cookie

We use cookies to improve your browsing experience. By clicking «Accept all», you agree to the use of cookies.

avatar

Лявон Вольскі

Канцлер беларускай рок-сцэны, аўтар нэфармальнага гімна Беларусі - “Тры чарапахі”. Instagram: https://www.instagram.com/volski.official/ Супраца/Booking: [email protected]

Show more
Advertising posts
1 007Subscribers
+124 hours
-17 days
-730 days
Posts Archive
💥 31 траўня ў клюбе Vakaris (A. Stulginskio g.8, Vilnius) - 10 гадоў "Hramadaznaūstva" гурта VOLSKI!  🤍Першы альбом, запісаны ў Вільні.  ❤️Першы альбом, прэзэнтаваны ў Вільні.  🤍Першы альбом, зь якога пачалася супраца з нарвэскім прадусарам Снорэ Бэргерудам.  Першы паўнавартасны сольны альбом, зь якім нарадзіўся гурт VOLSKI.  Святкуем 10-годдзе альбома Hramadaznaūstva 31 траўня ў Вільні! 🎉 🎸 Два магутных аддзяленьні: 1 - сьвяточная прэзэнтацыя Hramadaznaŭstva 2 - найулюбёнейшыя песьні  Разгайдаем Вільню напярэдадні лета! 🔥 🕖 18:00 - дзьверы 19:00 - пачатак канцэрту Квіткі па спасылцы. 🎟️ На першыя 100 квіткоў дзейнічае прома-кошт: 25 эўра (танцпляц), Мейсцы за столікам - ад 35 эўра.
Show all...
🔥 11❤‍🔥 3👍 2 1
✍️ Напісаў я надоечы тэкст пра беларускую нерашучасьць, і рэакцыя была імгненная: бачу толькі нэгатыўныя моманты, ныю, бурчу, маўляў, усё кепска, усё жахліва, і выйсьця няма... 😨 Ня так ужо ўсё і кепска, вельцашаноўная публіка! І я неаднойчы гэта канстатаваў, толькі вы на гэта не зьвярталі ўвагі, а калі напісалася нешта не зусім пазытыўнае, дык адразу зьвярнулі. Дык вось, я не баюся казаць: ня ўсё дрэнна, становішча не безвыйсьцёвае, гэта не параза, усё ня скончылася, гульня (і барацьба) працягваюцца, і мне бачыцца скрозь усе гэтыя маркоты, пакуты і засмучэньні аптымістычны фінал. А вы самі паглядзіце: якое ўжо стагоддзе ў Беларусі то вайна, то паморак, то паўстаньне, то рэакцыя на паўстаньне, то рэвалюцыя, то дыктатура (пралетарыяту і проста нашая, звыклая, фірмовая, фірмовейшая за памяркоўнасьць ды нерашучасьць!). Ад такога прэсынгу мы даўно ўжо мусілі зьнікнуць, растварыцца ў вялікай расейскай сям’і народаў і сядзець там пад брудным нямытым усходнім плінтусам. Але так чамусьці ня здарылася! Колькі часу зьнішчалі нашую мову, забаранялі, кпілі зь яе — яна й сялянская, й калгасная, бедная, нязграбная, грубая — а мова жыве сабе й разьвіваецца, абрастае слэнгам і наватворамі, на ёй ствараюцца вершы й паэмы, аповесьці, раманы, п’есы, публіцыстыка, аналітычныя артыкулы — усё! Расейскамоўны беларус (ёсьць і такія!) скажа: «І колькі вас такіх, беларускамоўных? Адзін адсотак? Пяць?». Ну, паслухайце, нават калі пяць, затое — якія гэта людзі! І потым — у Рэспубліцы Беларусь па-беларуску размаўляць цяпер рэальна небясьпечна. А ў папярэднім пэрыядзе было непрэстыжна, дзіўна і таксама ня надта бясьпечна — гаворыш па-беларуску — значыцца, ты зьвязаны з апазыцыяй (у прастамоўі — бэнээфавец). Прасоўваньне па службе для такіх асобаў — выключана. Затое забясьпечаныя крывыя позіркі і размовы за сьпінаю: «Вось дарвуцца да ўлады і зноў пачнуць гэтую мову насаджаць!». Якія ж вы хочаце адсоткі ў такой сытуацыі? Колькі ўлады не займаліся разьяднаньнем нашага народу, якія толькі тэхналёгіі не выкарыстоўвалі, а, як высьветлілася, нічога ў іх не атрымалася. Я, шчыра кажучы, глядзеў на гэтую сытуацыю з гэткім здаровым, як мне падавалася, пэсымізмам — камуністычная рэлігія абрынулася, усе (пад чуйным кіраўніцтвам уладаў) пачалі культываваць рэлігію спажываньня — колькі ты зарабляеш, якая ў цябе кватэра, якімі брэндамі ты карыстаесься, на чым ты езьдзіш, дзе ты адпачываеш? Улада пачала актыўна выкарыстоўваць гэты культ — ейныя прадстаўнікі (і галоўны прадстаўнік) часта апэравалі рознымі лічбамі, абяцалі падвышэньне заробкаў («па 500» і іншыя падобныя абяцанкі), жыцьцёвага ўзроўню і «Джылі» ў кожную хату. Мне здавалася, што гэта — ідэальны мэханізм для разьяднаньня грамадзтва, калі кожны займаецца сваёй сям’ёй, сваёй «ячэйкай грамадзтва», ейным жыцьцём, ростам, дабрабытам, і іншыя такія ячэйкі ўспрымае як канкурэнтаў ці то (у лепшым выпадку) не зьвяртае на іх увагі. Але, направер, для кагосьці гэтае разьяднаньне спрацавала, але для вельмі вялікае колькасьці людзей — не. І ў гэтым можна было пераканацца падчас каронавірусу, калі ўлада самавыдалілася з працэсу барацьбы з пандэміяй, а народ аб’яднаўся, згуртаваўся, валянтэрыў і мужна змагаўся з хваробаю. І потым — пасьля «выбараў» — вы ведаеце, як разгортвалася сытуацыя, як гуртаваліся людзі, як распачалася дваровая актыўнасьць і бел-чырвона-белы рух. ✌️ Ясна, што для ўладаў гэта было шокам — яны працавалі-працавалі, разьядноўвалі-разьядноўвалі, а тут — раз! — і нібыта не было ўсіх гэтых дзесяцігоддзяў, і толькі ўсялякія дубаломы-амонаўцы-губазікі пытаюцца ў зьбітага на мокры яблык айцішніка: «Колькі ты зарабляеш?!». І, пачуўшы адказ, нема равуць: «Дык чаго ты яшчэ хочаш?! Што табе не падабаецца?». Нібыта гэтыя амонаўцы-губазікі й былі мэтавай аўдыторыяй дзяржаўнай разьяднаўчай палітыкі, і яны (зомбі!) цяпер рэальна ня могуць зразумець: што апроч грошай і дабрабыту трэба чалавеку ў жыцьці? Я вось чаму ўсё гэта пішу? Таму што нядаўна Полк Каліноўскага абвясьціў збор сродкаў на набыцьцё 100 дронаў. І ведаеце, за які час беларусы сабралі неабходную (немалую!) суму?
