы геапалітычны званочак. На фронце, на зямлі і ў паветры, усё больш ясна абазначаецца кульмінацыя. Расея выдыхаецца, з астатніх сілаў спрабуе паказаць сваю перавагу, бразгае ядзернай зброяй на беларускіх вучэннях, бомбіць жылыя кварталы Кіева, але яўна дайшла да "мёртвай кропкі". А Украіна пачынае пераважаць і ў вайсковай, і ў тэхналагічнай, і ў псіхалагічнай сферы, і раз за разам прабівае расейскія "чырвоныя лініі". Цяпер астатняму свету пара вызначацца. Усё. Цяпер ніякіх нюансаў і паўтонаў. Ёсць саюзнікі і ёсць ворагі. Тыя, хто з Украінай - і тыя, хто супраць. І Украіна кідае на шалі вагаў беларускі званочак. Дзінь-дзінь, Аляксандр Рыгоравіч. Дзінь-дзінь. Квіток да вольнага Менску, перапіска УНР і БНР у падарунак, выразныя словы падтрымкі для беларусаў - ясныя званочкі. Украіна больш не балансуе, не маўчыць - і адмаўляецца "не будзіць ліха, пакуль яно ціха". Украіна б'е ў звон. І прыезд у Чарнобыль тут - вяршыня сімвалізму. Выбух Чарнобыля ў 1986-ым стаў пахавальным звонам для савецкай імперыі зла. Ціханоўская ў Чарнобылі. Дзінь-дзінь! Па кім звоніць звон? Лукашэнка раптам прачынаецца і заяўляе, што гатовы сам ляцець у Кіеў на перамовы з Зяленскім. Позна. І вось звоніць Лукашэнку прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. Тэлефануе не прапанаваць чарговы абмен, не пагандлявацца, а папярэдзіць: станеш, як і ў 2022-ім, суагрэсарам - больш ніякіх гульняў і гандляў ня будзе. Сцэна замерла. Заля прыціхла. Драма пачынаецца. Жалезная заслона вось-вось здрыганецца і пачне распаўзацца па швах. Цягнік да вольнага Менску кранаецца з месца. Трэці званок. Дзінь-дзінь, Аляксандр Рыгоравіч. Дзінь-дзінь.

Тры дні ў Варшаве натхнілі. Галоўнае - сустрэўся, абняўся і паціснуў рукі сотням людзей, якіх ня бачыў шэсць і болей гадоў. В
+5
Тры дні ў Варшаве натхнілі. Галоўнае - сустрэўся, абняўся і паціснуў рукі сотням людзей, якіх ня бачыў шэсць і болей гадоў. Выступіў разам з Зянонам Пазняком, Вячаславам Барком, Вячаславам Сіўчыкам на мітынгу памяці Юркі Моніча. Правёў пры поўных залях дзьве прэзентацыі кнігі "Беларусь - гэта святое": у Беларускім Доме і ў парафіі ксяндза Вячаслава Барка. За суткі набылі больш за 100 кнігаў. Даў інтэрвію "Белсату", "Еўрарадыё", “Rzeczpospolita”, "Польскаму радыё для Беларусі", "Радыё Рацыі" і амерыканскай каталіцкай тэлевізіі EWTN. Пабачыўся з найбольшым украінскім адмыслоўцам па Беларусі Яўгенам Магдам. Сустрэўся з паплечнікамі з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - абмеркаваў яднанне, пашырэнне БХД і супольны восеньскі з'езд. Увесь гэты час былі побач мая цудоўная жоначка і сын. Вялізны дзякуй мілым сябрам, якія прынялі нас з Волечкай і Францішкам у Варшаве - а таксама крутому Барысу Гарэцкаму, які вазіў нас на машыне і дапамог з арганізацыяй сустрэчаў! Жыве Беларусь - з Богам!

