cookie

ما از کوکی‌ها برای بهبود تجربه مرور شما استفاده می‌کنیم. با کلیک کردن بر روی «پذیرش همه»، شما با استفاده از کوکی‌ها موافقت می‌کنید.

avatar

Лявон Вольскі

Канцлер беларускай рок-сцэны, аўтар нэфармальнага гімна Беларусі - “Тры чарапахі”. Instagram: https://www.instagram.com/volski.official/ Супраца/Booking: [email protected]

نمایش بیشتر
پست‌های تبلیغاتی
1 008
مشترکین
+324 ساعت
+67 روز
+230 روز
آرشیو پست ها
Грамадазнаўства Частка трэцьцяя 🔻 Наступныя месяцы мы курсавалі паміж Вільняй ды Менскам. Я запісваў (цяпер ужо дома) дэма ўсё новых песень, Снорэ рабіў аранжаваньні, ягоны калега (геніяльны бубнач!) Сіндрэ Скэе запісваў бубны, усе гітарныя партыі граў сам прадусар. Снорэ ўлічваў мае пажаданьні па гітарных рыфах. Я іх таксама дасылаў, калі песьня была рыфавая, і Снорэ альбо выкарыстоўваў мой рыф, альбо перарабляў крыху па-іншаму, пакідаючы сэнс і энэргетыку. Потым я ў Вільні запісваў галасы. Для мяне ўсё гэта было абсалютна новым. Па-першае, я ніколі не займаўся сапраўдным сур’ёзным сольным праектам (“Куплеты і прыпевы” быў, хутчэй, прыкол, а “Белая яблыня” — адукацыйны альбом на вершы клясычных паэтаў), па-другое, не працаваў з замежным прадусарам, які меў сваё канкрэтнае бачаньне матар’ялу. 🔉💿Песьні пачалі пісацца адна за адной — “А Хто Там Ідзе?” ўжо была ў чарнавым варыянце, “Шэрая Кроў” напісалася ў чарзе па літоўскую візу, ідэя “Міліцыянтаў І Прастытутак” высьпявала даўно, але тут зьнянацку аформілася ў песьню, у “Мэфіста” адчуваецца ўплыў “Bad religion”, які я тады слухаў у машыне, “Чужы” напісалася пасьля вандроўкі ў Бэрлін падчас Хаўеру… Альбом быў амаль гатовы ў сярэдзіне 2013-га, але Снорэ нечакана захварэў, і ўсё прыпынілася… Тым часам у сеціва (як гэта заўсёды здараецца) пачалі трапляць чарнавыя запісы песень. 😱 Выклалі дэма “Майго Каханьня” (калісьці запісанае з электроннымі бубнамі і басам для фільму “Жыве Беларусь!”, потым невядома адкуль зьявіўся чарнавік “Ламай Сцэнар!”, але, падаецца, гэта выклікала ўвагу адно сталых прыхільнікаў, ня болей. Ганна вырашыла рабіць рэліз з магутным лэйблам “Пяршак” (34mag), і з гэтай каманды да працы далучылася мастачка й дызайнэрка, якой параілі выкарыстаць у аздабленьні менскія сьцены, на якіх камунальнікі ўпарта зафарбоўваюць графіці, і гэтыя сьцены выглядаюць пярэста, як коўдра з лапікаў. Потым мы правялі фотасэсію ў фотамастака А.Д., для якой я пафарбаваў твар на бел-чырвона-белы. Паводле задумы, гэты бел-чырвона-белы твар мусіць быць на асноўнай вокладцы альбому. Тым часам было незразумела, як назваць альбом і як назваць сольны праект?
نمایش همه...
👍 24👏 7❤‍🔥 3 2
Гатовыя да працягу? Частка другая Увесну 2012 году ў Вільні нас пазнаёмілі з прадусарам Снорэ Бэргерудам. Ён прыехаў з Нарвэгіі і заснаваў сваю студыю. Увесь такі малады й пэрспэктыўны. “Я гатовы папрацаваць з вамі, — прапанаваў Снорэ. — Дасылайце дэмы”. Я даслаў запісаныя ў студыі “Маё Каханьне” і “Сцэнар”, але Снорэ папрасіў запісаць дэма проста пад гітару. “Толькі акустыка і голас. І ўсё”. І тады я запісаў на студыі “Осмас” гэтыя дзьве і “Краіны Няма” ў аскэтычнай акустычнай вэрсіі. “Калі будзеце ў Вільні, папярэдзьце, каб я вызваліў час на студыі, запішам галасы”, — падвёў рысу Снорэ. У лістападзе акурат ў нас мусіў быць у Вільні канцэрт, і мы дамовіліся, што пасьля канцэрту застанемся і на наступны дзень паспрабуем запісаць вакалы. Ужо на той час было ясна, што мы працуем над прынцыпова новым альбомам. Ён мусіў складацца з нэрвовых неабыякавых песень, аб’яднаных так званай “грамадзянскай лірыкай”. Трэба зазначыць, што на той час гэткі жанр быў ня надта запатрабаваны — пасьля жудасьцяў 2010-2011 гадоў пачалося чарговае паслабленьне, пачалі адчыняцца розныя харчова-пітныя ўстановы, арганізоўвацца культурныя прасторы, якія займаліся канцэртамі ды выставамі, паўсюль адбываліся розныя івэнты — здаецца, сучаснае жыцьцё ў горадзе выйшла на якасна іншы ўзровень, і ўсім ужо зусім не да змаганьня з “крывавым рэжымым”, хай сабе зь ім змагаюцца сьмешныя ўтрапёныя ўпартыя “змагары”! Я запісаў на студыі “Ламай Сцэнар!”, і мы вярнуліся ў Менск. Неўзабаве Снорэ даслаў чарнавы міксынг. Гэта было настолькі не падобна да таго, што рабілі на беларускіх студыях, што я доўга ня мог зразумець: ці мне падабаецца падыход? Урэшце вырашылі, што гэтае “непадабенства “ — да лепшага, і мы працягваем.
نمایش همه...
👍 34🔥 12❤‍🔥 3
Частка першая Гісторыя “Грамадазнаўства” паяалася з 2010-га году, калі мне прапанавалі напісаць музыку да фільму. Я сустрэўся ў кавярні з Франакам (які, як я зразумеў, быў кансультантам) і польскім рэжысэрам Кшыштафам Лукашэвічам. Яны абмалявалі ў агульных рысах характар і плян працы, было надта цікава (я вельмі люблю пісаць музыку да фільмаў!), мне далі першапачатковы сцэнар, і ўсё пачалося. У фільме фігуруе студэнцкі рок-гурт, папулярны ў вузкіх колах, які піша й выконвае песьні. Адмыслова для гэтага ўяўнага “гурту” я й напісаў “ягоныя” песьні - “Мая Рэвалюцыя” (энтузыязм, максымалізм — усё як трэба!), “Старшыня” (гратэскны нумар пра старшыню нашага калгасу, які тут ўсім кіруе) і “Гонар Бацькі” (пра бессэнсоўную й бязьлітасную службу ў войску). Яшчэ да фільму прыдалася песьня “Краіны Няма”, чарнавік якой ужо год як ляжаў у дальняй шуфлядзе стала. Але нечакана пачалі пісацца іншыя песьні, якія, нібыта, наўпрост да фільму і не пасавалі — “Ламай Сцэнар!” і “Маё Каханьне”. Праз пару гадоў фільм “Жыве Беларусь!” выйшаў. Ён атрымаў некалькі прэміяў на кінафэстывалях і нават адну — за музыку. У фільме паказваюцца жахлівыя рэчы — перасьлед студэнтаў за іхную пазыцыю, сфабрыкаваныя крымінальныя справы і арышты, жудасная дзядуха ў войску. Памятаю, як тады дружна крычалі хэйтэры: “У нас такога няма й быць ня можа, гэта нейкая натуральная чарнуха!”. Яны, хэйтэры, проста не сутыкаліся з усім гэтым у цывільным жыцьці і ў войску. Ім пашчасьціла. Я спрабаваў граць песьні кароткім складам (я, Алег Гарус, Алесь-Францішак Мышкевіч і Павал Мамонаў), і мы нават запісалі (спробна) дзьве зь іх (“Краіны Няма” і “Маё Каханьне”), але мне падалося, што гучыць неяк невыбітна, і ўсё прыпынілася…
نمایش همه...
👍 33 7❤‍🔥 5🥰 1
Вы прагаласавалі практычна адзінадушна 🤔, а таму пачынаю дзяліцца з вамі гісторыяй пра гэты знакавы ўва ўсіх сэнсах альбом - “Грамадазнаўства”.
نمایش همه...
👍 11 3
Распавесьці вам пра гісторыю “Грамадазнаўства”? 🔊Anonymous voting
  • Так, цікава
  • Не, лепш пра штосьці іншае
  • А што гэта?
0 votes
Распавесьці вам пра гісторыю “Грамадазнаўства”? 🔊Anonymous voting
  • Так, цікава
  • Не, лепш пра штосьці іншае
  • А што гэта?
