Пакуль чакаю дастаўку новай кнігі Веркіна, узялася перачытаць "Ладдзю роспачы". Апошні раз, пэўна, чытала гэтую аповесць яшчэ ў школе. Паставілася тады да яе як да чарговай добрай казкі.
А цяпер, на дарослыя розум і сэрца, божухна, як жа гэта прыгожа і кранальна. Як жа любіў свет Уладзімір Сямёнавіч, каб так пісаць. Колькі цёплай усмешкі і ганарлівай любові ў кожным слове. Чараўнік, адным словам.
Па адчуваннях пасля чытання - як дадому вярнулася :) Такое харошае, такое добрае :) Як здорава, што такоё ёсць.
"Ён паправіў на спіне лютню і рушыў поплеч са Смерцю. Ішоў, здольны кожную хвіліну паваліцца і разбіць нос, бо зусім не глядзеў пад ногі, задзёршы твар у гарачае неба, пад якім нястомна звінелі несмяротныя беларускія жаўрукі. Курносая маўчала. - Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты, - урэшце сказала яна. - Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай. І яны так любяць гэтую зямлю, што я ў сваіх пячорах пачынаю на хвіліну зайздросціць ім. Гервасій не адказаў. Галава ў яго была закінутая, нібы ў сляпога, грудзі шырыліся, ноздры трапяталі. А над ім былі неба і гарачае святло."
"Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, - і тады пераможаш. Нават калі ты слабы, як камар пасярод варожага мора. Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу. Таму што чалавек толькі тады чалавек, калі ён дзёрзка рве панылае наканаванне і плюе на «спрадвечны» закон. - Ты ваюеш не па правілах, Выліваха, - сказала Смерць. - Ты аддаў мне гэтага латніка і, значыцца, павінен быў замацавацца вось тут, а замест гэтага... - Каму павінен? - Беспамылковасці. - Я павінен вось ім, гэтым людзям. І нікому больш."
26 nov, 09:24