У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое". Была поўная заля Беларускага Дому. Дзякуй усім, хто прыйшоў! Пр
У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое". Была поўная заля Беларускага Дому. Дзякуй усім, хто прыйшоў! Пра што мая першая кніга пасля турмы? У "Беларусь - гэта святое" сабраў 71 малюнак беларускіх храмаў, якія маляваў у турмах і калоніі сыну Францішку, а таксама 71 выслоўе і 22 вершы. Большасць з гэтых вершаў дагэтуль нідзе не публікавалася. Вялізная падзяка Алесю Зарэмбюку і Васілю Плешкунову за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы! Барыс Гарэцкі з сынам Вітаўтам усе гэтыя дні вазіў нас па Варшаве, суправаджаў на сустрэчах і інтэрвію, браў на сябе клопаты. Дзякуй, дружа! Прыехала мая цудоўная пляменніца, дачка Ганны Любоў Субат - аўтарка вокладкі кнігі. Дзякуй, мілая Любаша! Моцна выступілі ксёндз Вячаслаў Барок і Зянон Пазьняк. Волечка і Францішак кранальна чыталі мае вершы. Напрыканцы асобна сустрэліся з сябрамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і паразмаўлялі пра аднаўленне шырокай БХД і аб'яднаўчы з'езд увосені. Фота Барыса Гарэцкага.

Першы раз у Варшаве пасля 5-гадовага зняволення... Пачынаю дзень з Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, якая ўсе гэтыя гады п
Першы раз у Варшаве пасля 5-гадовага зняволення... Пачынаю дзень з Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, якая ўсе гэтыя гады падрабязна апавядае пра падзеі ў Беларусі і вакол Беларусі. Будуць насычаныя сустрэчамі некалькі дзён. 📍А заўтра запрашаю тых, хто жыве ў Варшаве, на сустрэчу і прэзентацыю маёй кнігі: 23 траўня, 16:00, Kryniczna, 6.

Як і абяцаў, сябры, запускаю YouTube-канал. Вырашыў засяродзіцца на тым, што НАТХНЯЕ БЕЛАРУСАЎ. Пятнаццаць тысячаў пратэстант
Як і абяцаў, сябры, запускаю YouTube-канал. Вырашыў засяродзіцца на тым, што НАТХНЯЕ БЕЛАРУСАЎ. Пятнаццаць тысячаў пратэстантаў спяваюць і моляцца па-беларуску; крутыя каліноўцы прайшлі ў Каардынацыйную раду; Украіна дасягнула пералому на фронце – тройца добрых навінаў. Чаму пасля “Фестывалю надзеі” Франклін Грэм у мінусе, а Беларусь у плюсе? Як каліноўцы з “Волі” збіраюцца ствараць Беларускае Вызвольнае Войска? Няўжо Украіна перамагае на полі боя? Чаму нам, беларусам, сёння варта дзякаваць Богу, а не стагнаць? Калі падабаецца – падпісвайцеся на канал, стаўце падабайкі, пакідайце каментары (вядома, калі вы не ў Беларусі). Глядзіце наш першы выпуск па спасылцы.