0 votes
👍 4
Photo unavailableShow in Telegram
Спасылка на квіткі для тых, хто хоча далучыцца ў суботу да сьвяткаваньня 10 гадоў “Грамадазнаўства” тут.
نمایش همه...
22👍 4
Застаецца спадзявацца, што нам трэба прайсьці праз гэта, каб выйсьці на іншы ўзровень. 25 сакавіка 2014 году, на Дзень Волі, выйшаў сольны альбом «Hramadaznaǔstva». Хутка будзе юбілей гэтага рэлізу — 10 гадоў. Што адбылося за гэтыя 10 гадоў? Чаго чакаць і на што спадзяваца цяпер? З аднаго боку, у цяперашнім сьвеце 10 гадоў для музычнага альбому — гэта не такі ўжо й юбілей. Ёсьць знакамітыя рок-альбомы, якім па 50 гадоў, а некаторым і па 60! Але для мяне «Hramadaznaǔstva» сталася падзеяй, якая адбылася роўненька на мяжы розных сьветаў, розных жыцьцяў, розных эпохаў. За гэтыя дзесяць гадоў мой (і шмат якіх іншых людзей) сьвет незваротна зьмяніўся. Усё пачалося з Майдану, на якім грала «Крамбамбуля». Гэта быў самы канец 2013-га, мы хутка сарганізаваліся, прыехалі ў рэвалюцыйны Кіеў і далі канцэрт на Майдане. Было вельмі халодна (як гэта, чамусьці, часта здараецца падчас грамадзкіх забурэньняў, успомніць хаця б Менск 2006-га ці 2010-га!), людзі грэліся каля металёвых бочак, у якіх гарэлі дровы. Гэты рэвалюцыйны дым лунаў па ўсім цэнтры гораду, усмоктваўся ў валасы, у адзеньне. Разам з дымам у марозным паветры лунала трывога і прадчуваньне чагосьці нядобрага. Мы былі й на першым Майдане, у 2004-м, там было адчуваньне сьвята, карнавала, хуткае немінучае перамогі. Цяпер «карнавальнасьці» ніякай не было, адчувалася роспач і гатоўнасьць ісьці да канца. Мы вярнуліся ў Менск, адзначылі прыход новага, 2014-га, году, і тут пачалося! Нябесная Сотня, захоп Крыму, вайна на Данбасе... Раней ніхто не сутыкаўся з вайной так блізка — вось яна, зусім побач! Я калісьці граў і ў Харкаве, і ў Данецку, і ў Днепрапятроўску, а цяпер гэта ўсё ахоплена агнём вайны, там адбываюцца жудасныя падзеі, гінуць людзі — і гэта ня Сырыя ці Чачня, далёкія й невядомыя, не, гэта знаёмая тэрыторыя, да якой ты маеш там знаёмых, прыяцеляў і пару вясёлых гісторыяў з кожнае вандроўкі па ёй. І гэты прысмак блізкай вайны — ён за гэтыя гады нідзе ня зьнік. Ён застаўся з намі. Потым пачаліся «менскія дамоўленасьці» і ўся гэтая лухта — беларускія «міратворцы», зьняцьце ўсіх санкцыяў, шчодрыя гранты ад Эўрапейскага зьвязу, чарговая лібэралізацыя — новыя бары-кавярні-галерэі-арт-прасторы-вышымайкі-вышыванкі... Ад гэтага часу засталося пачуцьцё брыдкае прыкрасьці — упершыню за ўсе гэтыя доўгія гады беларуская ўлада нарэшце прызнаная Захадам легітымнаю, пры гэтым ты ўсё знаходзісься ў чорным сьпісе, а бабулі на лаўках мармычуць: «Затое ў нас вайны няма»... Потым я прайшоў праз шэраг стратаў блізкіх людзей... Потым прыйшоў каронавірус, які змабілізаваў беларускую супольнасьць і канчаткава падарваў давер да ўлады. А далей... Вы выдатна ведаеце, што было далей. Сьвет кардынальна зьмяніўся і, баюся, наперадзе нас чакаюць новыя й новыя нечаканыя падзеі. Калі выйшла «Hramadaznaǔstva», у Беларусі ўсё было ціха й спакойна (як усім здавалася). Ну, пару палітвязьняў (а навошта яны лезьлі ў палітыку?), ну, чорныя сьпісы дзеячаў культуры (дык яны, відаць, таксама палезьлі, куды ня трэба!), ну, цэнзура (ай, любая дзяржава займаецца цэнзурай у тае ці іншае ступені!), можна было амаль бесьперашкодна езьдзіць і лётаць, дзе хочаш, зарабляць, прадаваць і перапрадаваць. Здавалася, навошта зноў гэтыя незадаволеныя вострыя песьні, жыві ды радуйся! Але, як высьветлілася, у Беларусі шмат людзей, якім сугучная гэтая эмоцыя, гэты надрыў, гэты нэрв. Праз увесь альбом скразіць прага зьменаў, але ніхто, прынамсі, я, ня думаў, што гэтыя зьмены будуць вось такія — якія яны ёсьць, часьцяком бязьлітасныя і бессэнсоўныя. Застаецца спадзявацца, што нам трэба прайсьці праз гэта, каб выйсьці на іншы ўзровень. Вярнуць жыцьцё сваёй краіне, зламаць сцэнар, ісьці за сваім Каханьнем, забыцца на мэлёдыі і рытмы беларускай эстрады і на пытаньне «А хто там ідзе?» замест звыклага «Нікога няма» цьвёрда ды ўпэўнена адказаць: «Беларусы!».
نمایش همه...
31👍 5❤‍🔥 2🥰 2
Больш не трымаем таямніцы - 25 сакавіка адзначым анлайн для тых, хто ў Беларусі! Глядзіце лайн-ап, каб узьняць сабе настрой і стаўце ❤️, калі чакаеце.
نمایش همه...
20👍 6
Repost from Наша Ніва
Photo unavailableShow in Telegram
Стала вядомая праграма анлайн-святкавання на Дзень Волі Каманда БНР100 ладзіць вялікае мерапрыемства. https://nashaniva.com/338267 Без VPN — па гэтай спасылцы.
نمایش همه...
25👍 2
Photo unavailableShow in Telegram
Паважаныя сябры і дарагія сяброўкі, мы абвяшчаем конкурс кавэраў да 10 гадоў альбома “Грамадазнаўства”! Вы самі, а можа, вашыя дзеці ці бацькі граеце на гітары ці іншым інструмэнце, ці любіце сьпяваць, а, можа, вы самі арыгінальны выканаўца ці музычны гурт? Бярыце ўдзел у конкурсе і атрымлівайце прызы да 10-годдзя альбома “Грамадазнаўства”! Запішыце кавэр на любую песьню Лявона Вольскага, падзяліцеся ў сетках з хэштагам #hramadaznaustva10 і адзначце ў Instagram профіль @volski.official, каб узяць удзел у конкурсе і выйграць адзін з трох прызоў! 🎁Прыз #1: Магчымасьць выканаць свой кавэр альбо засьпяваць разам зь Лявонам Вольскім і гуртом на адной сцэне ў Варшаве 23 сакавіка 🎁Прыз #2: Бясплатны занятак па навучаньні ігры на гітары ці вакалу ў студыі ў Варшаве (ці online - на выбар) гітарыста гурта VOLSKI Паўла Трыпуця 🎁Прыз #3: Падарунак ад кавярні Beerstation Praga (напой + страва) 🏆Пераможцаў абярэ асабіста Лявон Вольскі, вынікі будуць абвешчаныя 20 сакавіка. Посьпехаў!
نمایش همه...
