ДАЙ ПАСЛУХАЦЬ
رفتن به کانال در Telegram
ДАЙ ПАСЛУХАЦЬ - гэта пра 30 гадоў гісторыі беларускай музыкі. Альбомы, тэксты, фестывалі, архівы. Хтосьці чытаючы гэты канал будзе настальгаваць, а хтосьці адкрываць для сябе ўсё новых беларускіх артыстаў. Мэта нашага канала: захаваць сваю музыку.
نمایش بیشتر839
مشترکین
اطلاعاتی وجود ندارد24 ساعت
+17 روز
اطلاعاتی وجود ندارد30 روز
آرشیو پست ها
bayski, Wavy Mroy — «Цягнік Мінск — Осла»: https://band.link/ciagnikmnsk
Пяць трэкаў, амаль 12 хвілінаў — і цэлы набор думак.
Новы EP bayski і Wavy Mroy — пра каханне, пачуцці на паўзе, дыялогі з дзяўчатамі і маналогі з самім сабой. Пра грошы і мінулае, якое не заўсёды застаецца ў мінулым. Асабістае у трэках не замыкаецца ў рамантыцы: за адносінамі, успамінамі і спробамі разабрацца ў сабе заўсёды ёсць нешта яшчэ.
«Цягнік Мінск — Осла» — гэта пяць сумесных трэкаў, у якіх артысты здолелі пабудаваць мост паміж сваімі сусветамі. У кожнага застаецца ўласны настрой і манера, але абодва рухаюцца ў адным кірунку. Іх галасы не спрачаюцца за месца ў трэках а дапаўняюць адзін аднаго.
Музычна гэта сучасны рэп, у якім аўтацюн не хавае голас, а становіцца часткай гучання. У артыстаў ёсць і чытка, і вакал, і ўменне знаходзіць фразы, якія хочацца запомніць. «Баюся, што губляю сваю іскру» — адзін з такіх радкоў. У ім адчуваецца сур'ёзнае стаўленне да ўласнай музыкі: за ўпэўненым гучаннем ёсць і сумневы, і страх страціць тое, што прымушае ствараць.
У EP летні тэмперамент, але сезон яму не перашкода. «Цягнік Мінск — Осла» добра ўявіць у навушніках у дарозе — нават калі маршрут значна карацейшы за назву і замест Осла сёння ў раскладзе Орша, а за вакном залаты сезон.
Пяць трэкаў. Два артысты. Адзін маршрут, на якім хапае месца і для асабістых прызнанняў, і для думак, што не адпускаюць.
Цягнік адпраўляецца. Слухаем.
ІNTELLIGENCY — GRAE
На мінскім даху стаіць гурт, за ім — хор, вочы разглядаюць кавалкі горада.
INTELLIGENCY выпусцілі GRAE — новы трэк і кліп, у якім ёсць усё, за што мы любім гэты гурт: фірмовая электроніка, мяккі вакал і рытм, пад які цяжка проста стаяць на месцы. І хор у відэа гэта пацвярджае.
Найбольш цікава, як усё гэта працуе разам: нічога лішняга, але пасля першага праслухоўвання рука сама цягнецца націснуць replay.
GRAE — сінгл з будучага альбома гурта.
Уключаем. Потым яшчэ раз: https://youtu.be/V0sXfU-xmBU?si=CyWmZIUBbpZpDz2P
«Дай паслухаць» адкрывае скрыні музычных архіваў.
Летась «Пятля Прыхільнасці» абвясціла пра апошні тур і спыненне існавання. Гурта ўжо няма, а жаданне яго слухаць нікуды не падзелася.
Таму мы палезлі ў архівы і дасталі адтуль акустычны лайв «Пятлі Прыхільнасці» — акустыку, якая запісвалася яшчэ ў кавідныя часы на адным з тагачасных лайваў. Каб не пылілася ў архівах — сёння пакажам вам адзін трэк.
Гэта некамерцыйны дроп: ніякіх грошай, толькі жывая музыка і вашыя падабайкі.
І вось тут яны якраз маюць значэнне: калі назбіраем шмат — выкладзем на SoundCloud «Дай паслухаць» увесь акустычны лайв.
І наогул — чым больш будзе вашай актыўнасці пад такімі знаходкамі, тым глыбей будзем залазіць у архівы і тым больш старых лайваў, рэдкіх запісаў і забытых трэкаў будзем адтуль даставаць.