Show all...
27🔥 6👍 2💯 2
За адзін дзень! Усё сабранае. Дроны набытыя. Таму дзяржава й змагаецца з данатамі, шукае, хто, калі і куды пераводзіў грошы. Таму й карае тых, хто дапамагаў сваякам палітвязьняў. Бо беларуская салідарнасьць сапраўды працуе. І палохае ўладу. Таму ўлада й змагаецца з гэтай салідарнасьцю. Як можа. Як умее. А ўмее яна ўсё рабіць ня надта каб вельмі добра. Сярэдненька так, у лепшым выпадку. Да ўсяго, змаганьне з салідарнасьцю — гэта той яшчэ занятак. Вунь польскія камуністы змагаліся — і дзе яны цяпер? Таму — дапамагайма адно аднаму, падтрымайма, і свабода загарыцца зыркай зоркаю! Не апускайма рукі! P. S. І гэта... Паболей рашучасьці, спадарства!
Show all...
43👍 3🥰 3
Кароткая, але важная навіна - днямі я ў шэрагу іншых беларускіх дзячоў запісаў зварот да беларусаў і беларусак у падтрымку збора сродкаў “Беларусам ад беларусаў” на 100 дронаў для “Палка Каліноўскага”. У стрыме Аляксандра Рыкава (блогер Balaganoff) было падрабязьней пра гэты збор. Менш, чым за содні, збор зачынены, дзякуючы нашай салідарнасьці і здольнасьці да ўзаемадапамогі. Віншую з гэтай навіной, Слава Ўкраіне і Жыве Беларусь!
Show all...
🔥 47 10👍 6
✍️ Наступным годам, наступным годам у Менску 💔 Чарговы тэкст да праекту "Эмігранты" Kalady Ū Miensku Iznoŭku Kalady Zimovyja śviaty Paŭsiul uładaryć zima. U hetyja śviaty Tak ciahnie dachaty. Tak ciahnie, a chaty niama. Pad huki zvanoŭ Paprosim u siłaŭ niabiesnych: Nastupnym hodam Sustreć Kalady ŭ Miensku. Śpiavajuć anioły Kaladnyja śpievy. I byccam by ty — nie adzin. A biełyja pčoły Pakinuli śviepiet. My prahna na nieba hladzim. Pad huki zvanoŭ Paprosim u siłaŭ niabiesnych: Nastupnym hodam Sustreć Kalady ŭ Miensku. Pad huki zvanoŭ Paprosim u siłaŭ niabiesnych: Nastupnym hodam, Nastupnym hodam — u Miensku. Nam zorka zaśviecić, I chočacca vieryć, Što stanie na miejscy ŭsio. I chočacca vieryć: Adčyniacca dźviery I ŭsie atrymajuć svajo. Pad huki zvanoŭ Paprosim u siłaŭ niabiesnych: Nastupnym hodam, Nastupnym hodam — u Miensku. #emihrantylyrics
Show all...
💔 29 7👍 1👎 1🔥 1😭 1
«Мама, не журыся!» 🤔 Апошні мой тэкст выклікаў шмат розных эмоцыяў у велькашаноўнай публікі. Тэма допісу была: «нерашучасьць — як фірмовая беларуская рыса». Ну, і народ масава зрэагаваў на гэта. Прапаноўвалі мне неадкладна паехаць у Беларусь, каб рашуча ачоліць там супраціў. Ці хаця б ва Ўкраіну. Казалі:
«Ня згодны — крытыкуй, крытыкуеш — прапануй, прапануеш — рабі, робіш — адказвай. Толькі так. І ніяк іначай».