🔥 23👍 4🥰 4 1
Ведаеце, улада — страшная рэч. 🌑 Вось вам прыклад: дырэктар фірмы, які штодня раве на сваіх падначаленых. Відаць, ён і ў сям’і мае нейкія праблемы? Ды не — дома ён зусім іншы, душэўны, вясёлы, клапатлівы бацька і муж. А вось на працы... на працы — сапраўдны цэрбэр! Чаму? А проста так. Таму, што яму дазволена так рабіць. Бо мае ўладу над сваім офісам. Вось і робіць — даводзіць да сьлёз і гістэрык супрацоўніц, хто ведае, магчыма, у кагосьці асабліва ўражлівага могуць узьнікаць нават думкі пра суіцыд... А колькі такіх розных дробных «прэзідэнцікаў», «каралькоў» і «князькоў»? Ці яшчэ, глядзіце: бухгальтарка будтрэсту, агулам добрая рахманая працаўніца, нават душа калектыву, а дома... дырэктыўна ставіць задачы безыніцыятыўнаму мужу, крычыць на дзяцей і раздае ім поўхі направа ды налева, а ў выніку — муж ратуецца ў алькаголі, а дзеці ў дваровых кампаніях — усё лепей за хатняе пекла! Такім чынам бухгальтарка распарадзілася сваёй уладаю ў сям’і. Так, гэта неразумна, ірацыянальна, але настолькі спакушальна, што адмовіцца ад гэтага вельмі цяжка, для кагосьці — амаль немагчыма. Уладарыць людзьмі — фірмай, офісам, людзьмі, сям’ёй... А краінай? Усе мы памятаем і бачылі гэта ў 2020-м. Калі чалавек настолькі баяўся страціць уладу, што быў гатовы на ўсё, толькі, каб яна ў яго засталася. Літаральна на ўсё — разбіваць сем’і, калечыць, забіваць — гэта было ў парадку рэчаў. Зрэшты, чаму «было»? Так ёсьць і цяпер. Ёсьць і іншыя, ня меней страшныя рэчы — калі чалавек бярэ ў рукі зброю, а зь ёю бярэ на сябе абсалютную ўладу над жыцьцямі іншых людзей. Згадайце выпадкі страляніны ў школах ды ўнівэрсытэтах і вусьцішны нядаўні выпадак з варшаўскім гвалтаўніком і ягонай беларускай ахвярай. Не палохае ані адказнасьць, ані магчымае суворае пакараньне — настолькі моцная спакуса! Шакаваныя гэтай гісторыяй, беларускі зараз пачалі пісаць у сетках (#хопіцьгвалціць) пра розныя сытуацыі з гвалтам у адносінах да сябе. Паказальна, што часьцяком гвалтаўнікамі былі акурат не маньякі ці наркаманы з цёмнае падваротні, не. Гэта былі ці то сужэнцы, ці то былыя каханыя хлопцы, ці добрыя сябры. Якія ў пэўны момант ня здолелі адмовіцца ад сваёй улады над іншым чалавекам і змусілі да таго, чаго іншы чалавек не хацеў, да таго, пра што ён будзе ўсё жыцьцё згадваць з непрыемнымі пачуцьцямі ці жахам! Беларускі амапавец, якому ўсё дазволена і які не праміне пакарыстацца гэтым дазволам, нарвэскі стралок, які сам на сябе ўсклаў уладу над жыцьцямі іншых людзей, два амэрыканскія падлеткі, якія вырашылі вяршыць вярхоўны суд над сваімі аднаклясьнікамі, ваяр ХАМАСу, які косіць аўтаматнымі чэргамі наведнікаў музычнага фэстывалю ці варшаўскі гвалтаўнік з нажом і ў масцы, які ўначы выйшаў у цэнтр гораду на паляваньне — гэта з’явы інтэрнацыянальныя, такое можа адбыцца ў кожнай краіне. Тут ёсьць важны момант: вельмі важна пільна прыслухацца да сябе — прыгадаць людзей (можа быць, нават зусім блізкіх), якія выкарыстоўвалі сваю ўладу над вамі, прыгадаць выпадкі, калі вы карысталіся сваёй уладай над іншымі людзьмі — у сям’і, у войску, на працы. Важна адназначна растлумачыць людзям, якія выкарыстоўваюць сваю ўладу над вамі, што так быць ня мусіць. Калі растлумачыць не атрымліваецца, лепш трымацца ад іх падалей. Ад сябе, напраўду, трымацца падалей не атрымаецца, таму трэба зацьвердзіць: нельга нікога шыхтаваць, прыгнятаць, прэсаваць, нельга карыстацца схемай «калі ня я іх, дык яны мяне». Бо ўсё гэта — з жывёльнага сьвету, і яму ня мусіць быць мейсца ў чалавечым грамадзтве. З гэтага пачынаюцца таталітарызм, дыктатуры і войны. Гэта — карані чорных парасткаў, якія спрабуюць абблытваць сьвет, і ад якіх трэба адмовіцца. Выкараніць. Раз і назаўсёды.
نمایش همه...
👍 25💯 16 4😢 3❤‍🔥 2🔥 2👏 1
01:18
Video unavailableShow in Telegram
Ня так даўно ў сетках пісалі пра хлопчыка, які ў цэнтры Варшавы зайграў прыгожы кавэр на “Тры чарапахі”. 🐢🐢🐢 Так склалася, што мы спаткаліся зь Іванам (так завуць хлопца) у цэнтры і падумалі, чаму б не засьпяваць разам? 💥 Глядзіце, як гэта атрымалася! Падпісвайцеся на старонку Івана ў Instagram, ён будзе вельмі рады: https://www.instagram.com/ivan.abr007 🔥🔥🔥
نمایش همه...
57🔥 12🥰 5👍 3❤‍🔥 2👏 1
Photo unavailableShow in Telegram
Тым часам роўна ў сакавіку спаўняецца 10 гадоў альбому “Грамадазнаўства”, напісанаму акурат пра нас з вамі. 🫡 Памятаеце, што было 10 гадоў таму? Прыходзьце 23 сакавіка ў клюб Odessa (ul. Kolejowa, 8/10, Warszawa), каб успомніць усё! А вось тут для Radyjo Racyja я распавёў, чаму “Грамадазнаўства” - мой першы сур’ёзны аўтарскі праект.
نمایش همه...
49👍 1💯 1💅 1
Photo unavailableShow in Telegram
Зь вясной вас, дарагія сяброўкі і сябры! 🌸 Сустрэнемся 9 сакавіка у Ліёне і пасьпяваем веснавыя песьні! “Я не люблю, калі вайна, але люблю, калі вясна, і лета, восень і зіма…”. 🔻9.03.2024 🔻6 Place Camille Georges, 69002, Lyon, France 🔻18:00 Квіткі на канцэрт у Ліёне па спасылцы.
نمایش همه...
👍 31 8🆒 1
Паважаныя сябры й дарагія сяброўкі, вы, напэўна, маглі заўважыць, што ў гэтага акаўнта з'явілася блакітная птушка падцьверджаньня - гэта сапраўды азначае, што канал афіцыйны і ўсе публікацыі сыходзяць ад мяне, а не кагосьці іншага. Віншую і сябе, і вас з гэтым невялікім, але прыемным здабыткам! 🎊
نمایش همه...
51🎉 28🔥 7👍 3🤗 1🫡 1
Беларусь як Паўночна-Заходні султанат і прыемныя моманты «Усе гэтыя выбарчыя гады, пачынаючы з 2001-га, мы чакалі цуду — ну, а раптам? Вось зараз нешта зьменіцца, сыстэма дасьць збой, і мы зробім глыток сапраўднага «Courvoisier»! Але ў бутэльку ўлады льюць ужо нават не армянскі каньяк, а нейкую ванючую барматуху». Пра побытавы (сама-)падман, выбары ў Беларусі і прыемныя моманты, які ўсё ж такі часам здараюцца ў нашым «Паўночна-Заходнім султанаце». Звычайны побытавы (сама-)падман часоў СССР Калісьці даўно, за савецкім часам, мой бацька прывёз з Парыжу бутэльку сапраўднага францускага каньяку — «Courvoisier VSOP». Бутэлька гэтая стаяла на пачэсным цэнтральным мейсцы ў хатнім бары. Прыходзілі госьці, частаваліся, ухвалялі — дзіва што! — сапраўдны францускі каньяк! За часамі СССР такое можна было альбо прывезьці з-за мяжы (езьдзілі лічаныя асобы), альбо набыць у валютнай «Бярозцы» (куды мог патрапіць таксама вельмі абмежаваны шэраг грамадзянаў). Неўзабаве каньяк скончыўся, і ў бутэльку пачалі ліць звычайны савецкі (здаецца, армянскі) аналяг. То-бок, на налепцы напісана «Courvoisier», а ўнутры зусім іншая вадкасьць. Просты прыклад банальнага побытавага (сама-)падману. (Сама-)падман у беларускай рэчаіснасьці Няміга Але гэтак і зь цяперашняй беларускай рэчаіснасьцю. Напісана «Няміга», а насамрэч — перад табою навабуд, скляпаны з газасылікату ды плясмасы. Новыя пакаленьні й не здагадваюцца, якая насамрэч была тая, сапраўдная Няміга — вузкія вулкі, старыя дамы... У бутэльку пералілі сурагат, людзі п’юць, і шмат хто думае, што так і трэба. Палац правасуддзя Ці то напісана: «Палац правасуддзя». А ў гэтым «палацы» насамрэч адбываецца абсалютна супрацьлеглая правасуддзю рэч — беззаконьне. Там людзям выпісваюць гады зьняволеньня за лайкі, падпіскі, данаты ў 10 даляраў... Там пануюць ілжэсьведчаньні, даносы, непраўдзівыя паказаньні. Палац незалежнасьці Напісана «Палац незалежнасьці», а насамрэч гэта — безгустоўная гаргара ў паўночнакарэйскім стылі, якая будавалася ў той час, калі Беларусь падпадала пад усё большую залежнасьць ад Расеі. Таварыства Чырвонага Крыжа Ці то напісана: «Таварыства Чырвонага Крыжа», а гэтая арганізацыя насамрэч займаецца дапамогаю Расеі ў ейнай захопніцкай вайне й вывазам украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. То-бок, кіднэпінгам. Вось табе й крыж з паўмесяцам. Можна сьмела ставіць крыж на такім крыжы! Мастацкі фільм і рэкорды наведвальнасьці І так паўсюль, дзе ні паглядзі! Напісана «мастацкі фільм», а там няма й блізка ніякага мастацтва, адна нягегла скляпаная прапаганда. І наўздагон: напісана «гэты фільм пабіў усе рэкорды наведнасьці, кінатэатры ламіліся ад гледачоў!». Насамрэч — стваралі масавасьць правераным савецкім мэтадам, заганяючы на сэансы розныя залежныя ад улады групы насельніцтва. Напрыклад, студэнтаў. Песьня Напісана: песьня. А насамрэч — гэта бездапаможны набор словаў ды гукаў, створаны чальцамі ўладнае сям’і, бо ніякім артыстам збоку давяраць нельга, яны — патэнцыйныя здраднікі! Прэса Напісана: прэса. Насамрэч — гэта войска прапагандыстаў, якія пра журналісцкую прафэсію ня маюць ніякага ўяўленьня. Выбары без выбару Напісана: ВЫБАРЫ. Але якія там выбары! Ад выбарцаў нічога не залежыць, асобы кандыдатаў даўно ўзгодненыя на найвышэйшым узроўні! І можна праявіць грамадзкую актыўнасьць, прыйсьці на ўчастак і прагаласаваць «за» ці «супраць», але на вынік гэта не паўплывае. Можна не хадзіць на галасаваньне, гэта таксама ніяк ні на чым не адаб’ецца. Адно што для ўлады патрэбная карцінка — вось ён, народ, у адзіным парыве прыйшоў на выбарчае сьвята! — таму кіраўніцтва звыкла заганяе на ўчасткі залежныя ад сябе групы насельніцтва. Напрыклад, зноў жа, студэнтаў. Асабліва для студэнта(-кі) добра прагаласаваць датэрмінова, каб потым на ўсе выходныя паехаць дадому, у родны аграгарадок, дзе маму з бацькам тасама прымусілі ісьці на народнае волевыяўленьне, шантажуючы нявыдачай трактара ў пэрыяд сяўбы.