А пакуль — першая песня.
🎧 Пятля Прыхільнасці — Сатурн (acoustic live, 20)
Кішэні поўныя сонечнага святла
У Мінску сёння сонечна, таму адмена на дэпрэсіўныя трэкі.
da kostka пранізае нас Dżała: https://too.fm/dzala
Сам псеўданім da kostka прыдумляўся ў варшаўскім бары, вакол паэтаў і музыкаў. Пасля з'явіліся «Вішнёвая костка», Zaratustra — і вось цяпер новая песня — Dżała
У музыцы da kostka наогул шмат паэзіі. Інакш і быць не магло: Даша сама паэтка, мае ўласны зборнік і з тых людзей, з якімі размова пра сучасную беларускую літаратуру можа зацягнуцца надоўга.
Dżała якраз такая. Светлая індзі-поп песня, вельмі восеньская па адчуванні. Даша і Lastoŭski тут робяць нейкую сваю маленькую музычную хімію: трэк заканчваецца — і замест наступнага хочацца яшчэ раз уключыць гэты
Можа, каб нарэшце добра ўслухацца:
«Калі адчуваеш, прашу цябе, гавары».
Калі вам падабаецца трэк, просім слухаць і ставіць ❤️
І зазірніце ў інстаграм Дашы Бялькевіч, яна так распавядае, як запісваўся трэк.
У Беларусі ёсць свае моцныя жаночыя метал-вакалы.
Exist M гэта даказвае — сёння слухаем «Шлях»: https://band.link/cXvEa
Новы трэк і кліп працуюць на кантрасце. У кадры бачыш Насту Паламар — і калі глядзіш упершыню, цяжка прадбачыць, што адбудзецца праз секунду. А потым яна выдае экстрым-вакал такой сілы, што ўжо лёгка ўявіць гэты голас не толькі ў сталічным клубе, але і на сусветных фэстах, напрыклад, на Hellfest.
Музыка адпавядае: post-metal/hardcore, цяжкія гітары і ўдарныя, якія ў пэўны момант разганяюць трэк амаль да бласт-біту. Усё гэта не проста гучна — гучыць сапраўды велічна.
Цэнтр «Шляху» хаваецца ў двух радках:
«Я вытрымаю гэта.
Няважна дзе, а важна як».
Песня аказваецца не столькі пра тое, куды ты ідзеш, колькі пра тое, як ты праз усё гэта пройдзеш.
Гэта неверагодна якасна.
Стаў ❤️ калі хочаш бачыць яшчэ метал-рэлізы на нашай старонцы.
СЕАНС АЛХІМІІ
Anastasia Rydlevskaya выпусціла новы альбом ALCHEMIA.
Мы мелі магчымасць паслухаць яго крыху раней.
Першае ўражанне — ён проста запаўняе сабой прастору. У навушніках часам такое адчуванне, нібы Рыдлеўская стаіць недзе над кожным вухам і спявае адразу з усіх бакоў. Музыкі становіцца шмат, яна займае пакой цалкам.
І гучыць усё гэта вельмі дорага. Што асабліва цікава, бо ALCHEMIA зроблена фактычна ў адным пакоі: Рыдлеўская сама напісала, спрадзюсавала і запісала альбом, зрабіла большую частку звядзення і мастэрынгу. На фінальным этапе далучыўся Аляксандр Карнейчук (KorneJ).
Сам альбом пабудаваны як алхімічны працэс: Nigredo, Albedo, Calcinatio, Citrinitas, Rubedo. Толькі ператвараецца тут не свінец у золата, а чалавек пасля траўмы. Ад распаду, дэпрэсіі і сораму — праз злосць і вяртанне ўласнага голасу — да Ліліт у фінале.
Музычна там таксама кідае прыстойна: ад мінімалізму і цёмнага трып-хопу да трайблу і эйсід-тэхна. Але дзіўным чынам гэта не развальваецца на дэманстрацыю жанраў. ALCHEMIA адчуваецца адным альбомам.
Гэта той выпадак, калі альбом можна спакойна даць замежнікам, нічога папярэдне не тлумачыць, а пасля проста сказаць:
так, гэта беларуская спявачка.