Стукачы на Акрэсціна. Лета 2020. Улетку 2020 года мяне раз на тыдзень рэгулярна пераводзілі на дзянёк з карцэра ў звычайную камеру - найперш каб не памёр ад абязводжвання, а яшчэ каб спраўдзіць, ці дайшоў кліент да кандыцыі. Правяралі такое праз асабісты кантакт з пазаштатным супрацоўнікам адміністрацыі - стукачом. У кожнай турме ці калоніі стукачоў поўна. Часам трапляеш у камеру, дзе ўсе, апроч цябе, "шпіляць" на адміністрацыю - і тры-чатыры пары вачэй раўніва высочваюць кожны твой рух ды змены мімікі. Пасля опер "выдзерне" з хаты, паслухае справаздачу і, калі пашанцуе, дасць пару цыгарэтаў. Каб уцерціся ў давер і высветліць, што ў мяне наўме, стукачы клялі Лукашэнку, горача падтрымлівалі апазіцыю, але ўвага да спецыфічных пытанняў, цікавых оперу (крымінал, зашквар, стан здароўя, псіхічнае самаадчуванне, грошы, асабістыя стасункі з лідэрамі) выдавала шцірліцаў з галавой. Звычайны менскі п'янтос з раёну, афрыканец на дэпартацыю, адстаўны вайсковец, бомж, пераседжаны блатны - усе браталіся, спачувалі і спрабавалі высветліць, што там у мазгах у гэнага Севярынца. Улетку 2020 года топам у стукачоў было стаўленне да Пуціна. Расея цісне на Луку, Пуцін пляце сеці - ці ня спеліся раптам беларускія хрысціянскія дэмакраты з Масквой на глебе праваслаўя? А з вагнерамі знаёмы? А як думаеш, Паш, ёсць тут такія, хто з Пуціным вась-вась? - Ёсць, канечне, - смяюся. - Лукашэнка. Ну і, Паш, як там у карцэры без вады? Сэрца калоціцца? Сцены ціснуць? Млееш паціху? Галава кружыцца? Мульцікі (галюцынацыі) бачыш? Можа, ну яго к чорту - і схадзіць з начальнікам пагаварыць? Больш за ўсё мяне ўразіў дзед-баксёр, які прасядзеў у турме, паводле ягоных словаў, 42 гады, і цяпер выпраўляўся ў чарговую камандзіроўку. Ён усё жыццё прамышляў рабаваннем, прыглядваў у крамах тых, хто разлічваўся вялікімі купюрамі, на выхадзе біў і забіраў гаманец, прапіваў, трапляўся, адседжваў і ехаў зноў. Правая рука ў яго ўжо вісела як плець, нават на расцяжку ня мог стаць як след, але левая - дзед хваліўся кароннай левай - ешчо работает, магу зарадзіць. Дзед гадзінамі сядзеў на нары без матраса, гледзячы роўна перад сабой, і потым раптам выдаваў "ня ў броў, а ў глаз" - нібы страляў з кароннай левай: - Дак а дзеньгі хто даёт?

Разам са Змітром Дашкевічам атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды БНР - цяпер мы кавалеры Ордэна Пагоні. Загад Старшыні Рады БНР Ів
Разам са Змітром Дашкевічам атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды БНР - цяпер мы кавалеры Ордэна Пагоні. Загад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы пра ўзнагароджанне быў падпісаны яшчэ 25 сакавіка 2024 года - калі мы яшчэ былі ў турме. Кавалераў Ордэну Пагоні, як нам сказалі, цяпер шэсць - Зянон Пазьняк, Алесь Бяляцкі, мы ўдваёх і яшчэ два чалавекі, прозвішчы якіх не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі (магчыма, яны ў Беларусі). А ёсць яшчэ і дама Ордэну Пагоні - сама Івонка Сурвіла. Уручалі крыжы Ордэну і пасведчанні ў Беларускім доме ў Вільні сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова і намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі. З лёгкай рукі Змітра запачаткавалі новую традыцыю - казаць на ўзнагароджанні слова сямейна - са сваёй палавінкай ) Высокі гонар - і знак беларускай дзяржаўнасці!

Сустрэліся са Скарынам у Вільні! Праводжу экскурсію матулі і пляменніцам, распавядаю пра друкарню Скарыны на Ратушнай плошчы
Сустрэліся са Скарынам у Вільні! Праводжу экскурсію матулі і пляменніцам, распавядаю пра друкарню Скарыны на Ратушнай плошчы ля знакамітай шыльды, абарочваюся ісці далей - бац, помнік Скарыну стаіць. Увесь залаты, з кнігай, на грудзях ланцуг з сонцам маладзіковым... Ліхаманкава пракручваю ўсе файлы ў галаве - ё-маё, ды калі ж гэта прапусціў усталяванне помніка ў Вільні?!. Мо пакуль у турме сядзеў?.. Падыходжу бліжэй разгледзець, а Скарына нахіляецца, вабіць пальцам і на чысцюткай беларускай мове шэпча: - Давай разам фотку зробім.

Праз шэсць гадоў абняліся з матуляй - у Вільні. Дзякуй Богу! Фота Барыса Гарэцкага.
Праз шэсць гадоў абняліся з матуляй - у Вільні. Дзякуй Богу! Фота Барыса Гарэцкага.