نمایش همه...
👍 18👏 8🔥 2👌 1
Што тут ужо казаць пра выбары прэзыдэнта (дарэчы, напісана «прэзыдэнт», але мы цяпер, хутчэй за ўсё, маем справу з падышахам ці то султанам, проста султану вельмі падабаецца слова «прэзыдэнт», ён вельмі хоча так называцца)! Усе гэтыя выбарчыя гады, пачынаючы з 2001-га, мы чакалі цуду — ну, а раптам? Вось зараз нешта зьменіцца, сыстэма дасьць збой, і мы зробім глыток сапраўднага «Courvoisier»! Але ў бутэльку ўлады льюць ужо нават не армянскі каньяк, а нейкую ванючую барматуху, небясьпечную для ўжываньня. Але даводзіцца піць. Бо так, паводле задумы, павінны рабіць усе грамадзяне РБ. Дарэчы, наконт гэтае РБ. Напісана «Рэспубліка Беларусь», але якая гэта рэспубліка, калі там пануе незьмяняльная ўлада і плянуецца дынастычнае кіраваньне? Хутчэй, нейкі султанат! І якая Беларусь, калі мэтанакіравана выкараняецца ўсё нацыянальнае? Дык што гэта? Паўночна-Заходні султанат? Нечаканыя й прыемныя моманты Але здараюцца і ў нашым султанаце нечаканыя й прыемныя моманты. Гэта — калі ты прызвычаіўся, што з экранаў, усталяваных у тваім горадзе — у мэтро, тралейбусах, іншых, як яны кажуць, «мейсцах грамадзкага карыстаньня» — ліецца рэкляма, прапаганда, інфармацыя ад «праваахоўных ворганаў» — а тут (раптам!) там узьнікае Сьвятлана Ціханоўская і настойліва прапануе ня ўдзельнічаць у так званых «выбарах». Бо насамрэч гэта — ніякія ня выбары. Нямая сцэна. Шок! Пякучы глыток сьвежага паветра! Ці той сапраўднай гаючай вадкасьці, якая мусіць напаўняць нашае жыцьцё ў нашай краіне?
نمایش همه...
👍 27👏 6🔥 1
Але каб адзін усходні дыктатар, на якога глядзелі тысячы й тысячы сілавікоў, чыноўнікаў, людзей сыстэмы ў Беларусі ў 2020-м, не ўхваліў урэшце вынік так званых беларускіх выбараў, не было б у нас цяпер ніякіх палітзьняволеных. Былі б адно былыя сілавікі ў перавыхаваўчых установах. Яны б шылі там мяккія цацкі для дзяцей, глядзелі (у абавязковым парадку) добрыя мульцікі з выхаваўчай маральлю — пра дружбу, любоў і ўзаемадапамогу і гулялі ў разьвівальныя гульні. А цяпер — маем што маем. Яшчэ адзін беларускі палітвязень загінуў за кратамі — Ігар Леднік. І суддзя ведала, што чалавек хворы, што можа ня вытрымаць зьняволеньня, але непахісна выпісала прысуд. Гэтае дзікунства — нармальная рэч для беларускіх суддзяў. Будзённая. Стандартная. І, баюся, цяпер ужо мы не абыдземся мяккімі цацкамі, мульцікамі й разьвівальнымі гульнямі. Пакараньне мусіць адпавядаць злачынству. На волі ў забітых апанэнтаў гэтых рэжымаў засталіся сваякі. Засталіся жонкі, якія пражылі са свамі неабыякавымі мужамі шмат гадоў, якія суперажывалі, дапамагалі, падтрымлівалі, былі баявымі сяброўкамі... А хто працягне справу дыктатара? Кіраўнік адміністрацыі, міністр абароны, начальнік-сілавік? Бо жонак у дыктатараў няма. Не атрымалася неяк зь сям’ёй. Развалілася ўсё. Відаць, дзяржавай кіраваць лягчэй, чымсьці ўладкоўваць сямейны побыт. Беларусі пашчасьціла. З усім, апроч начальства. І ўсходніх суседзяў. Але трэба ведаць, што гэтае кепскае начальства ніхто за нас не памяняе. Ніякія суседзі — нават усходнія. Дай Бог, каб з сабою разабраліся! Моцы — сваякам закатаваных палітычных вязьняў. Трываласьці. Веры ў тое, што ўсё было не дарма! Веры. Надзеі. Любові. Лявон Вольскі, budzma.org
نمایش همه...