НАВАТ ПЕНСЫ НОСЯЦЬ ВАНСЫ
Мікіта Найдзёнаў (HURMA, СамШазам) вярнуўся на сцэну з аўтарскай музыкай — цяпер у новым праекце Max Magnum. І першая песня называецца 30+.
Тут увесь набор радасцяў дарослага жыцця: выбар паміж «выпіць» і «паспаць», боль у паясніцы, ціск, раптоўная важнасць надвор'я (таксама глядзіце на тэлефоне, што там заўтра?).
30+ гэта не трагедыя. Бо жыццё пасля трыццаці, высвятляецца, не скончылася. Больш за тое:
«нават пенсы носяць Vans».
Па гуку атрымалася нешта дзіўна знаёмае: быццам беларускі ВІА выпадкова дажыў да 2026-га і запісаў песню пра паясніцу.
Каму 30+ — можна слухаць і пазнаваць сябе.
Каму 29 — рыхтуйцеся.
СЛУХАЦЬ
ПАДПІСАЦЦА НА MAX MAGNUM
INTELLIGENCY выпусцілі «Добры вечар, дзяўчыначка».
Пра песню мы ўжо пісалі, калі з'явіўся першы кавалак будучага рэлізу. Цяпер можна паслухаць цалкам.
За сваё жыццё «Дзяўчыначка» гучала па-рознаму. Быў вядомы запіс «Песняроў» з Анатолем Кашапаравым, пасля — рок-версія N.R.M. у «Песняроку» і пазней у «Пашпарце грамадзяніна N.R.M.». Цяпер за старую песню ўзяліся INTELLIGENCY.
І тут, вядома, ніякіх «Песняроў» ужо не засталося. Электроніка, танцавальны біт — INTELLIGENCY зрабілі з яе рэч пад сябе. Пры гэтым мелодыя перажыла і гэта: пазнаецца адразу.
Ну і той самы конік застаўся на месцы. Пасля таго як даведваешся крыху больш пра эратычны падтэкст беларускіх народных песень, слухаць пра яго з ранейшай нявіннасцю ўжо складана.
Карацей, вясной мы пісалі: «будзем неўзабаве таньчыць пад яе».
Ужо можна
«Мы сумавалі!» — такім воклічам скончыўся першы выступ новага гурта Mytnik.
Не так даўно Стас Мытнік з AKUTE вярнуўся ў музыку і нават запісаў першы трэк «Не удержался». А ўжо ўчора ў Мінску адбылася першая жывая прэм'ера яго новага гурта.
Праграма склала аж 43 хвіліны — сапраўдная загадка, як ён паспеў за такі кароткі час сабраць каманду і напісаць столькі песень. Публіка цёпла падтрымлівала музыкаў, хоць было відавочна: большасць прыйшла менавіта з-за суму па знаёмым і любімым вакале. Стыль новай музыкі сапраўды пераклікаецца з AKUTE, а большасць песень — пра каханне.
Пасля кожнай порцыі апладысментаў Стас дзякаваў залу і прызнаваўся, што з такой падтрымкай быць на сцэне значна лягчэй.
Глядзіце наш кароткі відэаагляд з выступу!
"АД НАШЫХ ІМЁНАЎ АДНЫ ЎСПАМІНЫ"
Паслухайце сёння выпуск нашага падкаста
HURMA — беларускі поп-рок гурт, заснаваны ў Мінску ў 2012 годзе. Вакаліст і аўтар трэкаў — паэт і музыкант Мікіта Найдзёнаў.
У музыцы HURMA — лёгкі поп-рок, індзі і рамантычная лірыка.
За свой час гурт выпусціў адзін альбом і шэраг кліпаў.
Раім паслухаць:
HURMA - Сэрца мільёнаў
HURMA - Люк, я твой тата
HURMA - Упасці
🎧 Навінкі беларускай музыкі
ZVONKU × folk
Поп-панк гурт ZVONKU закалабіўся з фолькам. Учора на сцэне мінскага ТНТ адбылася прэзентацыя сумеснай працы артыстаў пад сімвалічнай назвай FOLK not dead.
Новае дыханне для зусім розных жанраў і абмен аўдыторыяй паміж імі. Цікава, што з гэтага атрымаецца далей.