16-17 траўня ў Менску на 10-тысячнай “Чыжоўка-арэне” пройдзе “Фестываль надзеі” – вялікі форум евангельскіх хрысціянаў. “Фестываль надзеі” ў Беларусі – падзея ня проста значная. Для беларускіх хрысціянаў яна грандыёзная. За апошнія два дзясяткі гадоў падобныя кангрэсы евангельскіх цэркваў на постсавецкай прасторы можна палічыць на пальцах. 2026 год, рэжым, вайна – а ў Менску шматтысячны евангельскі фэст, дзе будуць казаць пра веру, надзею і мір. Для ўсёй Беларусі – гэта магутны хрысціянскі прарыў. На сённяшні час пратэстанцкія цэрквы – гэта каля дзьвюхсот тысячаў чалавек, больш як 2% насельніцтва Беларусі і каля 3% вернікаў, трэцяя па велічыні хрысціянская канфесія пасля праваслаўных і каталікоў. Зарэгістраваных грамадаў да 2025 года пратэстанты мелі больш тысячы – а гэта ўжо каля траціны ўсіх хрысціянскіх грамадаў у Беларусі. Евангельскія вернікі – законапаслухмяныя грамадзяне, руплівыя працаўнікі, часта прадпрымальнікі альбо фермеры, сярод іх мноства шматдзетных сем’яў і дабрачынцаў. “Соль зямлі” – гэта пра іх. На Палессі пратэстанты – гэта сіла: там часта трапляюцца цэлыя баптысцкія і пяцідзясятніцкія вёскі, такія як знакамітыя Альшаны. У 2020 годзе тысячы евангельскіх вернікаў удзельнічалі ў пратэстах. Сотні прайшлі суткі, турмы, дэпартацыю з Беларусі. Больш як трыццаць пастараў былі рэпрэсаваныя. Некалькі дзясяткаў пратэстанцкіх грамадаў не перарэгістравалі. Пытанне, ці ёсць цяпер афіцыйна тая тысяча евангельскіх супольнасцяў. Канечне, найперш пацярпелі “нязручныя цэрквы” – пратэстанты, якія пратэставалі. А для тых, каго рэгіструюць, непазбежная ўмова: не дапускаць аніякай “крамолы” ў набажэнствах. Ці працягваюць жыць забароненыя грамады? Ня буду называць прыклады і канкрэтныя цэрквы, каб не зашкодзіць людзям. Хтосьці сышоў у анлайн, хтосьці ў дамашнія групы, хтосьці перайшоў у зарэгістраваныя цэрквы, ва ўсіх па-рознаму. Але пратэстанты гістарычна маюць глыбокі досвед выжывання ў таталітарным рэжыме – падчас савецкіх ганенняў на веру. Ніякі Лукашэнка не прымусіць сапраўдных вернікаў Ісуса Хрыста стаць на калені перад дыктатарам. Падчас здушэння маніфестацыяў і пасля пачатку вайны ва Ўкраіне па пратэстантах білі асабліва моцна – маўляў, “амерыканская царква”. Але пасля перамогі Трампа ў ЗША становішча пачало мяняцца. Наладжванне стасункаў з адміністрацыяй Трампа для Лукашэнкі і Пуціна стварыла асаблівае становішча – пратэстанты раптам сталі запатрабаванымі ў сілу пакручастай геапалітыкі. На гэтым павароце для евангельскіх цэркваў нечакана адчынілася вакно магчымасцяў. Улады дазволілі фэст, таму што цяпер такі час, цяпер рэжыму трэба сябраваць з Амерыкай. Але сам факт такога малітоўнага збору зрушвае беларускую гісторыю. Усе, хто верыць у Бога, разумеюць сілу малітвы. Калі тысячы людзей разам просяць Бога пра надзею – часам вера перамяшчае горы. І дай Бог, каб ня толькі лагатып Фестывалю надзеі быў па-беларуску – а каб і малітвы, і спевы таксама гучалі на “Чыжоўка-арэне” па-беларуску. Бог прыходзіць у Беларусь – і з беларусамі Ён размаўляе па-беларуску. Беларускія пратэстанты, як і пратэстанты наогул – людзі арганізаваныя і адказныя. “Чыжоўка-арэна” 16-17 траўня, не сумняюся, будзе перапоўненая. Магчыма, улады правядуць туды і супрацоўнікаў сілавых структураў, і чыноўнікаў з райвыканкамаў – што ж, хай паслухаюць пра Госпада Укрыжаванага, хай думаюць, як ім каяцца. Рэжым, канечне, паспрабуе выкарыстаць гэты фэст у сваіх мэтах – маўляў, глядзіце, відны прапаведнік са Штатаў, са знакамітай хрысціянскай дынастыі, свабодна прапаведуе, людзі спакойна моляцца, мы, беларусы, за мір ва ўсім свеце і так далей. Але на месцы Франкліна Грэма я б абавязкова знайшоў словы, каб падтрымаць тых вернікаў, якія і сёння пакутуюць у турмах рэжыму – і, канечне, каб данесці адпаведнае пасланне для тыранаў. Бо Ісус Хрыстос – гэта ня толькі мір і ласка. Ісус Хрыстос - гэта яшчэ і свабода, і праўда, якія разрываюць Божае сэрца і якіх так не стае сённяшняй Беларусі.