🔥 31💔 12👍 6🙏 1💯 1
«Трэба ведаць, што гэтае кепскае начальства ніхто за нас не памяняе» За кратамі загінуў яшчэ адзін беларускі палітвязень — Ігар Леднік. Пра гэтую ахвяру, а таксама пра тое, адкуль усе беларускія беды і ці варта беларусам пераймацца з-за Навальнага далей. 👇 Як пісаў Караткевіч, Беларусі з усім пашанцавала, адно толькі — начальства дрэннае. Ну, як тут не пагадзіцца? Усё добра — лясы, рэкі, азёры, лугі-сенажаці... А вось з начальствам — бяда. Але ёсьць яшчэ адна бяда. Ці ня горшая за першую. Суседзі. Дакладней, сусед. Ці то, суседка? Старэйшая сястра. З чаго, праўда, гэта яе зрабілі сястрою — незразумела. Цягне хіба на далёкую сваячку. Багатая, але бязглуздая. Жыве побач і почасту прыходзіць бяз стуку. Дакладна ведае, як жыць і што рабіць, хаця ў самой у хаце бруд, і цьвіль, і павуціньне. І не дае яна нам жыць спакойна, і прыходзіць, і наводзіць свае парадкі. І калі першую бяду — начальства — можна яшчэ неяк прыбраць (цяжка, але магчыма), дык суседзяў, як усе ведаюць, не выбіраюць. І вось ужо не было Савецкага Саюзу, а нашае начальства (нашая бяда!) усё азіралася: а што на гэтыя нашыя дзеяньні скажа Масква? Як адрэагуе? А раптам не спадабаецца, і нам перакрыюць газ? І ўжо адлучыліся краіны Балтыі ад гэтае васальнае залежнасьці, а мы ўсё працягвалі енчыць і біць паклоны. І была ў нас спроба імпічмэнту першага (можа, і апошняга?) прэзыдэнта ў далёкім 1996-м, і прыляцелі «міратворцы» з Расеі, усё «разрулілі» (так, як ім было выгодна), і жыцьцё пайшло ў звыклым васальна-залежным рэчышчы. Зрэшты, цягам гэтых пакутліва доўгіх гадоў «супрацы» ня толькі мы пастаянна глядзім на «старэйшую сястру», яна таксама пазірае на нас. Доўгім цяжкім позіркам. Спадылба. Вывучае. Пераймае перадавы досьвед. Напрыклад — як нэйтралізоўваць палітычных апанэнтаў. «Старэйшая сястра» (не, хутчэй — стрыечная цётка!) думала, што гэтых апанэнтаў можна адно толькі забіваць, а прыгледзелася — не, вось жа ж беларускія таварышы актыўна распрацоўваюць старыя добрыя правераныя часам савецкія мэтады! Апазыцыйнага палітыка можна пасадзіць у турму на доўгія-доўгія гады! І там, у вязьніцы, катаваць яго, кідаць у ШІЗА, усяляк прэсаваць, зьневажаць і прыгнятаць. А калі ён не ламаецца ад гэтага ўсяго (нармальныя людзі дык вельмі хутка здаюцца), тады заўсёды ёсьць той, першы, мэтад. Ліквідацыя. Але адна справа — калі ліквідацыя адбываецца на вечаровай маскоўскай вуліцы з прымяненьнем агняпальнае зброі, і зусім іншая — калі чалавек у мейсцах зьняволеньня раптоўна захварэў і аддаў Богу душу. Радыкальныя беларусы гавораць: што нам той Навальны? Гэта іншая краіна, там іншыя людзі. Апазыцыйныя палітыкі — усё адно імпэрцы. Ён калісьці зьневажаў беларускую мову і стаяў на скрайнеімпэрскіх пазыцыях. Прабачаўся, але што з таго? Па-сутнасьці, яны ўсе аднолькавыя! Не такія ўжо аднолькавыя. Хтосьці болей атручаны «навічком» прапаганды, хтосьці меней. Нехта ўпэўнены, што Беларусь — гэта Расея, а нехта падазрае, што не зусім, сумняецца. Але машына прапаганды працуе. Працуе так эфэктыўна, што ўжо й шмат хто зь беларусаў гатовы падлучыцца да «стрыечнай цёткі». Што ўжо там казаць пра расейцаў, давайце пільна паглядзім на сябе! На сваіх сваякоў, сяброў і знаёмых. У гэтай сытуацыі, калі крамлёўскі царок увасабляе абсалютнае зло, дэмакратычная апазыцыя ў Расеі — гэта крок да лепшага. Прынамсі, да чагосьці іншага, бо гэтая цяперашняя рэчаіснасьць нам надта добра вядомая — з шалёнымі прапагандыстамі, прамытымі народнымі мазгамі, бессэнсоўнай бесчалавечнай вайной і пэрспэктывай сусьветнага ядзернага пажару. І здаецца, што гэтую ненажэрную машыну немагчыма спыніць, і ўсё рашуча паўзе ў бездань. Навальны кінуў выклік машыне. Яна забіла яго. Але так хочацца верыць, што гэтая ахвяра была не дарэмная, што неўзабаве гліняныя ногі калоса пакрыюцца расколінамі, і ўся гэтая злачынная, заганная, зьвярыная сыстэма абрынецца, лясьне, зруйнуецца! Тыя, хто гаворыць, што Расея — іншая краіна і пра тое, што трэба думаць найперш пра сваіх палітвязьняў, безумоўна, маюць рацыю. Трэба думаць пра сваіх. І мы думаем.
نمایش همه...
💔 24👍 12👏 2
🧳 Працяг эмігранцкай лірыкі - публікуем чарговы тэкст з праекту "Эмігранты", які пабачыў сьвет летась, і стаў помнікам з'яве нашага часу - масавай эміграцыі. Песьня "Як там справы" ў дуэце са сьпявачкаю Ketevan ✨ пра нашыя тэлефонныя размовы з тымі, хто застаўся дома, пра нашае жыцьцё ў гэтым дзіўным новым сьвеце. Jak Tam Spravy — Alo, nu, jak tam spravy, jak tam spravy? Ci nie zanadta ściskaje abdymki svaje dziaržava? Spadziajusia, nikoha z našych jašče nie zabrali? — Dy nie, usio ŭ paradku, usio narmalna… Što doma? Što z mamaj? Što z vami? Što z nami? Što siońnia? Što zaŭtra? Što potym? Što zaraz? — Jak vy žyviacie tam siarod pačvaraŭ u formie? — Narmalna ŭsio, novy kredyt aformili. — Naviny kryčać, što ŭ vas tam usio ekstremalna. — Što-što? Nie, usio ŭ paradku, usie narmalna… Što doma? Što z mamaj? Što z vami? Što z nami? Što siońnia? Što zaŭtra? Što potym? Što zaraz? Ajčyna, Čužyna, Niščymna, Mahčyma. Tak prosta. Tak, rospač. Tak chistka. Tak blizka. ✍️ #emihrantylyrics
نمایش همه...
💔 27👍 10🔥 1👏 1🗿 1
Photo unavailableShow in Telegram
На канцэрт да 10 гадоў альбома “Грамадазнаўства” першая партыя квіткоў распрададзеная! 👉 Наступныя 100 квіткоў па кошце 90 злотых дасяжныя тут.
نمایش همه...
🔥 23👍 5🥰 2
❌ Пра закрыцьцё выставаў у Менску 😱«У Беларусі практыка забаронаў, зьвязаных з рознага кшталту выставамі, проста неверагодная». ✍️ Думкі з нагоды заўчаснага закрыцьця выставаў у Менску ды згадкі пра багатую гісторыю рэпрэсій у мастацтве пры Савецкім Саюзе, а потым і ў незалежнай Беларусі. 💭
«І яшчэ раздражняе, што ва ўсяго гэтага, як казалі нацысты, «дэгенэратыўнага мастацтва» ёсьць свая публіка, розныя фанаты й заўзятары. «Дык што гэта, — думае дыктатура, — гэтая публіка — гэта ж мой народ, мой, можна сказаць, электарат, мае падначаленыя! І што, ім сапраўды падабаецца вось гэта?! Яны хочуць сказаць, што разьбіраюцца ва ўсім лепей за мяне? Не, такога быць ня мусіць. Гэта няправільна. Гэта трэба забараніць!».
Чытайце тэкст цалкам тут
نمایش همه...
👍 22😢 5
Photo unavailableShow in Telegram
#мне21
نمایش همه...
66👍 16🔥 12🥰 3🤩 1
Photo unavailableShow in Telegram
Першы паўнавартасны сольны альбом. Першы альбом пасьля доўгіх гадоў ваганьняў ды пошукаў. Першы альбом, дзе сказана тое, пра што гаварыць было не прынята. Першы альбом, зь якога пачалася супраца з нарвэскім прадусарам Снорэ Бэргерудам. Першы альбом, зь якога пачаўся гурт VOLSKI. 💥 23 сакавіка ў клюбе Odessa Club (ul. Kolejowa 8/10, Warszawa) - вялікі электрычны канцэрт, сьвяткуем 10-годдзе альбома Hramadaznaūstva! 19:00 - уваход 20:00 - пачатак 🎟️Першыя 50 квіткоў па прома-кошце 80 zł па спасылцы тут.
نمایش همه...
40🔥 9👍 7❤‍🔥 2🥰 1🤗 1
Photo unavailableShow in Telegram
Сябры й сяброўкі, мая старонка ў Facebook прайшла вэрыфікацыю і цяпер адзначаная блакітнай птушкай падцьверджаньня. Зьвяртайце ўвагу на тое, што інфармацыя і паведамленьні толькі з гэтай старонкі публікуюцца мной. 👉 Рабіцеся часткаю нашай супольнасьці ў Facebook і падпісвайцеся на маю старонку.
نمایش همه...