Вы зразумелі? НІЯК ІНАЧАЙ! Такі тыпова дыктатарскі падыход — ёсьць толькі адна дарога. Адна нацыя. Адзін лідэр. І ніяк іначай. Распавядалі, што ў 20-м былі забастоўкі і ўтварыўся цэлы страйкавы рух, няпраўда, што рабочыя не змагаліся! Сьцьвярджалі, што людзі ня хочуць апублічваньня таго, што робіцца ў калёніях з палітвязьнямі, бо гэта рэальна можа прывесьці да катаваньняў і зьдзекаў. А езьдзяць туды-сюды празь мяжу, бо хочуць пабачыць маці, бабулю, сваякоў і блізкіх, чаго іх за гэта асуджаць? Сапраўды, навошта асуджаць? Ну, і што з таго, што яны езьдзяць з гуманітарнай візай ці картай побыту, якая выдадзеная на гуманітарнай падставе (а гэта мае на ўвазе, што табе небясьпечна знаходзіцца на радзіме), якое гэта можа мець значэньне, калі чалавек хоча пабачыцца з мамай ці бабуляй? Ну і што, што памежнікі ўсё бачаць і асэнсоўваюць, і неўзабаве камусьці, хто сапраўды зазнаў перасьлед, гэтую візу ці дазвол на жыхарства ня выдадуць? Я неаднойчы размаўляў з былымі палітвязьнямі. І зь лідэрамі ініцыятываў, якія палітвязьням дапамагаюць. На пытаньне пра апублічваньне дзеяньняў турэмнае адміністрацыі ўсе казалі аднадушна: максымальны розгалас! Бо гэтыя людзі, якія служаць рэжыму, хочуць, каб усё было ціха, непублічна, не даходзіла да прэсы, ня мела рэзанансу. Каб яны маглі рабіць, што заўгодна, а сваякі палітвязьняў усё гэта замоўчвалі і ціхарылі: маўляў, ціха адсядзіць свае сем гадоў, вызваліцца ды зьедзе, а так яшчэ невядома, чым усё скончыцца. Дык я вас магу запэўніць: у любым выпадку невядома! Гэты ціхі маўклівы сцэнар нам навязваюць нашыя ворагі, а вы чамусьці яго прымаеце і паводле яго жывяце! Ці сапраўды верыце словам пачвараў у форме? Наконт масавага страйку працаўнікоў заводаў ды фабрыкаў у 2020-м — каб ён быў, мы б усе яго адчулі. Каб рабочыя сапраўды — у адзіным парыве! — кінулі працу хоць на тыдзень, ды што там! — хоць на два дні! — на ўсіх гэтых МАЗах, трактарных, шарыках, колавых цягачоў, амкадоры, МЗОРы, птушкафабрыцы імя Крупскай і парнікова-цяплічным камбінаце. Не. Не было такога. Зарплата, крэдыты, чарга на кватэру пераважылі. Той тэкст быў пра беларускую нерашучасьць. І гэта памылка! Якая там нерашучасьць?! Калі трэба — мы вельмі нават рашучыя. Мы рашуча афармляем сабе за мяжою міжнародную ахову ці то дазвол на жыхарства (а перад гэтым рашуча робім карту паляка, бо плян «Б» ніхто не адмяняў), хаця гэта й няпросты працэс, рашуча адстойваем на мяжы трыццаць гадзінаў, каб пабачыць сваякоў, рашуча едзем у дальні шлях праз Калінінград (ці Пскоў) да Масквы, а адтуль — маршруткаю ў Менск, каб не праходзіць беларускіх памежнікаў, а там, у Менску, рашуча афармляем сваю кватэру на продаж, бо рэжым выключыў іншыя шляхі купля-продажных угодаў нерухомасьці, а потым рашуча вяртаемся на Захад тым самым пакручастым шляхам. Мы рашуча накідваемся ў інтэрнэце на Кабінэт і ягоных прадстаўнікоў ці то на якую Каардынацыйную раду, ці яшчэ на штосьці (кагосьці), хто ўсё робіць няслушна, а мы ведаем, як трэба, але да нас ня хочуць прыслухоўвацца. 🤬 Мы адчайна змагаемся з тымі, хто лічыць расейскамоўных беларусаў не беларусамі і, наадварот, з тымі, хто ставіць мову на першае мейсца (бо трэба пачынаць ня з мовы, а з эканомікі!), абараняем да апошняе кроплі крыві свой адзіна правільны пункт гледжаньня і не прымаем іншыя! Бяз страху і папроку! Тут мы вельмі рашучыя! А наконт таго, што мне, аўтару гэтых радкоў, «трэба паехаць у Беларусь ці хаця б (чаму «хаця б»?) ва Ўкраіну», дык паглядзім. Такія пляны, нават калі яны ёсьць, звычайна не апублічваюцца. І наастачу. Спадзяюся, што перадаў вам зарад энэргіі і рашучасьці на ўвесь наступны тыдзень! 🫡 Дзякуй за ўвагу!
Show all...
👍 50🫡 6👏 4💯 4 1🔥 1🥰 1😁 1
Repost from Белсат
🎸 Глядзіце, што мы нарабілі! Мы далі сэрвісу Suno.ai тэкст песні «Тры чарапахі» гурту «N.R.M.», папрасілі напісаць пад яго музыку і запісаць песню. Атрымалі чатыры варыянты ў розных жанрах, якія паказваем вам з дазволу аўтара песні – @lavonvolski. 🙌 Выйшла няблага, хай і не арыгінальна. Нейрасеткі ўмеюць толькі паўтараць за людзьмі, а не ствараць новыя музычныя жанры. Ды музыкі, якія пішуць неарыгінальную музыку, ужо пад пагрозай замяшчэння машынамі! 🦾 😉 Якая з кібер-версіяў «Трох чарапах» вам больш спадабалася? Мо паспрабуеце згенераваць сваю?
Show all...
👍 24🔥 15😁 6😱 5
Глядзіце, што робіцца - паўстаньне машынаў і "Тры чарапахі"! 🙃🐢🐢🐢
Show all...
👍 4
✍️ Песьня з "Эмігрантаў" пра каханьне пасярод вайны. Zoračka Noč nie skančajecca, Rospač na kryłach niasie. Jak ty tam majeśsia — U frantavoj pałasie? Čornaje, biełaje… Kolery vyćvili ŭsie. Niezrazumieła mnie — Heta najavie ci ŭ śnie? Ciemra ścianoj. Ty nie sa mnoj. Dzieści biaskonca Doŭžycca boj. Zoračka jasnaja, Skroź hety zmrok zaśviaci! Ci my pabačymsia Ŭ hetym žyćci? Ciomna napieradzie. Noč zachinaje krysom. Jak ža pavieryć mnie Ŭ toje, što heta nia son? Jak ža pavieryć mnie Ŭ toje, što heta sa mnoj? Ciemra napieradzie. Noč pamiž nami ścianoj. Ciemra ścianoj. Ty nie sa mnoj. Dzieści biaskonca Doŭžycca boj. Zoračka jasnaja, Skroź hety zmrok zaśviaci! Ci my pabačymsia Ŭ hetym žyćci? Kolki my stracili, Kolki adkryłasia nam! Ja nie addam ciabie Hetym hałodnym vaŭkam! Ja nie addam ciabie, Budu zaŭsiody z taboj — Zoračkaj jasnaju Ŭspychnu nad čornaj ziamloj. #emihrantylyrics
Show all...