Валерыя Чарнаморцава - адна з найлепшых беларускіх экскурсаводаў, якіх я ведаю. Ідзеш з ёй па горадзе - і адкрываеш для сябе
Валерыя Чарнаморцава - адна з найлепшых беларускіх экскурсаводаў, якіх я ведаю. Ідзеш з ёй па горадзе - і адкрываеш для сябе скарбы. Пазнаёміўся з ёй пасля вызвалення з Малога Сітна ў 2007-ым. Лера якраз далучылася тады да Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. У сярэдзіне 2000-ых Лера праводзіла кампанію "Пакаянне" - разам з легендарным пастарам Эрнстам Сабілам, які прайшоў ГУЛАГ, ездзіла па Беларусі і распавядала пра злачынствы камунізму і месцы расстрэлаў 1930-ых. Ведала ўсіх палітвязняў сталінскай пары, дапамагала, а часам і даглядала тых, хто прайшоў тады лагеры. У 2020-ым Лера ездзіла па Менску на ровары з прымацаваным бел-чырвона-белым сцягам. Зразумела, адсядзела на Валадарцы. З'ехала ў Вільню. Вывучыла літоўскую. Атрымала сертыфікацыю гіда. І цяпер водзіць экскурсіі па Вільні. Абсалютна цэльны, шчыры і глыбока веруючы чалавек. Хочаце ведаць Вільню як свае пяць пальцаў - абавязкова прыходзьце на экскурсіі Леры Чарнаморцавай. Бліжэйшая - у суботу 16 траўня пачынаецца а 16.00 ля Вострай Брамы.

Учора выйшла два інтэрвію - вялікі гадзінны стрым з Міколам Дзядком і размова пра РПЦ на рускамоўным партале "Vilnys". Інтэрв
Учора выйшла два інтэрвію - вялікі гадзінны стрым з Міколам Дзядком і размова пра РПЦ на рускамоўным партале "Vilnys". Інтэрвію "Vilnys" даваў па-беларуску. Іх глядзяць у Беларусі, так што хутчэй размова для беларусаў Беларусі, чым для рускамоўных Вільні (зрэшты, сярод іх таксама шмат беларусаў). Відэа - тут. Ну, а Мікола, канечне, вагонь. У эфіры - прафесійны відэажурналіст. Магчыма, наш будучы Лары Кінг. Хто ня ведае, бацькі Лары Кінга таксама з Беларусі. Відэа - вось.