39👍 10🔥 2🥰 1
Гурт атрымаў шмат розных прэстыжных расейскіх прэміяў ды ўзнагародаў, быў на топе, зьбіраў цэлыя арэны гледачоў, але пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну назаўсёды пакінуў калісьці (здавалася) гасьцінную ды пэрспэктыўную тэрыторыю. Уяўляю сабе, як гэта цяжка, як балюча — ламаць напрацаваныя схемы, рваць трывалыя сувязі, адмяняць дзесяцігоддзямі наежджаныя маршруты. Але па-іншаму не выпадае, калі толькі ты ня хочаш паўтарыць подзьвіг Сукачова ці яшчэ якога былога расейскага рок-музыкі, а цяпер — прапагандыста “рускага міру”. А якое расчараваньне было ў нашых музыкаў, якія да вайны “паігрывалі” ў маскоўскіх ды піцерскіх клюбах і спадзяваліся, што іх ўсё ж такі заўважыць уплывовы прадусар і пачнецца новае зорнае жыцьцё! А такія беларускія музыкі былі, і нямала, паверце. Але што ўсе гэтыя расчараваньні ў параўнаньні з пачуцьцямі музыкаў гурту “Бі-2”, якія зараз (я спадзяюся, калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, усё ўжо станоўча вырашыцца) сядзяць у вязьніцы ў Бангкоку! 🥵 Гэта людзі, якія неаднаразова былі на вяршынях музычнага Алімпу (ой, даруйце мне гэты шаблённы выраз!), якія аб’езьдзілі з канцэртамі ўвесь сьвет, якіх любяць па ўсім гэтым сьвеце мільёны прыхільнікаў! І вось яны праз падступныя дзеяньні расейскага консула ў Тайляндзе мусяць зараз сядзець у 80-мяйсцовай клетцы разам зь іншымі вязьнямі. Пад адкрытым сонцам. Пры тэмпэратуры 35-40 градусаў. Такі час. Не падтрымліваеш вайну Расеі супраць Украіны — значыцца, ты вораг гэтае Расеі. Але пры чым тут час? За расейскім стырном цяпер — тыя ж людзі, што і дваццаць гадоў таму. Яны ўсё вырашаюць, усім кіруюць, усё кантралююць. Проста тады не было магчымасьцяў паказаць свой сапраўдны твар. Трэба было маскавацца, мімікраваць. Тады яны хадзілі на канцэрт “Бі-2” і рабілі выгляд, што ім падабаецца. Па-іншаму тады не выпадала. А цяпер ужо можна ўсё. Вось яны й карыстаюцца гэтым. І зь нецярплівасьцю чакаюць, пакуль музыкаў з Тайлянду вышлюць усё ж такі (расейскія дыпляматы ў Бангкоку робяць усё, каб гэта здарылася. А яны, як высьвятляецца, маюць там уплыў!) да іх, у іхныя лапы, у іхныя кіпці, у Расею. Яшчэ б! Такая буйная здабыча! Так і мроіцца: паказальны працэс, народныя масы — працоўныя, сяляне ды інтэлігенцыя — патрабуюць суворага пакараньня для здраднікаў! І што, ніхто зь мільёнаў расейскіх фанаў гурту ня выйдзе на Красную плошчу з транспарантам “Бі-2 — Be Free!”? Каюся, некалькі разоў граў там. Даўно ўжо. Але ніколі ня меў да гэтае тэрыторыі сантымэнту ды нейкіх там спадзяваньняў. Ведаў, што ўсё адно не складзецца. І дзякуй Богу!
نمایش همه...
👍 65 10🔥 1😢 1
“Бі-2” — Be Free! ✊ Беларускіх музыкаў заўжды прываблівала Расея. А што, напішаш пару хітоў — і вось ты ўжо ў бясконцым туры па неабсяжных прасторах фэдэрацыі. Ад Байкала, як той казаў, да Амура. Ад Краснадара да Краснаярска. І паўсюль — рынак. Паўсюль — шоў-бізнэс! Ну, можа быць, зь не зусім чалавечым тварам, але, прынамсі, чалавекападобным. Ня тое, што ў Беларусі — дзяржаўная эстрада, чорныя сьпісы, татальны кантроль. Штосьці не спадабалася кіроўнаму клану — і тады — хоць ты сотнямі гэтыя хіты пішы — ніхто іх не пачуе. Прынамсі, ад усіх радыё, тэлевізіяў, дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі ты адлучаны. І выступаць нідзе нельга. Адзін інтэрнэт, а што з таго інтэрнэту — ні грошай, ні захопленых водгукаў пасьля канцэрту! 🫠 І яшчэ. Колькі ў нас тае актыўнае публікі? Ну, тых людзей, якія гатовыя ісьці на канцэрт? Тысячы? Дзясяткі тысячаў? У Расеі іх — мільёны! Таму папулярнасьць тут, у Беларусі, і вядомасьць там — гэта зусім розныя рэчы. Таму й хочацца ў Расею. Тым болей, што там і ганарары — ня роўня нашым, беларускім. Атабарысься там, асвойтаесься — і ўсё, як кажуць у тых самых дзяржаўных сродках масавае інфармацыі, пастаўленая задача выкананая. І ты, і твая сям’я надзейна забясьпечаныя. На доўгія гады. Плюс яшчэ — калі ты ў Расеі папулярны, дык і ў Беларусі табе гарантаваныя поўныя залы. Бо ты гучыш па ўсіх расейскіх каналах і, наогул, у нас глядзяць на старэйшага брата. Уважліва. Адсочваюць. Любяць. Глядзяць фільмы, слухаюць музыку. Фанацеюць. Калі ты там спраўдзісься, дык і ў нас стоадсоткава будуць заўзець. Прыблізна такімі думкамі кіраваліся айчынныя музыкі, калі спрабавалі знайсьці сваё шчасьце на гасьціннай (як здавалася) расейскай зямлі, дзе, як усім вядома, “душа наросхрыст”, гарэлка і гарбата льюцца рэкамі, а ікры — як бруду ў Тамбове вясною. Найлепей было ў 90-я. Тады ў Расеі актыўна канцэртавалі і, нават, здавалася, “прапісаліся” гурты з Украіны, Малдовы, Беларусі, Казахстану. Яны выдавалі альбомы на расейскіх лэйблах, гралі на фэстывалях і карпаратывах, ладзілі гастрольныя туры. І быццым бы ўсё так вясёлкава й бязвоблачна, але ўкраінскі гурт “ВВ” прадусары мякка й настойліва папрасілі ўключыць у альбом песьні на расейскай мове — маўляў, пашырым аўдыторыю. І ўключылі. Тое самае адбывалася з малдаўскімі “Zdob si Zdub”. Ну, а што рабіць? Як там гучыць расейская прымаўка пра чужы манастыр і свой статут? Будзьце ласкавыя выконваць патрабаваньні (не, безумоўна, не патрабаваньні — настойлівыя рэкамэндацыі!) тэрыторыі, на якой вы збіраецеся зарабляць грошы. Беларускую “Краму” паступова выціснулі з рынку, бо, відаць, нашыя музыкі занадта добра гралі ў параўнаньні з расейскімі блюз-гуртамі. Стваралі нездаровую канкурэнцыю. Напачатку таксама прапанавалі частку рэпэртуару выконваць па-расейску, потым — “разбавіць” уласную праграму блюзавымі стандартамі, урэшце ўсё зьвялося да рэдкіх клюбных канцэртаў і паступова расейская кар’ера “Крамы” завяршылася. Тым часам набіраў абароты “Ляпіс Трубяцкі” са свам новаствораным жанрам самаіранічных тыпу-дваровых сьпеваў. Уся Расея сьпявала “Ау” і “Ты кінула”, пачаўся бясконцы расейскі тур “Ляпісаў”, калі ты мусіш у любую гадзіну дня і начы быць напагатове, бо могуць раптоўна патэлефанаваць і запрасіць ужо заўтра граць у Ніжнявартаўску. Іншы беларускі гурт — “Бі-2” зрабіў галавакружную кар’еру ў Расеі напрыканцы 90-х-напачатку 2000-х. Два лідэры гурту прайшлі праз усе колы эміграцыі, праз Ізраіль ды Аўстралію, каб урэшце скарыць расейскую публіку… *** Гэта ўсё было даўно. У даваенныя вегетарыянскія траваедныя часы, калі грамадзянам Расеі тамтэйшае консульства Злучаных Штатаў давала візы аж на дзесяць гадоў, як жыхарам дэмакратычнай краіны. Калі не было замежных агентаў, і Макарэвічу ўручалі дзяржаўныя ўзнагароды. Калі здавалася (шмат каму здавалася!) што вяртаньне да таталітарызму немагчымае, бо паглядзіце, які абсурд пануе ў Беларусі зь ейнай калгаснай дыктатурай! І што ў выніку?🤔 “Ляпіс Трубяцкі” зьмяніў некалькі складаў, бо музыкі не вытрымлівалі бясконцае кацэртовае гонкі і сыходзілі з дыстанцыі.
نمایش همه...
28👍 9
🎬 Гэтага відэа ня мусіла быць. Чаму? Бо не мусіла быць сфальшаваных выбараў, сілавых разгонаў пратэстаў, затрыманьняў, ператрусаў, эміграцыі, палітзьняволеных, рэпрэсіяў, якія ўсё далей і далей зацягваюць краіну ў бездань несправядлівасьці. Але, нажаль, усё гэта ёсьць, гэта адбываецца проста цяпер на нашых вачах, і рэпрэсіі, і несправядлівасьць мяжуюць з найлепшымі чалавечымі якасьцямі тых, каго штодня выпрабоўваюць у самых нечалавечых умовах. Паслухайце некаторых зь іх, падумайце пра іх, а яшчэ лепш напішыце ліст - ліст з волі, які за кратамі як глыток паветра. І хай ваш ліст не прапусьціць турэмны цэнзар, захавайце фотаздымак ці то дазвольце яго захаваць у "Банку памяці", каб гісторыя ня сьцерла ані гэты час, ані твары тых, хто сёньня церпіць за нашую з вамі свабоду. Гэты выпуск выходзіць сёньня, у чарговы дзень, калі ў Беларусі працягваюцца арышты і ператрусы. Гэты ліст апошні ў сэрыі нашых інтэрвію і нататак, але мы абавязкова знойдзем магчымасьць працягваць распавядаць вам пра палітзьняволеных, пакуль кожны і кожная зь іх ня будзе вольны. Дзякуй за вашую ўвагу і падтрымку!