23💔 6👍 4❤‍🔥 1
Тым часам статыстыка ад лічбавага дыстрыбутара - больш за 1,1 мільёны праслухоўваньняў праекту “Эмігранты” на стрымінгавых сэрвісах. 💥 Дзякую, дарагія слухачы, не спыняйцеся! 🎧Паслухаць праект „Emihranty” тут.
Show all...
🔥 50👍 3 1😡 1
“Чаму яна ніяк не надыходзіць — нашая Перамога?” Нерашучасць як рыса беларускага нацыянальнага характару, салідарнасць, няўдалыя спробы агульнанацыянальных забастовак, вечныя перасцярогі беларусаў («А раптам будзе горш, чым цяпер») і бязрадасную перспектыву, якая пачынае вымалёўвацца ў агляднай будучыні. ❓Што будзе, калі ў беларусаў так і не хопіць рашучасці супраціўляцца? Нерашучасьць — наша фірмовая рыса Нерашучасьць. Такая ж нашая фірмовая рыса, як памяркоўнасьць. Зрэшты, міт пра памяркоўнасьць даўно ўжо разьвеяўся — беларусы часьцяком бываюць вельмі жорсткія. Як адно да аднаго, так і да іншых. Прыклады тут можна не прыводзіць, вы й так усё ведаеце. Дык вось з той славутай памяркоўнасьцю вырашылі. А што зь нерашучасьцю? Сам сябе сто разоў лавіў на думцы: а можа, ня трэба нічога рабіць, можа, яно неяк само сабою вырашыцца? І, ведаеце, час ад часу вырашалася. Разрульвалася. Але былі сытуацыі, калі без твайго ўмяшаньня усё б пайшло па непрыемным, калі не катастрафічным, сцэнары. І даводзілася ламаць сваю нерашучасьць аб калена й дзейнічаць. Але так бывае не з усімі і не заўсёды. Вось, здавалася б, сытуацыя патрабуе дзеяньня, прычым, рашучага й неадкладнага. А ён (яна) сядзіць сабе, чакае нечага, магчыма, думае нешта пра тое, што можа быць яшчэ горай, хай, можа быць, усё будзе як ёсьць?.. Прыгадваецца далёкі 1996-ы. Пяцьдзесят тысячаў людзей прыйшлі пад тэлецэнтр на Камуністычнай. Паўсюль заклікі: «Ідзем браць тэлевізію, нас шмат, яны нас не адолеюць!». Разгубленыя міліцыянцікі хаваюць вочы і няўпэўнена цярэбяць свае гумовыя дручкі. Вось тут бы ўзяцца, даціснуць, захапіць тэлевізію, выйсьці ў жывы этэр, упэўнена прамовіць правільныя словы, і ўся гэтая маладая дыктатура заваліцца... Не! Арганізатары абвяшчаюць, што акцыя скончаная, заклікаюць разыходзіцца і не паддавацца на правакацыі. То бок, на заклікі «браць тэлевізію». Пабурчэлі незадаволена ды разышліся. Маршы салідарнасьці толькі ў нядзелю Ці то не такая даўняя сытуацыя. Абвясьцілі дзень агульнанацыянальнае забастоўкі. Каб паказаць уладзе, на што мы здольныя. Прадэманстраваць нашую еднасьць, рашучасьць і адвагу! І што? Не працавалі прыватныя кавярні, цырульні, крамы, фітнэс-цэнтры, стаматалягічныя клінікі... Іх, дарэчы, потым усіх вылічылі і пакаралі. А што — рабочыя? Што — тыя, хто служыць на дзяржпрэдпрыемствах? Яны ж таксама выходзілі на ланцугі салідарнасьці, на маршы, на акцыі! Яны ж таксама абураныя гвалтам і жорсткасьцю і незадаволеныя дыктатурай. Не. Тут не атрымалася. Выйшлі на працу. Бо — страх перад звальненьнем. І нявыплачаныя крэдыты. Што з гэтым рабіць? Тэлевізар (пральная машына, пыласмок) сам сябе ж не аплаціць. Таму ня выйсьці на працу не ўяўляецца магчымым. Таму й маршы салідарнасьці мы праводзім у нядзелю. Бо ў панядзелак трэба ісьці на працу. А потым усе абураюцца: чаму яна ніяк не надыходзіць — нашая Перамога? Вечныя перасьцярогі Не, не пішыце нічога ў прэсе пра нашага Дзіму (Яна, Міхася, Якуба)! Ня трэба, гэтае апублічваньне можа яму нашкодзіць! Калі прэса піша пра палітвязьняў, адміністрацыя калёніі шалее і невядома што можа ўтварыць! Не здымайце мяне на акцыі (канцэрце, маршы)! Так, я тры гады ўжо жыву за мяжой, але часта ежджу на радзіму, таму мне ня трэба гэты розгалас. Няўжо вы не разумееце? У мяне ў Беларусі засталіся бацькі (брат, сястра,сваякі), таму я нікуды не хаджу і нідзе асабліва не адсьвечваю. Бо — хто ведае, да чаго прывядзе хоць нейкая публічнасьць? Спадарства, схавайце сымболіку і, калі ласка, не рабіце здымкі! Наступны выканаўца жыве ў Беларусі і ня хоча наклікаць праблемы на сваю галаву. Пастаўцеся да яго з разуменьнем! Усё ніяк ня вырашымся. Усё пабойваемся. Асьцерагаемся. А раптам гэта? А раптам тое? А раптам будзе горай, чымсьці цяпер? І ніяк не дацісьнем, не пераламаем. Хочацца, але ўвесь час нешта перашкаджае. А яно год ад году ўсё горай ды горай Што будзе, калі перамогуць тыя, хто не вагаецца Але ёсьць і тыя, хто не сумняецца. Рашуча аддаюць загады. Рашуча выконваюць «пастаўленую задачу». Перабудоўваюць нашыя гарады — руйнуюць старое ды ўзводзяць новае, як ім здаецца, «прыгожае і сучаснае».
Show all...