Чаго я дамогся ўскрыццём на Акрэсціна ў 2020 годзе? У першыя дні здавалася: абсалютна нічога. Усё той жа карцэр без вады, усё той жа змрочны турэмны распарадак, толькі насмешлівае і выпрабавальнае чаканне з боку адміністрацыі: ну, ладна, парэзаўся, а далей што? А далей было вось што. Юрыдычна мяне трымалі на Акрэсціна на "сутках". Пасля акцыяў за незалежнасць канца 2019 года на мне "вісела" яшчэ некалькі пратаколаў, і, даючы па 15 сутак па кожным, рэжым проста ўтрымліваў мяне ў турме да "выбараў" 2020 года. Але гэтыя "суткі" яшчэ трэба было даць. А вакол - пандэмія каранавіруса. Таму "судзілі" праз скайп. І вось праз некалькі дзён пасля таго ўскрыцця, 18 чэрвеня зранку, мяне вядуць у следчы кабінет, дзе стаіць кампутар - на той самы судовы скайп. Завялі, пасадзілі перад кампом, падлучыліся, і вось мы ў судзе Фрунзенскага раёна Менска. Бачу, поўная заля людзей. Волечка, сябры, адвакатка Таццяна. І бачу сябе на экране ў залі. Ага, мы ў эфіры. Суддзя пачынае задаваць свае дзяжурныя пытанні, а я пачынаю распавядаць, у якіх умовах трымаюць мяне і Волю Мікалайчык. Міліцыянты пачынаюць гэкаць, кашляць, вырачаць вочы на мяне, але ж - суд, працэдура! А суддзя, відаць, у прастрацыі перад поўнай заляй, маўчыць сабе. - Таму мне давялося на знак пратэсту рэзаць сабе руку, - бадзёра заканчваю я і суну проста ў экран кампутара парэзаны локаць. У залі шум. Бачу, Волечка закрывае твар далонямі. Супрацоўнікі са страшнымі вачыма моўчкі паказваюць: ну ўсё, табе хана. Суддзя ачомваецца, блытана даводзіць "адміністрацыйны працэс" да патрэбных 15-ці сутак. Ляскае крышка кампа, і мяне вядуць назад у карцэр. Літаральна праз паўгадзіны пачалося. Чую, брохаюць па калідоры боты - бягуць, шум і тлум. Цэлая група захопу ўрываецца ў карцэр, распранаюць, абмацваюць, у рацыях каманды - "Ведіте в кабінет начальніка, быстро!" Забегалі, як прусакі, думаю. Во якія вы порсткія, калі падгарае! Вядуць да начальства, а там суцэльны вэрхал. Натоўп людзей у пагонах. Палкоўнікі, малінавыя лампасы, Глаўнае упраўленне унутраных дзел па Мінску, тэлекамеры... І начальнік Акрэсціна, якога проста калоціць. - Рукі покажіте! Паказваю. - Вы знаете, что с вамі сейчас будет?! - І што? - кажу на куражы. - Вы мне нарэшце акажаце медыцынскую дапамогу? - Окажем, окажем тебе медіцінскую дапамогу! - выціскае скрозь зубы. У выпадку ўскрыцця вязня паводле адмысловага пратаколу накіроўваюць на псіхіятрычную экспертызу, і я гэта добра ведаў. Так, думаю, ясна, павязуць у "Навінкі", усё ж лепш, чым у гэтай бетоннай скрыні без вады. Але гувэдэшнае начальства, якое клубілася ў калідоры і кабінетах, вырашыла інакш. Ужо пасля я даведаўся, што з залі суда хтосьці адправіў медыям паведамленне, быццам я рэзаў вены, хаця я дакладна сказаў - "рэзаў руку". Пра вены імгненна падхапілі, напісалі пра спробу самагубства. А ў гэты ж самы дзень затрымалі і Бабарыку, таму інфармацыя лінула, як бензін у вагонь. Людзі выйшлі на вуліцы. А ў мяне знялі на камеру непашкоджаныя запясці і далі міліцэйскае тлумачэнне, што ніякіх венаў Севярынец ня рэзаў. Канечне, у той жа дзень шрубы, якімі я паласаваў руку, начыста зрэзалі і зашліфавалі. У камеру пачалі штодня даваць пластыкавую бутэльку з вадой. Краны так і не ўключалі да самага жніўня (думаю, наконт перакрыцця кранаў было ўсё-такі "высочайшее повеленіе", таму проста ўключыць пабаяліся). Пачалі выводзіць на гадзіну ў дворык, прычым начальства здымала мой вывад на тэлефон - маўляў, глядзіце, на прагулку яго водзім (відаць, здымалі для еўрапейскіх дыпламатаў). І, нарэшце, праз колькі дзён нават дазволілі перадаць мне перадачу (у карцэр, Карл!). Пацвердзілася простае правіла: ускрыццё працуе толькі тады, калі пра яго ведаюць на волі. Калі ж інфармацыя ня выйшла за сцены турмы - яна будзе пахаваная там навечна. І часам - разам з вязнем.