نمایش همه...
👍 25💔 9🙏 2
Словы цяжка разабраць, але, відаць, там пра хату з краю, пра тое, што лепей не высоўвацца і “я палітыкай не цікаўлюся”.
نمایش همه...
💔 35👍 17💯 7 2
Сапраўдная беларуская вайна Ідзе вайна. У Беларусі. Ідзе вайна паміж розумам і непісьменнасьцю. Паміж тактоўнасьцю й хамствам. Паміж сучаснасьцю й сярэднявеччам. Паміж дабром і злом, у рэшце рэшт. Гэтая вайна йдзе даўно. Ёсьць людзі (іх, прабачце, да халеры!), якія яе не заўважаюць. Гэтыя людзі занураныя ў свой сьвет, свой побыт, свой дабрабыт (насамрэч, яго няма, але ім усё падаецца, што можа быць яшчэ горай, таму лепей хай усё будзе так, як ёсьць), якія думаюць адно пра заробкі, пра крэдыты, пра сваю “ячэйку грамадзтва”. Да гэтых людзей далятаюць водбліскі і рэха выбухаў, пах гарэлага мэталу і пошчакі аўтаматных чэргаў, але яны звыкла не зважаюць на гэта. Прызвычаіліся. Ня чуюць. Ня бачаць. А дарэмна. Бо вайна ў любы момант можа закрануць кожнага зь іх. Таму што непісьменнасьць, хамства, сярэднявечча й зло не ваююць гуманнымі мэтадамі. Гэта дабро абараняецца словам, вершаваным радком, трапнай фразай, мірным сходам, дваровым канцэртам, Пагоняй, бел-чырвона-белым сьцягам. Зло забараняе слова, радок, фразу, сход, канцэрт, Пагоню й сьцяг. Зло за ўсё гэта садзіць у турму. Зло б’е й выбівае фальшывыя прызнаньні. Зло запісвае ганебныя “пакаянныя відэа”. Зло забівае. Яно калечыла й забівала людзей на вуліцах. На мірных сходах. Страляла ў бяззбройных людзей. Зло зьбівала да сьмерці людзей у іхных дварах за бел-чырвона-белыя стужачкі. Зьбівала й зьнішчала людзей ў іхных кватэрах. Зло прэсуе, калечыць і забівае людзей у вязьніцах. Крый Божа патрапіць туды, у “мейсцы адбыцьця пакараньня”! Там ты адразу зразумееш, што гэта — вайна, а ты — палонны. І стаўленьне да цябе — як да ворага. Палоннага ворага. А да палоннага ворага няма ніякае літасьці. Існуюць у сьвеце ўсялякія дакумэнты-пагадненьні пра гуманнае стаўленьне да палонных, але гэта ня той выпадак. Бо, мы ж ведаем, зло не ваюе гуманнымі мэтадамі. Зло не спыняецца ні перад чым і не кіруецца ніякімі правіламі. Зло забіла ў калёніі Вітольда Ашурка. Яно хацела проста “павучыць яго”, гэтага ўпартага беларускамоўнага вязьня, і перастаралася. І якія там згрызоты сумленьня! — вось яны — забойцы — суддзі, пракуроры, супрацоўнікі калёніі — сядзяць сабе ў рэстарацыі, п’юць свой каньячок, танчаць са сваімі дамамі, ставяць лайкі ў сваіх сетках. Жывуць! Зло зьнішчыла ў сваёй вязьніцы актывіста Мікалая Клімовіча. Суддзя выдатна ведаў, што зьнішчае чалавека, што ў Мікалая хворае сэрца, і ў калёніі ня будзе належнага догляду. Але хіба можна абмежавацца хатняй хіміяй, калі перад табою вораг?! Зло забіла выбітнага беларускага мастака Алеся Пушкіна. Алесь у вязьніцы пакутваў ад язвы і не атрымліваў належнае дапамогі. Зло ня ўмее дапамагаць. Карнікі завезьлі Алеся ў шпіталь ужо ў безнадзейным стане, калі выратаваць яго было немагчыма. Цяпер зло забіла Вадзіма Храсько. Схема ўсё тая ж — суддзя ведаў, што Вадзім пакутуе ад цяжкай хваробы, і турма яго заб’е. Але — усё адно — ніякае табе літасьці! — тры гады калёніі. І гэта не за нейкае там сур’ёзнае правапарушэньне. За данаты! Чалавек проста перавёў грошы і аўтаматычна перайшоў у разрад ворага. І загінуў у палоне. Я паўтаруся: гэтыя людзі — тыя, хто прысуджаў тэрміны, тыя, хто мусіў адказваць у вязьніцы за стан здароўя палонных — яны ведалі, што робяць. Яны абсалютна разумелі, што забіваюць. І тым ня меней — “ня дрогнула рука”. Сьмяротны прысуд выкананы. А цяпер можна “адпачыць і расслабіцца” — пасядзець у рэстарацыі, выпіць-закусіць, патанчыць і пафліртаваць з супрацоўніцамі, палайкаць у інтэрнэце аголеных цётак… Ёсьць людзі (іх досыць шмат), якіх ня надта хвалюе тое, што адбываецца ў краіне і за мяжою. Яны думаюць адно пра тое, каб узяць крэдыт (на набыцьцё новага тэлевізара, мультываркі (жонка патрабуе другі ўжо год!), на куплю ўсяго неабходнага для новага навучальнага году (на гэта ў Беларусі таксама бяруць крэдыт!), каб выплаціць урэшце прыватызацыю за кватэру, каб заплаціць аўтамабільны падатак… І галоўнае — каб не было вайны! Яны не разумеюць, што вайна — вось яна! Глядзіць на іх і крыва ўсьміхаецца. А яны апусьцілі вочы ў падлогу і мармычуць нешта няўцямнае.
نمایش همه...
💔 54👍 17💯 9❤‍🔥 5 2😢 2
Лёс склаўся так (што “хрусьць! — і папалам”) Усе ўсё ўжо напісалі пра Nizkiz. Прывялі аргумэнты. - Нельга было музыкам заставацца на радзіме. Нельга, бо сьмяротна небясьпечна! Там наогул нельга заставацца нікому, хто не падтрымлівае ўладу. Бо ўрэшце па ўсіх прыйдуць, усіх знойдуць. А якая ад нас карысьць у турме? - Але хлопцы былі патрыёты. Яны не хацелі зьяжджаць! Чаго вы да іх дачапіліся? Калі ўсе зьедуць, хто з нармальных людзей застанецца? Можа быць, вы ня ў курсе, але далёка ня ўсе, падціснуўшы хвасты, пабеглі за мяжу. Трэба камусьці (і гэта сьмелы ўчынак!) быць і тут, на радзіме! Ну, і яшчэ шмат усялякіх словаў панапісвалі розныя людзі ў сваіх пабліках з гэтае сумнае нагоды. Але, пішы ці не пішы, ясна адно: далёка ня ўсе творчыя асобы, нават, усьведамляючы небясьпеку, зьехалі зь Беларусі. Музыкі, мастакі, літаратары, дзеячы тэатру і кіно — шмат хто зь іх вырашыў застацца на радзіме. З розных нагодаў. І нават безь ніякае нагоды. Усяму ды ўсім назлосьць! Вось яны засталіся і цяпер ходзяць па вуліцах, здымаюць грошы з банкаматаў, плацяць штраф за парушэньне правілаў дарожнага руху, выклікаюць таксоўку, сядзяць у кавярні, купляюць праезны, ідуць у кіно, набываюць прадукты ў гіпэрмаркеце… Яны жывуць. А як калісьці сьцьвярджаў дзядуля Ленін, “Жыць у грамадзтве і быць вольным ад грамадзтва немагчыма”. Тут яшчэ істотна — якое гэта грамадзтва? Бо ёсьць такія, што ад творчае асобы асабліва нічога не патрабуюць. Плаці свае падаткі, не парушай агульнапрынятыя правілы (асабліва крымінальны кодэкс), а лепей за ўсё, зрабіся вядомы на ўвесь сьвет, каб праславіць сваё грамадзтва, сваю краіну. Шчыра табе за гэта падзякуюць. Можа, нават, ордэнам якім уганаруюць. А можа, і прэмію грашовую выпішуць! А ёсьць грамадзтвы іншыя. Там, у якой бы галіне мастацтва ты ні працаваў, трэба ўсяляк дэманстраваць адданасьць курсу кіраўніцтва гэтага грамадзтва, а тое кіраўніцтва — гэта, звычайна, адзін немалады чалавек, які патрабуе ўсеагульнае ўвагі ды пакланеньня. Ну, ці то група асобаў. Як у СССР. Бо як было ў СССР? Калі ты дзеяч культуры ды не ўступіў у партыю — ты падазроны. Калі ты ня пішаш (вершы, аповесьці, п’есы, карціны, сцэнары фільмаў) пра Леніна-партыю-камсамол — ты ненадзейны. Калі ты мастак-авангардыст ці рок-музыка — ты стоадсоткава схаваны вораг. Бо нармальныя людзі малююць мішак у лесе і сьпяваюць пра каханьне і “птушку шчасьця заўтрашняга дня”. Таму шмат якія творцы йшлі на кампраміс: сёньня напішуць таленавітую карціну, а заўтра — Леніна на лёсавызначальным зьезьдзе партыі. Ці то: сёньня сьмелую дзёрзкую паэму, а заўтра — захопленае палатно пра камсамольска-маладзёжныя будоўлі і будатрады. Тыпу: вінаваты, выпраўляюся! А музыка — адной рукою запісвае рок-альбом, а другой — грае ў афіцыйным ВІА. Зрэшты, асабліва радыкальныя ўладкоўваліся на працу дворнікамі ці то вартаўнікамі, а музыкай займаліся, нібыта, “у вольны ад асноўнае працы час”. Проста хобі такое! Ім тады ня трэба нічога ўхваляць ды ўслаўляць, бо што зь яго возьмеш — з вартаўніка ці то качагара! Але ў СССР свая спэцыфіка — зь яго ня зьедзеш, не ўцячэш. Мяжа на замку. Што ж трымае творчых людзей у сучасных таталітарных краінах, межы якіх яшчэ не (ці то не зусім) замкнутыя? Не, мы тут не гаворым пра тых, хто публічна падтрымлівае палітыку ўладаў. Бо ёсьць і такія. У суседняй Расеі гэтых “творцаў” — сотні, калі ня тысячы. Ухваляюць. Падтрымліваюць.