👍 23👏 4💯 2😢 1
Перапісваюць нашую гісторыю. Майструюць новыя падручнікі, па якіх мусяць вучыцца нашыя дзеці. Пішуць песьні, якія мы мусім «спажываць». Камэнтуюць падзеі са сваёй «адзіна правільнай» званіцы. Зьбіраюцца захапляць Сувалкаўскі калідор. Не вагаюцца. Не перамінаюцца з нагі на нагу. Не рэфлексуюць. А мы? А мы ўсё сумняваліся ў сваёй нерашучасьці, не заўважылі — а ўжо трыццаць гадоў мінула! Трыццаць гадоў такога вось жыцьця. Наступным разам абудзімся — а мы ўжо ляжым у акопах пад Сувалкамі, змагаемся з войскамі NATO. Не хацелі, але неяк так атрымалася. Сумняецеся? Не стае ў вас рашучасьці супраціўляцца? Дык, будзьце пэўныя, яе хопіць у тых, хто бяз страху і папроку радасна кіне вас (і вашых дзяцей) у бязьлітасную й бессэнсоўную крывавую мясарэзку.
Show all...
👍 30💯 13❤‍🔥 7 3😡 1
Тым часам чарговы тэкст з нашумелага праекту "Emihranty", які выклікаў безьліч размаітых эмоцыяў і паказаў нам нашую беларускую траўму. Пра яе і наступная песьня. Biełaruskaja Traūma Jakaja kamu, urešcie, sprava Da tvajoj biełaruskaj traŭmy? Kamu jakaja sprava, ci dasi ty rady Z hłybinioj svajoj biełaruskaj straty? Kamu rastłumačyš na ŭsim hetym hlobusie, Čamu ty baiśsia mikraaŭtobusaŭ? Chto zrazumieje, što dla ciabie heta norma — Aścierahacca čałavieka ŭ formie? Jakaja kamu, urešcie, sprava Da tvajoj biełaruskaj traŭmy? Kamu jakaja sprava, ci dasi ty rady Z hłybinioj svajoj biełaruskaj straty? Kamu rastłumačyš, što tabie ŭ dvary Zvykła prymrojvajucca cichary? Chto zrazumieje, što tabie ŭ parku Zvykła prymrojvajucca pravakatary? Jakaja kamu, urešcie, sprava Da tvajoj biełaruskaj traŭmy? Kamu jakaja sprava, ci dasi ty rady Z hłybinioj svajoj biełaruskaj straty? Jak rastłumačyć, što achutana žacham Usio, što źviazanaje ź dziaržavaj? Što dla ciabie pamiežnik albo pažarnik — Heta patencyjny biaźlitasny karnik? Jakaja kamu, urešcie, sprava Da tvajoj biełaruskaj traŭmy? Kamu jakaja sprava, ci dasi ty rady Z hłybinioj svajoj biełaruskaj straty? Kamu jakaja sprava, ci dasi ty rady Sa svajoj biełaruskaj strataj, Što ty hladziš na śviet ad rana da rana Z hłybini svajoj biełaruskaj traŭmy? #emihrantylyrics
Show all...
💔 29👍 7 2
💔 3👍 2
Усім прывітаньне!
Show all...
😁 62😱 17🔥 10👍 4🥰 3👻 3🙈 3👀 2
🔻 18.04.2024, Freiburg Theater (Bertoldstraße, 46) "120 хвілінаў для Беларусі" ("120 minuten für Belarus") Гучная культурніцкая падзея ў найстарэйшым і найбуйнейшым тэатры Фрайбурге-ім-Брайсгау - Тэатры Фрайбурга пройдзе 20 красавіка. Запрошаныя госьці: Лявон Вольскі, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, фрайбургскі славіст і аўтар кнігі "Рэвалюцыя цярпеньня" Генрых Кіршбаўм, актывістка ініцыятывы "Разам" Іна Валіцкая. Вядучы: вядомы беларусіст Інга Пэтц. "Ці ўсё змрочна і бесперспектыўна, ці ёсьць надзея для Беларусі?" - так акрэсьлівае тэму сустрэчы тэатр. Цягам 120 хвілінаў адбудзецца знаёмства з літаратурай, паэзіяй і музыкай Беларусі - з рухомым беларускім культурным ландшафтам і грамадзянскай супольнасьцю. 🇩🇪 https://theater.freiburg.de/de_DE/ensemble/lavon-volski.265966
Show all...
👍 12 7🔥 5
Сёньня сьвяткуем Дзень Волі разам - анлайн зь любой кропкі сьвету! ▶️Глядзіце сьвяточны канцэрт на YouTube-канале “Годна” Сёньня на сцэне: 🤍 J:МОРС, ❤️ NAVIBAND, 🤍 ŠUMA, ❤️ NOCHY, 🤍 DZIECIUKI, ❤️ VOLSKI Вядоўцы вечару: Лізавета Ветрава і Дзяніс Дудзінскі Трансьляцыя распачнецца літаральна праз некалькі гадзінаў!
Show all...