Як вярбуюць беларусаў на вайну ва Ўсходняй Магілёўшчыне. Касцюковічы, Клімавічы, Хоцімск. Самы ўсход Беларусі, аточаны Расеяй. Заежджыя расейцы расклейваюць па слупах ды пад'ездах налепкі-"заманухі" наконт "СВО". Камунальнікі ды міліцыянты зрываюць. Беларусы масава супраць вайны. Але за паездку на вайну Масква плоціць шалёныя грошы. Бывае, прапашчыя мужыкі афармляюць заробак на сям'ю і едуць на вайну "у адзін канец". У адных Касцюковічах за апошнія пару гадоў 15 магілаў з вайны ва Ўкраіне. Дзе-нідзе ставяць на такой магіле расейскі трыкалор. Людзі ў Расею ня хочуць. Кажуць, "калі б тое трыццаць гадоў таму, дак, можа, і пайшлі б, а цяпер ужо не". Патрыятызм пераважна "чырвона-зялёны". Беларускую мову на вуліцах па-ранейшаму чуваць - прыяжджае з вёсак. Параўноўваю з раннім Максімам Гарэцкім, які з той жа Мсціслаўшчыны. Усё тая ж расейская вайна. Усё той жа мужыцкі беспрасвет. Але ужо - хай сабе і кульгавая, беларуская свядомасць. Павольна, павольна, але нават і самы ўсходні край Беларусі адплывае, адпіхваецца, адштурхоўваецца ад імперыі.

"9 мая" – галоўнае савецкае свята, і ў мяне да яго дваістыя пачуцці. З аднаго боку, для мільёнаў людзей, якія прайшлі Другую сусветную вайну, 9 мая – дзень перамогі над гітлераўскім нацызмам. Гітлеру і ягоным злачынствам на нашай зямлі апраўдання няма. З іншага боку, правадыр Савецкага Саюза Сталін, як мы цяпер ведаем з гісторыі, распальваў і падштурхоўваў тую страшную вайну, збіраўся сам захапіць Еўропу, дапамагаў Гітлеру, да апошняга быў ягоным саюзнікам у вайне супраць вольнага свету і на два пакаленні ўсталяваў для паловы Еўропы рэжым камуністычнага тэрору замест нацысцкага. Пакт Молатава-Рыбентропа - неабвержны доказ родавага падабенства нацызму і камунізму, хаўрусу драпежнікаў. А тыя, хто пасля вайны арганізоўваў святкаванні 9 мая - рыхтавалі Трэцюю сусветную. Сённяшняе “пабедабесіе” і страшная расейская вайна ва Ўкраіне – прамы вынік таго камуністычнага сатанізму. Увесь вольны свет адзначае перамогу над гітлерызмам 8 мая, бо менавіта ў гэты дзень адбылася капітуляцыя рэшткаў нацысцкіх войскаў. А ў Беларусі 9 мая было б дарэчна абвясціць днём смутку, днём памяці ахвяраў вайны – без аніякіх “георгіеўскіх стужак”, усхвалення Сталіна, Масквы ці Чырвонай арміі. Для Беларусі і нацызм, і камунізм былі страшнай чумой, якая ў тыя гады імкнулася сцерці нас, беларусаў, з аблічча зямлі. Дзякуй Богу, ані ў нацыстаў, ані ў камуністаў гэтага не атрымалася. Не атрымаецца і ні ў кога іншага. Сімвал той вайны ў Беларусі - спаленая Росіца.