نمایش همه...
👍 25 8💔 6👎 1🔥 1
Услаўляюць! Іх можна паспрабаваць зразумець — хтосьці стары і ня ў стане аналізаваць рэчаіснасьць, у некага ёсьць тэатр (студыя, прадусарскі цэнтр), таму ён лічыць за лепшае “прагінацца” пад уладу, яшчэ хтосьці ня хоча страціць велізарныя тэрыторыі, на якіх можна зарабляць немалыя грошы, таму сьпяшаецца засьведчыць сваю ляяльнасьць (але і ў гэтым выпадку ніхто ні ад чаго не застрахаваны, і прыклад гэтаму — “голая вечарынка”, пасьля якой “паляцелі голавы” нават у, нібыта, адданых прыхільнікаў вайны, забойстваў мірных жыхароў і бамбаваньня ўкраінскіх гарадоў), нехта губляе форму й ня здольны напісаць нешта новае, хаця б такога ўзроўню, як старое, і ўкручваецца ў канцэртовы тур “за вайну” — хоць нешта зарабіць. У Беларусі таксама ёсьць усялякія мастакі-музыкі, якія “горача падтрымліваюць і ўхваляюць”, але гэтым разам мы пра іх гаварыць ня будзем. Можа, як-небудзь потым. Вось я зараз думаю: што мяне трымала на радзіме столькі гадоў, калі было ўжо абсалютна зразумела, што з гэтай уладай ня тое, што пра супрацу (крый Божа!), а пра мірнае суіснаваньне не вядзецца? Калі з 2004-га году пачаліся забароны, і я разумеў, што, нягледзячы на часовыя адлігі, гэтыя забароны будуць вяртацца зноў і зноў? Калі прэзэнтацыя альбому “06” была адмененая ў апошні момант, а гаспадар інтэрнэт-кавярні, дзе ўсё мусіла адбывацца (пра нармальныя вялікія залы тады не было й размовы!), быў вымушаны нешта прыдумаць пра “тэхнічныя праблемы” пасьля “ўплывовага тэлефанаваньня”? Калі забаранілі “Крамбамбулю” ў менскім “Рэпабліку”, і мы вярталі на марозе квіткі гледачам каля дзьвярэй гэтага клюбу? Калі, у рэшце рэшт, быў забаронены выніковы канцэрт конкурсу “Засьпявай.BY”, дзе я мусіў граць невялікі сэт, і партал TUT.by гасьцінна прапанаваў сваю пляцоўку ў офісным будынку, і людзей перанакіравалі туды, і я там зайграў, і нараніцы да маёй зусім немаладой маці ўварваліся асобы ў форме і цывільным з крыкамі пра тое, што “ваш сын жорстка парушыў канцэртовае заканадаўства і мусіць панесьці адказнасьць”, і яна, да сьмерці напалоханая, дала ім (хаця я папярэджваў, каб яна так не рабіла!) тэлефон маёй здымнай кватэры, і яны прыбеглі туды, а там была адно мая дачка, якая сказала ім, што ня ведае, дзе я на гэты момант знаходжуся, і ў той раз усё на гэтым (незразумела чаму) і суцішылася? Калі нас за спробу зайграць акустычны канцэрт на адной з цэнтральных менскіх вуліцаў павезьлі ў Цэнтральны РУУС і там трымалі тры гадзіны ў дворыку і пасьля складаньня абсурдовых пратаколаў адпусьцілі? Што мяне там трымала? Рамантыка супрацьстаяньня? Адрэналін падпольнай барадзьбы? Азарт небясьпечнай гульні? Сувязь з роднай зямлёй? Гатоўнасьць разьдзяліць лёс народу? Ці проста звыклая завядзёнка, якую ня так і проста разбурыць? Звычка жыць там, дзе ты жывеш, прызвычаенасьць да ўмоваў (хай сабе нялёгкіх), у якіх ты існуеш? У мяне няма адказаў на гэтыя пытаньні. Як няма адказу на пытаньне “чаму шмат незалежных творчых асобаў працягвае заставацца ў Беларусі”? Ня ведаю. Халера яго ведае. Так ужо атрымалася. Так выпалі карты. Так склалася сытуацыя. Лёс склаўся так… …што “хрусьць! — і папалам”.
نمایش همه...
💔 41 17👍 11😢 2🤷 1
Калі жывеш у Беларусі, інстынкт самазахаваньня прытупляецца. Сядзіш на здымнай (сваёй) кватэры, нечым займаесься, робіш вылазкі ў гіпэрмаркет, на рэпэтыцыю. Разумееш, што ў любы момант цябе могуць узяць “за былыя заслугі” (іх болей чым дастаткова), але, нібыта, усё ціха. Так мінаюць гады — на радзіме ты асабліва не адсьвечваеш, а як выбіраесься за мяжу — тут ужо пачынаецца паўнавартаснае жыцьцё — фэерычныя канцэрты, інтэрвію, шопінг, паход па злачных мейсцах зь сябрамі… Вяртаесься дадому — і зноў — залягаеш на дно ў вёсцы на тыдзень, прыяжджаеш у горад, едзеш у краму па прадукты, цягнеш іх на свой пяты паверх… Трыважнавата, але ты прызвычаіўся да гэтае лёгкае трывогі, бо так жывеш не адзін год. Усё падказвае, што трэба зьяжджаць, але ты ж любіш гэта ўсё — свой (а ён жа ж твой, праўда?) горад, гэтыя вуліцы, плошчы і сквэры, гэтую вёску (яна ж таксама твая?), хату і вярбу за вакном, якая вырасла з маленькае касьцельнае галінкі, якую ты пасадзіў тут пятнаццаць гадоў таму. Ну, як усё гэта кінуць? І што там, за мяжою, рабіць? Тут хоць нейкія карпаратывы ёсьць, а там што? Невядомасьць? Неяк ня вельмі яно ўяўляецца — усё кінуць і ехаць у гэтую халодную невядомасьць. Таму — хай усё застаецца пакуль, як ёсьць, а там паглядзім. І калі прыходзіць гэтае ТАМ, ты, чамусьці, зусім да яго не гатовы, і глядзець ужо няма куды — адно ў жывёльнавата-гопніцкія вочы губазікаўца ды аб’ектыў смартфона, замацаванага на прафэсійным штатыве, адціснутым у адной незалежнай тэлестудыі… Людзі застаюцца ў Беларусі. З розных нагодаў. Часьцяком сам сабе ня можаш патлумачыць, чаму. Калі глядзець на ўсё гэта з-за мяжы — адразу відаць: рэальная сьмяротная небясьпека! А калі ты ў РБ, дык неяк гэтае пачуцьцё, гэты інстынкт самазахаваньня прытупляецца. І я выдатна разумею хлопцаў зь Nizkiz, бо жыў такім жыцьцём не адзін год. Трываласьці вам, хлопцы! Веры й вытрымкі! Мы з вамі!
نمایش همه...
99😢 28❤‍🔥 10👍 6🤷‍♂ 1
52❤‍🔥 6👍 2
🎁 Гэта ня ўсё - паколькі, як я напісаў, Каляды - час падарункаў і цудаў, то сёньня на гэтым канале альбом "Лісты палітвязьням" (2023) будзе дасяжны для ўсіх для праслухоўваньня і спампоўкі цалкам бясплатна.
نمایش همه...
54❤‍🔥 5👍 2😨 1