🔥 38👍 5 5
Сьвята, якое асьвятляе, сагравае і яднае нацыю Ёсьць розныя сьвяты. Ёсьць афіцыйныя — «чырвоныя дні календара», а ёсьць сапраўдныя. Народныя. Іх афіцыёз ці то замоўчвае, ці палівае брудам паводле сваёй хваравітай звычкі. І ці ня самае зь іх галоўнае — Дзень Волі. Толькі паглядзіце! — вясна, абуджаецца прырода, усё больш упэўнена сьпяваюць птушкі, навакольле прачынаецца пасьля халадоў-сьнягоў-маразоў — нават сам час гэтага сьвята стваральны ды натхняльны! 106 гадоў таму гэтымі веснавымі днямі найлепшыя людзі Беларусі сабраліся, каб абвясьціць стварэньне новай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі. Вельмі сур’ёзна, ёміста гучыць — «Беларуская Народная Рэспубліка». І абрэвіятура выдатная — «БНР»! Значна лепшая за якуюсьці там «БССР», якая паўзе грамучай зьмяёю 🐍— бразгоча сваім «р» і шыпіць сваімі «эсэс». Лепшая за куртатую, нібыта нешта ампутавалі, «ЛітБел» і за «ССРБ» (тая ж грымучая зьмяя, толькі тут яна паўзла, шыпела сваімі «эсэс», бразгатала сваім «р», але зьнянацку ўдарылася галавою аб камень «б»). Даруйце мне, але лепей і за невыразную й бляклую «Рэспубліку Беларусь», якая працягвае адзначаць свае невыразныя й бляклыя афіцыйныя сьвяты. І вось парадокс — сьвяты невыразныя і бляклыя, а адзначаюць іх аж на зашкале стылю «кіч» — выбухамі чырвона-зялёнага, шашлыкамі, смажанкамі, беляшамі, гарэлкай і выступамі дзяржаўных артыстаў. Насамрэч якое з гэтых сьвятаў ні вазьмі — усё нейкая лухта, фэйк і абы-што. Дзень народнага адзінства — ганебны падзел Польшчы паміж Сталіным і Гітлерам. Дзень незалежнасьці — 3 ліпеня — насамрэч гэта дзень уваходу ў Менск Чырвонае арміі. Пры чым тут Незалежнасьць? 7 лістапада — выходны дзень! — сьвята кастрычніцкага перавароту ў Пецярбургу. Тое, што дзень Кастрычніцкае рэвалюцыі сьвяткуецца ў лістападзе — ужо само па сабе абсурд і ідыятызм. Што там яшчэ? 23 лютага — дзень утварэньня ў Расеі Чырвонага войска, сарамліва перафарматаваны ў «дзень мужчынаў». 8 сакавіка — у сапраўднасьці — дзень барадзьбы жанчынаў за свае правы, але ў цяперашняй Беларусі — адзіны дзень у годзе, калі «слабы пол» ня мые посуд (падлогу, бялізну), не прасуе, не прыбірае і прымае кветкі й падарункі. То-бок, гэты адзіны дзень у годзе і ёсьць плёнам змаганьня жанчынаў за свае правы. Цікава, як бы да гэтага паставіліся Роза Люксэмбург з Кларай Цэткін? Я ж кажу, якое афіцыйнае сьвята ні вазьмі, за кепска змайстраванымі дэкарацыямі будзе хавацца фэйк, абсурд, дурасьць і нагода падняць чарку тым, каму ўсё адно, у гонар чаго гэтую чарку падымаць. Добра, што ўлада не настолькі разумная, каб скарыстаць наш Дзень Волі ў сваіх мэтах, прысабечыць яго, пераназваць у нейкае «Сьвята незалежнасьці» і спахабіць шашлыкамі, смажанкамі, беляшамі, гарэлкай і выступамі дзяржаўных артыстаў... Розныя былі гэтыя Дні Волі. У кароткі пэрыяд дэмакратыі (безумоўна, гэта была не зусім дэмакратыя, але, калі параўноўваць зь сёньняшнім днём, дык зусім) сьвяткавалі на афіцыйным узроўні — з рок-канцэртам у Опэрным (ці то ля Опэрнага), са сьвяточным мітынгам, бел-чырвона-белымі сьцягамі, Пагонямі і ўсёй неабходнай атрыбутыкай, за якую сёньня можна атрымаць пару гадоў зьняволеньня. Мейсца сьвяткаваньня ахоўвала міліцыя (эх, у «паліцыю» не пасьпелі пераназваць!) з Пагонямі на кукардах і зь бел-чырвона-белымі шаўронамі. Потым Дзень Волі зрабіўся нагодай для пратэснага мітынгу, шэсьця і нязгоды з рэжымам. Я памятаю сьвяткаваньне ў 1996-м, калі ля таго ж Опэрнага стаялі 50 000 чалавек і зьбіраліся йсьці на захоп тэлевізіі, але арганізатары іх адгаварылі (незразумела, навошта). Памятаю Дзень Волі-2006 — пасьля плошчы Каліноўскага, пасьля разгрому намётавага мястэчка, пасьля рэкаў дэзінфармацыі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Тады на мітынг рызыкнула заявіцца здымачная група БТ (ці нейкага іншага дзяржаўнага АНТ) і спрабавала рабіць зьедлівы рэпартаж. Пасьля ўсіх папярэдніх падзеяў людзі былі ня надта памяркоўныя, прапагандыстаў закідалі сьнежкамі (зіма тады доўга не хацела сыходзіць), і гэтыя «дзяржаўныя журналісты» ганебна пакінулі мейсца сьвяткаваньня. Розныя былі Дні Волі.
Show all...
👍 21 3
Было паўафіцыйнае сьвята «БНР-100», калі ўлады літасьціва дазволілі канцэрт і сьвяткаваньне ў «адмыслова адведзеным для гэтага мейсцы». Былі сьвяткаваньні за мяжою (я граў калісьці на сьвятах у Злучаных Штатах і яшчэ шмат дзе), былі прымеркаваныя да гэтае даты польска-беларускія акцыі «Solidarni z Białorusią», якія зьбіралі дзясяткі тысячаў людзей у цэнтры Варшавы і іншых гарадоў... З багатай гісторыяй, з сапраўднай сымболікай, атрыбутыкай, ідэалёгіяй. Дзякуй Богу, што мы, беларусы, маем такі выбітны дзень — Дзень Волі! Ня гэтыя, савецка-дзяржаўныя, высмактаныя з пальца, створаныя на пустым мейсцы з мыльных бурбалак і падручных сродкаў, не! Сапраўднае Сьвята, якое асьвятляе, сагравае і яднае нацыю! Жыве Беларусь! Чытайце на Budzma.
Show all...
👍 21 9🔥 3
З Днём Волі, са сьвятам, якое ёсьць толькі ў нас - беларусаў ды беларусак! Жыве Беларусь! Photo: Johnny Cosmic
Show all...
61❤‍🔥 8🔥 3🥰 2
Адной з першых справаздачу з учорашняга канцэрту ў сеткі выклала Charter97, выданьне піша:На канцэрт былі раскупленыя ўсе квіткі. Легенда беларускага року Лявон Вольскі даў вялікі канцэрт напярэдадні Дня Волі. Выступ быў прысьвечаны дзесяцігоддзю альбома « Hramadaznaūstva » Фотарэпартаж глядзіце па спасылцы.