Слухаць: https://band.link/folksnotdead
Nevika
Спявачка працягвае лінію свайго апошняга альбома. Пазнавальны стыль і ўласны вайб ужо робяць nevika артысткай, якую цяжка зблытаць з кімсьці іншым.
Слухаць: https://band.link/oULN9
Гомельскае рэгі
Мікола Косміч запісаў трэк пра сонечны Гомель. Пасля яго хочацца наведаць горад, зірнуць на Сож.
Слухаць: https://band.link/49hMU
АД НАШЫХ ІМЁНАЎ АДНЫ ЎСПАМІНЫ
Новы выпуск падкаста: https://youtu.be/bYu6KDyJxmM
Сёння мы вернемся ў той самы Мінск, дзе ў пешаходках на Карла Маркса і ў Верхнім горадзе гучала музыка, а ў метро рэгулярна можна было сустрэць чувакоў з гітарнымі чахламі праз плечы. У юнацтва, якое аб'яднала многіх з нас.
У новым выніку падкаста «Дай паслухаць» зноў рубрыка пра гурты, якіх з намі больш няма. Але калектывы засталіся ў плэйлістах — бо замяніць іх проста няма чым.
Сёння на рэпіце:
КROK / HURMA
Гэта не проста рэтра-архівы для тых, хто «памятае». Гэта музыка з такім зарадам і шчырасцю, якая афігенна гучыць і сёння. Калі хочацца вярнуць той самы вайб і зразумець, з чаго ўсё будавалася — урубайце новы выпуск.
МЫ ТУТ НЕ ДАРЭМНА
Калі трэк доўжыцца дзве хвіліны, у яго ёсць толькі адзін шанец: альбо ён пралятае міма, альбо ты ставіш яго на рэпіт і цалкам губляеш адлік часу.
«я таю» — якраз з другіх.
Калі ў гурце «Бачу ўпершыню» музычныя пошукі яшчэ кідала з боку ў бок, то гэты рэліз канчаткова замацоўвае ўласны стыль праекта uladz у поп-року. Без складаных канцэпцый і лішніх сопляў — проста шчыльны гітарна-танцавальны гук і прыпеў, які ўядаецца ў галаву з першага раза.
І праўда, uladz — адзін з нямногіх беларускіх артыстаў, які рэальна ўмее рабіць такія трэкі: з яркімі, ліпкімі кручкамі, нібы спецыяльна заточанымі пад зацыкленне і вертыкальныя відэа.
Трэк абрываецца роўна тады, калі ты толькі пачынаеш падпяваць. У выніку пальцы самі цягнуцца ўключыць яшчэ раз. Бо «мы з табой тут не дарэмна».
uladz — я таю: https://band.link/wNa9s
НАЙЛЕПШЫ ТРЭК ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ 2026 — RALLA
Гурт Ralla ужо не існуе, а песні застаюцца жыць. Вы абралі “Сухі дуб” песняй першай паловы 2026.
Толькі на адным Spotify кампазіцыю паслухалі больш за 10 000 чалавек!
Нашыя віншаванні 🥳
Разам з вамі мы абралі 8 трэкаў першай паловы 2026 года! 🔥
Гэта сапраўды якасная і крутая музыка, дзе сабраліся абсалютна розныя стылі: тут і рокерскі Please rewind!, і олдскул рэп лайтовага, і этна ад Ralla, поп-рок ад uladz, сучасны рэп ад bayski, пост-панк Polyn з ранішняй калыханкай, гранжавы Рух, фрэш мюзік Samota i Рыдлеўскай.
Мы адмыслова стварылі плэйліст з гэтых трэкаў, каб усё было пад рукой.
🎧 Слухаць тут: https://open.spotify.com/playlist/2AthHwhXCCgiL2HNCg8S1V
Уключайце, пераслухоўвайце і рыхтуйцеся — неўзабаве мы пачнем вялікае галасаванне за найлепшы трэк паўгоддзя! Каментары адкрытыя: які бэнд або выканаўца павінен забраць галоўны тытул? 👇
з групы C далей выйшлі песні
— bayski — З ранку да ночы
— Ralla — Сухі дуб
А мы працягваем. З групы D пройдуць 2 песні. Можна галасаваць за некалькі трэкаў.
⏳ Галасаванне будзе адкрыта на 24 гадзіны.
Слухайце, выбірайце, падтрымлівайце сваіх.