Show all...
🔥 39👍 5
Даражэнькія, на суботні канцэрт у Варшаве квіткоў больш няма ў продажы. ✋ Дзякуй вам і да хуткай сустрэчы на сьвяткаваньні 10 гадоў “Грамадазнаўства”.
Show all...
🔥 40👍 5 2
💬 Спадарства, хто ўсё ж такі выклаў дэма песень “Грамадазнаўства” у сеціва яшчэ да рэлізу? Чаму гэты альбом дасюль актуальны і што казалі крытыкі адразу па рэлізе? 🗣️ Сёньня ў вас ёсьць шанец даведацца пра “Грамадазнаўства” крыху больш ці задаць сваё пытаньне падчас этэру на Euroradio 🔔 У студыі размова з гэнэралам айчыннай журналістыкі Зміцер Лукашук Далучайцеся да этэру на канале “Еўрарадыё” у YouTube а 14:00 па варшаўскім, а 16:00 па менскім часе. 💪: https://youtube.com/@EuroradioLive
Show all...
🔥 17 4👍 2🤔 2
Грамадазнаўства Фінал 🔻 Назву альбому падказаў падручнік дачкі, што стаяў на паліцы ў нашай здымнай кватэры. Ганна паказала на яго і прамовіла: “А вось і назва!”. Лішне казаць, гэта быў падручнік па грамадазнаўстве. З назвай праекту ўсё атрымалася само сабою. Дызайнэрка зрабіла вокладку, і там было напісана: “Hramadazhaǔstva. Volski”. Вырашылі так і пакінуць. Альбом выйшаў 25 сакавіка, на Дзень Волі, як і плянавалася. Водгукі былі розныя, як заўсёды. Хтосьці захапляўся, камусьці не падабаўся запіс, хтосьці казаў, што нарвэжцы граюць “на аўтамаце”, не разумеючы сэнсу песень, адзін водгук я памятаю дагэтуль: “Гэта альбом у стылі “змагарскі рок”, а час такой музыкі даўно мінуў, шчэ напачатку 2000-х. Зараз — зусім іншы час, іншая рэчаіснасьць, людзей хвалююць зусім іншыя рэчы. Гэта ўсё цяпер зусім ня модна”. Потым была прэзэнтацыя альбому ў Вільні, але гэта ўжо крыху іншая гісторыя. І на гэтай амаль аптымістычнай ноце й скончым нашае падарожжа на дзесяць гадоў таму.
Show all...
❤‍🔥 30👍 12🔥 6💯 1
Памятаеце, нядаўна ў Instagram мы абвяшчалі конкурс кавэраў да 10-годдзя “Грамадазнаўства”? Сёньня былі апублікаваныя вынікі і пераможцы конкурсу. Выбар быў няпросты, бо шмат удзельнікаў вельмі творча падыйшлі да справы і, апроч трох заяўленых прызоў, давялося дадаць яшчэ некалькі заахвочвальных. Завітвайце ў Instagram, гартайце Stories, каб даведацца, хто выступіць з намі на адной сцэне ўжо ў гэтую суботу 23 сакавіка. Спасылка на Instagram тут.
Show all...
16🔥 10👍 2🥰 1💋 1
Памятаеце, нядаўна ў Instagram мы абвяшчалі конкурс кавэраў да 10-годдзя “Грамадазнаўства”? Сёньня былі апублікаваныя вынікі і пераможцы конкурсу. Выбар быў няпросты, бо шмат удзельнікаў вельмі творча падыйшлі да справы і, апроч трох заяўленых прызоў, давялося дадаць яшчэ некалькі заахвочвальных. Завітвайце ў Instagram, гартайце Stories, каб даведацца, хто выступіць з намі на адной сцэне ўжо ў гэтую суботу 23 сакавіка. Спасылка на Instagram тут.
Show all...
Грамадазнаўства Частка трэцьцяя 🔻 Наступныя месяцы мы курсавалі паміж Вільняй ды Менскам. Я запісваў (цяпер ужо дома) дэма ўсё новых песень, Снорэ рабіў аранжаваньні, ягоны калега (геніяльны бубнач!) Сіндрэ Скэе запісваў бубны, усе гітарныя партыі граў сам прадусар. Снорэ ўлічваў мае пажаданьні па гітарных рыфах. Я іх таксама дасылаў, калі песьня была рыфавая, і Снорэ альбо выкарыстоўваў мой рыф, альбо перарабляў крыху па-іншаму, пакідаючы сэнс і энэргетыку. Потым я ў Вільні запісваў галасы. Для мяне ўсё гэта было абсалютна новым. Па-першае, я ніколі не займаўся сапраўдным сур’ёзным сольным праектам (“Куплеты і прыпевы” быў, хутчэй, прыкол, а “Белая яблыня” — адукацыйны альбом на вершы клясычных паэтаў), па-другое, не працаваў з замежным прадусарам, які меў сваё канкрэтнае бачаньне матар’ялу. 🔉💿Песьні пачалі пісацца адна за адной — “А Хто Там Ідзе?” ўжо была ў чарнавым варыянце, “Шэрая Кроў” напісалася ў чарзе па літоўскую візу, ідэя “Міліцыянтаў І Прастытутак” высьпявала даўно, але тут зьнянацку аформілася ў песьню, у “Мэфіста” адчуваецца ўплыў “Bad religion”, які я тады слухаў у машыне, “Чужы” напісалася пасьля вандроўкі ў Бэрлін падчас Хаўеру… Альбом быў амаль гатовы ў сярэдзіне 2013-га, але Снорэ нечакана захварэў, і ўсё прыпынілася… Тым часам у сеціва (як гэта заўсёды здараецца) пачалі трапляць чарнавыя запісы песень. 😱 Выклалі дэма “Майго Каханьня” (калісьці запісанае з электроннымі бубнамі і басам для фільму “Жыве Беларусь!”, потым невядома адкуль зьявіўся чарнавік “Ламай Сцэнар!”, але, падаецца, гэта выклікала ўвагу адно сталых прыхільнікаў, ня болей. Ганна вырашыла рабіць рэліз з магутным лэйблам “Пяршак” (34mag), і з гэтай каманды да працы далучылася мастачка й дызайнэрка, якой параілі выкарыстаць у аздабленьні менскія сьцены, на якіх камунальнікі ўпарта зафарбоўваюць графіці, і гэтыя сьцены выглядаюць пярэста, як коўдра з лапікаў. Потым мы правялі фотасэсію ў фотамастака А.Д., для якой я пафарбаваў твар на бел-чырвона-белы. Паводле задумы, гэты бел-чырвона-белы твар мусіць быць на асноўнай вокладцы альбому. Тым часам было незразумела, як назваць альбом і як назваць сольны праект?
Show all...
👍 24👏 7❤‍🔥 3 2
Гатовыя да працягу? Частка другая Увесну 2012 году ў Вільні нас пазнаёмілі з прадусарам Снорэ Бэргерудам. Ён прыехаў з Нарвэгіі і заснаваў сваю студыю. Увесь такі малады й пэрспэктыўны. “Я гатовы папрацаваць з вамі, — прапанаваў Снорэ. — Дасылайце дэмы”. Я даслаў запісаныя ў студыі “Маё Каханьне” і “Сцэнар”, але Снорэ папрасіў запісаць дэма проста пад гітару. “Толькі акустыка і голас. І ўсё”. І тады я запісаў на студыі “Осмас” гэтыя дзьве і “Краіны Няма” ў аскэтычнай акустычнай вэрсіі. “Калі будзеце ў Вільні, папярэдзьце, каб я вызваліў час на студыі, запішам галасы”, — падвёў рысу Снорэ. У лістападзе акурат ў нас мусіў быць у Вільні канцэрт, і мы дамовіліся, што пасьля канцэрту застанемся і на наступны дзень паспрабуем запісаць вакалы. Ужо на той час было ясна, што мы працуем над прынцыпова новым альбомам. Ён мусіў складацца з нэрвовых неабыякавых песень, аб’яднаных так званай “грамадзянскай лірыкай”. Трэба зазначыць, што на той час гэткі жанр быў ня надта запатрабаваны — пасьля жудасьцяў 2010-2011 гадоў пачалося чарговае паслабленьне, пачалі адчыняцца розныя харчова-пітныя ўстановы, арганізоўвацца культурныя прасторы, якія займаліся канцэртамі ды выставамі, паўсюль адбываліся розныя івэнты — здаецца, сучаснае жыцьцё ў горадзе выйшла на якасна іншы ўзровень, і ўсім ужо зусім не да змаганьня з “крывавым рэжымым”, хай сабе зь ім змагаюцца сьмешныя ўтрапёныя ўпартыя “змагары”! Я запісаў на студыі “Ламай Сцэнар!”, і мы вярнуліся ў Менск. Неўзабаве Снорэ даслаў чарнавы міксынг. Гэта было настолькі не падобна да таго, што рабілі на беларускіх студыях, што я доўга ня мог зразумець: ці мне падабаецца падыход? Урэшце вырашылі, што гэтае “непадабенства “ — да лепшага, і мы працягваем.
Show all...
👍 34🔥 12❤‍🔥 3
Частка першая Гісторыя “Грамадазнаўства” паяалася з 2010-га году, калі мне прапанавалі напісаць музыку да фільму. Я сустрэўся ў кавярні з Франакам (які, як я зразумеў, быў кансультантам) і польскім рэжысэрам Кшыштафам Лукашэвічам. Яны абмалявалі ў агульных рысах характар і плян працы, было надта цікава (я вельмі люблю пісаць музыку да фільмаў!), мне далі першапачатковы сцэнар, і ўсё пачалося. У фільме фігуруе студэнцкі рок-гурт, папулярны ў вузкіх колах, які піша й выконвае песьні. Адмыслова для гэтага ўяўнага “гурту” я й напісаў “ягоныя” песьні - “Мая Рэвалюцыя” (энтузыязм, максымалізм — усё як трэба!), “Старшыня” (гратэскны нумар пра старшыню нашага калгасу, які тут ўсім кіруе) і “Гонар Бацькі” (пра бессэнсоўную й бязьлітасную службу ў войску). Яшчэ да фільму прыдалася песьня “Краіны Няма”, чарнавік якой ужо год як ляжаў у дальняй шуфлядзе стала. Але нечакана пачалі пісацца іншыя песьні, якія, нібыта, наўпрост да фільму і не пасавалі — “Ламай Сцэнар!” і “Маё Каханьне”. Праз пару гадоў фільм “Жыве Беларусь!” выйшаў. Ён атрымаў некалькі прэміяў на кінафэстывалях і нават адну — за музыку. У фільме паказваюцца жахлівыя рэчы — перасьлед студэнтаў за іхную пазыцыю, сфабрыкаваныя крымінальныя справы і арышты, жудасная дзядуха ў войску. Памятаю, як тады дружна крычалі хэйтэры: “У нас такога няма й быць ня можа, гэта нейкая натуральная чарнуха!”. Яны, хэйтэры, проста не сутыкаліся з усім гэтым у цывільным жыцьці і ў войску. Ім пашчасьціла. Я спрабаваў граць песьні кароткім складам (я, Алег Гарус, Алесь-Францішак Мышкевіч і Павал Мамонаў), і мы нават запісалі (спробна) дзьве зь іх (“Краіны Няма” і “Маё Каханьне”), але мне падалося, што гучыць неяк невыбітна, і ўсё прыпынілася…
Show all...
👍 33 7❤‍🔥 5🥰 1
Вы прагаласавалі практычна адзінадушна 🤔, а таму пачынаю дзяліцца з вамі гісторыяй пра гэты знакавы ўва ўсіх сэнсах альбом - “Грамадазнаўства”.
Show all...
👍 11 3
Распавесьці вам пра гісторыю “Грамадазнаўства”? 🔊Anonymous voting
  • Так, цікава
  • Не, лепш пра штосьці іншае
  • А што гэта?
0 votes